Ераміі 48 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Адносна Мааву. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Гора Нэво, бо ён зьнішчаны, і Кірыятаім асаромлены і здабыты, асаромлены замак і напалоханы.
Праз Моава гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Бяда Неву, бо яно аглабана; паганьбены а ўзяты Кірафаім; паганьбены Місґаў і патрышчаны.
Няма больш славы ў Мааве! У Хешбоне задумляюць ліхоту супраць яго: “Хадзем, выгубім яго спаміж народаў”. Таксама ты, Мадмэн, замоўкнеш, за табою прыйдзе меч.
Няма болей хвалы Моаву; у Гэшбоне задумляюць ліха на яго, кажучы: "Прыходзьце й вынішчыма яго з быцьця народам". І ты, Мадмене, занямееш, меч пойдзе за табою.
Голас крыку з Харанаіму: “Спусташэньне і бяда вялікая”.
Слухай! крык із Горонаіму, глабаньне а вялікае патрышчаньне.
Мааў пераможаны! Чуваць крык аж да Цаару.
Моаў патрышчаны, ўзьнялі крык дзецяняты ягоныя.
Праз вандол у Люхіт узыходзяць, плачучы, на схіле Харанаіму чутна галашэньне пра загубу:
Бо на ўзыходзе на Лугіф плачма плачуць, бо на зыходзе да Горонаіму ўцісканьнікі будуць чуць крык патрышчаньня.
“Уцякайце! Ратуйце душы вашыя і будзеце як той верас у пустыні”.
Уцякайце, ратуйце душы свае й будзьце, як яленец на пустыні.
За тое, што ты спадзяваўся на справы твае і на скарбы твае, ты таксама будзеш здабыты, і Кемош пойдзе на выгнаньне, і разам [з ім] сьвятары ягоныя і князі ягоныя.
За тое, што ты спадзяваўся на гарады свае а на скарбы свае, то ты таксама будзеш узяты, і Хемош пойдзе ў палон ізь сьвятарамі а князьмі сваімі разам.
І прыйдзе руйнаваньне ў кожны горад, і [ніводзін] горад не ўратуецца, і загіне даліна, і будзе зьнішчана раўніна, бо [гэта] сказаў ГОСПАД.
І прыйдзе глабаньнік на кажнае места, і ніякае места не ўцячэць, і загіне даліна, і раўніна будзе зьнішчана, як СПАДАР сказаў.
Дайце крылы Мааву, і ён паляціць, і гарады ягоныя стануцца пустэчаю, і ня будзе жыхароў у іх.
Дайце крылы Моаву, каб ён лётма паляцеў, бо месты ягоныя будуць спустошаны, бязь нікога, хто жыў бы ў іх.
Пракляты, хто выконвае справу ГОСПАДА нядбала! Пракляты, хто меч Ягоны стрымлівае ад крыві!
Пракляты, хто робе работу СПАДАРОВУ ізрадліва, і пракляты, хто ўдзержуе меч свой ад крыві.
Мааў цешыўся супакоем ад юнацтва свайго і адпачываў спакойна на дражджах сваіх, і ня быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не ішоў на выгнаньне. Таму захаваў ён смак свой, і пах ягоны не зьмяніўся.
Моаў чуўся супакойным з маладосьці свае й сядзеў на дражджах сваіх, і ня быў пераліваны із судзіны да судзіны, і не хадзіў у палон; затым у ім застаўся смак ягоны, і пах ягоны не зьмяніўся.
Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я пашлю да яго тых, якія наліваюць [віно], і яны перальюць яго, і посуд ягоны спустошаць, і збаны ягоныя патаўкуць.
Затым, гля, настаюць дні ягоныя, — агалашае СПАДАР, — што Я пашлю на яго спаражняньнікаў, каторыя спарожняць яго, спарожняць судзьдзе ягонае й разаб’юць бутлі іхныя.
І будзе саромецца Мааў дзеля Кемоша, як дом Ізраіля саромеўся дзеля Бэтэлю, на які спадзяваўся.
І асарамаціцца Моаў за Хемош, як дом Ізраеляў быў асарамочаны за Бэт-Эль, надзею сваю.
Як вы [можаце] казаць: “Мы — волаты і ваяры ў бітве”?
Як вы кажаце: "Мы людзі адважныя й дужыя да вайны"?
Той, хто зьнішчыць Мааў і гарады ягоныя, прыходзіць, і найлепшыя юнакі ягоныя пойдуць на зарэз, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
Моаў разглабаны, і ўзяты месты ягоныя, і выборныя дзяцюкі ягоныя пашлі на зарэз, — агалашае Кароль, — СПАДАР войскаў імя Ягонае. —
Набліжаецца загуба Мааву, вельмі сьпяшаецца бяда ягоная.
Блізка да прыходу няшчасьце Моава, і ліха ягонае дужа барзьдзіць.
Спачувайце яму, усе, хто навокал яго, і ўсе, якія ведаеце імя ягонае, і кажыце: “Як зламаны скіпетр моцны, кій слаўны!”
Плачча па ім усі, што каля яго, і ўсі вы, што знаеце імя ягонае, кажыце: "Як паломлены кій моцны, палка пазору ягонага!"
Зыйдзі са славы сваёй і сядзь у сухой [зямлі], дачка Дыбону, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааву, і ён зруйнуе цьвярдыні твае.
Зыйдзі ізь сьці й сядзь на выпраглую зямлю, жыхарка-дачка Дывону, бо глабаньнік Моава прыйдзе на цябе, абура моцныя гарады твае.
Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэру, і пытайся таго, хто ўцёк, і таго, хто ўратаваўся, і кажы: “Што сталася?”
Стой ля дарогі й назірай, жыхарка Ароіру, пытайся ў тога, хто ўцякае, і ў тога, хто ратуецца, кажы: "Што прыгадзілася?"
Мааў асаромлены, бо зламаны. Крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што спустошаны Мааў.
Моаў асарамочаны, бо патрышчаны; галасіце й крычыце, накажыце гэта ўв Арноне, што Моаў паглабаны.
Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Халён, на Ягцу, на Мэфаат,
І суд прыходзе на край раўніны, на Голон а на Ягзу а на Мефааф
на Дыбон, на Нэво, на Бэт-Дыблатаім,
А на Дывон а на Нево а на Бет-Дыўлафаім
на Кірыятаім, на Бэт-Гамуль, на Бэт-Мэон,
А на Кірафаім а на Бет-Ґамул а на Бет-Меон
на Керыёт, на Боцру і на ўсе гарады зямлі Мааў, далёкія і блізкія.
А на Кероф а на Воцру а на ўсі месты зямлі Моава, далёкія й блізкія.
Адсечаны рог Мааву, і зломлена рамяно ягонае, кажа ГОСПАД.
Адцяты рог Моаву, і патрышчана плячо ягонае, — кажа СПАДАР. —
Напаіце яго, бо ён узьвялічваўся супраць ГОСПАДА, і няхай паваліцца Мааў у ванітаваньні свае і станецца пасьмешышчам.
Дайце напітку яму, каб упіўся, бо ён вяльмуваўся супроці СПАДАРА; і Моаў будзе валяцца ў ірвакох сваіх, і станецца пасьмехам таксама.
Ці ня быў для цябе пасьмешышчам Ізраіль? Хіба ён знойдзены сярод злодзеяў, што ты ківаеш галавою, калі пра яго гаворыш?
Бо ці ня быў Ізраель пасьмехам табе? ці ён апынуўся меж злодзеяў, бо як толькі загукаеш празь яго, ты ківаеш.
Пакідайце гарады і жывіце сярод скалаў, жыхары Мааву, і будзьце як голуб, які віе гняздо на збоччах на краі стромы.
Пакіньце месты й жывіце на скалах, жыхары Моаву, і будзьце як галуба, што віець гняздо свае на бакох узыходу ў пячору.
Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, ганарыстасьць вялікую, пра фанабэрыстасьць ягоную і пра зухвальства ягонае, пра пыхлівасьць ягоную і надзьмутасьць сэрца ягонага.
Мы чулі гордасьць Моава — ён вельма горды — пыху ягоную а пыхатасьць ягоную а гордасьць ягоную а велягурыстасьць сэрца ягонага.
Я ведаю, кажа ГОСПАД, дзёрзкасьць ягоную, і што пустая пахвальба ягоная, і нявартае тое, што робяць яны.
Я ведаю, — агалашае СПАДАР, — гнеў ягоны, але ён несправядлівы; замеры ягоныя, але яны нічога справядлівага не зрабілі.
Дзеля таго Я галашу дзеля Мааву, і дзеля ўсяго Мааву лямантую, і бядую дзеля людзей Кір-Хэрэсу.
Затым Я буду галасіць па Моаву, крычэць па ўсіх Моаўлянах; па людзёх Кір-Гэрэсу буду стагнаць.
Больш, чым дзеля Язэру, Я плачу дзеля цябе, вінаграднік Сібмы! Парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да мора Язэру, але напаў нішчыцель на сьпелы плод твой і на вінаград твой.
Болей за плаканьне па Языру Я плачу па табе, о віно сыўмаскае; пагоны твае пусьціліся за мора, дасяглі аж да мора Языру, глабаньнік напаў на летныя плады твае й на віназбор твой.
І забраныя радасьць і пацеха з вінаградніку і з зямлі Мааў, і Я скончу віно ў тоўчнях, [ніхто] яго не выціскае з радаснай песьняй, і радасная песьня [ўжо] ня радасная песьня.
І радасьць, і весялосьць адабраны ад уродлівага поля й ад зямлі Моаўскае; і віно ў таўчэльні суняў, ніхто не таўчэць яго з гуканьням, гуканьне ня ё гуканьням.
Ад крыку з Хешбону аж да Элеале, аж да Ягацу даходзіць голас іхні, ад Цаару да Харанаіму і да Эглят-Шэлішыі, бо нават воды Німрыму стануць сухой [зямлёю].
Ад галашэньня Гэшбону аж да Елеялы, але да Ягаза яны ўзьнялі голас, ад Цоару аж да Горонаіму, да трэйцяга Еґлафу, бо таксама воды Німрымскія стануць пустынямі.
Я выгублю ў Мааве, кажа ГОСПАД, таго, хто ўзыходзіць на ўзгоркі і кадзіць багам сваім.
І Я спыню, — агалашае СПАДАР, — абраканьне на ўзвышшах і кадзеньне багом іхным.
Дзеля гэтага сэрца Маё дзеля Мааву як жалейка стогне, і дзеля людзей Кір-Хэрэсу як жалейка стогне, бо ўсё, што яны сабралі, прапала.
Затым сэрца Мае па Моаву, як дуда, дудзець будзе; і сэрца Мае па людзёх Кір-Гэрэсу, як дуда, дудзець будзе, бо множасьць, прыдбаная ім, загінула.
Бо кожная галава аблысела, і кожная барада абголена, на ўсіх руках — нарэзы, і на сьцёгнах — зрэбніца.
Бо ў кажнага галава лысая і кажнага барада астрыжана, на руках у ўсіх нарэзы і на сьцёгнах зрэбніна.
На ўсіх дахах Мааву і на плошчах ягоных лямант вялікі, бо Я раструшчыў Мааў, як посуд [гліняны], які не падабаецца, кажа ГОСПАД.
На ўсіх стрэхах у Моава й на ўсіх вуліцах яго жалоба, бо Я патрышчыў Моава, як судзіну нялюбую, — агалашае СПАДАР. —
Які ён раструшчаны! Галасіце! Як Мааў уцякаў асаромлены! І стаўся Мааў пасьмешышчам і страхоцьцем для ўсіх навокал.
Як ён патрышчаны й выюць! Як Моаў адвярнуў завыек у сораме! Гэтак Моаў стаў пасьмехам а жахам усім, што навокал яго»;
Бо гэта кажа ГОСПАД. Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маавам.
Бо гэтак кажа СПАДАР: «Гля, ён паляціць, як арол, і распусьце крылы свае над Моавом.
Керыёт будзе здабыты, і крэпасьці захопленыя. І будзе сэрца волатаў Мааву ў той дзень, як сэрца жанчыны, якая нараджае.
Кіроф будзе ўзяты, і гарады захоплены. Сэрца адважных Моаўлян будзе таго дня, як сэрца хворае жонкі.
І будзе зьнішчаны Мааў як народ, бо ўзьвялічваўся супраць ГОСПАДА.
І Моаў будзе вынішчаны зь людаў, бо вяльмуваўся супроці СПАДАРА.
Жах, яма і пастка для цябе, жыхар Мааву, кажа ГОСПАД.
Страх а яма а пасадка на цябе, жыхару Моава, — агалашае СПАДАР. —
Хто ўцячэ ад жаху, упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены ў пастку, бо Я прывяду на Мааў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.
Хто ўцячэць із страху, — уваліцца ў яму; а калі вылезе зь ямы, — луча ў пасадку, бо Я навяду на яго, на Моава, год кары на іх, — агалашае СПАДАР. —
У ценю Хешбону стануць зьнясіленыя ўцекачы, але агонь выйдзе з Хешбону, і полымя — з сярэдзіны Сыгону, і праглыне бакі Мааву і цемя сыноў бунту.
Уцякаючыя адзяржаліся з высіленьня пад сьценям Гэшбону, бо вышла цяпло з Гэшбону й поламя з пасярод Сыгону, і пажарэць бакі Моававы й цемя сыноў вераску.
Гора табе, Мааў! Загінуў народ Кемоша, бо сыны твае ўзятыя ў палон, і дочкі твае — у няволі.
Бяда табе. Моаве, люд Хемоша гіне; бо сынове твае ўзяты палоненікамі й дачкі твае — у палон.
Але Я вярну палонных Мааву ў будучыя дні, кажа ГОСПАД. Аж дасюль суд над Маавам».
Але зьвярну палон Моаваў у вапошнія дні, — кажа СПАДАР». Дагэтуль рассудак праз Моава.