Ераміі 25 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Слова, якое было Ярэміі пра ўвесь народ Юды ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, гэта значыць, у першым годзе Навухаданосара, валадара Бабілону,
Слова, якое было да Ярэміі аб усім народзе Юды ў чацвёртым годзе Ёахіна, сына Осіі, цара Юдэйскага, — а быў гэта першы год Набукаданосара, цара Бабілона, —
якое Ярэмія прамовіў пра ўвесь народ Юды і пра ўсіх жыхароў Ерусаліму, кажучы:
якое прамовіў прарок Ярэмія ўсяму народу Юдэйскаму ды ўсім жыхарам Ерузаліма:
«Ад трынаццатага году Ёсіі, сына Амона, валадара Юды, аж да дня гэтага, гэта значыць дваццаць тры гады, было слова ГОСПАДА да мяне, і я прамаўляў да вас, устаючы ноччу, прамаўляў, а вы ня слухалі.
«Пачаўшы ад трынаццатага года Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, аж да гэтага дня, — а гэты год ужо дваццаць трэці, — было слова Госпада да мяне, і я гаварыў яго вам, нават ноччу ўстаючы і гаворачы, а вы не слухалі.
І паслаў ГОСПАД да вас усіх слугаў Сваіх, прарокаў, устаючы ноччу і пасылаючы, але вы ня слухалі, і не прыхілялі вушэй вашых, каб пачуць.
І пасылаў Госпад да вас усіх сваіх паслугачоў-прарокаў, без перапынку, але вы не слухалі і не нахілялі вушэй вашых, каб паслухаць,
І яны казалі: “Адвярніцеся кожны ад шляху свайго ліхога і ад ліхоты ўчынкаў вашых, і жывіце ў зямлі, якую даў ГОСПАД вам і бацькам вашым адвеку і на вякі.
калі гаварыў: “Навярніцеся кожны з ліхога свайго шляху ды ад найгоршых намераў вашых, і будзеце жыць у зямлі, якую даў Госпад вам і бацькам вашым спрадвеку і навечна.
І не хадзіце за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявіце Мяне справамі рук вашых, і Я не прывяду на вас няшчасьце.
І не хадзіце за чужымі багамі, каб служыць ім і пакланяцца ім і каб Мяне не даводзіць да гневу дзеяннямі рук вашых, і Я не прывяду на вас няшчасце.
Але вы не паслухалі Мяне, кажа ГОСПАД, каб не гнявіць Мяне справамі рук вашых на ліха для вас.
Але вы не паслухалі Мяне, — кажа Госпад, — каб давесці Мяне да гневу праз дзейнасць рук вашых, на ваша ліха”.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “За тое, што вы не паслухалі словаў Маіх,
Таму вось што кажа Госпад Магуццяў: “Дзеля таго, што вы не паслухалі слоў Маіх,
вось, Я пашлю і зьбяру ўсе плямёны поўначы, кажа ГОСПАД, і Навухаданосара, валадара Бабілону, слугу Майго. І Я прывяду іх на зямлю гэтую, і на жыхароў ейных, і на ўсе народы навокал, і зраблю іх закляцьцем, і ўчыню іх страхоцьцем, і пасьмешышчам, і руінай вечнай.
вось, Я пашлю і збяру ўсе плямёны і ўсе пакаленні Поўначы, — кажа Госпад, — і Набукаданосара, цара Бабілона, Майго паслугача. Я прывяду іх супраць гэтай зямлі, супраць яе жыхароў ды супраць усіх народаў, якія вакол яе; — і заб’ю іх, і выстаўлю іх як страхоцце на пасмяянне і на вечную пагібель.
І Я зьнішчу ў іх голас вясёласьці і гоман радасьці, голас жаніха і голас нявесты, грукат жорнаў і сьвятло лямпы.
І забяру Я ад іх голас радасці і голас весялосці, голас жаніха і голас нявесты, голас жорнаў і святло лямпы,
І станецца ўся зямля гэтая руінаю і пусткаю, і будзе пакінутая, і будуць служыць народы гэтыя валадару Бабілонскаму семдзясят гадоў.
і будзе ўся гэтая зямля пустыняю і аслупяненнем, а народы гэтыя ўсе будуць служыць цару Бабілона семдзесят гадоў.
І станецца, калі споўніцца семдзясят гадоў, Я пакараю валадара Бабілонскага і народ гэты, кажа ГОСПАД, за беззаконьні іхнія, і зямлю Халдэйцаў, і зраблю яе пустэчай вечнай.
А па сямідзесяці гадах Я пакараю цара Бабілона і гэты народ, — кажа Госпад, — за іх грахі, і зямлю халдэйскую, і зраблю яе вечнай пустыняй.
І, выконваючы, выканаю на зямлі гэтай усе словы Мае, якія Я прамовіў супраць яе; усё, што напісана ў кнізе гэтай, што прарочыў Ярэмія адносна ўсіх народаў.
Я споўню на гэтай зямлі ўсе Свае словы, якія сказаў супраць яе; усё, што напісана ў гэтай кнізе, што праракаваў Ярэмія супраць усіх народаў.
Бо зьняволяць іх народы шматлікія і валадары вялікія, і Я аднагароджу ім паводле ўчынкаў іхніх, паводле справаў рук іхніх”.
Бо будуць служыць ім таксама і тыя вялікія народы, і вялікія цары; і Я аддам ім паводле ўчынкаў іх ды паводле дзейнасці рук іх”».
Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля да мяне: “Вазьмі з рукі Маёй келіх віна гневу гэтага і дай яго піць усім народам, да якіх Я пасылаю цябе.
Бо, вось, так кажа Госпад, Бог Ізраэля, да мяне: «Вазьмі з Маёй рукі келіх віна гэтага гневу ды дай з яго піць усім народам, да якіх Я пашлю цябе.
І яны будуць піць, і будуць хістацца, і ашалеюць перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць іх”.
Хай п’юць, і хістаюцца, і шалеюць ад віда меча, які пашлю Я на іх».
І я ўзяў келіх з рукі ГОСПАДА, і напаіў усе народы, да якіх паслаў мяне ГОСПАД,
Дык узяў я келіх з рукі Госпада і даў піць усім народам, да якіх паслаў мяне Госпад:
Ерусалім і гарады Юды, валадароў іхніх і князёў іхніх, каб зрабіць іх руінамі, на аслупяненьне, на пасьмешышча і на праклён, як гэта ёсьць сёньня;
Ерузаліму і гарадам юдэйскім, іх царам і князям, каб зрабіць з іх пустэчу і аслупяненне, пасмешышча і праклён, як гэта ёсць сёння,
фараона, валадара Эгіпецкага, і слугаў ягоных, князёў ягоных і ўвесь народ ягоны,
фараону, цару Егіпецкаму, яго паслугачам, яго князям ды ўсяму яго народу;
і ўсе разнастайныя [народы] і ўсіх валадароў зямлі Уц, усіх валадароў зямлі Філістынскай, Ашкелён, Газу, Экрон, і рэшту Ашдоду,
ды наогул цэламу народу і ўсім царам зямлі Уц, ды ўсім царам зямлі Філістынскай, Аскалону, Газе, Акарону і тым, што засталіся з Азота;
Эдом, Мааў і сыноў Амона,
Эдому, Маабу і сынам Амона,
усіх валадароў Тыру і ўсіх валадароў Сідону, усіх валадароў астравоў, якія на тым баку мора,
і ўсім царам Тыра, і ўсім царам Сідона, разам усім царам заморскіх астравоў;
Дэдана і Тэму, Буза і ўсіх, якія стрыгуць валасы на скронях;
Дэдану і Тэме, Бузу ды ўсім, якія стрыгуць валасы на скронях;
усіх валадароў Арабіі, усіх валадароў разнастайных народаў, якія жывуць у пустыні;
ды ўсім царам арабскім, усім царам шматлікіх народаў, якія пражываюць на пустыні;
усіх валадароў Зімры, усіх валадароў Эляму і ўсіх валадароў Мадаю,
усім царам Зімры, усім царам Элама і ўсім царам мідзянскім;
усіх валадароў поўначы, блізкіх і далёкіх, адных за другім; і ўсе валадарствы, якія на абліччы зямлі, а валадар Шэшаху будзе піць пасьля іх.
Таксама ўсім царам Поўначы, блізкім і далёкім, аднаму за другім; усім царствам зямлі, якія ёсць на паверхні яе, а цар Сэсаха будзе піць пасля іх».
І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Піце, і напівайцеся, і ванітуйце, і падайце, і не ўставайце перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць вас”.
«І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Піце, і напівайцеся, і ванітуйце, і падайце, і не падымайцеся на віду меча, які Я пашлю паміж вас”.
І станецца, калі яны ня будуць хацець узяць келіх з рукі тваёй, каб піць, ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. П’ючы, піць будзеце!
Калі не будуць хацець узяць келіх з тваёй рукі, каб піць, скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Мусіце выпіць!
Бо вось, у горадзе, над якім клікалі імя Маё, Я пачынаю чыніць зло, а вы мелі б застацца без пакараньня? Не застанецеся без пакараньня, бо Я клічу меч супраць усіх жыхароў зямлі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”.
Бо, вось, у горадзе, над якім прызывана імя Маё, пачынаю Я чыніць няшчасце, а вы ці будзеце бяспечнымі? Не будзеце бяспечнымі, бо Я клічу меч на ўсіх жыхароў зямлі”, — кажа Госпад Магуццяў.
А ты будзеш прарочыць ім усе словы гэтыя і скажаш ім: “ГОСПАД грыміць з вышыняў, з Сялібы Сваёй сьвятой дае голас Свой, грымотамі грыміць супраць паселішчаў Сваіх, падымае крык, як выціскачы [віна], адказвае да ўсіх жыхароў зямлі.
А ты праракуй ім усе гэтыя словы і скажы ім: “Госпад прагрыміць з нябёсаў, ды з сядзібы Сваёй святой падасць голас Свой; прагрыміць магутна над выганамі Сваімі, загучыць, быццам бы вокліч выціскальнікаў, на ўсіх жыхароў зямлі.
Даходзіць гармідар аж да канцоў зямлі, бо ГОСПАД вядзе спрэчку з народамі, кліча на суд кожнае цела, злачынцаў аддае пад меч, кажа ГОСПАД”.
Даходзіць гармідар аж да канцоў зямлі, бо ў Госпада — суд з народамі; ідзе Ён на суд з кожным целам; бязбожнікаў аддае мечу”, — кажа Госпад.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, гора пераходзіць з народу да народу, і бура вялікая прачынаецца з канцоў зямлі.
Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Вось, няшчасце ахоплівае народ за народам, уздымаецца страшэнная бура з канцоў зямлі.
І будуць забітыя ГОСПАДАМ у дзень гэты ад канца зямлі да канца зямлі, ніхто ня будзе [па іх] плакаць, ані зьбіраць іх, ані хаваць іх; і стануцца яны, як гной на абліччы зямлі.
І будуць забітыя Госпадам у гэты дзень ад аднаго канца зямлі да другога яе канца; ніхто не будзе па іх плакаць, ані іх збіраць, ані іх хаваць: і застануцца яны, як гной, на паверхні зямлі”.
Лямантуйце, пастыры, і галасіце! Качайцеся ў пыле, пастухі авечак, бо надыйшлі дні зарэзу вашага і расьцярушаньня вашага, і вы ўпадзеце, як начыньне каштоўнае.
Падыміце лямант, пастыры, і галасіце! Качайцеся вы ў пыле, правадыры статку, бо вось, споўніліся дні вашы для зарэзу і для раскідання вашага, і вы ўпадзеце, як тлустыя авечкі.
І ня будзе схову для пастыраў, і ня будзе ратунку для пастухоў авечак.
І не будзе дзе схавацца пастырам, і не будзе ратунку для правадыроў статку.
[Чутны] голас крыку пастыраў і лямант пастухоў авечак, бо ГОСПАД пустошыць статак іхні.
Уздымаецца крык пастыраў і лямант правадыроў статку, бо Госпад пустошыць іх выганы.
І нішчацца пашы спакойныя перад абліччам полымя гневу ГОСПАДА.
І нішчэюць спакойныя пашы перад лютасцю гневу Госпада.
Ён пакінуў як леў сховішча сваё, бо зямля Ягоная сталася пусткаю з прычыны ярасьці прыгнятальніка, з прычыны полымя гневу [Госпада]”».
Ён пакінуў, быццам леў, сховішча Сваё, бо зямля іх сталася пустыняю перад знішчальным мечам ды перад лютасцю гневу Госпада».