Ераміі 26 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

На пачатку валадараньня Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, было слова гэтае ад ГОСПАДА, кажучы:
 
На пачатку валадарання Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, было такое слова ад Госпада, што казала:

«Гэта кажа ГОСПАД. Стань на панадворку Дому ГОСПАДА і прамаўляй да [жыхароў] усіх гарадоў Юды, якія прыходзяць у Дом ГОСПАДА пакланіцца, усе словы, якія Я загадаў табе казаць, не абміні ані слова!
 
«Гэта кажа Госпад: “Стань на панадворку дома Госпада і гавары да ўсіх гарадоў юдэйскіх, з якіх прыходзяць, каб пакланіцца ў доме Госпада, усе словы, якія Я даручыў табе казаць ім, не скарачай слова!

Можа, яны паслухаюць і адвернуцца кожны ад шляху свайго ліхога, і Я пашкадую [ўчыніць] зло, якое Я задумаў зрабіць ім з прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх.
 
Можа, паслухаюць і адвернуцца кожны ад сваёй ліхой дарогі, і Я пашкадую аб няшчасці, якое думаю ўчыніць ім дзеля ліхоты ўчынкаў іх”.

І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Калі вы не паслухаеце Мяне, каб хадзіць паводле Закону Майго, які Я паставіў перад абліччам вашым,
 
І скажы ім: гэта кажа Госпад: “Калі вы не паслухаеце Мяне, каб паводзіць сябе паводле закону Майго, які Я даў вам,

каб слухаць словы слугаў Маіх прарокаў, якіх Я пасылаў да вас, устаючы ўначы і пасылаючы, але вы ня слухалі.
 
каб слухаць словы паслугачоў Маіх, прарокаў, якіх Я пасылаў да вас, падымаючыся ноччу і накіроўваючы, а вы не слухалі,

І Я зраблю з домам гэтым, як з Шыло, і горад гэты дам на праклён усім народам зямлі”».
 
Я зраблю з домам гэтым, як з Сіло, і горад гэты дам на праклён усім народам зямлі”».

І чулі сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ Ярэмію, які прамаўляў словы гэтыя ў Доме ГОСПАДА.
 
І пачулі святары, і прарокі, ды ўвесь народ Ярэмію, што гаварыў гэтыя словы ў доме Госпада.

І сталася, калі Ярэмія скончыў прамаўляць усё, што загадаў яму ГОСПАД прамовіць да ўсяго народу, схапілі яго сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ, кажучы: «Ты сьмерцю памрэш!
 
І калі Ярэмія скончыў гаварыць усё тое, што яму Госпад загадаў аб’явіць усяму народу, схапілі яго святары, і прарокі, і ўвесь народ, кажучы: «Ты мусіш памерці!

Навошта ты прарочыў у імя ГОСПАДА, кажучы: “Як Шыло будзе Дом гэты, і горад гэты будзе зруйнаваны і [будзе] бязьлюдным”?» І ўвесь народ сабраўся супраць Ярэміі ў Доме ГОСПАДА.
 
Чаму праракаваў ты ў імя Госпада, кажучы: “Будзе дом гэты такі ж, як Сіло, і горад гэты апусцее, і не будзе ў ім жыхара”?» І ўвесь народ сабраўся вакол Ярэміі ў доме Госпада.

І пачулі князі Юды словы гэтыя, і выйшлі з дому валадара ў Дом ГОСПАДА, і селі каля ўваходу Новай Брамы [ў Доме] ГОСПАДА.
 
І князі Юды пачулі гэтыя словы, і выйшлі з палаца царскага ў дом Госпада ды селі ля ўваходу Новай брамы ў доме Госпадавым.

І сказалі сьвятары і прарокі да князёў і да ўсяго народу, кажучы: «Прысуд сьмерці для чалавека гэтага, бо ён прарочыў супраць гораду гэтага, як [гэта] вы чулі ў вушах вашых».
 
Тады святары і прарокі звярнуліся да князёў ды ўсяго народа, кажучы: «Чалавек гэты заслугоўвае прысуду смерці, бо праракаваў супраць гэтага горада, як гэта чулі вы на ўласныя вушы».

І сказаў Ярэмія да ўсіх князёў і да ўсяго народу: «ГОСПАД паслаў мяне, каб прарочыць супраць Дому гэтага і супраць гораду гэтага ўсе словы, якія вы чулі.
 
І сказаў Ярэмія ўсім князям і ўсяму народу, кажучы: «Госпад паслаў мяне, каб праракаваў я наконт гэтага дому ды наконт гэтага горада ўсімі тымі словамі, якія вы пачулі.

І цяпер выпраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і слухайце голас ГОСПАДА, Бога вашага, і ГОСПАД пашкадуе [ўчыніць] ліха, якое Ён прамовіў супраць вас.
 
Цяпер, вось, зрабіце добрымі свае шляхі і свае ўчынкі і слухайце голас Госпада, Бога вашага, тады пашкадуе Госпад аб няшчасці, якое прызначыў Ён на вас.

А я, вось, у руках вашых. Рабіце са мной, што добра і справядліва ў вачах вашых.
 
Я ж, вось, у вашых руках, рабіце са мной, што вам здаецца добрым і справядлівым.

Толькі, ведаючы, ведайце, што калі вы заб’яцё мяне, кроў нявінную вы сьцягнеце на сябе, і на горад гэты, і на жыхароў ягоных, бо сапраўды паслаў мяне ГОСПАД да вас, каб прамовіць да вас усе словы гэтыя».
 
Ведайце, аднак, і ўсвядомце, што калі мяне заб’еце, то кроў нявінную ўскладзеце на саміх сябе, на гэты горад і на яго жыхароў. Бо сапраўды паслаў мяне Госпад да вас, каб абвясціць у вушы вашы ўсе гэтыя словы».

І сказалі князі і ўвесь народ да сьвятароў і да прарокаў: «Не для чалавека гэтага прысуд сьмерці, бо ён прамаўляў да нас у імя ГОСПАДА, Бога нашага».
 
Тады князі і ўвесь народ сказалі святарам і прарокам: «Гэты чалавек не заслугоўвае прысуду смерці, бо прамаўляў да нас у імя Госпада, Бога нашага».

І падняліся мужы спаміж старшыняў зямлі, і сказалі ўсёй царкве народу, кажучы:
 
І падняліся некаторыя паміж старэйшын зямлі, і сказалі ўсяму сходу народа, кажучы:

«Міхей з Марэшэту прарочыў у дні Эзэкіі, валадара Юды, і ён казаў да ўсяго народу Юды, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Сыён будзе заараны як поле, Ерусалім станецца руінамі, а гара Дому [Божага] — узгоркам лясным”.
 
«Міхей з Марэсэта быў прарокам у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і ён прамаўляў да ўсяго народа юдэйскага, кажучы: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Сіён будзе заараны, быццам поле, Ерузалім будзе заменены ў кучу камянёў, а гара святыні — у лясныя пагоркі”.

Ці сапраўды забіў яго Эзэкія, валадар Юды, і ўвесь Юда? Ці ж не спалохаўся ён ГОСПАДА і ці не маліў аблічча ГОСПАДА, і ГОСПАД пашкадаваў, і [не ўчыніў] зла, якое прамовіў супраць іх. А мы [хочам] учыніць зло вялікае адносна душаў нашых».
 
Ці ж пакараў яго смерцю Эзэкія, цар Юдэйскі, і ўся Юдэя? Ці ж не спалохаліся яны Госпада і ці не маліліся перад абліччам Госпада, і Госпад пашкадаваў аб няшчасці, якое прызначыў на іх? А мы чынілі вялізнае ліха супраць душ нашых!»

Быў таксама чалавек, які прарочыў у імя ГОСПАДА, Урыя, сын Шэмаі з Кірыят-Ярыму. Ён прарочыў супраць гораду гэтага і супраць зямлі гэтай [словамі], як усе словы Ярэміі.
 
Быў таксама прарок, які праракаваў у імя Госпада, Урыя, сын Сямэі з Карыят-Ярыма. Ён праракаваў супраць гэтага горада і супраць гэтай зямлі паводле ўсіх слоў Ярэміі.

І пачулі валадар Егаякім і ўсе магнаты ягоныя, і ўсе князі словы ягоныя; і валадар шукаў, каб забіць яго. І пачуў Урыя пра гэта, і спалохаўся, і ўцёк, і прыйшоў у Эгіпет.
 
І пачуў цар Ёакім і ўсе магнаты ды князі яго гэтыя словы; і цар імкнуўся забіць яго; і пачуў пра гэта Урыя, і спалохаўся, і кінуўся наўцёкі, і прыйшоў у Егіпет.

І паслаў валадар Егаякім у Эгіпет Эльнатана, сына Ахбора, і людзей з ім у Эгіпет.
 
І паслаў цар Ёакім Эльнатана, сына Ахабора, і разам з ім людзей у Егіпет.

І яны вывелі Урыю з Эгіпту, і прывялі да валадара Егаякіма, і той ударыў яго мячом, і парэшткі ягоныя ўкінуў у магілу сыноў народу.
 
І вывелі яны Урыю з Егіпта, і прывялі яго да цара Ёакіма, і той ударыў яго мечам ды кінуў труп яго ў магілу прасталюдзінаў.

Аднак рука Ахікама, сына Шафана, была з Ярэміем, каб ня быў ён аддадзены ў рукі народу, каб забілі яго.
 
Аднак абарона Ахікама, сына Сафана, была з Ярэміем, каб яго не аддалі ў рукі народа на смерць.