Ераміі 51 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я збуджу супраць Бабілону і супраць жыхароў Лэб-Камай вецер марскі.
Гэта кажа Госпад: «Вось, Я навяду на Бабілон і на жыхароў Халдэі як бы вецер пагібельны.
І Я пашлю ў Бабілон тых, якія веюць, і яны разьвеюць яго і спустошаць зямлю ягоную, бо адусюль зьвернуцца супраць яго ў дзень ліхі [для яго].
І Я пашлю ў Бабілон веяльшчыкаў, і яны перавеюць яго, і знішчаць зямлю яго, бо адусюль нападуць на яго ў дзень няшчасця.
Няхай ніякі лучнік не нацягне лук свой, і няхай не апране панцыр свой! Не шкадуйце юнакоў ягоных, зьнішчыце ўсё войска ягонае!”
Хай ніводзін з лучнікаў не нацягвае свайго лука, і хай не выхваляецца панцырны ваяр; не шкадуйце юнакоў яго, забіце ўсё войска яго!»
І пападаюць забітыя ў зямлі Халдэйскай, і параненыя — на вуліцах ейных.
І пападаюць забітыя ў зямлі Халдэйскай, і параненыя — на вуліцах яе.
Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ў Бога свайго, у ГОСПАДА Магуцьцяў, бо зямля іхняя перапоўненая злачынствамі супраць Сьвятога Ізраіля.
Бо не аўдавеў Ізраэль, і Юда па сваім Богу, па Госпаду Магуццяў, бо зямля іх перапоўнена злачынствамі на віду Святога Ізраэля.
Уцякайце з сярэдзіны Бабілону! Няхай кожны ратуе душу сваю. Ня гіньце ў беззаконьнях ягоных! Бо гэта час помсты ГОСПАДА. Ён аддасьць яму належную плату.
Уцякайце з асяроддзя Бабілона! Хай кожны ратуе душу сваю. Не гіньце з прычыны віны яго, бо гэта час помсты Госпада, Ён аддасць яму належнае.
Бабілон у руцэ ГОСПАДА быў келіхам залатым, які напаіў усю зямлю. Віно ягонае пілі народы, і дзеля таго шалелі народы.
Бабілон у руцэ Госпада — залаты келіх, які паіў усю зямлю. Віно яго пілі народы, і дзеля таго ашалелі.
Раптоўна ўпаў Бабілон, і зруйнавалі яго. Галасіце дзеля яго, вазьміце бальзам на боль ягоны, можа, будзе аздароўлены.
Раптам упаў Бабілон, і зруйнавалі яго. Галасіце дзеля яго, вазьміце бальзам на боль яго, можа, ачуняе.
“Лекавалі мы, лекавалі Бабілон, але ён не паздаравеў. Пакіньце яго, і хадзем кожны ў зямлю сваю! Бо аж да неба дайшоў прысуд над ім і ўзьняўся аж да хмараў.
«Лекавалі мы Бабілон, але ён не паздаравеў. Пакіньце яго, і хадзем кожны ў сваю зямлю! Бо аж да неба даходзіць прысуд над ім і аж да хмараў падымаецца».
Зьявіў ГОСПАД праведнасьць нашую. Хадземце і распавядзем на Сыёне пра справы ГОСПАДА, Бога нашага!”
Выявіў Госпад справядлівасць нашу, хадземце і раскажам на Сіёне пра справу Госпада, Бога нашага!
Вастрыце стрэлы, вазьміце шчыты! Узбудзіў ГОСПАД дух валадара Мадаю, бо супраць Бабілону намер Ягоны, каб зьнішчыць яго, бо гэта помста ГОСПАДА, помста за сьвятыню Ягоную.
Вастрыце стрэлы, напаўняйце калчаны. Узбудзіў Госпад дух цара мідзян, бо супраць Бабілона намер Яго, каб знішчыць яго, бо гэта помста Госпада, і помста за святыню яго.
Супраць муроў Бабілону ўзьніміце сьцяг! Умацуйце варту, растаўце вартаўнікоў, падрыхтуйце засады! Бо так вырашыў ГОСПАД, і ўчыніў тое, што прамовіў супраць жыхароў Бабілону.
Падыміце сцяг над мурамі Бабілона! Павялічце варту, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо так вырашыў Госпад і здзейсніў тое, што прадказаў супраць жыхароў Бабілона.
Ты, які жывеш над водамі вялікімі, са шматлікімі скарбамі, прыйшоў канец твой, [напоўнілася] мера хцівасьці тваёй.
Ты, што жывеш над вялікімі водамі, перапоўнены багаццямі, прыходзіць канец твой, мерка сквапнасці тваёй!
ГОСПАД Магуцьцяў прысягнуў на душу Сваю, што напоўніць цябе людзьмі як саранчою, і яны ўзьнімуць над табою гармідар [ваенны].
Госпад Магуццяў прысягнуў душою Сваёю: «Нават калі напоўню цябе людзьмі, як саранчою, заспяваюць яны над табою ваенную песню».
Ён учыніў зямлю сілаю Сваёй, угрунтаваў сусьвет мудрасьцю Сваёй і розумам Сваім расьцягнуў неба.
Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, упарадкаваў свет мудрасцю Сваёй і розумам Сваім расцягнуў неба.
Калі гучыць голас Ягоны, шумяць воды ў небе, Ён прыносіць хмары з канца зямлі, маланкамі суправаджае дождж і выклікае вецер са сховішчаў Сваіх.
Па загадзе Яго множацца воды ў небе, Ён прыносіць хмары з канца зямлі, маланкамі папераджае дождж і выклікае вецер са сховішчаў сваіх.
Бязглузды кожны чалавек, які ня ведае [гэтага], асаромлены кожны залатар з прычыны ідала [свайго], бо хлусьня — тое, што ён зрабіў, няма ў ім духа.
Неразумным стаўся кожны чалавек без ведаў, асаромлены кожны залатар дзеля ідала, бо падманнае ліццё яго, няма ў ім жыцця.
Марнота яны, праца, сьмеху вартая. У час наведваньня іхняга яны загінуць.
Марныя творы і смеху вартыя, і ў час наведання іх яны пагінуць.
Не такая частка [спадчыны] Якуба, бо Ён укшталтаваў усё, і [Ізраіль —] племя спадчыны Ягонай. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
Не такая доля Якуба, як гэтая, бо Ён — Той, Хто стварыў усё, а Ізраэль — племя спадчыны Яго, Госпад Магуццяў — імя Яго.
Ты — молат Мой, прылада вайны. Табою Я паб’ю народы і зьнішчу табою валадарствы.
«Ты — молат Мой, начынне вайны; табою Я пабіваю народы і знішчаю табою царствы.
Табою Я паб’ю каня і вершніка ягонага, табою паб’ю калясьніцу і возьніка ейнага.
Табою Я пабіваю каня і конніка яго і табою пабіваю калясніцу і возніка яе.
Табою Я паб’ю мужчыну і жанчыну, табою паб’ю старога і маладога, табою паб’ю юнака і дзяўчыну.
Паб’ю табою мужчыну і жанчыну, паб’ю табою старога і падлетка і паб’ю табою юнака і дзяўчыну.
Табою Я паб’ю пастыра і чараду ягоную, табою паб’ю земляроба і воз ягоны, табою паб’ю ваяводаў і ўрадоўцаў.
Паб’ю табою пастыра і статак яго, і паб’ю табою земляроба і запрэжкі яго, і паб’ю табою ваяводаў і ўрадоўцаў.
І Я аднагароджу Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю ліхоту іхнюю, якую яны зрабілі супраць Сыёну на вачах вашых, кажа ГОСПАД.
І Я аддам Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю іх ліхоту, якую яны зрабілі Сіёну на вачах вашых», — кажа Госпад.
Вось, Я на цябе, гара зьнішчэньня, кажа ГОСПАД, якая зьнішчыла ўсю зямлю, і Я выцягну руку Маю да цябе, і сапхну цябе са скалы, зраблю цябе гарой, што палае.
«Вось, Я на цябе, гара пагібельная, — кажа Госпад, — якая знішчыла ўсю зямлю. Я працягну руку Сваю да цябе, і спіхну цябе са скалы, і зраблю цябе гарой палаючай.
І ня возьмуць з цябе ані камяня кутняга, ані камяня на падмурак, але будзеш спустошаная на вякі, кажа ГОСПАД.
І не возьмуць з цябе ані каменю кутняга, ані каменю на падмурак, але спустошаная будзеш навечна», — кажа Госпад.
Узьніміце сьцяг на зямлі! Трубіце ў рог сярод народаў! Пасьвяціце супраць яго народы, склічце супраць яго валадарствы Арарат, Міньні і Ашкеназ! Пастаўце супраць яго гетмана, прывядзіце коней як саранчу калючую!
Падыміце сцяг на зямлі! Трубіце ў трубы між народамі, прыгатуйце супраць яго народы, склічце супраць яго царствы Арарата, Міні, Аскеназа, устанавіце супраць яго ваяводаў, прывядзіце коней, як калючую саранчу!
Пасьвяціце супраць яго народы, валадароў Мадаю, князёў ягоных, усіх ваяводаў ягоных і ўсю зямлю панаваньня ягонага.
Прыгатуйце супраць яго народы, цароў мідзян, князёў іх, усіх намеснікаў іх і ўсю зямлю ўладання іх.
Дрыжыць зямля і трасецца, бо зьдзяйсьняецца намер ГОСПАДА супраць Бабілону, каб зрабіць зямлю Бабілонскую пусткай бязьлюднай.
Задрыжыць зямля і затрасецца, бо споўніцца задума Госпада супраць Бабілона, каб учыніць зямлю Бабілона пустыннай і бязлюднай.
Волаты Бабілонскія кінулі ваяваць, сядзяць у крэпасьцях, зьнікла сіла іхняя, і сталіся яны як жанчыны. Сядзібы іхнія спалены, і засаўкі іхнія паламаныя.
Волаты Бабілона кінулі ваяваць, сядзяць у крэпасцях, змарнела іх сіла, і сталіся яны, як жанчыны; палаткі іх спалены, і засаўкі іх паламаны.
Пасланец за пасланцом бяжыць, і вестка за весткаю, каб паведаміць валадару Бабілонскаму, што здабыты горад ягоны ад канца [да канца],
Пасланец за пасланцом пабяжыць, і вястун за вестуном, каб паведаміць цару Бабілона, што здабыты горад яго ад канца да канца.
што броды захопленыя, умацаваньні спаленыя агнём, а ваяры ў трымценьні.
І што броды пазайманы, умацаванні агнём спалены, а ваяры дужа ўстрывожаны.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Дачка Бабілону [сталася] як ток у час малацьбы. Яшчэ крыху, і прыйдзе для яе час жніва”.
Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дачка Бабілона — як ток у час малацьбы на ім, яшчэ крыху — і прыйдзе на яе час жніва».
“Зьядаючы, зьеў мяне і, трушчачы, струшчыў мяне Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і, кідаючы, кінуў мяне як пустую пасудзіну, як цмок праглынуў мяне, і напоўніў жывот свой асалодамі маімі, і выпіхваючы, выпхнуў мяне [з сябе].
З’еў мяне, спустошыў мяне Набукаданосар; цар Бабілона адкінуў мяне, як пустую пасудзіну, як цмок, праглынуў мяне, напоўніў жывот свой маімі асалодамі, і выпхнуў мяне.
Пакуты мае і цела маё — на Бабілоне”, — кажа жыхарка Сыёну. “І кроў мая — на жыхарах Халдэі”, — кажа Ерусалім.
«Знявага мая і цела маё на Бабілон!», — кажа жыхарка Сіёна. «А кроў мая на жыхароў Халдэі!» — кажа Ерузалім.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я абараню справу тваю, адпомшчу помсту тваю, і высушу мора ягонае, і высушу крыніцу ягоную.
Таму вось што кажа Госпад: «Вось, Я абараню справу тваю, і адпомшчу помсту тваю, і мора яго зраблю пустыняю, і высушу крыніцу яго,
І станецца Бабілон руінаю, прыстанішчам цмокаў, страхоцьцем і пасьмешышчам, і бязьлюдзьдзем.
і Бабілон станецца кучай развалін, прыстанішчам шакалаў, страхоццем і пасмяяннем, і не будзе ў ім жыхароў.
Заравуць яны разам быццам ільвы, замуркочуць як малыя львяняты.
Заравуць яны, быццам ільвы, замуркаюць, як малыя львяняты.
Калі яны будуць разагрэтыя, Я падрыхтую для іх гасьціну, і напаю іх, каб усьцешыліся і заснулі сном вечным, і не прачнуліся, кажа ГОСПАД.
У прагнасці іх падрыхтую ім баль, напаю іх, каб ашалелі і заснулі сном вечным, і не прачнуліся, — кажа Госпад. —
І Я павяду іх на зарэз як ягнятаў, як бараноў з казламі”.
Я павяду іх на зарэз, як авечак, як бараноў разам з казламі».
Як здабыты Шэшах, як узята хвала ўсёй зямлі! Як стаўся Бабілон пусткаю паміж народаў!
Як здабыты Сэсах, як узята слава ўсяе зямлі! Як ім стаўся страхоццем Бабілон паміж народаў!
Нахлынула мора на Бабілон, і закрыла яго безьліч хваляў ягоных.
Нахлынула мора на Бабілон, і закрыла яго безліч хваль яго.
Гарады ягоныя сталіся пустэчаю, зямлёю сухою і стэпам, зямлёю, дзе ніводзін чалавек не жыве і ня ходзіць па ёй сын чалавечы.
Гарады яго сталіся страхоццем, зямлёй бязлюднаю і пустэчай, зямлёй, дзе ніхто не жыве, і не ходзіць па ёй сын чалавечы.
І Я наведаю Бэля ў Бабілоне, і вырву з вуснаў ягоных тое, што ён праглынуў, і ня будуць больш да яго плысьці народы, і мур Бабілону ўпадзе!
«Я наведаю Бэла ў Бабілоне, вырву ў яго з пашчы тое, што ён праглынуў, не будуць больш да яго плысці народы, і мур Бабілона заваліцца!
Выйдзі з яго, народзе Мой, і няхай кожны ратуе душу сваю ад лютасьці гневу ГОСПАДА.
Выйдзі, народ Мой, з яго, каб кожны ўратаваў душу сваю ад лютасці гневу Госпада.
Няхай ня млее сэрца вашае, і ня бойцеся весткі, якую чуеце на зямлі, бо ў [адзін] год прыйдзе вестка, а пасьля яе [другая] вестка ў год [гэты], і на зямлі [будзе] гвалт, і валадар [паўстане] на валадара.
Хай не млее сэрца ваша, і не бойцеся весткі, якую пачуеце на зямлі, бо ў адзін год прыйдзе вестка, а другая — у другі год, а на зямлі — гвалт, і валадар на валадара.
Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, і Я наведаю Бабілон, і ўся зямля ягоная будзе асаромленая, і ўсе забітыя будуць ляжаць пасярод яго.
Таму, вось, надыходзяць дні, калі Я наведаю ідалаў Бабілона, і ўся зямля яго асароміцца, і ўсе забітыя ў ім будуць ляжаць пасярод яго.
І засьпяваюць над Бабілонам неба і зямля, і ўсё, што ў іх, бо з поўначы прыходзіць на яго спусташальнік, кажа ГОСПАД.
І загамоняць хвалебна над Бабілонам неба і зямля і ўсё, што ў іх, бо з поўначы надыдуць на яго спусташальнікі, — кажа Госпад. —
Бабілон упадзе за забітых Ізраіля, як упалі за Бабілон забітыя ўсёй зямлі.
Вось, Бабілон упадзе за забітых Ізраэля, як упалі за Бабілон забітыя на ўсёй зямлі.
Хто ўратаваўся ад мяча, уцякайце, ня стойце! [Хоць вы] далёка, памятайце пра ГОСПАДА, і Ерусалім няхай узыйдзе ў сэрцы вашым.
Вы, што ўцяклі ад меча, уцякайце, не стойце; хоць вы далёка, памятайце пра Госпада, а Ерузалім хай узыдзе ў сэрца ваша».
“Мы асаромленыя, бо чулі зьнявагу, і ганьба пакрыла абліччы нашыя, бо ўвайшлі чужынцы ў сьвятыню Дому ГОСПАДА”.
Асаромленыя мы, бо чулі знявагу, і ганьба пакрыла твары нашы, бо ўвайшлі чужынцы ў свяцілішча дома Госпада.
Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я наведаю ідалаў ягоных, і на ўсёй зямлі ягонай будуць стагнаць параненыя.
«Дзеля таго, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я наведаю ідалаў яго, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.
Калі нават да неба падымецца Бабілон, і на вышынях умацуе сілу сваю, ад Мяне прыйдуць да яго нішчыцелі, кажа ГОСПАД.
Калі б нават да неба падняўся Бабілон і ў небе ўмацаваў сілу сваю, але ад Мяне прыйдуць на яго нішчыцелі», — кажа Госпад.
Голас крыку чуцён з Бабілону, і зьнішчэньне вялікае на зямлі Халдэйскай,
Крык чуцен з Бабілона, і вялікае гора з зямлі Халдэйскай,
бо ГОСПАД нішчыць Бабілон і сьцішае ў ім голас вялікі. І шумяць хвалі іхнія як воды вялікія, і ўздымаецца плёскат голасу іхняга.
бо Госпад нішчыць Бабілон і сцішае ад яго гармідар вялікі, і зашумяць іх хвалі, як вялікія воды, і ўздымаецца плёскат іх.
Бо ідзе на яго, на Бабілон, нішчыцель, і будуць схоплены волаты ягоныя, і будуць зломленыя лукі ягоныя, бо Бог помсты, ГОСПАД, адплачваючы, адплаціць [яму].
Бо ідзе на яго, на Бабілон, рабаўнік, і схоплены асілкі яго, і лук іх зламаны, бо Бог помсты, Госпад, аддасць належнае.
І Я напаю князёў ягоных, і мудрацоў ягоных, і ваяводаў ягоных, і ўрадоўцаў ягоных, і волатаў ягоных, і яны заснуць сном вечным, і не прачнуцца, кажа Валадар. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
«І напаю Я князёў яго, і мудрацоў яго, і намеснікаў яго, і ўрадоўцаў яго, і мужных яго, і заснуць яны сном вечным, і не прачнуцца, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў — імя Яго».
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Шырокі мур Бабілону разбурэньнем будзе разбураны, і брамы ягоныя высокія будуць спаленыя агнём, і надарма мучаліся народы, і для агню марнавалі [сілы] плямёны”».
Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Умацаваны, вельмі шырокі славуты мур Бабілона заваліцца, а брамы яго высокія згараць у агні, і надарма працавалі народы, і людзі на агонь марнавалі сілы».
Слова, якое загадаў Ярэмія прарок Сэраі, сыну Нэрыі, сына Махсэі, калі той пайшоў з Сэдэкіем, валадаром Юды, у Бабілон у чацьвёртым годзе валадараньня ягонага, а Сэрая [быў] падкаморым.
Слова, якое даў на загад прарок Ярэмія Сараі, сыну Нэрыі, сыну Маасіі, калі той накіравіўся з царом Юды, Сэдэцыем, у Бабілон у чацвёртым годзе яго царавання, а Сарая быў кіраўніком над пакоямі.
І напісаў Ярэмія ў адной кнізе ўсё ліха, якое мела прыйсьці на Бабілон, усе словы гэтыя, напісаныя супраць Бабілону.
І апісаў Ярэмія ў адной кнізе ўсё ліха, якое мела прыйсці на Бабілон, усе гэтыя словы, напісаныя супраць Бабілона.
І сказаў Ярэмія Сэраі: «Калі ты прыйдзеш у Бабілон, тады ўбачыш і прачытаеш усе словы гэтыя,
І сказаў Ярэмія Сараі: «Калі ты прыбудзеш у Бабілон, то глядзі: прачытай усе гэтыя словы
і скажаш: “ГОСПАДЗЕ, Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што ня будзе ў ім жыхароў, ані людзей, ані быдла, бо будзе яно пустэчаю вечнай”.
і скажы: “Госпадзе, Ты прадказаў пра гэтае месца, што знішчыш яго так, што не будзе ў ім жыхароў, — ні чалавека, ні жывёлы, — і будзе яно пустыняй вечна”.
І станецца, калі скончыш чытаць кнігу гэтую, прывяжы да яе камень і ўкінь яе ў сярэдзіну Эўфрату,
І калі скончыш чытаць гэтую кнігу, прывяжы да яе камень і ўкінь яе ў сярэдзіну Эўфрата,
і скажы: “Так патоне Бабілон і не падымецца дзеля ліха гэтага, якое Я прывяду на яго, і будуць яны зьнішчаныя”». Дасюль словы Ярэміі.
і скажы: “Хай так патоне Бабілон і хай не падымецца дзеля таго няшчасця, якое Я на яго наводжу, і ён будзе зруйнаваны”». Дасюль словы Ярэміі.