Ераміі 50 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Слова, якое прамовіў ГОСПАД пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз рукі Ярэміі прарока:
Слова, якое прамовіў Госпад пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз Ярэмію прарока:
«Паведаміце сярод народаў і абвяшчайце, узьніміце сьцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Здабыты Бабілон! Асаромлены Бэль! Зламаны Мэрадах! Асаромлены балваны іхнія, паразьбіваныя ідалы іхнія!”
«Паведамце між народамі і хай яны пачуюць, падыміце сцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Бабілон здабыты! Бэл асаромлены! Мэрадах пераможаны! Асаромлены балваны іх, паразбіваны ідалы іх!”
Бо ідзе супраць яго народ з поўначы. Ён пераменіць зямлю іхнюю ў пустэчу, і ніхто ня будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, [усе] ўцякуць і адыйдуць [адтуль].
Бо, вось, ідзе супраць яго народ з Поўначы, які заменіць зямлю іх на пустыню, і ніхто не будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, усе падымуцца і сыдуць.
У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, прыйдуць сыны Ізраіля разам з сынамі Юды, ідучы і плачучы, і пойдуць, і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго.
У тыя дні ды ў той час, — кажа Госпад, — прыйдуць сыны Ізраэля самі ды сыны Юды разам, і будуць ісці, плачучы, ды шукаць будуць Госпада, Бога свайго.
Яны будуць пытацца пра шлях на Сыён, і [зьвернуць] абліччы свае да яго: “Хадземце, злучымся з ГОСПАДАМ запаветам вечным, якога не забудзем”.
Будуць яны пытацца пра Сіён, і аблічча сваё — на дарогу да яго: “Хадземце, злучымся з Госпадам запаветам вечным, які ніколі не будзе знішчаны забыццём”.
Народ Мой як авечкі заблуканыя, пастыры іхнія завялі іх бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку яны хадзілі, і забыліся пра месца адпачынку свайго.
Народ Мой стаўся статкам згубленым, пастыры іх звялі іх і прымусілі бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку хадзілі яны і забыліся пра свае лежбішчы.
Усе, якія знаходзілі іх, зьядалі іх, і прыгнятальнікі іхнія казалі: “Не вінававтыя мы, бо яны саграшылі супраць ГОСПАДА, Пашы праведнасьці і надзеі бацькоў іхніх, ГОСПАДА”.
Усе, хто знаходзілі іх, з’ядалі іх, і ворагі іх казалі: “Не правініліся мы, бо яны зграшылі супраць Госпада, прыстанішча справядлівасці і надзеі бацькоў іх — Госпада”.
Уцякайце з Бабілону, выходзьце з зямлі Халдэйскай, і будзьце як казлы перад авечкамі.
Выходзьце з Бабілона, пакіньце зямлю Халдэйскую і будзьце, як казлы, на чале статка.
Бо вось, Я абуджу і прывяду на Бабілон грамаду народаў вялікіх з зямлі паўночнай; і яны пашыхтуюцца супраць яго і адтуль здабудуць яго. Стрэлы іхнія — як у спраўнага волата, не вяртаюцца дарэмна.
Бо, вось, Я ўзбуджу і навяду на Бабілон грамаду вялікіх народаў з зямлі паўночнай; і яны стануць войскам супраць яго, і будзе ён здабыты. Стрэлы іх, як у адборнага лучніка, не вернуцца дарэмна.
І станецца Халдэя здабычаю, і насыцяцца ўсе, хто пустошыць яе, кажа ГОСПАД.
І пойдзе Халдэя на разрабаванне, і насыцяцца ўсе яе нішчыцелі, — кажа Госпад. —
Радуйцеся і цешцеся, рабаўнікі спадчыны Маёй! Бо вы скачаце, як цяляты па траве, і іржыцё, як жарэбчыкі.
Пакуль вы весяліцеся і напышліва прамаўляеце, рабаўнікі спадчыны Маёй, пакуль вы скачаце, як цяляты па траве, і ржаце, як магутныя коні,
Зьбянтэжылася маці вашая, асаромленая тая, якая вас нарадзіла. Вось, яна будзе апошняй з народаў, пустыняй, сухою [зямлёй] і стэпам.
збянтэжылася надзвычай маці ваша, сталася пасмешышчам тая, што вас нарадзіла; вось, будзе яна апошняй сярод народаў: пустыняй, бездарожжам і сухім стэпам.
Дзеля гневу ГОСПАДА ня будзе ніхто жыць на ёй, але ўся яна станецца пусткаю. Кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.
Дзеля гневу Госпадавага будзе яна неабжытай, але ўся станецца пустыняю; кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, здзівіцца і засвішча дзеля ўсіх караў яго.
Пашыхтуйцеся супраць Бабілону навокал усе, якія нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо ён саграшыў супраць ГОСПАДА.
Станьце войскам супраць Бабілона навокал усе, што нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо зграшыў ён перад Госпадам.
Гаманіце супраць яго вакол яго, бо ён падняў руку сваю. Упалі слупы ягоныя, разбураны муры ягоныя, бо гэта помста ГОСПАДА. Адпомсьціце яму. Як ён рабіў, так зрабіце яму.
Гаманіце супраць яго; куды б ні працягнуў ён руку, падаюць слупы яго, разбураныя муры яго, бо гэта — помста Госпадава; спаганяйце помсту на ім: як ён рабіў, зрабіце яму.
Зьнішчыце ў Бабілоне таго, хто сее, і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад абліччам мяча забойчага кожны вернецца да народу свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.
Нішчыце ў Бабілоне сейбіта і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад пагрозлівым мечам кожны вернецца да народа свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.
Ізраіль — заблукалая авечка, ільвы пагналі яго. Першы еў яго валадар Асірыйскі, а апошні, Навухаданосар, валадар Бабілонскі, паламаў яму косткі.
Ізраэль — заблуканая авечка, ільвы палявалі на яе. Першы еў яе цар асірыйцаў, а апошні, Набукаданосар, цар Бабілона, паламаў ёй косці.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю валадара Бабілонскага і зямлю ягоную, як наведаў валадара Асірыйскага.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я пакараю цара Бабілона і зямлю яго, як пакараў цара асірыйцаў.
І Я прывяду Ізраіль на пашы ягоныя, і ён будзе пасьвіцца на Кармэлю і ў Башане, і на гары Эфраіма, і ў Гілеадзе, і насыціцца душа ягоная”.
І прывяду Я Ізраэля зноў на пашы яго, і будзе ён пасвіцца на Кармэлі і на Басане, і на гары Эфраіма, і ў Галаадзе насыціцца душа яго”.
У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, будуць шукаць беззаконьне ў Ізраіля, і ня будзе яго, і [шукаць] грахі ў Юды, і ня знойдуць іх, бо Я прабачу тых, якіх пакіну.
“У тыя дні і ў той час, — кажа Госпад, — будуць шукаць правіну ў Ізраэля, але не будзе яе, і граху ў Юды не знойдуць, бо літасцівы буду да тых, якіх пакіну.
Выруш супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пэкоду! Руйнуй і зьнішчы з закляцьцем, кажа ГОСПАД, і зрабі ўсё, што Я табе загадаў!
Выступі супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пакода! Руйнуй і забівай, пераследуючы іх, — кажа Госпад, — і зрабі паводле ўсяго таго, што Я табе загадаў!»
Гармідар ваенны ў зямлі і зьнішчэньне вялікае.
Гармідар ваенны на зямлі і вялікае знішчэнне.
Як пабіты і зламаны молат усёй зямлі! Як стаўся пустэчаю Бабілон сярод народаў!
Як пабіты і зламаны молат усяе зямлі! Як стаўся пустыняю Бабілон сярод народаў!
Я паставіў на цябе сіло, і ты схоплены, Бабілон, а ты ня ведаў. Ты знойдзены і схоплены, бо ты паўстаў супраць ГОСПАДА.
«Наставіў Я на цябе сіло і схапіў цябе, Бабілон, а ты не ведаў. І знайшлі цябе і схапілі, бо ты правакаваў Госпада.
Адкрыў ГОСПАД скарбніцу Сваю і дастаў начыньні гневу Свайго, бо справу мае Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, у зямлі Халдэйскай.
Адкрыў Госпад скарбоўню Сваю і дастаў начынне гневу Свайго, бо справа ёсць у Госпада, Бога Магуццяў, у зямлі Халдэйскай.
Прыходзьце да яе з канцоў [зямлі], адкрыйце ўсе клуні ейныя, і раскідайце яе як снапы, і зрабіце яе закляцьцем, няхай ніхто не застанецца ў ёй.
Прыходзьце да яе з усіх канцоў, адкрыйце ўсе яе кладоўкі, і раскідайце яе ў груды каменняў, як снапы, і выбіце яе, каб ніхто не застаўся.
Пазабівайце ўсіх валоў ейных, няхай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надыйшоў дзень іхні, час наведваньня іхняга.
Выбіце ўсіх яе валоў, хай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надышоў іх дзень, час наведання іх.
Голас тых, якія ўцякаюць, і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясьціць на Сыёне пра помсту ГОСПАДА, Бога нашага, пра помсту за сьвятыню Ягоную.
Гоман уцекачоў і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясціць на Сіёне пра помсту Госпада, Бога нашага, пра помсту за Яго святыню.
Склічце лучнікаў супраць Бабілону. Вы ўсе, якія нацягваеце лукі, станьце табарам вакол яго, няхай ніхто не ўцячэ. Аднагарадзіце яму паводле справаў ягоных і тое, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён выхваляўся супраць ГОСПАДА, супраць Сьвятога Ізраіля!
Склічце лучнікаў супраць Бабілона. Вы ўсе, хто нацягвае лукі; расстаўце лагер вакол яго, каб ніхто не выйшаў, і аддайце яму належна за яго справы і ўсё, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён паўстаў супраць Госпада, супраць Святога Ізраэлева!
Дзеля гэтага пападаюць юнакі ягоныя на плошчах ягоных; і ўсе ваяры ягоныя змоўкнуць у той дзень, кажа ГОСПАД.
“Дзеля таго пападаюць юнакі яго на плошчах яго; і ў той дзень змоўкнуць усе ваяры яго, — кажа Госпад.
Вось, Я супраць цябе, пыхлівец, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго.
Вось, Я супраць цябе, пыха, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — бо прыйшоў дзень твой, час пакарання цябе.
І спатыкнецца пыхлівец, і ўпадзе, і ня будзе каму яго падняць, і Я запалю агонь у-ва ўсіх гарадах ягоных, і ён спаліць усё навокал.
І спатыкнецца пыха, і ўпадзе, і не будзе каму яе падняць, і запалю Я агонь па яго гарадах, і ён праглыне ўсё навакол”.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Уцісканыя сыны Ізраіля і сыны Юды разам з імі, і ўсе, якія зьняволілі іх, трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.
Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Сыны Ізраэля церпяць знявагу, а разам з імі сыны Юды. Усе, якія зняволілі іх, трымаюць і не хочуць адпусціць іх”.
Адкупіцель іхні магутны. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае. Баронячы, Ён будзе бараніць справу іхнюю, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілону”.
Але вызваліцель іх моцны, Госпад Магуццяў імя Яго. Справядліва будзе Ён бараніць справу іх, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілона.
Меч на Халдэйцаў, кажа ГОСПАД, і на жыхароў Бабілону, і на князёў ягоных, і на мудрацоў ягоных!
“Меч на халдэяў, — кажа Госпад, — і на жыхароў Бабілона, і на князёў і на мудрацоў яго!
Меч на варажбітоў, і яны стануцца дурнямі; меч на волатаў ягоных, і яны напужаюцца!
Меч на варажбітоў яго, і яны стануцца дурнымі, меч на мужных яго, і яны будуць баяцца!
Меч на коней ягоных і на калясьніцы ягоныя, і на ўсю мешаніну [людзей], якая пасярод яго, і будуць яны, як жанчыны; меч на скарбы ягоныя, і будуць яны разрабаваныя.
Меч на яго коней і на яго калясніцы, і на ўсю грамаду людзей, якая ёсць пасярод яго; і будуць яны, як жанчыны! Меч на скарбы яго, і будуць яны разрабаваныя.
Меч на воды ягоныя, і яны высахнуць, бо гэта зямля ідалаў, яны хваляцца балванамі сваімі.
Суша будзе на воды яго, яны перасохнуць, бо гэта зямля ідалаў, бо яны шалеюць ад страшыдлаў сваіх.
Дзеля гэтага будуць жыць у ім зьвяры пустыні, і шакалы, і страусы, і ня будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакаленьня ў пакаленьне.
Таму жыць там будуць звяры пустыні з шакаламі, паселяцца ў ім страўсы, і не будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакалення ў пакаленне.
Як збурыў Бог Садом і Гамору і суседнія гарады, кажа ГОСПАД, ня будзе жыць там чалавек і не паселіцца там сын чалавечы.
Як збурыў Бог Садом і Гамору, і суседнія з імі гарады, — кажа Госпад, — і не абжывецца там ніхто і не будзе качаваць там ніводзін сын чалавечы.
Вось, прыходзіць народ з поўначы, народ вялікі, і шматлікія валадары паўстаюць з канцоў зямлі.
Вось жа, прыходзіць з поўначы народ, народ вялікі, і многія цары ўстаюць з канцоў зямлі.
Яны трымаюць лук і дзіду, яны жорсткія і бязьлітасныя. Голас іхні — нібыта шуміць мора, і яны едуць на конях, яны пашыхтаваныя як адзін чалавек да бою супраць цябе, дачка Бабілону!
Трымаюць яны лук і шаблю, жорсткія яны і неміласэрныя, і голас іх будзе шумець, быццам мора, і будуць сядзець яны на конях, і, як адзін чалавек, гатовыя яны да бою супраць цябе, дачка Бабілона!
Пачуў валадар Бабілону вестку пра іх, і аслабелі рукі ягоныя, жах ахапіў яго і боль як тую, якая нараджае.
Пачуў цар Бабілона вестку пра іх, і аслабелі рукі яго; і жах ахапіў яго, і боль, як у парадзіхі.
Вось, ён выходзіць як леў з гушчару над Ярданам на паплавы зялёныя. Я ў момант змушу яго ўцякаць ад іх, а выбранага юнака пастаўлю над імі. Бо хто [падобны] да Мяне? І хто пакліча Мяне [на суд]? І які пастыр устаіць перад абліччам Маім?
Вось, выйдзе ён, як леў, з гушчару над Ярданам на паплавы вечна зялёныя, бо Я ў момант прымушу яго ўцякаць адтуль, а пастаўлю над ім таго, які будзе выбраны. Хто ж бо падобны да Мяне? І хто пакліча Мяне на суд? І хто той пастыр, які ўстаіць перад абліччам Маім?”»
Дзеля гэтага паслухайце пра намер ГОСПАДА, які Ён мае супраць Бабілону, і думкі Ягоныя, якія Ён мае адносна зямлі Халдэйскай. Выцягнуць нават найменшых авечак, і будуць спустошаны пашы іхнія.
Дзеля таго паслухайце намер Госпада, што задумаў Ён супраць Бабілона, і думкі Яго, якія мае Ён адносна зямлі Халдэйскай: дакладна выцягнуць нават найменшых са статка, і дакладна спустошаны будуць у іх пашы іх.
На вестку, што здабыты Бабілон, задрыжыць зямля, і крык будзе чутны сярод народаў.
Пры вестцы аб захопе Бабілона дрыжыць зямля, і крык чуецца сярод народаў.