Ераміі 41 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сталася ў сёмым месяцы, прыйшоў Ізмаэль, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з насеньня валадарскага, і начальнікі валадара, і дзесяць чалавек з ім да Гедаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і елі там разам хлеб у Міцпе.
І сталася сёмага месяца: Ізмайла, сын Нефані Елішаменка, з каралеўскага насеньня, і князі каралеўскія, ажно дзесяцёх чалавекаў зь ім, прышлі да Ґедалі Агікаменка да Міцпы, і разам елі хлеб там у Міцпе.
І ўстаў Ізмаэль, сын Нэтаніі, і дзесяць чалавек, якія былі з ім, і ўдарылі Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана. І забіў [Ізмаэль] таго, каго валадар Бабілонскі прызначыў [начальнікам] у зямлі [Юды].
І ўстаў Ізмайла Нефавёнак і дзесяцёх чалавекаў, што былі зь ім, і выцялі Ґедалю, сына Агікама Шафанёнка мячом, і забілі таго, каго кароль Бабілёнскі быў прызначыўшы за дзяржаўцу ў зямлі.
І забіў Ізмаэль усіх Юдэяў, якія былі з Гедаліем у Міцпе, і Халдэйцаў ваяроў, якія там былі.
І зразіў Ізмайла ўсіх Гэбрэяў, што былі зь ім, з Ґедалям, у Міцпе, і Хальдэяў, што апынуліся там, вояў.
І сталася на другі дзень пасьля забойства, калі яшчэ ніхто [пра гэта] ня ведаў,
І сталася, назаўтрае па забіцьцю Ґедалі, і ніхто ня ведаў,
прыйшлі людзі з Сыхему, з Шыло і Самарыі, восемдзясят чалавек з паголенымі бародамі, разьдзёртымі шатамі і нарэзамі на целе, і ў руках іхніх [былі] ахвяры хлебныя і кадзіла, каб прынесьці [гэта] ў Дом ГОСПАДА.
І прышлі людзі із Шыхему, із Шыла а із Самары, асьмідзясят чалавекаў, з аголенымі барадамі й разьдзертым адзецьцям, і парэзаўшыся, з дарамі а кадзілам у руках, каб прынесьці да дому СПАДАРОВАГА.
І выйшаў Ізмаэль, сын Нэтаніі, насустрач ім з Міцпы, а яны, ідучы, ішлі і плакалі. І сталася, калі ён сустрэў іх, сказаў ім: «Ідзіце да Гедаліі, сына Ахікама!»
І вышаў Ізмайла Нефанёнак зь Міцпы наўпярэймы ім, і, ідучы, плакаў, і, як стрэў іх, сказаў ім: «Ідзіце да Ґедалі Агікаменка».
І сталася, калі ўвайшлі яны ў сярэдзіну горада, пазабіваў іх Ізмаэль, сын Нэтаніі, ён і людзі, якія [былі] з ім, і [ўкінуў] іх у сярэдзіну ямы.
І, як яны прышлі ў сярэдзіну места, Ізмайла Нефанёнак зарэзаў іх і кінуў у сярэдзіну ямы, ён а людзі, што былі зь ім.
І знайшлося дзесяць чалавек сярод іх, і яны сказалі Ізмаэлю: «Не забівай нас, бо маем у полі схаваныя запасы: пшаніцу, ячмень, алей і мёд». І ён спыніўся, і не забіў іх разам з братамі іхнімі.
Было, адылі, меж іх дзесяцёх чалавекаў, што сказалі Ізмайлу: «Не забівай, бо мы маем скарбы ў полю, пшонку а ячмень а аліву а мёд»; дык ён узьдзержаўся й не забіў іх памеж братоў іхных.
А яма, у якую Ізмаэль кідаў усе трупы людзей, якіх забіў разам з Гедаліем, [была] тою ямаю, якую зрабіў валадар Аса супраць Баашы, валадара Ізраіля. Гэтую яму Ізмаэль, сын Нэтаніі, запоўніў забітымі.
Яма ж, у каторую Ізмайла ўкінуў трупы забітых ім людзёў дзеля Ґедалі, была тая, каторую кароль Аса выкапаў ад Ваашы, караля Ізраельскага; Ізмайла Нефанёнак напоўніў яе забітымі.
І паланіў Ізмаэль усю рэшту народу, які [быў] у Міцпе, і дочак валадара, і ўвесь народ, які застаўся, якіх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, даручыў Гедаліі, сыну Ахікама. І забраў іх з сабою Ізмаэль, сын Нэтаніі, і адыйшоў, каб перайсьці да сыноў Амона.
І захапіў Ізмайла ў палон усю астачу люду, што ў Міцпе, дачкі каралеўскія і ўвесь люд, што застаўся ў Міцпе, каторых Невузар-Адан, начэльнік катаў, паручыў Ґедалі Агікаменку; дыкжэ іх узяў у палон Ізмайла Нефанёнак і пашоў, каб перайсьці да сыноў Амонавых.
І пачуў Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, якія [былі] з ім, пра ўсё ліха, якое ўчыніў Ізмаэль, сын Нэтаніі,
І пачуў Ёганан Карэажонак а ўсі вайводцы, што зь ім, праз усе ліха, што зрабіў Ізмайла Нефанёнак,
і сабралі яны ўсіх людзей, і пайшлі ваяваць з Ізмаэлем, сынам Нэтаніі. І знайшлі яны яго пры водах вялікіх, якія ў Гібэоне.
І ўзялі ўсіх людзёў, і пайшлі біцца з Ізмайлам Нефанёнкам, і знайшлі яго ля вялікіх водаў, што ў Ґівеоне.
І сталася, калі ўвесь народ, які быў з Ізмаэлем, убачыў Ёханана, сына Карэаха, і ўсіх князёў войска, якія [былі] з ім, яны ўзрадаваліся,
І сталася, як увесь люд, што быў зь Ізмайлам, абачыў Ёганана Карэажонка а ўсіх вайводцаў зь ім, тады яны ўзрадаваліся.
і адвярнуўся ўвесь народ, якога вывеў Ізмаэль з Міцпы, і вярнуліся, і перайшлі да Ёханана, сына Карэаха.
Дык увесь люд, што Ізмайла ўзяў у палон зь Міцпы, адвярнуўся ад яго, і навярнуліся й пашлі да Ёганана Карэажонка.
А Ізмаэль, сын Нэтаніі, уцёк з васьмёма людзьмі ад аблічча Ёханана і перайшоў да сыноў Амона.
Але Ізмайла Нефанёнак ўцёк ад Ёганана з асьма чалавекамі і пайшоў да сыноў Амовавых.
І ўзяў Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, якія з ім, усю рэшту народу, якую вывеў Ізмаэль, сын Нэтаніі, з Міцпы пасьля таго, як забіў Гедалію, сына Ахікама, ваяроў, жанчынаў, дзяцей і эўнухаў, якіх [Ёханан] вярнуў з Гібэону,
І ўзяў Ёгаван Карэажонак а ўсі вайводцы, што былі зь ім, астачу люду, каторую ён зьвярнуў ад Ізмайлы Нефанёнка зь Міцпы, просьле тога як ён забіў Ґедалю Агікаменка: дужасілаў, людзёў ваенных а жанкі а дзеці а легчанцоў, каторыя ён зьвярнуў зь Ґівеону.
і пайшлі яны, і затрымаліся ў Герут-Кімгаме, які блізка Бэтлеему, каб ісьці далей і [перайсьці] ў Эгіпет
І пашлі, і жылі ў сялібе Хімгам ля Бэтлеему, каб ісьці а прысьці да Ягіпту
далей ад аблічча Халдэйцаў, бо яны баяліся іх, бо Ізмаэль, сын Нэтаніі, забіў Гедалію, сына Ахікама, якога валадар Бабілонскі прызначыў над зямлёй [Юды].
Ад Хальдэяў, бо баяліся іх, бо Ізмайла Нефанёнак забіў Ґедалю Агікаменка, каторага кароль Бабілёнскі прызначыў за дзяржаўцу ў зямлі.