Ераміі 12 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Справядлівы Ты, СПАДАРУ, як я адзываюся да Цябе; буду праз суды гутарыць із Табою: чаму дарогу нягодных робіш дасьпешнаю, і шчасьлівыя ўсі тыя, што дзеюць вельма ізрадліва?
 
Справядлівы будзеш Ты, Госпадзе, калі я пачну судзіцца з Табою; і аднак жа буду гаварыць з Табою пра правасудзьдзе; чаму шлях бязбожных пасьпяховы, і ўсе вераломныя дабрашчасьцяцца?

Ты пасадзіў іх, і яны ўкараніліся, растуць і даюць плод; Ты блізка ў вуснах іхных, але далёка ад нырак іхных.
 
Ты пасадзіў іх, і яны ўкараніліся, вырасьлі і даюць плод. У іхніх вуснах Ты блізкі, але далёкі ад сэрца іх.

А мяне, СПАДАРУ, Ты знаеш; Ты бачыў мяне і выпрабаваў сэрца мае да Цябе. Пажані іх, як авечкі на зарэз, і акануй іх на дзень забіцьця.
 
А мяне, Госпадзе, Ты ведаеш, бачыш мяне і выпрабоўваеш сэрца маё, якое яно к Табе. Аддзялі іх, як авечак на закол, і падрыхтуй іх на дзень забіваньня.

Пакуль будзе зямля ў жалобе, і трава на ўсіх палёх сохці за нягоднасьць тых, што жывуць на ёй? зьвяры зьнішчаны і птушкі, бо яны казалі: «Ён ня бача нашага апошняга канца».
 
Ці доўга будзе жаліцца зямля, і трава на ўсіх палях — сохнуць? быдла і птушкі гінуць за бязбожнасьць жыхароў яе; бо яны кажуць: Ён ня ўбачыць, што з намі будзе.

«Калі ты бяжыш ізь пяхотнымі, і яны стамавалі цябе, дык як будзеш супарстваваць із коньмі? І калі ў супакойнай зямлі ты бясьпечны, дык што будзеш рабіць у часе паводкі Ёрдану?
 
Калі ты зь пешымі бег, і яны стамілі цябе, як жа табе спаборнічаць з конямі? і калі ў краіне мірнай ты быў у бясьпецы, дык што будзеш рабіць у павадак Ярдана?

Бо нават браты твае й дом айца твайго, нават яны абходзяцца ізрадліва з табою; таксама яны зяваюць за табою. Нявер ім, дарма што яны гукаюць харошае табе».
 
Бо і браты твае і дом бацькі твайго, і яны вераломна ўчыняюць з табою, і яны крычаць усьлед табе гучным голасам. Ня вер ім, калі яны кажуць табе і добрае.

«Я пакінуў дом Свой, кінуў спадак Свой, любовае душы Сваёй даў у руку непрыяцеляў ейных.
 
Я пакінуў Мой дом; пакінуў надзел Мой; самае ласкавае душы Маёй аддаў у рукі ворагаў яго.

Спадак Мой стаў Імне як леў у лесе, ён крычыць на Мяне; за тое Я зьненавідзіў яго.
 
Доля Мая зрабілася Мне як леў у лесе; узвысіла на Мяне голас свой: за тое я ўзьненавідзеў яе.

Ці калярыстаю птушкаю ёсьць Імне спадак Мой? навокал яе птушкі на яе. Ідзіце, зьбярыцеся ўсі зьвераняты палявыя, прыйдзіце пажэрці.
 
Доля Мая зрабілася ў Мяне, як стракатая птушка, на якую з усіх бакоў напалі іншыя драпежныя птушкі. Ідзеце, зьбірайцеся ўсе польныя зьвяры: ідзеце жэрці яго.

Шмат якія пастухі спустошылі гарод Мой, патапталі нагамі дзель Маю, абярнулі Маю любовую дзель у запушчаную пустыню,
 
Мноства пастухоў сапсавалі Мой вінаграднік, вытапталі нагамі дзялянку Маю; любімую дзялянку Маю зрабілі пустым стэпам,

Спустошылі яе, спустошаная яна ў жалобе перад Імною, бо нікому не ляжыць на сэрцу.
 
зрабілі яе пустыняю, і ў запусьценьні яна плача перад Мною; уся зямля спустошана, бо ніводзін чалавек не бярэ гэтага да сэрца.

Глабаньнікі прышлі на ўсі ўзгор’і пустыні, бо меч у СПАДАРА, і ён жарэць ад канца зямлі аж да канца зямлі; няма супакою ніякаму целу.
 
На ўсе горы ў пустыні прыйшлі спусташальнікі; бо меч Госпада пажырае ўсё ад аднаго краю зямлі да другога: няма міру ніякай плоці.

Яны сеялі пшонку, але пажалі цернь; без патрэбы высіляліся, а не скарысталі; і будзеце засарамочаны ад прыбыткаў сваіх, ад полаў гневу СПАДАРОВАГА».
 
Яны сеялі пшаніцу, а зжалі церне; вымучыліся, і не атрымалі ніякай карысьці; пасаромейцеся ж такіх прыбыткаў вашых з прычыны палымянага гневу Госпада.

Гэтак кажа СПАДАР праз усіх ліхіх суседзяў Маіх, што чапаюць спадак, каторы Я прызначыў спасьці люду Свайму Ізраелю: «Абач, Я вырву іх ізь зямлі іхнае і дом Ізраеляў вырву з памеж іх.
 
Так кажа Гасподзь пра ўсіх ліхіх маіх суседзяў, якія нападаюць на надзел, які Я даў у спадчыну народу Майму, Ізраілю: вось, Я вырву іх зь зямлі іхняй, і дом Юдаў вырву з асяродзьдзя іх.

І станецца па вырваньню іх, што Я зьвярну й зжалюся над імі, і зьвярну кажнага на спадак ягоны й кажнага — на зямлю ягоную.
 
Але пасьля таго, як Я вырву іх, зноў вярну і памілую іх, і прывяду кожнага ў надзел ягоны, і кожнага — у зямлю яго.

І станецца, калі яны будуць улегліва вучыцца дарогаў люду Майго, прысягаць імям Маім: "Жыў СПАДАР!" як яны вучылі люд Мой прысягаць Ваалам, — тады яны будуць умешчаны сярод люду Майго.
 
І калі яны навучацца шляхоў народу Майго, каб прысягаць імем Маім «жывы Гасподзь», як яны навучылі народ Мой прысягаць Ваалам, — дык уцьвердзяцца сярод народу Майго.

Калі ж ня будуць слухнянымі, я супоўна вырву а зьнішчу такі народ», — кажа СПАДАР.
 
Калі ж не паслухаюцца, дык Я выкарчую і зусім ўзьнішчу такі народ, кажа Гасподзь.