Ераміі 29 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

А гэта словы ліста, які Ярэмія прарок паслаў з Ерусаліму да рэшты старшыняў, якія на выгнаньні, і да сьвятароў, да прарокаў і да ўсяго народу, які Навухаданосар вывеў у няволю з Ерусаліму ў Бабілон,
 
Такімі вось былі словы ліста, які Ярэмія прарок з Ерузаліма паслаў да застаўшыхся старэйшын перасяленцаў, да святароў, да прарокаў і да ўсяго народа, які Набукаданосар вывеў з Ерузаліма ў Бабілон,

пасьля выхаду з Ерусаліму валадара Ехоніі, маці валадара, эўнухаў і князёў Юды і Ерусаліму, кавалёў і рамесьнікаў з Ерусаліму.
 
пасля таго, як цар Ёахін, і царыцы, і еўнухі, і князі Юды ды Ерузаліма, а таксама каваль і залатар выйшлі з Ерузаліма,

[Ён паслаў яго] праз рукі Элеасы, сына Шафана, і Гемарыі, сына Хількіі, якіх паслаў Сэдэкія, валадар Юды, да Навухаданосара, валадара Бабілонскага, у Бабілон, кажучы:
 
паслаў праз Эласу, сына Сафана, і праз Гамарыю, сына Хэлькіі, якіх паслаў Сэдэцыя, цар Юдэйскі, да Набукаданосара, цара Бабілона, у Бабілон, кажучы:

«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, да ўсіх выгнаных у няволю, якіх Я выгнаў з Ерусаліму ў Бабілон.
 
«Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, да ўсіх перасяленцаў, якіх Я перасяліў з Ерузаліма ў Бабілон:

Будуйце дамы і жывіце ў іх, садзіце сады і спажывайце плады іхнія.
 
“Будуйце дамы і жывіце, разводзьце сады і спажывайце іх плады.

Бярыце жонак і нараджайце сыноў і дачок, і бярыце жонак для сыноў вашых, і дачок вашых давайце мужам, каб яны нараджалі сыноў і дачок; і памнажайцеся там, і не зьмяншайцеся!
 
Бярыце сабе жонак ды нараджайце сыноў і дачок, і давайце жонак для сваіх сыноў, і аддавайце дачок вашых замуж, каб нараджалі сыноў і дачок; і памнажайцеся там, ды хай вас не меншае!

І клапаціцеся пра супакой для гораду, у які Я выгнаў вас, і маліцеся за яго да ГОСПАДА, бо ў супакоі ягоным будзе і для вас супакой.
 
І дбайце пра супакой для горада, у які Я вас выслаў, і маліцеся за яго да Госпада, бо ў супакоі яго будзе і вам супакой”.

Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Няхай ня зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; не зьвяртайце ўвагі на сны вашыя, якія вы сьніцё.
 
Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Не дайце сябе звесці прарокам вашым, якія сярод вас, і праз вашых варажбітоў; не звяртайце ўвагі на вашы сны, якія сніце,

Бо яны прарочаць вам хлусьню ў імя Маё. Я не пасылаў іх, кажа ГОСПАД.
 
бо яны вам праракуюць фальшыва ў імя Маё, а Я не пасылаў іх”, — кажа Госпад.

Бо гэта кажа ГОСПАД. Калі споўніцца для Бабілону семдзясят гадоў, Я наведаю вас і зьдзейсьню для вас добрае слова Маё, каб вярнуць вас на месца гэтае.
 
Гэта вось кажа Госпад: “Калі ў Бабілоне споўніцца семдзесят гадоў, Я наведаю вас і здзейсню для вас Сваё спагаднае слова, каб зноў вас вярнуць на гэтае месца.

Бо Я ведаю намеры, якія Я маю адносна вас, кажа ГОСПАД, намеры супакою, а ня гора, каб даць вам будучыню і надзею.
 
Я бо ведаю намеры, якія маю адносна вас, — кажа Госпад, — намеры супакою, а не гора, каб даць вам будучыню і надзею.

Вы будзеце клікаць Мяне, і пойдзеце, і будзеце маліцца да Мяне, і Я выслухаю вас.
 
І вы будзеце прызываць Мяне, і пойдзеце, і будзеце маліцца Мне, і Я выслухаю вас.

І будзеце шукаць Мяне, і знойдзеце, калі будзеце шукаць Мяне ўсім сэрцам вашым.
 
І будзеце шукаць Мяне, і знойдзеце, калі будзеце шукаць Мяне ўсім сэрцам вашым.

І Я буду знойдзены вамі, кажа ГОСПАД, і Я адмяню няволю вашую і зьбяру вас спасярод усіх народаў і з усіх месцаў, у якія Я выгнаў вас, кажа ГОСПАД, і вярну вас у месца, з якога Я выгнаў вас.
 
І Я зраблю, што вы знойдзеце Мяне, — кажа Госпад, — і адмяню няволю вашу ды збяру вас з асяроддзя ўсіх народаў ды з усіх месцаў, у якія Я выгнаў вас, — кажа Госпад, — і дазволю вам вярнуцца ў месца, з якога Я перасяліў вас”.

Бо вы кажаце: “Паставіў нам ГОСПАД прарокаў у Бабілоне!”
 
Бо вы кажаце: “Паставіў нам Госпад прарокаў у Бабілоне!”

Але гэта кажа ГОСПАД да валадара, які сядзіць на пасадзе Давіда, і да ўсяго народу, які жыве ў горадзе гэтым, да братоў вашых, якія ня выйшлі з вамі на выгнаньне:
 
Бо гэта кажа Госпад да цара, які сядзіць на пасадзе Давіда, і да ўсяго народа, які жыве ў гэтым горадзе, да братоў вашых, якія не выйшлі з вамі на выгнанне;

“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Вось, Я пашлю на іх меч, голад і заразу, і зраблю з імі так, як з сапсутымі фігамі, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя.
 
вось што кажа Госпад Магуццяў: “Вось, Я пашлю на іх меч, голад і пошасць, і зраблю з імі так, як з ліхімі фігамі, якія не надаюцца да ежы.

І Я буду перасьледаваць іх мячом, голадам і заразай, і аддам іх на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі, на праклён, на аслупяненьне, на насьмешку і на ганьбу сярод усіх народаў, да якіх Я выгнаў іх,
 
І Я буду пераследаваць іх мечам, голадам і пошасцю, і дам іх усім царствам зямлі на застрашванне, і на праклён, на здзіўленне, на пасмяянне, і на ганьбу ўсім народам, да якіх Я выгнаў іх,

за тое, што яны ня слухалі словаў Маіх, кажа ГОСПАД, якія Я пасылаў да іх праз слугаў Маіх прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, а яны ня слухалі, кажа ГОСПАД”.
 
за тое, што яны не слухалі слоў Маіх, — кажа Госпад, — якія Я пасылаў ім праз паслугачоў Маіх, прарокаў, падымаючыся ноччу і пасылаючы, а вы не слухалі, — кажа Госпад. —

А вы, усе выгнанцы, якіх Я выгнаў з Ерусаліму ў Бабілон, слухайце слова ГОСПАДА.
 
Дык слухайце слова Госпада, усе перасяленцы, якіх Я выправіў з Ерузаліма ў Бабілон”.

Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, пра Ахава, сына Каляі, і Сэдэкію, сына Маасэі, якія прарочаць вам хлусьню ў імя Маё. Вось, Я аддам іх у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ён заб’е іх на вачах вашых.
 
Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, пра Ахаба, сына Калая, і Сэдэцыю, сына Маасіі, якія праракавалі вам падманна ў імя Маё: “Вось, Я выдам іх у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, і ён заб’е іх на вашых вачах.

І будзе ўзяты з іх [прыклад] праклёну для ўсіх выгнанцаў Юды, якія ў Бабілоне, [і будуць казаць], кажучы: “Няхай зробіць табе ГОСПАД як Сэдэкіі і Ахаву, якіх валадар Бабілонскі смажыў на агні”,
 
І з іх будзе ўзяты прыклад праклёну для ўсіх перасяленцаў з Юды, што знаходзяцца ў Бабілоне і якія будуць казаць: “Хай зробіць табе Госпад, як Сэдэцыі і як Ахабу, якіх цар Бабілона падсмажыў на агні!”

за тое, што яны ўчынілі агіду ў Ізраілі, і чужаложылі з жонкамі бліжніх сваіх, і прамаўлялі ў імя Маё слова хлусьні, якога Я ім не загадваў. Я ведаю [гэта], і Я — сьведка [гэтага], кажа ГОСПАД.
 
Яны бо паводзілі сябе ганебна ў Ізраэлі, і чужаложылі з жонкамі блізкіх сваіх, і абвяшчалі ў імя Маё слова падманнае, чаго Я ім не даручаў. Я ведаю аб гэтым, і Я сведка”, — кажа Госпад.

А Шэмаі з Нэхеламу скажаш, кажучы:
 
А Сямэі з Нагэлама скажаш:

“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. За тое, што ты паслаў лісты ў імя сваё да ўсяго народу, які ў Ерусаліме, і да Сафоніі, сына Маасэі, сьвятара, і да ўсіх сьвятароў, кажучы:
 
“Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “За тое, што ты паслаў у сваё імя да ўсяго народа, які ёсць у Ерузаліме, і да Сафоніі, сына Маасіі, святара, і да ўсіх святароў ліст такога зместу:

"ГОСПАД паставіў цябе сьвятаром на месца Егаяды сьвятара, каб ты быў наглядчыкам у Доме ГОСПАДА над кожным чалавекам, які шалее і прарочыць, каб яго аддаў у вязьніцу і ў кайданы.
 
“Госпад паставіў цябе святаром замест Ёяды святара, каб ты быў наглядчыкам у доме Госпада над кожным шалёным і праракуючым, каб яго закаваў у калодкі і кайданы”.

І цяпер, чаму ты не забараніў [гаварыць] Ярэміі з Анатоту, які прарочыць да вас?
 
А цяпер чаму не забараняеш Ярэміі з Анатота, які вам праракуе?

Бо ён прыслаў да нас, у Бабілон, кажучы: 'Доўга гэта [будзе]. Будуйце дамы і жывіце ў іх, садзіце сады, і ешце плады іхнія!'"”
 
Бо ён наконт гэтага прыслаў да нас, у Бабілон, вестку, кажучы: “Надоўга гэта. Будуйце дамы і жывіце, разводзьце сады, і спажывайце плады іх!”»

І прачытаў сьвятар Сафонія ліст гэты ў вушы Ярэміі прарока.
 
Святар Сафонія прачытаў гэты ліст у прысутнасці прарока Ярэміі.

І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
 
І было слова Госпада да Ярэміі, кажучы:

“Пашлі да ўсіх выгнанцаў, кажучы: "Гэта кажа ГОСПАД да Шэмаі з Нэхеламу. За тое, што прарочыў вам Шэмая, а Я не пасылаў яго, і ён умацоўваў спадзяваньне вашае на хлусьню,
 
«Пашлі да кожнага перасяленца, кажучы: “Гэта кажа Госпад аб Сямэі з Нагэлама: “За тое, што праракаваў вам Сямэя, а Я не пасылаў яго, і ён умацоўваў ваша спадзяванне на няпраўду,

за гэта, кажа ГОСПАД, Я наведаю Шэмаю з Нэхеламу і насеньне ягонае. Ня будзе ён мець чалавека, які будзе жыць сярод народу гэтага, і ня ўбачыць ён дабра, якое Я зраблю народу Майму, кажа ГОСПАД, бо ён прамаўляў бунтоўнае супраць ГОСПАДА"”».
 
за гэта, — так кажа Госпад, — вось, Я наведаю Сямэю з Нагэлама і патомства яго. Не будзе ў яго нікога, хто б жыў сярод гэтага народа, і не ўбачыць ён дабра, якое Я зраблю народу Майму, — кажа Госпад, — бо ён абвяшчаў, крывадушна здрадзіўшы Госпаду”».