Ераміі 13 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Гэта сказаў мне ГОСПАД: «Ідзі і купі сабе пояс ільняны, і падперажы ім сьцёгны свае, але не кладзі яго ў ваду».
 
Гэта сказаў мне Госпад: «Ідзі і купі сабе льняны пояс, і падпяраж ім сцёгны свае, але не кладзі яго ў ваду».

І я купіў пояс паводле слова ГОСПАДА, і падперазаў сьцёгны мае.
 
І купіў я пояс паводле слова Госпада і падпяразаў сцёгны свае.

І другі раз было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І другі раз было да мяне слова Госпада, якое казала:

«Вазьмі пояс, які ты купіў і які на сьцёгнах тваіх, устань і ідзі да Эўфрату, і схавай там яго ў шчыліне скалы».
 
«Вазьмі пояс, які набыў і які на сцёгнах тваіх, устань і ідзі да Эўфрата і схавай там яго ў шчыліне скалы».

І я пайшоў, і схаваў яго каля Эўфрату, як загадаў мне ГОСПАД.
 
І пайшоў я, і схаваў яго каля Эўфрата, як загадаў мне Госпад.

І сталася, калі скончылася шмат дзён, сказаў мне ГОСПАД: «Устань і ідзі да Эўфрату, і забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць».
 
І сталася: праз многа дзён сказаў мне Госпад: «Устань і ідзі да Эўфрата ды забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там».

І я пайшоў да Эўфрату, адшукаў і выцягнуў пояс з месца, у якім я схаваў яго, і вось, пояс збутвеў і не надаваўся да нічога.
 
І пайшоў я да Эўфрата, і выкапаў, і забраў пояс з месца, дзе яго схаваў; і вось, пояс збуцвеў і не надаваўся да нічога.

І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
 
І было слова Госпада да мяне, што казала:

«Гэта кажа ГОСПАД. У такі спосаб Я зьнішчу пыхлівасьць Юды і пыхлівасьць вялікую Ерусаліму.
 
«Гэта кажа Госпад: “Так вось Я знішчу пыху Юды ды бязмежную пыху Ерузаліма.

Народ гэты ліхі ня хоча слухаць словаў Маіх і ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго. Яны пайшлі за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім. І станецца [з імі], як з гэтым поясам, які ні на што не надаецца.
 
Разбэшчаны народ гэты — яны не хочуць слухаць слоў Маіх і жывуць у сапсаванасці сэрца свайго. Ды пайшлі яны за чужымі багамі, каб ім служыць і ім пакланяцца, дык будзе ён, як гэты пояс, які ні на што не надаецца.

Бо як прылягае пояс да сьцёгнаў мужчыны, так Я прытуліў да Сябе ўвесь дом Ізраіля і ўвесь дом Юды, кажа ГОСПАД, каб яны былі для Мяне народам, і імем, і хвалой, і аздобай, але яны не паслухаліся.
 
Бо як прылягае пояс да сцёгнаў мужчыны, так Я прытуліў да сябе ўвесь дом Ізраэля і ўвесь дом Юды, — кажа Госпад, — каб былі яны для Мяне народам, і імем, і хвалой, і славай, але яны не паслухаліся”.

І ты скажаш ім слова гэта: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Кожны збан напаўняецца віном”. А яны скажуць табе: “Ці ж мы ведаючы, ня ведаем, што кожны збан напаўняецца віном?”
 
Дык ты скажаш ім такое слова: гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Кожны збан напоўніцца віном”. І скажуць яны табе: “Ці ж мы не ведаем, што кожны збан напоўніцца віном?”

І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я напоўню п’янствам усіх жыхароў зямлі гэтай, валадароў, якія сядзяць на пасадзе Давіда, сьвятароў, прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліму,
 
А ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Вось, Я напоўню п’янствам усіх жыхароў гэтай зямлі, і цароў з роду Давіда, і святароў, і прарокаў, і ўсіх жыхароў Ерузаліма,

і паразьбіваю іх адзін аб другога, бацькоў разам з сынамі, кажа ГОСПАД, не пашкадую і ня зьлітуюся, аж пакуль ня зьнішчу іх”.
 
ды паразбіваю іх аднаго аб аднаго, бацькоў разам з сынамі, — кажа Госпад, — не пашкадую, і не адступлю, і не злітуюся, аж пакуль не знішчу іх”».

Слухайце і прыхіліце вуха, не вывышайцеся, бо ГОСПАД прамовіў.
 
Слухайце і ўспрымайце вушамі; не ўзносцеся, бо Госпад сказаў гэта:

Аддайце славу ГОСПАДУ, Богу вашаму, перш, чым прыйдзе цемра, і перш, чым спатыкнуцца ногі вашыя ў гарах цёмных. І вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён заменіць яго ў цемру сьмерці і зробіць імглою.
 
«Аддайце хвалу Госпаду, Богу вашаму, перш чым наступіць цемра і перш чым пачнуць спатыкацца ногі вашы каля цёмных гор; будзеце вы чакаць святла, а Ён заменіць яго на цемру смерці ды туман».

А калі вы гэтага не паслухаеце, будзе плакаць таемна душа мая з прычыны пыхі вашай. І плачучы, буду плакаць, і зальюцца сьлязьмі вочы мае, бо чарада ГОСПАДА ідзе ў няволю.
 
Калі ж вы гэтага не паслухаеце, будзе таемна плакаць душа мая дзеля вашай пыхі; будзе плакаць безупынна, і вока маё выпусціць слязу, бо статак Госпада захоплены ў няволю.

Скажыце валадару і [маці] валадара: “Сядаючы, сядзьце [нізка], бо ўпала з галавы вашай карона славы вашай!”
 
Скажы цару і царыцы: «Сядзьце на зямлі, бо спаў з галавы вашай вянец славы вашай!»

Гарады Нэгеву замкнутыя, і няма таго, хто адчыніць іх. Увесь Юда пайшоў у няволю, у няволю пайшоў цалкам.
 
Гарады Нагэба замкнутыя, і няма, хто б адкрыў іх. Увесь Юда адведзены ў няволю, перайшоў цалкам.

Узьнімі вочы свае і паглядзі на тых, якія прыходзяць з поўначы. Дзе тая чарада, якая даручана табе, авечкі славы тваёй?
 
Падымі вочы свае і паглядзі на прыхадняў з Поўначы, — дзе ёсць статак, даручаны табе, цудоўная жывёла твая?

Што ты скажаш, калі яны наведаюць цябе? Бо ты сама прывучыла іх быць над табою, прыяцеляў на галаву [сваю]. Ці ж не ахопяць цябе болі, як жанчыну, што нараджае?
 
Што скажаш, калі наведаюць яны цябе? Ты бо сам прывучыў іх да сябе, прыяцеляў на галаву сваю. Ці ж не ахопяць цябе пакуты, як жанчыну парадзіху?

А калі ты скажаш у сэрцы тваім: “Чаму гэта ўсё напаткала мяне?” Дзеля мноства беззаконьняў тваіх былі адкрытыя прыполы адзеньня твайго і аголены ногі твае.
 
А калі ты скажаш у сэрцы сваім: «Чаму гэта ўсё напаткала мяне?» — Дзеля многіх правін тваіх былі адкрытыя полы адзення твайго і аголены ступні твае.

Ці ж можа мурын зьмяніць скуру сваю, а леапард — плямы свае? Таксама і вы, ці можаце рабіць добрае, калі вы навучаныя рабіць зло?
 
Ці ж можа этыёп змяніць скуру сваю, а леапард — плямы свае? Таксама і вы, ці можаце добрае рабіць, вы, якія навучыліся паводзіць сябе крывадушна?

І Я рассыплю вас як мякіну, якую разносіць вецер пустыні.
 
«Дык Я рассыплю вас, як мякіну, якую разносіць вецер пустынны.

Гэта доля твая, частка, якую Я адмерыў табе, кажа ГОСПАД, за тое, што ты забылася пра Мяне і спадзявалася на хлусьню.
 
Такі твой лёс і доля, адмераная Мною табе, — кажа Госпад, — бо ты забыўся пра Мяне, і паверыў у ашуканства.

І Я ўзьніму прыполы адзеньня твайго аж на аблічча тваё, і будзе бачная ганьба твая,
 
За гэта і Я раскрыю полы адзення твайго аж да твару твайго, ды выявіцца ганьба твая,

чужалоствы твае і іржаньне тваё, бессаромнасьць распусты тваёй. На ўзгорках і на полі Я бачыў брыдоты твае. Гора табе, Ерусалім, ня хочаш быць ачышчаны! Як доўга яшчэ [чакаць]?»
 
твае чужаложніцтвы і ржанне тваё, ліхота распусты тваёй; на ўзгорках і ў полі бачыў Я агіднасці твае. Гора табе, Ерузалім, не ачысцішся! Дакуль жа?»