Ераміі 44 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слова, якое было да Ярэміі адносна ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Эгіпецкай, якія жылі ў Мігдоле, у Тахпанхэсе, у Нофе і ў зямлі Патрос, кажучы:
 
Слова, якое было Ерамію пра ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Егіпецкай і пасяліліся ў Магдоле і Тафнісе, і ў Нофе, і ў зямлі Патрос:

«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вы бачылі ўсё ліха, якое Я спаслаў на Ерусалім і на ўсе гарады Юды. І вось, яны зруйнаваныя ў дзень гэты, і няма ў іх жыхароў
 
Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы бачылі ўсё бедства, якое Я навёў на Ерусалім і на ўсе гарады Юдэйскія; вось, яны цяпер пустыя, і ніхто ня жыве ў іх,

за ліхоту, якую яны ўчынілі, каб гнявіць Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым багам, якіх ня ведалі ані яны, ані вы, ані бацькі вашыя.
 
за бязбожнасьць іхнюю, якую яны чынілі, гневаючы Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні вы, ні бацькі вашыя.

І Я пасылаў да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, і кажучы: “Не рабіце, прашу, рэчаў, якія Я ненавіджу!”
 
Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, каб сказаць: «не рабеце гэтае агіднае справы, якую Я ненавіджу».

Але яны ня слухалі, і не прыхілілі вушы свае, каб адвярнуцца ад ліхоты сваёй і каб не кадзіць багам чужым.
 
Але яны ня слухаліся і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй бязбожнасьці, не кадзіць іншым багам.

І выліліся гнеў Мой і лютасьць Мая, і запалалі ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, і сталіся яны руінаю і пусткаю, як [гэта бачыце] сёньня.
 
І вылілася лютасьць Мая і гнеў Мой і разгарэлася ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма; і яны зрабіліся развалінамі і пустыняю, як бачыце сёньня.

І цяпер гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Навошта вы чыніце зло вялікае душам вашым, каб былі вынішчаныя ў вас пасярод Юды мужчыны, жанчыны, дзеці і немаўляты, каб не засталося з вас рэшты?
 
І сёньня так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: навошта вы робіце гэта вялікае зло душам вашым, вынішчаючы ў сябе мужчын і жанчын, дарослых дзяцей і немаўлят з асяродзьдзя Юдэі, каб не пакінуць у сябе астатку,

Навошта вы гнявіце Мяне ўчынкамі рук вашых, калі кадзіце багам чужым у зямлі Эгіпецкай, куды вы прыйшлі, каб там пасяліцца, каб былі вы зьнішчаныя і каб сталіся праклёнам і пасьмешышчам для ўсіх народаў зямлі?
 
гневаючы Мяне вырабам рук сваіх, каджэньнем іншым багам у зямлі Егіпецкай, куды вы прыйшлі жыць, каб загубіць сябе і зрабіцца праклёнам і паганьбеньнем ва ўсіх народаў зямлі?

Ці вы забыліся пра ліхоту бацькоў вашых і ліхоту валадароў Юды, і ліхоту жонак іхніх, пра ліхоту вашую і пра ліхоту жонак вашых, якую вы чынілі ў зямлі Юды і на вуліцах Ерусаліму?
 
Хіба вы забылі бязбожнасьць бацькоў вашых і бязбожнасьць цароў Юдэйскіх, вашу ўласную бязбожнасьць і бязбожнасьць жанчын вашых, якую яны чынілі ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерусаліма?

Да дня сёньняшняга вы не ўпакорыліся, і не баіцёся, і ня ходзіце паводле Закону Майго і прыказаньняў Маіх, якія Я даў вам перад абліччам вашым і перад абліччам бацькоў вашых.
 
Ня зьмірыліся яны да сёньняшняга дня, і не баяцца і ня ўчыняюць паводле закона Майго і паводле пастановаў Маіх, якія Я даў вам і бацькам вашым.

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я зьвярну аблічча Маё супраць вас на зло, каб зьнішчыць усяго Юду.
 
Таму так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вось, Я павярну супроць вас аблічча Маё на пагібель і на вынішчэньне ўсёй Юдэі

І прыбяру рэшту Юды, якія зьвярнулі абліччы свае, каб ісьці ў зямлю Эгіпецкую, каб там пасяліцца, і загінуць усе ў зямлі Эгіпецкай, і ўпадуць ад мяча і ад голаду, і загінуць ад малога да вялікага, і паўміраюць ад мяча і ад голаду, і стануцца праклёнам, страхоцьцем, зьнявагаю і ганьбаю.
 
і вазьму рэшту Юдэяў, якія павярнулі аблічча сваё, каб ісьці ў зямлю Егіпецкую і жыць там, і ўсе яны будуць вынішчаны, загінуць у зямлі Егіпецкай; мечам і голадам будуць вынішчаны; ад малога і да старога памруць ад меча і голаду, і будуць праклёнам і жахам, асудаю і паганьбеньнем.

І Я наведаю тых, якія жывуць у зямлі Эгіпецкай, як наведаў Ерусалім, мячом, голадам і заразаю.
 
Наведаю тых, што жывуць у зямлі Егіпецкай, як Я наведаў Ерусалім, мечам і голадам, паморкам і згубнай пошасьцю,

І ня будзе ўцекача і выратаванага з рэшты Юды, якія прыйшлі, каб пасяліцца ў зямлі Эгіпецкай, каб [потым] вярнуцца ў зямлю Юды, куды яны прагнуць усёй душою вярнуцца і жыць там. Але ня вернецца [ніхто], хіба [толькі] недабіткі».
 
і ніхто ня ўнікне і не ацалее з рэшты Юдэяў, што прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там і потым вярнуцца ў зямлю Юдэйскую, куды яны ўсёю душою хочуць вярнуцца, каб жыць там; ніхто ня вернецца, акрамя тых, якія ўцякуць адтуль.

І адказалі Ярэміі ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць багам чужым, і ўсе жанчыны, якія стаялі ў царкве вялікай, і ўвесь народ, які жыў у зямлі Эгіпецкай у Патросе, кажучы:
 
І адказвалі Ерамію ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць іншым багам, і ўсе жанчыны, што стаялі там у вялікім мностве, і ўвесь люд, які жыў у зямлі Егіпецкай, у Патросе, і сказалі:

«Слова, якое ты прамаўляў да нас у імя ГОСПАДА, мы ня будзем слухаць ад цябе.
 
«словы, якія ты казаў нам імем Госпада, мы ня слухаем ад цябе;

Бо, выконваючы, мы выканаем усе словы, якія выйшлі з вуснаў нашых, і будзем кадзіць валадарцы неба, і будзем выліваць для яе ахвяры вадкія, як рабілі мы, і бацькі нашыя, валадары нашыя і князі нашыя ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, і мы былі насычаны хлебам, і было нам добра, і ліха мы ня бачылі.
 
але канечне будзем рабіць усё тое, што выйшла з вуснаў нашых, каб кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньні, як мы рабілі, мы і бацькі нашыя, цары нашыя і князі нашыя, у гарадах Юдэі і на вуліцах.

Але з таго часу, калі мы перасталі кадзіць валадарцы неба і выліваць для яе ахвяры вадкія, бракуе нам усяго, і мы гінем ад мяча і голаду».
 
А з таго часу, як перасталі мы кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньне, церпім ва ўсім нястачу і гінем ад меча і голаду.

[А жанчыны казалі]: «Калі мы кадзім валадарцы неба і калі выліваем для яе ахвяры вадкія, хіба [робім гэта] бяз [згоды] мужоў нашых, ці робім для яе печыва з вобразам ейным і выліваем ахвяры вадкія?»
 
І калі мы кадзілі багіні неба і вылівалі ёй выліваньні, дык хіба бязь ведама мужоў нашых рабілі мы ёй піражкі з выяваю яе і вылівалі ёй выліваньні»?

І сказаў Ярэмія ўсяму народу, мужчынам, жанчынам і ўсім людзям, якія адказалі яму [такім] словам, кажучы:
 
Тады сказаў Ерамія ўсяму люду, мужчынам і жанчынам, і ўсяму люду, які так адказаў яму:

«Хіба тое кадзіла, якое вы палілі ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, вы і бацькі вашыя, валадары вашыя і князі вашыя, і народ зямлі, князі і просты народ, [хіба] ГОСПАД ня памятае яго і не ўвайшло яно ў сэрца Ягонае?
 
«ці ж ня гэта каджэньне, якое чынілі вы ў гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, вы і бацькі вашыя, цары вашыя і князі вашыя, і народ краіны, спамянуў Гасподзь? І ці не яно ўзышло Яму на сэрца?

І ня мог ГОСПАД больш зносіць ліхоцьце ўчынкаў вашых і брыдоты, якія вы чынілі. І сталася зямля вашая руінаю, пустэчаю і праклёнам, без жыхароў, як [бачыце гэта] сёньня.
 
Гасподзь ня мог болей трываць ліхіх дзеяў вашых і гідотаў, якія вы рабілі; таму і зрабілася зямля ваша пустыняю і жахам, і праклёнам, без жыхароў, як бачыце сёньня.

За тое, што вы кадзілі і што грашылі супраць ГОСПАДА, і ня слухалі голасу ГОСПАДА, і не хадзілі паводле Закону Ягонага, паводле прыказаньняў Ягоных і паводле сьведчаньняў Ягоных, спаткала вас гэткае ліха, як [бачыце гэта] сёньня».
 
Як бо вы, учыняючы тое курэньне, грашылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Госпада, і не паводзіліся паводле закона Ягонага і паводле пастановаў Ягоных, і паводле загадаў Ягоных, дык і спасьцігла вас гэтая бяда, як бачыце сёньня».

І сказаў Ярэмія ўсяму народу і ўсім жанчынам: «Слухайце слова ГОСПАДА, увесь Юда, які ў зямлі Эгіпецкай!
 
І сказаў Ерамія ўсяму народу і ўсім жанчынам: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай:

Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, кажучы: “Вы і жонкі вашыя прамаўляеце вуснамі вашымі і робіце рукамі вашымі, кажучы: "Выконваючы, выканаем шлюбаваньні нашыя, якія мы абяцалі, каб кадзіць для валадаркі неба і выліваць для яе ахвяры вадкія". Выконваючы, выконвайце шлюбаваньні вашыя і, зьдзяйсьняючы, зьдзяйсьняйце абяцаньні вашыя!”
 
Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы і жонкі вашыя, што вуснамі сваімі гаварылі тое і рукамі сваімі рабілі; вы кажаце: «будзем выконваць зарокі нашыя, якія мы давалі, каб кадзіць багіні неба і паліваць ёй паліваньне», — цьвёрда трымайцеся зарокаў вашых і дакладна выконвайце зарокі вашыя.

Дзеля гэтага паслухай слова ГОСПАДА, ты, увесь Юда, які жыве ў зямлі Эгіпецкай. Вось, Я прысягаю на імя Маё вялікае, кажа ГОСПАД, што ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай ня будзе больш клікаць імя Маё вуснамі [сваімі] ніхто з мужоў Юды, кажучы: “Як жывы Госпад ГОСПАД!”
 
Затое выслухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія жывуць у зямлі Егіпецкай: вось, Я запрысягнуўся вялікім імем Маім, кажа Гасподзь, што ня будзе ўжо на ўсёй зямлі Егіпецкай вымаўляцца імя Маё вуснамі якога-небудзь Юдэя, які кажа: «жывы Гасподзь Бог!»

Вось, Я чуваю над вамі на зло, а не на дабро. І загінуць усе мужы Юды, якія ў зямлі Эгіпецкай, ад мяча і голаду аж да зьнішчэньня іх.
 
Вось Я буду сачыць за вамі на пагібель, а не на дабро; і ўсе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай, будуць гінуць ад меча і голаду, пакуль зусім ня вынішчацца.

Тыя, што ўратуюцца ад мяча, вернуцца з зямлі Эгіпецкай у зямлю Юды ў малой лічбе, і даведаецца ўся рэшта Юды, якія прыйшлі ў зямлю Эгіпецкую, каб пасяліцца там, чыё слова зьдзейсьніцца, Маё ці іхняе.
 
Толькі невялікі лік тых, што пазьбегнуць меча, вернуцца зь зямлі Егіпецкай у зямлю Юдэйскую, і даведаюцца ўсе пазасталыя Юдэі, якія прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там, чыё слова збудзецца, Маё, ці іхняе.

І гэта будзе для вас знакам, кажа ГОСПАД, што Я наведаю вас у месцы гэтым, каб вы даведаліся, што спаўняючыся, споўняцца словы Мае пра вас на зло.
 
І вось вам азнака, кажа Гасподзь, што Я наведаю вас на гэтым месцы, каб вы ведалі, што збудуцца словы Мае пра вас на пагібель вам.

Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я аддам фараона Хофру, валадара Эгіпецкага, у рукі ворагаў ягоных і рукі тых, якія шукаюць душы ягонай, як Я аддаў Сэдэкію, валадара Юды, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, ворага ягонага, які шукаў душу ягоную”».
 
Так кажа Гасподзь: вось, Я аддам фараона Вафрыя, цара Егіпецкага, у рукі ворагам ягоным і ў рукі шукальнікам душы ягонай, як аддаў Сэдэкію, цара Юдэйскага, у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, ворагу ягонаму і шукальніку душы ягонай.