Ераміі 44 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Слова, якое было да Ярэміі адносна ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Эгіпецкай, якія жылі ў Мігдоле, у Тахпанхэсе, у Нофе і ў зямлі Патрос, кажучы:
 
Слова, што было праз Ярэмію ўсім юдэям, якія жылі ў зямлі Егіпецкай ды якія жылі ў Магдоле, і ў Тапнэсе, у Мемфісе і ў зямлі Патрос:

«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вы бачылі ўсё ліха, якое Я спаслаў на Ерусалім і на ўсе гарады Юды. І вось, яны зруйнаваныя ў дзень гэты, і няма ў іх жыхароў
 
«Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Бачылі вы ўсё тое няшчасце, якое навёў Я на Ерузалім і на ўсе гарады Юды. І вось, сёння яны зруйнаваны і няма ў іх жыхароў,

за ліхоту, якую яны ўчынілі, каб гнявіць Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым багам, якіх ня ведалі ані яны, ані вы, ані бацькі вашыя.
 
за іх злачыннасць, якой дапускаліся яны, каб правакаваць Мяне да гневу, ды хадзілі складаць ахвяры і служыць іншым багам, якіх не ведалі ані яны, ані вы, ані бацькі вашы.

І Я пасылаў да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, і кажучы: “Не рабіце, прашу, рэчаў, якія Я ненавіджу!”
 
І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся ноччу і пасылаючы, каб казалі: “Не рабіце гэтых паганых рэчаў, якія Я ненавіджу!”

Але яны ня слухалі, і не прыхілілі вушы свае, каб адвярнуцца ад ліхоты сваёй і каб не кадзіць багам чужым.
 
Але яны не слухалі, і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй ліхоты і каб не складаць ахвяр чужым багам.

І выліліся гнеў Мой і лютасьць Мая, і запалалі ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, і сталіся яны руінаю і пусткаю, як [гэта бачыце] сёньня.
 
І пралілося абурэнне Маё і гнеў Мой, і разгарэліся ў гарадах Юды ды на вуліцах Ерузаліма, і абярнуліся яны руінамі і пусткаю, як і па гэты дзень”.

І цяпер гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Навошта вы чыніце зло вялікае душам вашым, каб былі вынішчаныя ў вас пасярод Юды мужчыны, жанчыны, дзеці і немаўляты, каб не засталося з вас рэшты?
 
А цяпер вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Чаму вы наводзіце на душы свае вялікае ліха, каб быў забіты спаміж вас мужчына і жанчына, дзіця і немаўля з асяроддзя Юды ды каб не засталося ў вас аніякай рэшты?

Навошта вы гнявіце Мяне ўчынкамі рук вашых, калі кадзіце багам чужым у зямлі Эгіпецкай, куды вы прыйшлі, каб там пасяліцца, каб былі вы зьнішчаныя і каб сталіся праклёнам і пасьмешышчам для ўсіх народаў зямлі?
 
Чаму вы правакуеце Мяне ўчынкамі рук вашых, складаючы ахвяры чужым багам у зямлі Егіпецкай, каб вас рассыпала і каб былі вы на праклён і на здзек для ўсіх народаў зямлі?

Ці вы забыліся пра ліхоту бацькоў вашых і ліхоту валадароў Юды, і ліхоту жонак іхніх, пра ліхоту вашую і пра ліхоту жонак вашых, якую вы чынілі ў зямлі Юды і на вуліцах Ерусаліму?
 
Ці забыліся вы пра злачынствы бацькоў вашых і злачынствы цароў Юдэйскіх, злачынствы жонак іх, пра злачынствы вашы і пра злачынствы жонак вашых, якіх дапускаліся ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерузаліма?

Да дня сёньняшняга вы не ўпакорыліся, і не баіцёся, і ня ходзіце паводле Закону Майго і прыказаньняў Маіх, якія Я даў вам перад абліччам вашым і перад абліччам бацькоў вашых.
 
Да сёння не ўпакорыліся яны, і не баяцца, і не ходзяць паводле закону Майго і прыказанняў Маіх, якія Я даў перад вамі і перад бацькамі вашымі”.

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я зьвярну аблічча Маё супраць вас на зло, каб зьнішчыць усяго Юду.
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я звярну аблічча Сваё супраць вас на няшчасце і знішчу ўсю Юду.

І прыбяру рэшту Юды, якія зьвярнулі абліччы свае, каб ісьці ў зямлю Эгіпецкую, каб там пасяліцца, і загінуць усе ў зямлі Эгіпецкай, і ўпадуць ад мяча і ад голаду, і загінуць ад малога да вялікага, і паўміраюць ад мяча і ад голаду, і стануцца праклёнам, страхоцьцем, зьнявагаю і ганьбаю.
 
І вазьму Я рэшту Юды, якія звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў зямлю Егіпецкую і качаваць там, і яны ўсе папрападаюць у зямлі Егіпецкай: упадуць ад меча ды ад голаду, прападуць ад малога да вялікага, ад меча і ад голаду памруць; і стануцца яны праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам.

І Я наведаю тых, якія жывуць у зямлі Эгіпецкай, як наведаў Ерусалім, мячом, голадам і заразаю.
 
І пакараю Я тых жыхароў зямлі Егіпецкай, як пакараў Ерузалім: мечам, голадам і пошасцю.

І ня будзе ўцекача і выратаванага з рэшты Юды, якія прыйшлі, каб пасяліцца ў зямлі Эгіпецкай, каб [потым] вярнуцца ў зямлю Юды, куды яны прагнуць усёй душою вярнуцца і жыць там. Але ня вернецца [ніхто], хіба [толькі] недабіткі».
 
І не будзе нікога, хто б уцёк і хто б ацалеў з рэшты юдэяў, якія прыйшлі, каб качаваць у зямлі Егіпецкай ды каб вярнуцца ў зямлю Юды, у якую яны прагнуць душамі сваімі, каб вярнуцца і жыць там; але не вернуцца, апроч тых, якія ўцякуць”».

І адказалі Ярэміі ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць багам чужым, і ўсе жанчыны, якія стаялі ў царкве вялікай, і ўвесь народ, які жыў у зямлі Эгіпецкай у Патросе, кажучы:
 
І адказалі Ярэміі ўсе мужчыны, якія ведалі, што іх жонкі складаюць ахвяры чужым багам, і ўсе жанчыны, якія стаялі ў вялікай грамадзе, і ўся супольнасць тых, хто пражывалі ў зямлі Егіпецкай у Патросе, кажучы:

«Слова, якое ты прамаўляў да нас у імя ГОСПАДА, мы ня будзем слухаць ад цябе.
 
«Не паслухаем ад цябе слоў, якія ты перадаў нам ад імя Госпада.

Бо, выконваючы, мы выканаем усе словы, якія выйшлі з вуснаў нашых, і будзем кадзіць валадарцы неба, і будзем выліваць для яе ахвяры вадкія, як рабілі мы, і бацькі нашыя, валадары нашыя і князі нашыя ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, і мы былі насычаны хлебам, і было нам добра, і ліха мы ня бачылі.
 
Але здзейснім рашуча кожнае слова, якое выйшла з нашых вуснаў, і будзем складаць ахвяры кадзільныя царыцы неба і складаць на ўшанаванне яе ахвяры вадкія, як рабілі мы і бацькі нашы, цары нашы і князі нашы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма. Тады мелі мы ўдосталь хлеба, і добра было нам, і не спатыкала нас нішто благое.

Але з таго часу, калі мы перасталі кадзіць валадарцы неба і выліваць для яе ахвяры вадкія, бракуе нам усяго, і мы гінем ад мяча і голаду».
 
А вось з таго часу, як перасталі мы складаць ахвяры царыцы неба і складаць ёй ахвяры вадкія, церпім нястачу ва ўсім і прападаем ад меча і голаду.

[А жанчыны казалі]: «Калі мы кадзім валадарцы неба і калі выліваем для яе ахвяры вадкія, хіба [робім гэта] бяз [згоды] мужоў нашых, ці робім для яе печыва з вобразам ейным і выліваем ахвяры вадкія?»
 
А калі мы і складаем ахвяры царыцы неба ды выліваем ёй ахвяры вадкія, то хіба мы без мужоў нашых робім для яе пірагі, падобныя формай да яе, або выліваем ёй ахвяры вадкія?»

І сказаў Ярэмія ўсяму народу, мужчынам, жанчынам і ўсім людзям, якія адказалі яму [такім] словам, кажучы:
 
І вось што сказаў Ярэмія ўсяму народу, мужчынам, жанчынам ды ўсім людзям, якія яму далі гэты адказ:

«Хіба тое кадзіла, якое вы палілі ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, вы і бацькі вашыя, валадары вашыя і князі вашыя, і народ зямлі, князі і просты народ, [хіба] ГОСПАД ня памятае яго і не ўвайшло яно ў сэрца Ягонае?
 
«Ці ж не тую ахвяру, якую складалі вы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма, вы і бацькі вашы, цары вашы і князі вашы, і народ зямлі, — ці не пра іх памятае Госпад, ці не яна ўзышла на сэрца Яго?

І ня мог ГОСПАД больш зносіць ліхоцьце ўчынкаў вашых і брыдоты, якія вы чынілі. І сталася зямля вашая руінаю, пустэчаю і праклёнам, без жыхароў, як [бачыце гэта] сёньня.
 
І не мог ужо Госпад пераносіць ліхоту ўчынкаў вашых і агіднасцей, якіх вы дапускаліся. Дзеля таго зямля ваша сталася пустэчаю, страхоццем і знявагаю, бо не стала ў ёй жыхароў, як і да гэтага дня.

За тое, што вы кадзілі і што грашылі супраць ГОСПАДА, і ня слухалі голасу ГОСПАДА, і не хадзілі паводле Закону Ягонага, паводле прыказаньняў Ягоных і паводле сьведчаньняў Ягоных, спаткала вас гэткае ліха, як [бачыце гэта] сёньня».
 
За тое, што складалі вы ахвяры і грашылі супраць Госпада, што не слухалі голасу Госпада і не хадзілі паводле Яго закону, паводле прыказанняў Яго і пастаноў, прыйшло на вас гэткае няшчасце, якое трывае і сёння».

І сказаў Ярэмія ўсяму народу і ўсім жанчынам: «Слухайце слова ГОСПАДА, увесь Юда, які ў зямлі Эгіпецкай!
 
І сказаў Ярэмія ўсяму народу і ўсім жынчынам: «Слухайце слова Госпада, Юда, што ў зямлі Егіпецкай!

Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, кажучы: “Вы і жонкі вашыя прамаўляеце вуснамі вашымі і робіце рукамі вашымі, кажучы: "Выконваючы, выканаем шлюбаваньні нашыя, якія мы абяцалі, каб кадзіць для валадаркі неба і выліваць для яе ахвяры вадкія". Выконваючы, выконвайце шлюбаваньні вашыя і, зьдзяйсьняючы, зьдзяйсьняйце абяцаньні вашыя!”
 
Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вы і жонкі вашы прамаўляеце сваімі вуснамі і выконваеце сваімі рукамі, кажучы: “Споўнім нашы прысягі, якія склалі, каб ахвяроўваць кадзіла царыцы неба і выліваць ёй ахвяры вадкія”. Выконвайце свае прысягі і спаўняйце іх насамрэч!

Дзеля гэтага паслухай слова ГОСПАДА, ты, увесь Юда, які жыве ў зямлі Эгіпецкай. Вось, Я прысягаю на імя Маё вялікае, кажа ГОСПАД, што ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай ня будзе больш клікаць імя Маё вуснамі [сваімі] ніхто з мужоў Юды, кажучы: “Як жывы Госпад ГОСПАД!”
 
Дзеля таго паслухайце слова Госпада, ты, увесь Юда, які пражываеш у зямлі Егіпецкай. “Вось, Я прысягаю вялікім імем Сваім, — кажа Госпад, — што ва ўсёй зямлі Егіпецкай ніколі не будзе прызывана імя Маё вуснамі любога чалавека з Юды, які б казаў: “Жыве Госпад Бог”.

Вось, Я чуваю над вамі на зло, а не на дабро. І загінуць усе мужы Юды, якія ў зямлі Эгіпецкай, ад мяча і голаду аж да зьнішчэньня іх.
 
Вось, Я буду чуваць над вамі на няшчасце, а не на дабро. Усе людзі з Юды, якія ў зямлі Егіпецкай, загінуць ад меча і голаду, аж пакуль да рэшты не звядуцца.

Тыя, што ўратуюцца ад мяча, вернуцца з зямлі Эгіпецкай у зямлю Юды ў малой лічбе, і даведаецца ўся рэшта Юды, якія прыйшлі ў зямлю Эгіпецкую, каб пасяліцца там, чыё слова зьдзейсьніцца, Маё ці іхняе.
 
Тыя, што ўхаваюцца ад меча, вернуцца з зямлі Егіпецкай у зямлю Юды ў вельмі малой лічбе, каб пазнала ўся рэшта Юды, якая прыбыла ў зямлю Егіпецкую з намерам качаваць там, чыё слова здзейсніцца: Маё ці іх?”

І гэта будзе для вас знакам, кажа ГОСПАД, што Я наведаю вас у месцы гэтым, каб вы даведаліся, што спаўняючыся, споўняцца словы Мае пра вас на зло.
 
“І гэта вам знак, — кажа Госпад, — што Я пакараю вас у гэтым месцы, каб вы пазналі, што Мае словы споўняцца па праўдзе цалкам на ваша няшчасце”.

Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я аддам фараона Хофру, валадара Эгіпецкага, у рукі ворагаў ягоных і рукі тых, якія шукаюць душы ягонай, як Я аддаў Сэдэкію, валадара Юды, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, ворага ягонага, які шукаў душу ягоную”».
 
Гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам фараона Хофру, цара Егіпецкага, у рукі яго ворагаў ды ў рукі тых, што цікуюць на яго душу, падобна як аддаў Сэдэцыю, цара Юдэйскага, у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, яго ворага, які цікаваў на яго душу”».