Ераміі 23 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

«Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак статку Майго, кажа ГОСПАД.
 
«Гора пастырам, якія губяць і разганяюць статак паствы Маёй», — кажа Госпад.

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля пра пастыраў, якія пасьвяць народ Мой: “Вы расьцярушылі авечак Маіх, і разагналі іх, і ня рупіліся пра іх. Вось, Я наведаю вас за ліхоту ўчынкаў вашых, кажа ГОСПАД.
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля пастырам, якія пасвяць народ Яго: «Вы расцярушылі статак Мой, і разагналі, і не рупіліся пра іх; вось таму Я пакараю вас за ліхоту ўчынкаў вашых, — кажа Госпад. —

І Я зьбяру рэшту авечак Маіх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх, і вярну іх на пашы іхнія, і будуць яны расьці, і памножацца.
 
І Я збяру рэшткі статка Майго з усіх земляў, у якія выкіну іх, ды вярну іх на пашы іх, і будуць яны расці, і павялічацца.

І Я пастаўлю над імі пастыраў, і яны будуць пасьвіць іх; і ня будуць яны больш палохацца і баяцца, і ня будуць загубленыя, кажа ГОСПАД.
 
І Я пастаўлю над імі пастыраў, і будуць пасвіць іх; і не будуць яны больш палохацца і баяцца, і не трэба будзе нікога пералічваць, — кажа Госпад.

Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе валадарыць Валадар, і Ён будзе справядлівы, і Ён будзе чыніць суд і праведнасьць на зямлі.
 
Вось жа прыйдуць дні, — кажа Госпад, — і вырашчу Давіду парастак справядлівы, і будзе валадарыць цар, і ён будзе мудры, і будзе ён спаўняць закон і чыніць справядлівасць на зямлі.

У дні Ягоныя будзе збаўлены Юда, і Ізраіль будзе жыць бясьпечна. А гэта імя Ягонае, якім назавуць Яго: "ГОСПАД — праведнасьць нашая".
 
У тыя дні будзе збаўлены Юда, а Ізраэль будзе жыць бяспечна, і гэта — імя, якім назавуць яго: “Госпад — справядлівасць наша”.

Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і ня будуць больш казаць: "Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай!",
 
Дзеля таго, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і не будуць казаць больш: “Жыве Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай!”,

але: "Як жывы ГОСПАД, Які вывеў і прывёў насеньне дому Ізраіля з зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх, і будуць яны жыць у зямлі сваёй"”».
 
але: “Жыве Госпад, Які вывеў і прывёў пакаленне дому Ізраэля з зямлі паўночнай ды з усіх земляў, у якія выкінуў іх; і будуць яны жыць у сваёй зямлі”».

Пра прарокаў. «Разрываецца сэрца маё ў нутры маім, дрыжаць усе косткі мае. Я стаўся, як п’яны, як муж, які перапоўнены віном з прычыны ГОСПАДА і сьвятых словаў Ягоных.
 
Аб прароках. Спакутавалася сэрца маё ўва мне, задрыжалі ўсе косці мае, стаўся я, быццам п’яны ды быццам чалавек, які напіўся віна, з прычыны Госпада і святых Яго слоў;

Бо зямля напоўнена чужаложнікамі, бо з прычыны праклёну ў жалобе ўся зямля, высахлі пашы ў пустыні, і хада іхняя сталася ліхой, і сіла іхняя — у няправасьці.
 
бо зямля напоўнена чужаложнікамі, бо дзеля праклёну сумуе зямля, высахлі пашы ў стэпе, накірунак іх стаўся ліхім, і сіла іх — несправядлівасць.

Бо і прарок, і сьвятар сапсаваныя, і нават у Доме Маім знайшоў Я ліхоту іхнюю, кажа ГОСПАД.
 
«Прарок бо і святар апаганены, і ў доме Маім знайшоў Я ліхоту іх, — кажа Госпад. —

Дзеля гэтага шлях іхні будзе сьлізкі для іх, у цемры будуць спатыкацца і ўпадуць, бо Я прывяду на іх ліха ў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.
 
Таму дарога іх будзе быццам слізгата, у цемры будуць спатыкацца ды будуць падаць у ёй; бо Я навяду на іх няшчасці, год пакарання іх, — кажа Госпад. —

І сярод прарокаў Самарыі Я бачыў бязглуздасьць, яны прарочылі ў [імя] Баала і падманвалі народ Мой, Ізраіля.
 
Таксама сярод прарокаў Самарыі бачыў Я недарэчнасць: праракавалі яны ў імя Баала і падманвалі народ Мой, Ізраэля.

І ў прарокаў Ерусаліму Я бачыў брыдоту, чужалоства і хаджэньне ў хлусьні, яны ўмацоўваюць рукі злачынцаў, каб ніхто не навярнуўся ад ліхоты сваёй. Сталіся яны ўсе для Мяне, як Садом, і жыхары ягоныя, як Гамора.
 
Ды сярод прарокаў Ерузаліма Я бачыў агідныя рэчы: чужаложніцтва ўчыняюць, жывуць у падмане ды падтрымліваюць ліхадзеяў, і ніхто не навяртаецца ад ліхоты сваёй: сталіся яны ўсе Мне як Садом ды жыхары яго, як Гамора.

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў пра прарокаў гэтых: “Вось, Я накармлю іх палыном і напаю іх вадою атрутнаю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх выйшла бязбожнасьць на ўсю зямлю гэтую”.
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў прарокам: “Вось, Я накармлю іх палыном ды напаю іх жоўцю, бо ад прарокаў з Ерузаліма распаўсюдзілася нячыстасць па ўсёй зямлі”.

Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам. Яны зводзяць вас; прамаўляюць прыдумкі сэрца свайго, а ня [слова] з вуснаў ГОСПАДА.
 
Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Не слухайце словы прарокаў, якія прарочаць вам і зводзяць вас; распавядаюць яны вам прыдумкі сэрца свайго, а не з вуснаў Госпада.

Яны, кажучы, кажуць тым, якія абражаюць Мяне: “Прамовіў ГОСПАД. Будзе мір вам”. І кожнаму, хто ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго, кажуць: “Ня прыйдзе да вас зло”.
 
Яны кажуць тым, якія абражаюць Мяне: “Сказаў Госпад: будзе супакой вам”, а кожнаму, хто жыве ў сапсаванасці сэрца свайго, кажуць: “Не спаткае вас няшчасце”».

Бо хто стаяў на нарадзе ў ГОСПАДА, і бачыў, і чуў словы Ягоныя? Хто прыслухоўваўся да слова Ягонага і пачуў?
 
Хто ж бо быў на нарадзе ў Госпада, і бачыў, і чуў словы Яго? Хто звярнуў увагу на слова Яго і пачуў?

Вось, бура ад ГОСПАДА, лютасьць выходзіць, і віхор шалее і спадае на галаву бязбожнікаў.
 
Вось жа, бура ад Госпада, лютасць узнялася, навальніца разбуральная спадзе на галаву бязбожнікаў.

Ня вернецца гнеў ГОСПАДА, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта ў поўні.
 
Не спыніцца гнеў Госпадаў, пакуль не здзейсніць ды пакуль не выканае Ён намераў сэрца Свайго; у апошніх днях зразумееце ўсё цалкам.

Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны [самі] пабеглі. Я не прамаўляў да іх, а яны прарочаць.
 
«Не пасылаў Я прарокаў, а яны самі прыбеглі; і Я не гаварыў да іх, а яны самі прарочылі.

Калі б яны стаялі на нарадзе Маёй, яны б абвесьцілі словы Мае народу Майму і адвярнулі б іх ад ліхога шляху іхняга і ад ліхоты ўчынкаў іхніх.
 
Калі б былі яны на нарадзе Маёй, паведамілі б яны словы Мае народу Майму і адвярнулі б, напэўна, іх ад ліхой дарогі іх і ад ліхіх учынкаў іх.

Ці ж Я — Бог, [калі Я] блізка, кажа ГОСПАД, а ня Бог, [калі Я] далёка?
 
Думаеш, Я — Бог зблізку, — кажа Госпад, — а не Бог здалёку?

Калі чалавек схаваецца ў схове, ці ж Я ня ўбачу яго? — кажа ГОСПАД. Ці ж Я не напаўняю неба і зямлю? — кажа ГОСПАД.
 
Калі чалавек схаваецца ў заканурку, Я не ўбачу яго? — кажа Госпад. — Ці ж Я не напаўняю неба і зямлю? — кажа Госпад.

Я чуў, што кажуць прарокі, прарочачы ў імя Маё хлусьню і кажучы: “Меў я сон, меў я сон”.
 
Я чуў, што сказалі прарокі, якія прарочылі ў імя Маё, няпраўду і казалі: “Меў я сон, і сніў я”.

Як доўга будзе [гэта] ў сэрцы прарокаў, якія прарочаць хлусьню і праракуюць прыдумкі сэрца свайго?
 
Дакуль жа будзе гэта ў сэрцы прарокаў, прадказваючых няпраўду ды прарочачых падман сэрца свайго?

Яны задумалі зрабіць, каб праз сны іхнія, якія яны распавядаюць адзін аднаму, народ Мой забыўся на імя Маё, як забыліся бацькі іхнія на імя Маё з прычыны Баала.
 
Яны хочуць зрабіць, каб праз сны свае, якія адзін аднаму расказваюць, народ Мой забыўся на імя Маё, як забыліся бацькі іх на імя Маё з прычыны Баала.

Прарок, які мае сон, няхай распавядае сон, а хто мае слова Маё, той няхай абвяшчае слова Маё праўдзіва! Што [мае] салома з зернем? — кажа ГОСПАД.
 
“Прарок, які ўбачыў сон, хай расказвае сон, а хто мае Маё слова, той хай абвяшчае Маё слова праўдзіва! Што мае агульнага салома з зернем?” — кажа Госпад. —

Ці ж словы Мае ня ёсьць, як агонь, кажа ГОСПАД, і быццам молат, які крышыць скалу?
 
“Ці ж Мае словы не ёсць, як агонь, — кажа Госпад, — ды быццам молат, што разбівае скалу?

Дзеля гэтага Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія крадуць адзін у аднаго слова Маё.
 
Дзеля таго, вось, Я — супраць прарокаў, — кажа Госпад, — якія крадуць узаемна адзін у аднаго Мае словы.

Вось, Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія карыстаюцца языком сваім і прарочаць, нібы кажа [Бог].
 
Вось, Я — супраць прарокаў, — кажа Госпад, — якія карыстаюцца сваімі мовамі і кажуць: “Кажа Госпад”.

Вось, Я — супраць прарокаў са снамі фальшывымі, кажа ГОСПАД, яны распавядаюць іх і падманваюць народ Мой хлусьнёй сваёй і махлярствам сваім. Я не пасылаў іх і не загадваў ім; і няма ад іх карысьці для народу гэтага, кажа ГОСПАД.
 
Вось, Я — супраць прарокаў, якія прарочаць фальшывыя сны, — кажа Госпад, — яны расказваюць іх і падманваюць народ Мой сваёй няпраўдаю і крывадушнымі абяцаннямі, хаця Я не пасылаў іх і не даручаў ім нічога; няма ад іх аніякай карысці для гэтага народа, — кажа Госпад. —

Калі народ гэты, або прарокі, або сьвятар спытаюцца ў цябе, кажучы: “Які цяжар ад ГОСПАДА?”, адкажаш ім: “Вы — цяжар, і Я адкінуў вас, кажа ГОСПАД”.
 
А калі гэты народ, або прарок, або святар спытае цябе: “Які цяжар ад Госпада?”, адкажаш ім: “Вы — цяжар, і Я адкіну вас”, — кажа Госпад.

І прарока, і сьвятара, і народ гэты, які кажа: “Цяжар ад ГОСПАДА”, Я пакараю, і яго самога, і дом ягоны.
 
Калі прарок, або святар, або народ скажа: “Цяжар Госпада”, Я пакараю таго чалавека і дом яго.

Гэта будзе казаць кожны бліжняму свайму і кожны брату свайму: “Што адказаў ГОСПАД?”, або: “Што прамовіў ГОСПАД?”
 
Гэта будзеце казаць кожны свайму прыяцелю ды кожны свайму брату: “Што адказаў Госпад?” або: “Што казаў Госпад?”

І ня ўзгадвайце больш пра “цяжар ад ГОСПАДА”, бо [таму, хто кажа так,] станецца цяжарам кожнае слова ягонае, бо вы перакруцілі словы Бога жывога, ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога нашага.
 
Але не ўзгадвайце ўжо больш “цяжар Госпада”, бо інакш для любога станецца цяжарам яго слова, бо перакручваеце вы словы Бога жывога, Госпада Магуццяў, Бога нашага.

Гэтак скажаш прароку: “Што адказаў табе ГОСПАД?”, і: “Што прамовіў ГОСПАД?”
 
Так звяртайся да прарока: “Што адказаў табе Госпад?” або: “Што гаварыў Госпад?”

А калі вы скажаце “Цяжар ад ГОСПАДА”, тады гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што вы кажаце слова гэтае “Цяжар ад ГОСПАДА”, а Я паслаў да вас, кажучы: “Не кажыце: "Цяжар ГОСПАДА"”,
 
Калі ж вы будзеце гаварыць “цяжар Госпада”, то тады так кажа Госпад: “Паколькі ўжываеце вы гэтае слова “цяжар Госпада”, нягледзячы, што Я паслаў вам сказаць: не гаварыце “цяжар Госпада”,

вось, Я падымаючы, падыму вас і выкіну ад аблічча Майго вас і горад, які Я даў вам і бацькам вашым,
 
дзеля таго, вось, Я падыму вас і выкіну з Майго віду, вас і горад, які Я даў вам і вашым бацькам,

і аддам вас на сорам вечны і на ганьбу вечную, якая ня будзе забытая”».
 
ды дам Я вас на пасмяянне вечнае і на вечную ганьбу, якая ніколі не будзе забыта”».