Ераміі 18 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
 
Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:

«Устань і зыйдзі ў дом ганчара, і там пачуеш слова Маё».
 
«Устань і выйдзі да дому ганчаровага, і там дам табе пачуць словы Мае».

І я зыйшоў у дом ганчара, і вось, ён акурат працаваў пры кружале.
 
І зышоў я да дому ганчаровага, і вось, ён робе работу на камянёх.

І папсулася пасудзіна, якую ён рабіў з гліны, у руцэ ганчара, і ён зноў зьвярнуўся [да яе], і зрабіў з яе іншую пасудзіну, якая даспадобы была ў вачах ганчара, каб ён зрабіў яе.
 
І папсавалася гліняная судзіна, што ён зрабіў, у руццэ ганчаровай; тады ён ізноў зрабіў судзіну другую, якую было зьлюб ганчару зрабіць.

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:

«Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраіля, як гэты ганчар? — кажа ГОСПАД. Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраіля, у руцэ Маёй.
 
«Доме Ізраеляў, ці не магу Я зрабіці з вамі, як гэты ганчар? — агалашае СПАДАР: — вось, як гліна ў руццэ ганчаровай, так вы ў руццэ Маёй, доме Ізраеляў.

Часам Я прамоўлю адносна народу і валадарства, што Я выкарчую і павалю, і зьнішчу яго.
 
Рэдчас Я скажу праз народ а праз каралеўства, каб вырваць а разьбіць а выгубіць;

Але калі народ гэты, супраць якога Я прамаўляў, адвернецца ад ліхоты сваёй, Я пашкадую [ўчыніць] зло, якое Я задумаў учыніць для яго.
 
А калі навервецца тый народ ад ліха свайго, праз каторае Я казаў, Я пажалею ліха, што Я маніўся зрабіць ім.

Іншым разам Я прамоўлю адносна народу і валадарства, што збудую і ўгрунтую [яго].
 
Рэдчас Я скажу праз народ а каралеўства, каб збудаваць а пасадзіць яго;

Але калі ён будзе рабіць ліхоту ў вачах Маіх, ня слухаючы голас Мой, Я пашкадую [ўчыніць] дабро, якое казаў, што зраблю для яго.
 
Калі ён зробе ліха ў ваччу Маім, што не паслухае голасу Майго, тады Я пажалею дабра, праз каторае Я казаў, што зраблю яму.

І цяпер кажы, прашу, мужам Юды і жыхарам Ерусаліму, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я рыхтую супраць вас зло і задумаў супраць вас намер. Навярніцеся, прашу, кожны ад шляху свайго ліхога і зрабіце добрымі шляхі вашыя і ўчынкі вашыя”.
 
Дык цяпер гукай жа мужом Юды а жыхарам Ерузаліму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Вось, Я гатую вам няшчасьце і абдумую замер супроці вас; затым кажны зьвярніцеся зь ліхое дарогі свае і папраўце дарогі свае а ўчынкі свае’".

А яны сказалі: “Надарма! Бо мы будзем хадзіць паводле думак нашых, кожны будзе рабіць паводле закамянеласьці ліхога сэрца свайго”.
 
Але яны кажуць: "Нельга, бо мы будзем хадзіць за падумкамі сваімі, і кажны подле ўпорлівасьці ліхога сэрца свайго дзеяць будзе".

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Спытайцеся, прашу, у народаў, ці хто чуў пра такое? Агідную [рэч] учыніла дзяўчына Ізраіля.
 
Затым гэтак кажа СПАДАР: "Папытайцеся ж у народаў, хто чуў падобнае; вельма страшна зрабіла дзеўка Ізраелява.

Ці зыходзіць сьнег Лібану са скалы ў полі? Ці высыхаюць воды чужыя, халодныя і плыткія?
 
Ці сьнег лібанскі пакіне палявыя скалы? хіба высахнуць сьцюдзёныя воды, з чужыны цякучыя?

Бо народ Мой забыўся пра Мяне, для марноты яны паляць кадзіла! І будуць яны спатыкацца на шляхах сваіх, на сьцежках старадаўніх, будуць хадзіць па сьцежках, па дарозе няходжанай.
 
А люд Мой забыўся Мяне, яны кадзілі марнасьці; і яны спатыкаліся на дарогах сваіх, сьцежках старавечных, і хадзілі сьцежкамі прыдарожнымі, дарогамі няўладжанымі, не гасьцінцамі,

І пераменіцца зямля іхняя ў пустэчу, [будзе] пасьмешышчам на вякі. Кожны, хто будзе праходзіць, аслупянее і будзе ківаць галавою сваёй.
 
Робячы жах із свае зямлі, кажначасны сьвіст; кажны, што пройдзе ля яе, зумеецца а паківае галавою сваёю.

Як вецер усходні, Я раскідаю іх перад абліччам ворага. Патыліцу, а не аблічча Я пакажу ім у дзень зьнішчэньня іхняга”».
 
Як усходнім ветрам, Я разьвею іх перад непрыяцелям; завыйкам, а ня відам, пакажуся ім у дзень няшчасьця іхнага"».

І яны сказалі: «Хадземце і змовімся супраць Ярэміі, бо ня зьнік Закон у сьвятара, і рада ў мудраца, і слова ў прарока. Хадземце, ударым яго языком, і не зьвяртайма ўвагі на ўсе словы ягоныя».
 
І сказалі яны: «Прыйдзіце, выдумайце штось на Ярэму; бо не загінула права ў сьвятара, ані рада ў мудрыца, ані слова ў прарокі; Прыйдзіце, і вытніма яго языком, і ня будзем зважаць на ніякія словы ягоныя».

Паслухай мяне, ГОСПАДЗЕ, і пачуй голас супраціўнікаў маіх.
 
Зваж на мяне, СПАДАРУ, і пачуй голас праціўнікаў маіх.

Ці ж за дабро аднагароджваюць ліхам? Бо яны выкапалі яму для душы маёй! Узгадай, як я стаяў перад абліччам Тваім, каб прамаўляць пра іх добрае і каб адвярнуць гнеў Твой ад іх.
 
Ці плацяць ліхам за дабро? бо яны выкапалі яму на душу маю. Успомні, што я стаў перад Табою, каб гукаць добрае за іх, адхінуць гнеў Твой ад іх.

Дзеля гэтага аддай сыноў іхніх на голад і вылі [кроў] іхнюю ад вострыва мяча! Няхай жонкі іхнія стануць бязьдзетнымі ўдовамі, а мужы іхнія няхай будуць сьмерцю забітыя, юнакі іхнія няхай будуць пазасяканыя мячом на вайне.
 
За тое аддай сыноў іхных галадові і аддай іх мячу, і няхай жонкі іхныя будуць спабытымі дзяцей а ўдовамі, і няхай мужоў іхных стрэне сьмерць, маладзёны іхныя будуць забіты мячом у бітве.

Няхай чуецца крык у дамах іхніх, бо Ты навядзеш на іх раптоўна арду злачынцаў, бо яны выкапалі яму, каб схапіць мяне, і пад ногі мае пасткі паставілі.
 
Няхай будзе чуць галашэньне з дамоў іхных, як Ты зьнецікі навядзеш на іх вятку за тое, што выкапалі яму, каб злавіць мяне, схавалі пасадку пад ногі мае.

А Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усе намеры іхнія, каб забіць мяне. Не даруй ім беззаконьня іхняга і грэху іхняга не прымай ад аблічча Твайго. Няхай яны спатыкнуцца перад абліччам Тваім.
 
Ты, адылі, СПАДАРУ, ведаеш усю іх ізраду на мяне, каб забіць мяне; не даруй бяспраўя іхнага ані вытры грэху іхнага перад відам Сваім, але няхай яны спатыкнуцца перад Табою, у часе гневу Свайго дзей ізь імі.