Ераміі 11 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
 
Слова, якое даў Госпад Ярэміі, кажучы:

«Паслухайце словы запавету гэтага і прамоўце іх да мужоў Юды і жыхароў Ерусаліму.
 
«Выслухайце словы гэтай дамовы і кажыце людзям Юдэі і жыхарам Ерузаліма.

І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Пракляты чалавек, які ня слухае словаў запавету гэтага,
 
І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Пракляты чалавек, які не слухае слоў гэтай дамовы,

якія Я загадаў бацькам вашым у дзень, у які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з печы жалезнай, кажучы: "Слухайце голас Мой і рабіце ўсё так, як Я вам загадваю. І вы будзеце народам Маім, а Я буду Богам вашым,
 
якой загады Я даў бацькам вашым у дзень, у які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, ад печы жалезнай, кажучы: “Слухайце голасу Майго і рабіце ўсё так, як Я вам загадваю, і будзеце вы тады для Мяне народам, а Я для вас буду Богам,

каб Я споўніў прысягу, якою прысягаў бацькам вашым, што дам ім зямлю, дзе цячэ малако і мёд, якую [маеце] сёньня"”». А я адказаў і сказаў: «Амэн, ГОСПАДЗЕ!»
 
каб Я выканаў прысягу, якою прысягнуў бацькам вашым, што дам ім зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, як гэта ёсць сёння”». І прамовіў я ў адказ: «Амін, Госпадзе».

І сказаў ГОСПАД мне: «Абвясьці ўсе словы гэтыя ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, кажучы: “Слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.
 
І сказаў Госпад мне: «Абвясці ўсе гэтыя словы па гарадах юдэйскіх і па вуліцах Ерузаліма, кажучы: “Паслухайце словы гэтай дамовы і спаўняйце іх.

Бо просьбай прасіў Я бацькоў вашых ад дня, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, аж да дня гэтага, ад раніцы ўмольваў іх, кажучы: “Слухайце голас Мой!”
 
Бо просьбай прасіў Я бацькоў вашых у дзень, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, аж да гэтага дня, ад рання прасіў іх і казаў: “Слухайце голас Мой!”

Але яны ня слухалі і не прыхілілі вуха сваё, і кожны хадзіў паводле закамянеласьці ліхога сэрца свайго. І Я прывёў на іх усе словы запавету гэтага, якія Я загадаў, каб яны рабілі, а яны не рабілі”».
 
А яны не слухалі і не нахінулі вуха сваё, але кожны з іх пайшоў паводле ўпартасці ліхога сэрца свайго, дык прывёў Я на іх усе словы гэтай дамовы, як загадаў, каб яны рабілі, а яны не рабілі”».

І сказаў ГОСПАД мне: «Выяўлена змова сярод мужоў Юды і жыхароў Ерусаліму.
 
І сказаў Госпад мне: «Выяўлена змова паміж людзьмі Юдэі і жыхарамі Ерузаліма.

Яны вярнуліся да беззаконьня бацькоў сваіх даўнейшых, якія не хацелі слухаць словаў Маіх, і яны пайшлі да багоў чужых, каб служыць ім. Дом Ізраіля і дом Юды зламалі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.
 
Вярнуліся яны да даўнейшых беззаконняў бацькоў сваіх, якія не хацелі слухаць словы Мае, і яны пайшлі за багамі чужымі, каб ім служыць; дом Ізраэля і дом Юды зламалі дамову Маю, якую заключыў Я з бацькамі іх».

Дзеля гэтага так кажа Госпад: “Я навяду на іх ліха, з якога яны ня змогуць выйсьці, і яны будуць клікаць да Мяне, але Я ня выслухаю іх”.
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я навяду на іх няшчасці, якіх яны пазбегнуць не змогуць; і будуць яны клікаць Мяне, але Я не выслухаю іх.

І пойдуць гарады Юды і жыхары Ерусаліму, і будуць клікаць багоў, якім яны кадзілі, але яны ня выратуюць іх у час бяды.
 
І пойдуць гарады юдэйскія і жыхары Ерузаліма, і будуць клікаць багоў, якім складалі ахвяры, але не выратуюць яны іх у час бяды іх.

Бо паводле ліку гарадоў тваіх, Юда, былі богі твае, і паводле ліку вуліцаў у Ерусаліме вы паставілі ахвярнікі на ганьбу, ахвярнікі, каб кадзіць Баалу.
 
Паводле лічбы гарадоў тваіх, Юда, былі і багі твае, ды па ліку вуліц у Ерузаліме пабудавалі вы ахвярнікі ганебныя, ахвярнікі, каб складаць ахвяры Баалу.

А ты не маліся за народ гэты і не прынось за іх просьбы і малітвы, бо Я ня выслухаю іх у час, калі яны будуць клікаць Мяне ў горы іхнім.
 
Дык ты не маліся за народ гэты і не ўзнось за іх прашэнне і маленне, бо Я не выслухаю ў час, калі будуць клікаць Мяне, у час гора іх.

Навошта каханай Маёй у доме Маім зьдзяйсьняць намеры ліхія з многімі? Ці ж мяса пасьвячонае ўхіліць ад цябе гора тваё і тады ты будзеш радавацца?
 
Што з каханай Маёй, што ў доме Маім здзяйсняе яна ліхія намеры? Ці ж малітвы і мяса ахвярнае ўхіляць ад цябе твае ліхоты, якімі славішся?»

Зялёнай аліўкай з прыгожымі пладамі назваў ГОСПАД імя тваё. Але з гукам вялікага шуму загарэўся над ёй агонь і былі паламаныя галіны ейныя.
 
Зялёнай аліўкай, прыгожай, адметнай пладамі, назаве Госпад імя тваё. Але пад гук вялікага шуму запаліў Ён над ёй агонь, і згарэлі яе галіны.

І ГОСПАД Магуцьцяў, Які пасадзіў цябе, прадказаў табе бяду дзеля ліхоцьцяў дому Ізраіля і дому Юды, якія рабілі яны, каб гнявіць Мяне, каб кадзіць Баалу.
 
І Госпад Магуццяў, Які цябе пасадзіў, прадказаў на цябе бяду дзеля ліхоццяў дому Ізраэля і дому Юды, якія выклікалі гнеў да сябе ў Яго, калі ахвяравалі кадзіла Баалу.

І ГОСПАД даў даведацца мне, і я даведаўся, і тады Ты выявіў мне ўчынкі іхнія.
 
Ты вось, Госпадзе, паказаў мне, і я зразумеў, і тады выявіў Ты мне іх учынкі.

І я быў быццам ягнятка ціхае, якога вядуць на зарэз, і ня ведаў, што супраць мяне яны задумалі думкі [ліхія]: “Зьнішчым дрэва з пладамі і сьсячэм яго з зямлі жывых. Няхай імя ягонае ня ўзгадваецца болей”.
 
Вось, я быў, быццам ягня ціхае, якога вядуць на зарэз, і не ведаў, што супраць мяне маюць яны ліхія намеры: «Ссячэм дрэва ў свежасці яго ды вырвем яго з зямлі жывых, хай імя яго не ўспамінаецца болей».

Але ГОСПАД Магуцьцяў судзіць праведна і даследуе ныркі і сэрца. Няхай я ўбачу помсту Тваю над імі, бо Табе я выявіў справу маю.
 
Ты ж, Госпадзе Магуццяў, судзіш справядліва ды прасочваеш ныркі і сэрца; хай пабачу я помсту Тваю над імі, Табе бо выявіў я справу сваю.

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра людзей з Анатоту, якія шукаюць душу тваю, кажучы: “Не прароч у імя ГОСПАДА, і не памрэш ад рукі нашай”.
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад адносна людзей з Анатоту, якія цікуюць на душу тваю ды кажуць: «Не праракуй у імя Госпада, і не памрэш у руках нашых».

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, Я наведаю іх. Юнакі іхнія памруць ад мяча, а сыны іхнія і дочкі іхнія памруць з голаду.
 
Таму гэта кажа Госпад Магуццяў: «Вось, Я пакараю іх: юнакі іх памруць ад меча, а сыны іх і дочкі іх памруць з голаду.

Ніхто з іх не застанецца, бо Я навяду ліха на людзей з Анатоту ў год наведваньня іхняга”.
 
І ніхто з іх не застанецца, бо Я навяду няшчасце на людзей Анатота, год пакарання іх».