Ераміі 16 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І было слова Госпада да мяне, і казала:

«Ня бяры сабе жонкі, і няхай ня будзе ў цябе сыноў і дачок у месцы гэтым.
 
«Не возьмеш ты жонкі і не будзе ў цябе сыноў і дачок у гэтым месцы».

Бо гэта кажа ГОСПАД пра сыноў і дачок, якія будуць народжаныя ў месцы гэтым, і пра маці іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іхніх, якія будуць даваць ім жыцьцё ў зямлі гэтай.
 
Бо вось што кажа Госпад пра сыноў і дачок, якія нараджаюцца на гэтым месцы, ды пра мацерак іх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, з пакалення якіх нарадзіліся яны на гэтай зямлі:

Ад сьмяротных хваробаў яны паўміраюць, ня будуць яны аплаканыя і ня будуць пахаваныя, будуць гноем на абліччы зямлі. Будуць гінуць ад мяча і голаду, і трупы іхнія будуць ежай для птушак нябесных і зьвяроў зямных.
 
«Паўміраюць яны ад смяротных хвароб, будуць яны не аплаканыя і не пахаваныя, будуць яны, як гной на полі, ды будуць вынішчаны мечам і голадам, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і звярам палявым».

Бо гэтак кажа ГОСПАД: “Не ўваходзь у дом смутку, і не ідзі на галашэньне, і не спачувай ім, бо Я забраў ад народу гэтага супакой Мой, кажа ГОСПАД, міласэрнасьць і спагаднасьць.
 
Бо гэтак сказаў Госпад: «Не ўваходзь у дом смутку, і не ідзі на галашэнне, і не шкадуй іх, бо ўхіліў Я супакой Мой ад гэтага народа, — кажа Госпад, — міласэрнасць і спагаднасць.

Паўміраюць вялікія і малыя ў зямлі гэтай, ня будуць яны пахаваныя і ня будуць плакаць па іх, ня будуць рабіць нарэзаў [на скуры] і ня будуць стрыгчыся [дзеля іх].
 
І паўміраюць вялікія і малыя на гэтай зямлі, не будуць яны пахаваныя, і ніхто не будзе па іх плакаць, ніхто не зробіць дзеля іх нарэзаў і не будзе стрыгчыся.

І ня будуць ламаць хлеб для іх у жалобе, каб пацешыць па памёршым, і не дадуць ім выпіць з келіха пацяшэньня па бацьку іхнім і маці іхняй.
 
І не будуць ламаць хлеба для таго, хто ў жалобе, каб пацешыць па памерлым, і не пададуць яму чашы пацехі па яго бацьку і маці.

І не ўваходзь у дом банкетаваньня, каб сесьці з імі есьці і піць.
 
Не ўваходзь таксама ў дом банкетавання, каб сесці з імі з’есці і выпіць».

Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я зраблю, што спыніцца на гэтым месцы, на вачах вашых і ў дні вашыя голас вясёласьці і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты”.
 
Бо вось гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось, Я спыню на гэтым месцы на вашых вачах ды ў вашых днях голас весялосці і голас радасці, голас жаніха і голас нявесты.

І станецца, што ты абвесьціш народу гэтаму ўсе словы гэтыя, і скажуць табе: “Чаму ГОСПАД прамовіў супраць нас пра ўсе гэтыя няшчасьці вялікія? І якое беззаконьне нашае, і які грэх наш, якім мы саграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага?”
 
А калі абвесціш гэтаму народу ўсе гэтыя словы і скажуць табе: “Чаму Госпад прызначыў на нас усё гэта вялікае ліха? Што за злачыннасць наша і што за грэх наш, у чым зграшылі мы Госпаду, Богу нашаму?”,

І ты скажаш ім: “Бо пакінулі Мяне бацькі вашыя, кажа ГОСПАД, і пайшлі за іншымі багамі, і служылі ім, і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі, і Закон Мой не захоўвалі.
 
скажаш ім: “Бо пакінулі Мяне бацькі вашы, — кажа Госпад, — і пайшлі следам за багамі чужымі, ды служылі ім, і пакланяліся ім, а ад Мяне адвярнуліся, ды закон Мой не пільнавалі.

А вы яшчэ горш робіце, чым бацькі вашыя, і вось, кожны з вас ідзе паводле сапсутасьці сэрца свайго ліхога, каб ня слухаць Мяне.
 
Але і вы паводзілі сябе яшчэ горш за бацькоў вашых, бо, вось, кожны з вас жыве па сапсаванасці сэрца свайго ліхога, каб не слухаць Мяне.

І Я выкіну вас з зямлі гэтай у зямлю, якой вы ня ведаеце, ані вы, ані бацькі вашыя, і вы будзеце там служыць іншым багам удзень і ўначы, бо Я не зьяўлю для вас літасьці”.
 
Дык Я выкіну вас з гэтай зямлі ў зямлю, якой не ведаеце ані вы, ані бацькі вашы, і будзеце вы там служыць багам чужым, днём і ноччу, бо Я не дам вам прабачэння.

Вось таму прыходзяць дні, кажа ГОСПАД, калі ўжо ня будуць казаць: “Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай”,
 
Вось таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — калі ўжо не будуць казаць: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай”,

але толькі: “Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія раскідаў іх”. І Я вярну іх у зямлю, якую даў бацькам іхнім.
 
а толькі: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі паўночнай ды з усіх земляў, па якіх Ён іх расцерушыў”. І Я вярну іх зноў у зямлю іх, якую даў бацькам іх.

Вось, Я пасылаю шмат рыбаловаў, кажа ГОСПАД, і будуць лавіць іх, а пасьля пашлю шмат паляўнічых, і будуць паляваць на іх на ўсіх гарах, і на ўсіх узгорках, і ў-ва ўсіх шчылінах скалаў.
 
Вось, Я пашлю многіх рыбакоў, — кажа Госпад, — і будуць лавіць іх, а пасля гэтага пашлю да іх многіх паляўнічых, і будуць паляваць на іх з кожнай гары і з кожнага ўзгорка і са шчылін скальных.

Бо вочы Мае — на ўсе шляхі іхнія, і яны не схаваныя перад абліччам Маім і не схаванае беззаконьне іхняе перад вачыма Маімі.
 
Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іх: яны не схаваліся ад Мяне, і не ўтоена ліхота іх ад вачэй Маіх.

І Я перш за ўсё аднагароджу ім падвойна за беззаконьне іхняе і за грэх іхні, за тое, што яны апаганілі зямлю Маю трупамі брыдоты сваёй і агідай сваёй напоўнілі спадчыну Маю».
 
І Я аддам ім найперш удвая за ліхоту і за грахі іх, за тое, што апаганілі зямлю Маю трупамі ідалаў сваіх і брыдотай сваёю напоўнілі спадчыну Маю».

«ГОСПАДЗЕ, сіла мая і цьвярдыня мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі! Да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Толькі хлусню і марнасьць атрымалі ў спадчыну бацькі нашыя, і няма ад іх карысьці”.
 
«Госпадзе, цвярдыня мая і абарона мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі; да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Сапраўды, бацькі нашы атрымалі ў спадчыну няпраўду, марнасць, якая нічым не дапаможа.

Ці ж можа чалавек зрабіць сабе багоў? А яны — ня богі».
 
Ці ж можа чалавек зрабіць сабе багоў? А яны ж зусім не багі!”»

«Дзеля таго вось, Я дам пазнаць ім, гэтым разам дам пазнаць ім руку Маю і магутнасьць Маю, і яны даведаюцца, што імя Маё — ГОСПАД!
 
«Дзеля таго, вось, Я пакажу ім гэтым разам, пакажу ім руку Сваю і магутнасць Сваю, каб ведалі, што імя Мне — Госпад!»