Ераміі 4 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Калі вернешся, Ізраіль, кажа ГОСПАД, вернешся да Мяне, і калі адкінеш ідалаў сваіх ад аблічча Майго, ня будзеш бадзяцца.
«Калі ты навернешся, Ізраелю, — агалашае СПАДАР, — да Мяне навернешся; і калі ты аддаліш агіды ад віду Майго, тады ня будзеш туляцца.
І калі будзеш прысягаць: “Як жывы ГОСПАД!” у праўдзе, судзе і праведнасьці, народы будуць дабраслаўляцца і будуць хваліцца ў Ім.
І ты будзеш прысягаць: "Жыў СПАДАР!" у праўдзе, судзе а справядлівасьці, і народы будуць дабраславіцца Ім і хваліцца Ім».
Бо гэта кажа ГОСПАД да людзей Юды і Ерусаліму: “Разорвайце разоры вашыя, і ня кідайце насеньня ў церні.
Бо гэтак кажа СПАДАР мужом Юды а Ерузаліму: «Урабіце сабе новую пашню і ня сейце сярод церняў.
Абрэжцеся дзеля ГОСПАДА і адкіньце скуравінкі сэрцаў вашых, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, бо выйдзе гнеў Мой, як агонь, і будзе гарэць, і не затухне з прычыны ліхіх учынкаў вашых”.
Абрэжчася СПАДАРУ і адкіньце пярэднюю скурку сэрца вашага, мужы Юдэі а жыхары Ерузаліму, каб ня вышаў гнеў Мой, як цяпло, за благія ўчынкі вашыя, і не запаліў, і ня будзе каму згасіць».
Абвяшчайце ў Юдзе, і агаласіце ў Ерусаліме, і скажыце: “Трубіце ў трубы па ўсёй зямлі, крычыце моцна і кажыце: 'Зьбіраймася і хадземце ў гарады ўмацаваныя!'”
Абяшчайце ў Юдэі і ў Ерузаліме агалашайце, і кажыце: «Трубіце ў трубу ў зямлі, згукайце голасна й кажыце: "Зьбярыцеея й пайдзіма да абаронных местаў!"
Падыміце знак у напрамку Сыёну! Уцякайце! Не затрымлівайцеся! Бо Я прыводжу гора з поўначы і няшчасьце вялікае.
Падыйміце сьцяг на Сыёне, мацуйцеся, не адзержуйцеся, бо Я прывяду ліха з поўначы, вялікае разбурэньне.
Выйшаў леў з гушчара свайго і нішчыцель народаў вырушыў. Пакінуў ён сваё месца паселішча, каб зрабіць зямлю тваю пусткаю; гарады твае будуць разбураны і без жыхароў.
Леў узышоў із свайго гушчару, і згубца народаў пусьціўся ў дарогу; ён вышаў із свайго месца, зрабіць зямлю пустою; месты твае будуць спустошаныя, бяз жыхара.
Дзеля гэтага апраніце зрэбніцу, лямантуйце і галасіце, бо не адвярнулася ад вас ярасьць гневу ГОСПАДА.
Дык паперажыцеся зрэбнінаю, будзьце ў жалобе й галасіце; бо не адышоў пал гневу СПАДАРОВАГА ад вас».
І станецца ў тыя дні, кажа ГОСПАД, спыніцца сэрца валадара і сэрца князёў, і аслупянеюць сьвятары, і прарокі зьнямеюць.
«І будзе таго дня, — агалашае СПАДАР, — загіне сэрца каралёве а сэрца князёў, зжахнуцца сьвятарове, і зумеюцца прарокі».
І скажуць: “Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Падманваючы, падмануў Ты народ гэты і Ерусалім, калі казаў: "Супакой будзе вам", а вось меч дакрануўся да душы”.
Тады сказаў я: «О, Спадару СПАДАРУ! хіба чыста змыліў Ты люд гэты а Ерузалім, кажучы: "Супакой будзе ў вас", прымеж тога меч датыкаецца аж да душы?»
У той час будуць казаць народу гэтаму і Ерусаліму: “Вецер гарачы з гораў, што ў пустыні, [прыходзіць] на шлях дачкі народу Майго не для прасяваньня і не для ачышчэньня.
Таго часу скажуць люду гэтаму а Ерузаліму: «Буйны вецер дзьмець із высокіх месцаў на пустыні дарогаю дачкі люду Майго, ня вее й ня чысьце;
Вецер, мацнейшы за яго, прыйдзе ад Мяне. Цяпер Я праслаўлю суд над імі”.
Большы за гэты павее вецер да Мяне; цяпер таксама Я выдам суды на іх.
Вось, ён падымаецца, нібы хмары, і як бура калясьніцы ягоныя, хутчэйшыя, чым арлы, коні ягоныя. “Гора нам, бо мы будзем зьнішчаны!”
Гля, ён узыходзе, як булакі, і цялежкі ягоныя — як віхор, шыбшыя за арлы коні ягоныя, бяда нам, бо аглабаюць нас.
Абмый ад ліхоты сэрца тваё, Ерусалім, каб ты быў уратаваны! Дакуль жа будуць у табе думкі твае нягодныя?
Абмый зь нягоднасьці сэрца свае, Ерузаліме, каб ты мог спасьціся; пакуль будуць жыць із табою пустыя падумкі твае?
Бо голас абвяшчае з Дана і агалашаюць загубу з гор Эфраіма.
Бо наказ прыходзе ад Дана і благія навіны з узгоркаў Яхрэмавых:
Паведамце народам: “Вось яны!” Абвясьціце гэта ў Ерусаліме: “Прыходзяць з зямлі далёкай, каб аблягаць яго, супраць гарадоў Юды ўзносяць голас свой!
«Прыпамінайце народам, абяшчайце празь Ерузалім: "Вартаўнікі прыходзяць із далёкага краю і пушчаюць голас на месты Юдэйскія.
Як вартаўнікі палёў, яны атачаюць яго навокал, бо ён збунтаваўся супраць Мяне, кажа ГОСПАД.
Як вартаўнікі палёў, яны абступілі яго навокал за тое, што ён паўстаў супроці Мяне", — агалашае СПАДАР.
Шляхі твае і ўчынкі твае зрабілі гэта табе. Беззаконьне тваё такое горкае, што сягае нават сэрца твайго!”
Дарога твая а ўчынкі твае прычынілі табе гэта, гэта твая нягоднасьць, бо яна гаркая, бо яна дасягае аж сэрца твайго».
“Улоньне маё, улоньне маё! Я качаюся ад болю! Сьцены сэрца майго! Трапеча ў-ва мне сэрца маё! Не магу маўчаць, бо гук трубы чуе душа мая, гармідар ваенны”.
Нутру мой, нутру мой! баліць імне ў сэрцу, шуміць сэрца ў імне, не магу маўчэць; бо душа мая чуе гук трубы, спалох на бітву.
“Бяда за бядою абвяшчаюцца, бо зруйнаваная ўся зямля, зьнянацку зьнішчаны намёты Мае, у момант — заслона Мая.
Спустошаньне за спустошаньням прагалошана, бо ўся зямля аглабана. Зьнячэўку аглабаны буданы мае, якга заслоны мае.
Дакуль Я буду глядзець на знакі і слухаць голас трубы?
Пакуль буду я бачыць харугвы, чуць гук трубы?
Бо неразумны народ Мой, ня ведае Мяне; сыны дурныя і бязглуздыя; мудрыя, каб чыніць зло, але добрага рабіць ня ўмеюць.
«Бо недасьціпны люд Мой, яны ня знаюць Мяне, яны дурныя дзеці, і яны ня маюць добрага розуму; яны мудрыя рабіць ліха, але рабіць дабро ня ўмеюць».
Я зірнуў на зямлю, і вось, яна бязладная і пустая; [зірнуў] на неба — і няма сьвятла ягонага.
Я аглядаў зямлю — і гля, бяз хормы а пустая; — і нябёсы, і няма сьвятліні іх.
Зірнуў на горы, і вось, яны трасуцца, і ўсе ўзгоркі хістаюцца.
Я аглядаў горы — і гля, яны дрыжэлі, і ўсі ўзгоркі хісталіся.
Зірнуў, і вось, няма чалавека, і зьніклі ўсе птушкі нябесныя.
Я аглядаў — і гля, няма людзіны, і ўсі птушкі нябёсныя туляюцца.
Зірнуў, і вось, зямля ўрадлівая [сталася] пустыняй, і ўсе гарады зьнішчаныя перад абліччам ГОСПАДА, перад абліччам полымя гневу Ягонага”.
Я аглядаў — і гля, уродлівая мясцовасьць стала пустынёю, і ўсі месты яе разбураны ад прытомнасьці СПАДАРА, ад палкага гневу Ягонага.
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Спустошана будзе ўся зямля, але загубы поўнай Я не зраблю.
Бо гэтак сказаў СПАДАР: «Уся зямля будзе спустошана, але супоўнага выгубленьня не зраблю.
Дзеля гэтага будзе галасіць зямля і зацемрыцца неба ўгары. Бо Я прамовіў гэтак, і так вырашыў, і ня буду шкадаваць, і ад гэтага не адступлюся”.
Ад гэтага засмуціцца ўся зямля, і зацьмеюць нябёсы ў гары; бо Я вымавіў, Я прызначыў, і ня каяўся, і не адступлю ад гэтага».
Ад голасу вершніка і страляньня з луку ўцякуць усе гарады. Кінуцца ў гушчары, ушчэпяцца на скалы, усе гарады будуць пакінутыя, ніводзін чалавек ня будзе жыць у іх.
Ад грукату коньнікаў а стралцоў з луку ўцякае ўсе места, пайшлі ў гушчары і ўзьлезьлі на скалы; усе места пакіненае, і няма жыхара ў ім.
А ты, зруйнаваная, што будзеш рабіць? Хоць апранешся ў кармазын, хоць начэпіш аздобы залатыя і падмалюеш фарбай вочы твае, надарма ўпрыгожваешся, бо пагарджаюць табою палюбоўнікі твае, цікуюць яны на жыццё тваё.
А ты, аглабаная, што будзеш рабіць? Дарма што ты ўбіраешся ў шкарлат, дарма што прыбіраешся залатымі прыборамі, дарма што падмалёвуеш вочы свае, дарма робішся харошай; каханкі пагрэбавалі табою, яны шукаюць душы твае;
Чую голас быццам парадзіхі, нібы стогн жанчыны, якая першы раз нараджае, голас дачкі Сыёну, якая памірае і выцягвае рукі свае: “Гора мне, бо млее душа мая між забойцаў!”
Бо голас, бы жонкі ў трудненьню, чую Я, мучэньне, бы ўпяршыню родзячай, і голас дачкі Сыёну, што стогне па сабе, ломе рукі свае: «Бяда ж імне! душа мая скволена ад убіўцаў».