Ераміі 39 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У дзясятым годзе Сэдэкіі, валадара Юды, у дзясятым месяцы, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і ўсё войска ягонае пад Ерусалім, і абляглі яго.
 
У дзявяты год Сэдэкіі, цара Юдэйскага, у дзясятым месяцы, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблеглі яго.

У адзінаццатым годзе Сэдэкіі, у чацьвёртым месяцы, у дзявяты [дзень] месяца быў зроблены вылом у горад.
 
А ў адзінаццаты год Сэдэкіі, у чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца горад быў узяты.

І ўвайшлі ўсе князі валадара Бабілонскага, і сталі каля Сярэдзіннай Брамы: Нэргал-Сарэцэр, Самгар-Нэво, Сар-Сэхім, галоўны эўнух, Нэргал-Сарэцэр, галоўны маг, і ўся рэшта князёў валадара Бабілонскага.
 
І ўвайшлі ў яго ўсе князі цара Вавілонскага і разьмясьціліся ў сярэдняй браме, Нэргал-Шарэцэр, Самгар-Нэво, Сарсэхім, начальнік еўнухаў, Нэргал-Шарэцэр, начальнік магаў, і ўсе астатнія князі цара Вавілонскага.

І сталася, калі ўбачыў гэта Сэдэкія, валадар Юды, і ўсе ваяры, яны ўцяклі, і выйшлі ноччу з гораду па дарозе праз сад валадара, праз браму паміж двума мурамі, і выйшлі на шлях у Арабу.
 
Калі Сэдэкія, цар Юдэйскі, і ўсе вайсковыя людзі ўбачылі іх, — пабеглі, і ўночы выйшлі з горада праз царскі сад у браму паміж дзьвюма сьценамі і пайшлі па дарозе на раўніне.

І пагналася войска Халдэйскае за імі, і дагнала Сэдэкію ў стэпе Ерыхонскім. І ўзялі яго, і прывялі яго да Навухаданосара, валадара Бабілонскага, у Рыўлю ў зямлі Хамат, і ён прамовіў на яго прысуд [свой].
 
Але войска Халдэйскае пагналася за імі; і дагналі Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх; і ўзялі яго і завялі да Навухаданосара, цара Вавілонскага, у Рыўлу, у зямлю Эмат, дзе ён учыніў суд над ім.

І забіў валадар Бабілонскі сыноў Сэдэкіі ў Рыўлі на вачах ягоных, і ўсіх магнатаў Юды забіў валадар Бабілонскі.
 
І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі ў Рыўле ў яго на вачах, і ўсіх вяльможаў Юдэйскіх закалоў цар Вавілонскі;

І вырваў вочы Сэдэкіі, і закаваў яго ў кайданы мядзяныя, каб завесьці ў Бабілон.
 
а Сэдэкіі выкалаў вочы, і закаваў яго ў аковы, каб завесьці яго ў Вавілон.

І спалілі агнём Халдэйцы дом валадара і дамы народу, а муры Ерусаліму зруйнавалі.
 
Цароў дом і дамы народа Халдэі спалілі агнём, і сьцены Ерусаліма разбурылі.

А рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія здаліся яму, і рэшту народу, якая засталася, Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, выгнаў у Бабілон.
 
А рэшту людзей, якія заставаліся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перайшлі да яго, і іншы астатні люд Навузардан, начальнік целаахоўцаў, перасяліў у Вавілон.

А частку людзей убогіх, якія ня мелі анічога, пакінуў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, у зямлі Юды і даў ім вінаграднікі і палі ў той дзень.
 
А бедных з народа, якія нічога ня мелі, Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў у Юдэйскай зямлі і даў ім тады вінаграднікі і палі,

І загадаў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, адносна Ярэміі праз рукі Нэвузарадана, начальніка целаахоўнікаў, кажучы:
 
А пра Ерамію Навухаданосар, цар Вавілонскі, даў такі загад Навузардану, начальніку целаахоўцаў:

«Вазьмі яго і зьвярні на яго вочы твае, і не рабі яму нічога благога, але паводле таго, што ён будзе гаварыць табе, так зрабі яму».
 
«вазьмі яго і май яго на ўвазе, і не рабі яму нічога благога, а рабі зь ім так, як ён скажа табе».

І паслаў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і Нэвушазбан, галоўны эўнух, і Нэргал-Сарэцэр, галоўны маг, і ўсе начальнікі валадара Бабілонскага,
 
І паслаў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і Навузардан, начальнік еўнухаў, і Нэргал-Шарэцэр, начальнік магаў, і ўсе князі цара Вавілонскага

і паслалі яны, і ўзялі Ярэмію з панадворку вартоўні, і далі яго Гедаліі, сыну Ахікама, сына Шафана, каб той адпусьціў яго дадому, і ён жыў сярод народу.
 
паслалі і ўзялі Ерамію з двара варты, і даручылі яго Гадолію, сыну Ахікамаву, сыну Сафанаву, завесьці яго дамоў. І ён застаўся жыць сярод народа.

І да Ярэміі было слова ГОСПАДА, калі быў ён яшчэ ўвязьнены на панадворку вартоўні, кажучы:
 
Ерамію, яшчэ калі яго трымалі ў двары цямніцы, было слова Гасподняе:

«Ідзі і скажы Эбэд-Мэлеку з Кушу, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я выконваю словы Мае супраць гораду гэтага на ліха, а не на дабро. І яны зьдзяйсьняюцца перад абліччам тваім у дзень гэты.
 
ідзі, скажы Аўдэмэлэху Эфіопу: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спраўджу словы Мае пра горад гэты на ліха, а не на дабро яму, і яны збудуцца ў той дзень на вачах тваіх;

Але Я выратую цябе, кажа ГОСПАД, і ты ня будзеш выдадзены ў рукі людзей, якіх ты баішся.
 
але цябе Я выбаўлю ў той дзень, кажа Гасподзь, і ня будзеш аддадзены ў рукі людзям, якіх ты баішся.

Бо Я, выбаўляючы, выбаўлю цябе, і ты не ўпадзеш ад мяча, і будзе ў цябе душа твая, як здабыча, бо ты спадзяваўся на Мяне, кажа ГОСПАД”».
 
Я выбаўлю цябе, і ты не загінеш ад меча, і душа твая застанецца ў цябе замест здабычы, бо ты на Мяне надзею паклаў, сказаў Гасподзь.