Ераміі 36 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сталася ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, і было слова да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
І сталася чацьвертага году Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага, што гэтае слова было да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:
«Вазьмі сабе скрутак кнігі і запішы на ім усе словы, якія Я прамовіў да цябе пра Ізраіль, пра Юду і пра ўсе народы ад дня, калі Я [пачаў] прамаўляць да цябе, ад дзён Ёсіі аж да дня сёньняшняга.
«Прыдбай сабе зьвіток кнігі й напішы на ім усі словы, што Я казаў табе праз Ізраеля а празь Юду а праз усі народы, адгэнуль, як Я пачаў казаць табе, зь дзён Ёсі аж дагэтуль.
Можа, пачуе дом Юды пра ўсё ліха, якое Я маю намер учыніць ім, і адвернецца кожны ад шляху свайго ліхога, і Я прабачу беззаконьні іхнія і грахі іхнія».
Можа дом Юдзін пачуе праз усе ліха, каторае думаю ўчыніць ім, каб яны зьвярнуліся кажны зь ліхое дарогі свае, каб Я дараваў бяспраўе іхнае і грэх іхны».
І паклікаў Ярэмія Баруха, сына Нэрыя, і напісаў Барух з вуснаў Ярэміі ў скрутку кнігі ўсе словы ГОСПАДА, якія Ён прамовіў яму.
Тады Ярэма гукнуў Боруха Ніранка, і Борух напісаў на зьвіток із вуснаў Ярэмы ўсі словы СПАДАРОВЫ, якія Ён казаў яму.
І загадаў Ярэмія Баруху, кажучы: «Мне забаронена і я не магу ўвайсьці ў Дом ГОСПАДА.
І Ярэма расказаў Боруху, кажучы: «Я замкнёны, я не магу пайсьці да дому СПАДАРОВАГА;
Таму пойдзеш ты і прачытаеш са скрутка словы ГОСПАДА, якія ты напісаў з вуснаў Маіх, у вушы народу ў Доме ГОСПАДА ў дзень посту. Таксама ў вушы ўсяго Юды, які прыходзіць з гарадоў сваіх, прачытаеш [гэта].
Дык ты пайдзі і чытай ізь зьвітка, што ты напісаў з вуснаў маіх, словы СПАДАРОВЫ ў вушы люду ў доме СПАДАРОВЫМ посным днём, а таксама прачытай іх у вушы ўсіх Юдэяў, што прышлі зь местаў сваіх.
Можа, дойдзе маленьне іхняе перад аблічча ГОСПАДА, і яны адвернуцца ад шляху свайго ліхога? Бо вялікі гнеў і лютасьць, пра якія прамовіў ГОСПАД народу гэтаму».
Можа падзець маленьне іхнае перад СПАДАРОМ, і зьвернуцца кажны зь ліхое дарогі свае, бо вялікі гнеў а абурэньне, каторае СПАДАР вымавіў супроці люду гэтага».
І Барух, сын Нэрыя, зрабіў усё, што загадаў яму Ярэмія прарок, каб прачытаў з кнігі словы ГОСПАДА ў Доме ГОСПАДА.
І Борух Ніранок зрабіў подле ўсёга, што Ярэма прарока расказаў яму, чытаючы ізь зьвітка словы СПАДАРОВЫ ў доме СПАДАРОВЫМ.
І сталася ў пятым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, што ў дзявятым месяцы быў аб’яўлены пост перад абліччам ГОСПАДА для ўсяго народу ў Ерусаліме і для ўсяго народу, які прыходзіў з гарадоў Юды ў Ерусалім.
І сталася пятага году Егоякіма, Есянка, караля Юдэйскага, дзясятага месяца, што абясьцілі пост перад СПАДАРОМ усяму люду ў Ерузаліме і ўсяму люду, што прышоў да Ерузаліму зь местаў юдэйскіх.
І прачытаў Барух з кнігі ў вушы народу словы Ярэміі ў Доме ГОСПАДА ў пакоі Гемарыі, сына Шафана, пісара, на верхнім панадворку каля ўваходу ў Браму Новую Дома ГОСПАДА.
І прачытаў Борух із кнігі словы Ярэміны ў доме СПАДАРОВЫМ, у пакою Ґемары Шафанёнка, пісара, на вышшым панадворку, у варотах новае брамы дому СПАДАРОВАГА ў вушы ўсяго люду.
І пачуў Міхей, сын Гемарыі, сына Шафана, усе словы ГОСПАДА з кнігі.
І пачуў Міхей, сын Ґемары Шафанёнка, усі словы СПАДАРОВЫ з кнігі,
І ён зыйшоў у дом валадара ў пакоі пісара. І вось, там сядзелі ўсе князі: Элішама, пісар, і Дэлая, сын Шэмаі, і Эльнатан, сын Ахбора, і Гемарыя, сын Шафана, і Сэдэкія, сын Хананіі, і іншыя князі.
І зышоў ён да дому каралеўскага, да пакою пісаравага, і во, усі князі сядзелі там: Елішама, сакратар, а Дэлая Шэмаёнак а Ельнафан Ахворонак а Ґемара Шафанёнак а Сэдэка Гананёнак а ўсі князі.
І паведаміў ім Міхей усе словы, якія пачуў, калі Барух чытаў з кнігі ў вушы народу.
І паведаміў ім Міхей усі словы, што ён чуў, як Борух чытаў кнігу ў вушы люду.
І паслалі ўсе князі да Баруха Егудыя, сына Нэтаніі, сына Шэлеміі, сына Кушы, кажучы: «Вазьмі ў руку тваю скрутак, з якога ты чытаў у вушы народу, і прыходзь!» І ўзяў Барух, сын Нэрыі, скрутак у руку сваю, і прыйшоў да іх.
Тады ўсі князі паслалі да Боруха Юду, сына Нефані, сына Шэлемі Хушанка, сказаць: «Вазьмі ў руку сваю зьвітак, што ты чытаў у вушы люду, і пайдзі». І Борух Ніранок узяў зьвітак у руку сваю і прышоў да іх.
І яны сказалі яму: «Сядзь, калі ласка, і прачытай гэта ў вушы нашыя». І прачытаў Барух [словы] ў вушы іхнія.
І сказалі яму: «Сядзь жа й прачытай у вушы нам». І Борух чытаў у вушы ім.
І сталася, калі яны пачулі ўсе словы гэтыя, яны спалохаліся адзін перад адным і сказалі Баруху: «Паведамляючы, паведамім валадару ўсе словы гэтыя».
І сталася, як яны выслухалі ўсі словы, што зжахнуліся адзін перад адным і сказалі Боруху: «Мы канечне маем паведаміць каралю ўсі гэтыя словы».
І запыталі яны ў Баруха, кажучы: «Скажы, калі ласка, нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных?»
І яны папыталіся ў Боруха, кажучы: «Скажы ж нам, як ты запісаў усі гэтыя словы з вуснаў ягоных?»
І Барух сказаў ім: «Вуснамі сваімі ён дыктаваў мне ўсе словы гэтыя, а я запісваў іх атрамантам у кнізе».
Тады Борух сказаў ім: «Ён вымаўляў усі гэтыя словы імне вуснамі сваімі, а я запісаваў іх чэрняю ў кнігу».
І сказалі князі Баруху: «Ідзі, схавайся, ты і Ярэмія, і няхай ніхто ня ведае, дзе вы».
Тады сказалі князі Боруху: «Ідзі, схавайся, ты а Ярэма, і няхай ніхто ня ведае, ідзе вы».
І яны пайшлі да валадара на панадворак [палацу], а скрутак пакінулі ў пакоі пісара Элішамы, і паведамілі ў вушы валадара.
І прышлі да караля да палацу, але зьвіток пакінулі ў пакою Елішамы, пісара, і сказалі ў вушы караля ўсі словы.
І паслаў валадар Егудыя, каб прынёс скрутак. І Егудый узяў яго з пакоя Элішамы пісара, і прачытаў яго ў вушы валадара і ў вушы ўсіх князёў, якія стаялі пры валадары.
Кароль паслаў Юду прынесьці зьвіток, і ён узяў яго зь Елішамы, пісара, пакою. І Юда чытаў яго ў вушы каралю і ў вушы ўсіх князёў, што стаялі ля караля.
А валадар сядзеў у доме зімовым у дзявятым месяцы, і перад абліччам ягоным [стаяла] жарніца з распаленым [вугольлем].
Кароль сядзеў у зімовым доме дзявятага месяца, а перад ім гарэла на вогнішчу.
І сталася, калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, адразаў іх валадар сьцізорыкам пісарскім і кідаў у агонь, які [быў] у жарніцы, пакуль увесь скрутак не згарэў у агні, які [быў] у жарніцы.
І сталася, як Юда прачытаваў тры-чатыры лісты, што ён адцінаў іх складанчыкам і кідаў у цяпло, што на вогнішчу, пакуль увесь зьвіток ня быў зьнішчаны ў цяпле, што на вогнішчу.
І не спалохаліся, і не разьдзёрлі шатаў сваіх валадар і ўсе слугі ягоныя, якія слухалі ўсе словы гэтыя.
Яны, адылі, не спалохаліся ані разьдзерлі адзецьці свае, кароль ані хто-лень із слугаў ягоных, што слухалі ўсі гэтыя словы.
І хоць Эльнатан, Дэлая і Гемарыя прасілі валадара не паліць скрутак, ён іх не паслухаў.
Дарма што Елнафан а Дэлая а Ґемара прычыняліся ў караля, каб ён не паліў зьвітка, ён не паслухаў іх.
І загадаў валадар Ерахмээлю, сыну валадара, і Сэраі, сыну Азрыэля, і Шэлеміі, сыну Абдээля, схапіць Баруха пісара і Ярэмію прарока, але ГОСПАД схаваў іх.
І расказаў кароль Ерагмелю, каралевічу, а Сэраі Азрэелёнку а Шэлеме Аўдыеленку ўзяць Боруха, пісара, а Ярэму прароку; але СПАДАР схаваў іх.
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі пасьля таго, як валадар спаліў скрутак са словамі, якія Барух напісаў з вуснаў Ярэміі, кажучы:
Просьле тога, як кароль спаліў зьвіток а словы, што Борух запісаў з вуснаў Ярэмы, было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:
«Павярніся і вазьмі сабе іншы скрутак, і напішы на ім усе словы папярэднія, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Егаякім, валадар Юды.
«Вазьмі сабе ізноў другі зьвіток і напішы ў ім усі словы першыя, што былі ў зьвітку першым, каторы Егоякім, кароль Юдэйскі, спаліў.
А пра Егаякіма, валадара Юды, скажаш: “Гэта кажа ГОСПАД. Ты спаліў скрутак гэты, кажучы: "Навошта ты напісаў у ім, кажучы: “Прыходзячы, прыйдзе валадар Бабілонскі і зьнішчыць зямлю гэтую, і вынішчыць з яе людзей і быдла”?"
А празь Егоякіма, караля Юдэйскага, скажы: "Гэтак кажа СПАДАР: "Ты спаліў гэны зьвіток, кажучы: "Чаму ты напісаў у ім, кажучы: канечне прыйдзе кароль Бабілёнскі, і разбура зямлю гэтую, і зьвядзець на ёй чалавека й жывёлу?"’
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра Егаякіма, валадара Юды. Ня будзе ў яго таго, хто будзе сядзець на пасадзе Давіда. Труп ягоны будзе выстаўлены на сьпёку ўдзень і на холад уначы.
Затым гэтак кажа СПАДАР празь Егоякіма, караля Юдэйскагага: ’Ён ня будзе мець нікога седзячага на пасадзе Давідавым, і труп ягоны будзе выкінены ўдзень на вар і ночы на мароз;
І Я наведаю яго і насеньне ягонае, і слугаў ягоных за беззаконьні іхнія, і навяду на іх, і на жыхароў Ерусаліму, і на мужоў Юды ўсё ліха, пра якое Я прамовіў да іх, а яны ня слухалі”».
І Я даведаюся да яго а да насеньня ягонага а слугаў ягоных за бяспраўе іхнае; і навяду на іх, і на жыхараў Ерузаліму, і на мужоў юдэйскіх ўсе ліха, што Я вымавіў супроці іх, але яны ня слухалі’"».
І Ярэмія ўзяў іншы скрутак, і даў яго Баруху, сыну Нэрыі, пісару, і той напісаў на ім з вуснаў Ярэміі ўсе словы кнігі, якую спаліў Егаякім, валадар Юды. І было дададзена да іх яшчэ шмат падобных словаў.
І ўзяў Ярэма другі зьвіток, і даў яго Боруху Ніранку, пісару, каторы напісаў на ім з вуснаў Ярэмы ўсі словы зьвітка, што Егоякім, кароль Юдэйскі, спаліў на цяпле; і, апрача тога, былі даданы да іх шмат якія падобныя словы.