Ераміі 32 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі ў дзясятым годзе Сэдэкіі, валадара Юды, значыцца, у васямнаццатым годзе Навухаданосара.
Слова, якое было ад Госпада Ерамію ў дзясяты год Сэдэкіі, цара Юдэйскага; гэты год быў васемнаццаты год Навухаданосара.
Тады войска валадара Бабілонскага трымала ў аблозе Ерусалім, а Ярэмія прарок быў увязьнены на панадворку вартоўні ў доме валадара Юды.
Тады войска цара Вавілонскага аблягала Ерусалім, і Ерамія прарок быў увязьнены ў двары варты, які быў пры доме цара Юдэйскага.
Увязьніў яго там Сэдэкія, валадар Юды, кажучы: «Навошта ты прарочыш, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.
Сэдэкія, цар Юдэйскі, увязьніў яго туды, сказаўшы: «навошта ты прарочыш і кажаш: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цара Вавілонскага, і ён возьме яго;
А Сэдэкія, валадар Юды, не ўцячэ з рук Халдэйцаў, але выдаваньнем будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і будзе прамаўляць вуснамі сваімі ў вусны ягоныя, і вачыма сваімі ўбачыць вочы ягоныя.
і Сэдэкія, цар Юдэйскі, не ўцячэ ад рук Халдэяў, а непазьбежна аддадзены будзе ў рукі цару Вавілонскаму, і будзе гаварыць зь імі вусны ў вусны, і вочы ягоныя ўбачаць вочы яго;
І ён павядзе Сэдэкію ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, кажа ГОСПАД, бо калі вы будзеце ваяваць з Халдэйцамі, не пашчасьціць вам”».
і ён завядзе Сэдэкію ў Вавілон, дзе той і будзе, пакуль не наведаю яго, кажа Гасподзь. Калі вы будзеце ваяваць з Халдэямі, дык ня мецьмеце посьпеху»?
І сказаў Ярэмія: «Было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
І сказаў Ерамія: такое было мне слова Гасподняе:
“Вось, Ханамээль, сын Шальлюма, дзядзькі твайго, ідзе да цябе, кажучы: "Купі сабе поле маё, якое ў Анатоце, бо ты маеш права выкупу, каб набыць [яго] "”.
і вось Анамэіл, сын Салумаў, дзядзькі твайго, ідзе да цябе сказаць: купі сабе поле маё, якое ў Анатоце, бо паводле права роднасьці табе належыць купіць яго.
І прыйшоў да мяне Ханамээль, сын дзядзькі майго, паводле слова ГОСПАДА на панадворак вартоўні, і сказаў мне: “Купі, прашу, поле маё, якое ў Анатоце ў зямлі Бэн’яміна, бо ты маеш права спадчыны і выкупу. Купі [яго] сабе!” І я зразумеў, што гэта [было] слова ГОСПАДА.
І Анамэіл, сын дзядзькі майго, прыйшоў да мяне, паводле слова Гасподняга, у двары варты і сказаў мне: купі поле маё, якое ў Анатоце, у зямлі Веньямінавай, бо права спадчыны тваё і права выкупу тваё; купі сабе. Тады я даведаўся, што гэта было слова Гасподняе.
І я купіў поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, поле, якое ў Анатоце, і адважыў яму срэбра, сямнаццаць сыкляў срэбра,
І купіў я поле ў Анамэіла, сына дзядзькі майго, якое ў Анатоце, і наважыў яму сем сікляў срэбра і дзесяць срэбранікаў;
і напісаў дамову, і запячатаў, і ўзяў сьведкаў, і адважыў срэбра на вагах.
і запісаў у кнігу і запячатаў яе, і запрасіў да таго сьведкаў і наважыў срэбра на вагах.
І потым я ўзяў дамову куплі, запячатаную паводле прыказаньня і пастановаў, і [дамову] адкрытую.
І ўзяў я купчы запіс, як запячатаны паводле закона, так і адкрыты,
І даў я дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, сына Махсэя, на вачах Ханамээля, [сына] дзядзькі майго, і на вачах сьведкаў, напісаных у дамове куплі, і на вачах усіх [людзей] Юды, якія былі на панадворку вартоўні.
і аддаў гэты купчы запіс Варуху, сыну Нірыі, сына Маасэі, на вачах у Анамэіла, сына дзядзькі майго, і на вачах у сьведак, якія падпісалі купчы запіс, на вачах ва ўсіх Юдэяў, якія сядзелі ў двары варты;
І я загадаў Баруху на вачах іхніх, кажучы:
І наказаў Варуху пры іх:
“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вазьмі лісты гэтыя, дамову куплі запячатаную і дамову адкрытую, і зьмясьці [іх] у пасудзіну гліняную, каб захаваліся на шмат дзён.
так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вазьмі гэтыя запісы, — гэты купчы запіс, які запячатаны, і гэты запіс адкрыты, — і пакладзі іх у гліняны посуд, каб яны заставаліся там многа дзён.
Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: "Будуць яшчэ купляць дамы, палі і вінаграднікі ў зямлі гэтай"”.
Бо так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: дамы і палі і вінаграднікі будуць зноў купляцца ў зямлі гэтай.
І маліўся я да ГОСПАДА пасьля таго, як аддаў дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, кажучы:
І перадаўшы купчы запіс Варуху, сыну Нірыі, я памаліўся Госпаду:
“О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, Ты ўчыніў неба і зямлю вялікай сілаю Тваёю і рамяном Тваім узьнятым. Не складаная для Цябе ніякая рэч.
«О Госпадзе Божа! Ты стварыў неба і зямлю вялікаю сілаю Тваёю і працягнутай рукою; Табе няма нічога немагчымага;
Ты зьяўляеш міласэрнасьць для тысячаў [пакаленьняў], але адплачваеш за беззаконьні бацькоў ва ўлоньне сыноў іхніх пасьля іх. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Тваё.
Ты выказваеш міласэрнасьць тысячам і за беззаконьне бацькоў даеш у нутро дзецям іхнім пасьля іх: Божа вялікі, моцны, імя Якому — Гасподзь Саваоф!
Ты вялікі ў радзе і магутны ў справах. Вочы Твае адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.
Вялікі ў радзе і моцны ў дзеях, вочы Якога адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даваць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле плёну дзеяў яго,
Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Эгіпецкай, і аж да дня гэтага ў Ізраілі і сярод людзей, і Ты зрабіў Сабе імя, [якое маеш] сёньня.
Які ўчыніў цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай, і ўчыняеш да сёньняшняга дня і ў Ізраілі і сярод усіх людзей, і стварыў Сабе імя, як у гэты дзень,
І Ты вывеў народ Твой, Ізраіль, з зямлі Эгіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і рамяном узьнятым сярод трывогі вялікай.
і вывеў народ твой Ізраіля зь зямлі Егіпецкай азнакамі і цудамі, і рукою моцнаю і мышцаю прасьцёртаю, пры вялікай жудасьці,
І Ты даў ім зямлю гэтую, якую запрысяг даць бацькам іхнім, зямлю, якая ацякае ў мёд і малако.
і даў ім зямлю гэтую, даць якую ім запрысягнуўся бацькам іхнім, — зямлю, якая цячэ малаком і мёдам.
І яны прыйшлі, і ўзялі яе на ўласнасьць, але ня слухалі голасу Твайго, і не хадзілі паводле Закону Твайго, і не рабілі ўсяго таго, што Ты загадаў ім. І Ты навёў на іх усё ліха гэтае.
Яны ўвайшлі і завалодалі ёю, але перасталі слухацца голасу Твайго і рабіць паводле закона Твайго, перасталі рабіць тое, што Ты наказаў ім рабіць, і за тое Ты навёў на іх усё гэта бедства.
Вось, валы падыходзяць да гораду, каб здабыць яго, і горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў, якія ваююць супраць яго, на пажыву мяча, голаду і заразы. Тое, што Ты прамовіў, зьдяйсьняецца, і, вось, Ты бачыш [гэта]!
Вось насыпы дастаюць да горада, каб узяць яго; і горад ад меча і голаду і пошасьці з паморкам аддаецца ў рукі Халдэям, якія ваююць супроць яго; што Ты казаў, тое і збываецца, і вось, Ты бачыш гэта.
А Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, сказаў мне: "Купі сабе поле за срэбра і пакліч сьведкаў", а горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў!”»
А Ты, Госпадзе Божа, сказаў мне: «купі сабе поле за срэбра і запрасі сьведкаў, тым часам як горад аддаецца ў рукі Халдэям».
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
І было слова Гасподняе Ераміі:
«Вось, Я — ГОСПАД, Бог кожнага цела. Ці можа быць для Мяне нечаканай нейкая справа?
вось, Я — Гасподзь Бог кожнай плоці: ці ёсьць што немагчымае Мне?
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я аддам горад гэты ў рукі Халдэйцаў і ў руку Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.
Таму так кажа Гасподзь: вось, Я аддаю горад гэты ў рукі Халдэям і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ён возьме яго,
І ўвойдуць у яго Халдэйцы, якія ваююць супраць гораду гэтага, і падкладуць агонь пад горад гэты, і спаляць яго, і дамы, у якіх складалі ахвяры Баалу на дахах іхніх і вылівалі ахвяры вадкія іншым багам, каб гнявіць Мяне.
і ўвойдуць Халдэі, якія аблажылі гэты горад, падпаляць горад агнём і спаляць яго і дамы, на дахах якіх куродымілі Ваалу і лілі чужым божышчам, каб гнявіць Мяне.
Бо ад маладосьці сваёй сыны Ізраіля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на вачах Маіх, бо сыны Ізраіля толькі гнявілі Мяне ўчынкамі рук сваіх, кажа ГОСПАД.
Бо сыны Ізраілевыя і сыны Юдавыя толькі зло чынілі перад вачыма Маімі з маладосьці сваёй; сыны Ізраілевыя толькі гнявілі Мяне дзеямі рук сваіх, кажа Гасподзь.
Бо прычынай гневу Майго і абурэньня Майго стаўся для Мяне горад гэты ад дня, калі пабудавалі яго, аж да дня сёньняшняга. Я адкіну яго ад аблічча Майго,
І як бы на гнеў Мой і лютасьць Маю існаваў горад гэты з самага дня пабудовы яго да гэтага дня, каб Я адкінуў яго ад аблічча Майго
за ўсе злачынствы сыноў Ізраіля і сыноў Юды, якія яны рабілі, каб гнявіць Мяне, яны, валадары іхнія, князі іхнія, сьвятары іхнія і прарокі іхнія, і мужы Юды, і жыхары Ерусаліму.
за ўсё зло сыноў Ізраіля і сыноў Юды, якое яны дзеля гневу Майго рабілі, — яны, цары іхнія, князі іхнія, сьвятары іхнія і прарокі іхнія, і мужы Юдавы і жыхары Ерусаліма.
І яны павярнуліся да Мяне патыліцаю, а не абліччам, і, хоць Я навучаў іх, устаючы ўначы і навучаючы, але яны не хацелі слухаць, каб прыняць настаўленьне.
Яны павярнуліся да Мяне сьпінаю, а ня тварам; і калі Я вучыў іх, з самае раніцы вучыў, яны не хацелі прыняць настаўленьні,
І яны паставілі брыдоты свае ў Доме, над якім клікалі імя Маё, каб зьневажаць яго.
і ў доме, над якім названа імя Маё, паставілі гідоты свае, апаганьваючы яго.
І яны пабудавалі ўзгоркі для Баала, якія ў даліне Бэн-Гіном, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дочак сваіх дзеля Малоха. Я не загадваў ім гэтага, і не прыходзіла на сэрца Маё, каб рабіць такую брыдоту і давесьці Юду да грэху”.
Зладзілі капішчы Ваалу ў даліне сыноў Эномавых, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дачок сваіх у гонар Малоху, чаго Я не загадваў ім, і Мне ў галаву ня прыходзіла, каб яны рабілі гэтую гідоту, уводзячы ў грэх Юду.
І цяпер гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра горад гэты, пра які вы кажаце, што ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага мячом, голадам і заразай:
і аднак жа сёньня так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў, пра гэты горад, пра які вы кажаце: «ён аддаецца ў рукі цару Вавілонскаму мечам і голадам і пошасьцю з паморкам», —
“Вось, Я зьбяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у гневе Маім і ў абурэньні вялікім, і вярну іх на месца гэтае, і дам ім жыць бясьпечна.
вось, Я зьбяру іх з усіх краін, у якія выгнаў іх у гневе Маім і ў лютасьці Маёй і ў вялікім абурэньні, і вярну іх на месца гэтае і дам ім жыцьцё ў бясьпецы.
І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.
Яны будуць Маім народам, а Я буду ім Богам.
І дам ім адно сэрца і адзін шлях, каб баяліся Мяне ў-ва ўсе дні, каб добра было ім і сынам іхнім пасьля іх.
І дам ім адно сэрца і адну дарогу, каб баяліся Мяне праз усе дні жыцьця, на дабро сабе і на дабро дзецям сваім пасьля іх.
І Я заключу з імі запавет вечны, што не адвярнуся ад іх, каб рабіць дабро ім, і страх Мой укладу ў сэрца іхняе, каб яны не адступаліся ад Мяне.
І заключу зь імі вечны запавет, паводле якога Я не адвярнуся ад іх, каб тварыць ім дабро, і страх Мой укладу ў сэрцы іхнія, каб яны не адступаліся ад Мяне.
І Я буду цешыцца з іх, калі буду рабіць дабро для іх, і пасялю іх у зямлі гэтай у праўдзе, з усяго сэрца Майго і з усёй душы Маёй”.
І буду радавацца за іх, творачы ім дабро, і пасаджу іх на зямлі гэтай цьвёрда — ад усяго сэрца Майго і ад усёй душы Маёй.
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Як спаслаў Я на народ гэты ўсякае ліха вялікае, так Я спашлю на народ гэты ўсё дабро, якое абяцаў ім.
Бо так кажа Гасподзь: як Я навёў на народ гэты ўсё гэта вялікае ліха, так навяду на іх усё дабро, якое Я сказаў пра іх.
І будуць набываць палі ў зямлі гэтай, пра якую вы кажаце: "Гэта пустэча, без чалавека і бяз быдла, і яна аддадзена ў рукі Халдэйцаў".
І будуць купляць палі ў зямлі гэтай, пра якую вы кажаце: «гэта — пустыня, бязь людзей і бяз быдла; яна аддадзена ў рукі Халдэям»;
І будуць купляць палі за срэбра, і будуць пісаць дамовы, і запячатваць іх, і клікаць сьведкаў у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму, у гарадах Юды, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах Нэгеву, бо Я вярну палонных іхніх, кажа ГОСПАД”».
будуць купляць палі за срэбра і ўносіць у запісы, і запячатваць і запрашаць сьведак — у зямлі Веньямінавай і ў ваколіцах Ерусаліма, і ў гарадах Юды і ў гарадах нагорных, і ў гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых: бо вярну палон іхні, кажа Гасподзь.