Ераміі 14 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі ў справе засухі:
 
Вось якое было слова Госпада да Ярэміі пра засуху:

«Галосіць Юда, і брамы ягоныя саслабелі, хіляцца да зямлі, і ўзьнімаецца крык Ерусаліму.
 
«Смутак ахапіў Юдэю, і брамы яе поўныя жалобы, пахіліліся сумна да зямлі, ды падымаецца галашэнне Ерузаліма.

Магнаты ягоныя пасылаюць слугаў сваіх па ваду; яны прыходзяць да сажалак і не знаходзяць вады, вяртаюцца, пасудзіны іхнія пустыя, яны асаромленыя і зьбянтэжаныя, і закрываюць галовы свае.
 
Магнаты іх пасылаюць слуг сваіх па ваду; прыходзяць яны да вадаёмаў і не знаходзяць вады. Прыносяць яны назад збаны свае пустыя; асаромленыя і збянтэжаныя, і закрываюць галовы сабе.

Ад таго, што глеба сьпечаная, бо не было дажджу на зямлі, саромеюцца земляробы, закрываюць галовы свае.
 
З прычыны запусцення зямлі, бо не падае дождж на зямлю, сумныя земляробы, пакрылі свае галовы.

Нават ланя нараджае ў полі і пакідае [малое], бо няма травы.
 
Нават аленіха родзіць на полі і пакідае свайго малога, бо няма травы.

Дзікія аслы стаяць на ўзгорках, хапаюць паветра, як цмокі; вочы іхнія мутнеюць, бо няма пашы.
 
І дзікія аслы стаяць на ўзгорках і хапаюць паветра, як шакалы; вочы іх мутнеюць, бо няма травы».

Хоць беззаконьні нашыя сьведчаць супраць нас, ГОСПАДЗЕ, Ты ўчыні [з намі] дзеля імя Твайго, бо павялічыліся адступніцтвы нашыя, мы саграшылі супраць Цябе.
 
«Калі нават нашы грахі сведчаць супраць нас, Госпадзе, Ты ўчыні дзеля імя Твайго, бо шматлікія нашы праступкі, зграшылі мы супраць Цябе.

Надзея Ізраіля, ГОСПАД, Збаўца ягоны ў часе трывогі! Чаму Ты быццам чужынец у зямлі і як падарожнік, які расьцягвае [намёт], каб [толькі] пераночыць?
 
Надзея Ізраэля, Збаўца яго ў часе трывогі, чаму Ты — быццам чужынец у краіне ды быццам падарожнік, які збочвае на начлег?

Чаму Ты быццам чалавек разгублены, як волат, які ня можа ратаваць? Ты ж сярод нас, ГОСПАДЗЕ, і імя Тваё ў нас заклікаюць. Не пакідай нас!
 
Чаму Ты — быццам чалавек разгублены, як волат, які не можа ратаваць? Ты ж паміж нас, Госпадзе, і імя Тваё прызываюць у нас, не пакідай нас!»

Гэта кажа ГОСПАД народу гэтаму: “Яны любяць блукаць, ног сваіх не шкадуючы. Але ГОСПАДУ не даспадобы гэта”. Цяпер Ён узгадаў беззаконьні іхнія і грахі іхнія карае».
 
Так кажа Госпад гэтаму народу: «Любяць яны надта вандраваць, ног сваіх не шкадуюць і Госпаду не падабаюцца. Цяпер Ён прыгадаў злачынствы іх і за іх грахі карае».

І сказаў ГОСПАД мне: «Не прасі дабра для народу гэтага.
 
І сказаў Госпад мне: «Не прасі дабра гэтаму народу.

Калі яны будуць посьціць, Я ня выслухаю маленьняў іхніх; і калі яны будуць складаць цэласпаленьні і ахвяры хлебныя, Я ня буду мець упадабаньня ў іх, але вынішчу іх мячом, голадам і пошасьцю».
 
Калі б нават посціліся яны, не выслухаю просьбы іх; ды калі б складалі цэласпаленні і ахвяры з ежы, не прыму іх, бо буду вынішчаць іх мечам, голадам і пошасцю».

А я сказаў: «О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, прарокі кажуць ім: “Ня ўбачыце мяча, ня будзе ў вас голаду, бо праўдзівы мір дам вам на месцы гэтым”».
 
А я сказаў: «О Госпадзе, Божа, вось жа, прарокі кажуць ім: “Не ўгледзіце меча, і голаду не пакаштуеце, але сапраўдны супакой дасць Ён вам на гэтым месцы”».

І сказаў ГОСПАД мне: «Прарокі гэтыя хлусьню абвяшчаюць у імя Маё. Я не пасылаў іх, і не загадваў ім, і не прамаўляў да іх. Відзежы хлусьлівыя, прадказаньні пустыя, мары сэрцаў сваіх — вось што яны прарочаць вам.
 
І сказаў Госпад мне: «Прарокі абвяшчаюць ілжыва ў імя Маё. Я не пасылаў іх, і не даваў ім загадаў, і не прамаўляў да іх. Падманнае бачанне і прадказанне, ашуканства ды аблуднасць сэрца свайго прарочаць яны вам».

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра прарокаў, якія прарочаць у імя Маё, але Я не пасылаў іх. Яны кажуць: “Мяча і голаду ня будзе ў зямлі гэтай”. Ад мяча і голаду загінуць прарокі гэтыя,
 
Таму вось што кажа Госпад супраць прарокаў: «Яны праракуюць у імя Маё, але Я іх не пасылаў. Яны кажуць: “Меча і голаду не будзе ў гэтай зямлі”, але ад меча і голаду прападуць прарокі тыя,

а народ, якому яны прарочылі, будзе выкінуты на вуліцы Ерусаліму перад абліччам голаду і мяча, і ніхто ня будзе хаваць іх, жонак іхніх, сыноў іхніх, дочак іхніх; і Я выльлю на іх злачыннасьць іхнюю.
 
а людзі, якім яны праракуюць, будуць выкінуты на вуліцы Ерузаліма на голад і на меч, і не будзе каму пахаваць іх; самі яны і жонкі іх, сыны і дочкі іх; — і вылью на іх ліхоту іх.

І ты скажаш ім слова гэтае: “Няхай вочы мае выліваюць сьлёзы ўначы і ўдзень, і няхай не спыняюцца, бо біцьцём вялікім пабітая дзяўчына, дачка народу майго, ударам вельмі вялікім.
 
І ты скажаш ім гэтае слова: “Хай вочы мае выліваюць слёзы ноччу і днём без перапынку, бо вялікай пакутай спакутавана дзяўчына, дачка майго народа, няшчасце дужа вялікае.

Калі я выйду ў поле, вось, забітыя мячом! Калі я пайду ў горад, вось, замучаныя голадам! Нават прарок і сьвятар бадзяюцца па зямлі і нічога ня ведаюць”».
 
Калі выйду ў палі, — вось, там забітыя мечам! І калі ўвайду ў горад, — вось, там замучаныя голадам! Нават прарок і святар ходзяць па зямлі, нічога не разумеючы”».

Ці адкінуўшы, адкінуў Ты Юду, або абрыдзіў Сыён душы Тваёй? Чаму Ты ўдарыў нас плягаю і няма аздараўленьня? Мы чакалі міру, але няма [нічога] добрага; [чакалі] часу аздараўленьня, і вось, трывога!
 
«Ці сапраўды адпіхнуў Ты Юду, або, можа, Сіёнам абрыдзілася душа Твая? Чаму Ты крануў нас плягаю без магчымасці аздараўлення? Спадзяваліся мы на супакой, але добрага няма; час вылечыцца — і вось, трывога!

Прызнаем, ГОСПАДЗЕ, бязбожнасьць сваю, беззаконьні бацькоў нашых, бо саграшылі мы супраць Цябе!
 
Прызнаём, Госпадзе, свае злачынствы, злачынствы бацькоў нашых, бо зграшылі мы супраць Цябе!

Не адкідай Ты [нас] дзеля імя Твайго! Не выстаўляй на ганьбу пасад славы Тваёй! Памятай, не разрывай запавет Твой з намі!
 
Не аддавай нас на ганьбу дзеля імя Твайго, не чыні абразы пасаду славы Тваёй! Памятай, не разрывай запавету Свайго з намі!

Ці ёсьць сярод марных [багоў] паганскіх такія, што маглі спасылаць дождж? Ці неба [само] дае залевы? Ці ж ня Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа наш? У Табе мы маем надзею, бо Ты ўчыніў усё гэта.
 
Ці ёсць сярод багоў паганскіх такія, што маглі б паслаць дождж? Ці, можа, нябёсы самі могуць даць ліўні? Ці ж не Ты — Госпад, Бог наш, Якога мы чакаем? Ты ж учыніў усё гэта».