Ераміі 14 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Было слова СПАДАРОВА Ярэме з прыгоды сухмяню:
 
Слова Госпада, якое было Ераміі з нагоды бездажджэўя.

«У жалобе Юдэя, і брамы яе кволеюць, шчарнелі як зямля, і галашэньне Ерузаліму ўзышло.
 
Плача Юда, брамы ягоныя распаліся, пачарнелі на зямлі, і енк падымаецца ў Ерусаліме.

Панове іхныя пасылаюць сваю моладзеж вады; яны прыходзяць да ямаў, не знаходзяць вады; зварачаюцца з пустым судзьдзям сваім, яны засароміўшыся, і чырванеюць, і накрываюць галавы свае.
 
Вяльможы пасылаюць слуг сваіх па ваду; яны прыходзяць да калодзежаў і не знаходзяць вады; вяртаюцца з парожнім посудам; прысаромленыя і зьбянтэжаныя, яны пакрываюць свае галовы.

Затым што зямля патрэскалася, бо ня было дажджу на зямлі, ралейнікі засароміўшыся, яны накрываюць галавы свае.
 
Як бо глеба патрэскалася ад таго, што ня было дажджу на зямлю, дык і земляробы зьбянтэжаныя і пакрываюць свае галовы.

Нават лань на полю родзе й пакідае, бо няма травы.
 
Нават і касуля нараджае на полі і пакідае дзяцей, бо няма травы.

Дзікія аслы стаяць на ўзгорках, глытаюць паветра, як шакалы; зацьмелі вочы іхныя, бо няма травы.
 
І дзікія аслы стаяць на ўзвышаных мясьцінах і глытаюць, нібы шакалы, паветра; вочы ў іх зацьміліся, бо няма травы.

Хоць бяспраўі нашы сьветчаць на нас, СПАДАРУ, чыні дзеля імені Свайго; бо адступніцтваў нашых шмат, супроці Цябе ізграшылі мы.
 
Хоць нашыя беззаконьні сьведчаць супроць нас, але Ты, Госпадзе, твары з намі дзеля імя Твайго; адступніцтва наша вялікае, зграшылі мы перад Табою.

Надзея Ізраелява й Спасе ягоных у часе бяды! чаму Ты, як чужы, на зямлі гэтай, як падарожны, што прытуліўся, каб пераначаваць?
 
Надзея Ізраіля, Ратаўнік яго ў часы скрухі! Навошта Ты — як чужынец, у гэтай зямлі, як праходжы, які зайшоў заначаваць?

Чаму Ты — як людзіна зумеўшыся, як дужасіл, каторы ня можа ратаваць? Ты, СПАДАРУ, адылі, сярод нас, і імям Тваім мы завемся: не пакідай нас».
 
Навошта Ты — як чалавек зьдзіваваны, як дужы, як той, што ня мае сілы выратаваць? І аднак жа Ты, Госпадзе, сярод нас, і Тваё імя названа над намі; не пакідай нас.

Гэтак кажа СПАДАР люду гэтаму: «Яны любяць блудзіць і ня ўдзержуюць ног сваіх, за тое СПАДАР ня прыяе ім, і цяпер успамінае бяспраўе іхнае, і карае іх за грахі».
 
Так кажа Гасподзь народу гэтаму: за тое, што яны любяць бадзяцца, ня стрымліваюць ног сваіх, за тое Гасподзь не дабраволіць ім, нагадвае сёньня беззаконьні іхнія і карае грахі іхнія.

І сказаў імне СПАДАР: «Ты не маліся за гэты люд на дабро яму.
 
І сказаў мне Гасподзь: ты не маліся за народ гэты на дабро яму.

Як яны будуць поставаць, Я не паслухаю галашэньня іхнага; і як абракуць усепаленьні а хлебныя аброкі, Я не папрыяю ім, але мячом а галадоўю а ліпучкаю Я выгублю іх».
 
Калі яны будуць пасьціцца, Я не пачую енку іхняга; і калі ўзьнясуць цэласпаленьне і дарунак, ня прыму іх; але мечам і голадам і згубнаю пошасьцю вынішчу іх.

І я сказаў: «Ах Спадару СПАДАРУ! вось, прарокі кажуць ім: "Вы не абачыце мяча, і галадові ня будзе ў вас, бо запраўдны мір Я дам вам на гэтым месцу"».
 
Тады скажу я: Госпадзе Божа! вось, прарокі кажуць ім: ня ўбачыце меча, і голаду ня будзе ў вас, а пастаянны мір дам вам на гэтым месцы.

Тады СПАДАР сказаў імне: «Прарокі праракаюць ману імям Маім: Я не пасылаў іх, не расказаў ім ані гукаў да іх; яны праракаюць хвальшывыя відзені а варожбы а рэчы бязвартыя, хвальшы сэрца свайго яны праракаюць вам».
 
І сказаў мне Гасподзь: прарокі прарочаць няпраўду імем Маім; Я не пасылаў іх і не даваў ім загаду, і не казаў ім; яны вяшчаюць вам уявы фальшывыя і варажбу, і пустое і мроі сэрца свайго.

Затым гэтак кажа СПАДАР праз прарокаў: «Яны праракаюць імям Маім, як Я не пасылаў іх, і яны гукаюць: "Мяча а галадові ня будзе на гэтай зямлі": мячом а галадоўю будуць выгублены прарокі гэтыя.
 
Таму так кажа Гасподзь пра прарокаў: яны прарочаць імем Маім, а Я не пасылаў іх; яны кажуць: «меча і голаду ня будзе на гэтай зямлі»: мечам і голадам будуць вынішчаны гэтыя прарокі,

І люд, катораму яны праракаюць, выкінены будзе на вуліцы Ерузаліму ад галадові а мяча, і ня будзе каму хаваць іх, — іх, жонкі іхныя, і сыноў іхных, і дачкі іхныя; бо Я выльлю на іх нягоднасьць іхную.
 
і народ, якому яны прарочаць, раскіданы будзе па вуліцах Ерусаліма ад голаду і меча, і ня будзе каму хаваць іх, — яны і жонкі іхнія, і сыны іхнія і дочкі іхнія; і Я вылью на іх ліхату іхнюю.

І кажы ім гэтае слова: "Вочы мае ліце сьлізу дзень і ноч і не пераставайце; бо вялікім патрышчаньням патрышчана дзеўка, дачка люду майго, вельма балючаю ранаю.
 
І скажы ім слова гэтае: хай ліюцца з вачэй маіх сьлёзы ноч і дзень, і хай не прасыхаюць; бо вялікай уразаю ўражана дзева, дачка народа майго, цяжкім ударам.

Калі йду на поле, во забітыя мячом; уходжу ў места, і во змоглыя з галадові; нават прарока а сьвятар цягаюцца па зямлі, ды ня ведаючы, што рабіць"».
 
Я выходжу на поле, — і вось, пабітыя мечам; уваходжу ў горад, — і вось тыя, што растаюць ад голаду; нават і прарок і сьвятар бадзяюцца па зямлі несьвядома.

Хіба Ты чыста адхінуў Юду? хіба душа Твая збрыдзіла Сыён? Нашто Ты выцяў нас так, што няма ачуняньня? Спадзяемся супакою — і дабра няма; часу ачуняньня — і вось жах.
 
Хіба ты зусім адкінуў Юду? Хіба душы тваёй спрыкраў Сіён? Навошта ўразіў нас так, што няма нам ацаленьня? Чакаем міру — і нічога добрага няма; чакаем часіны ацаленьня — і вось, жахі.

Ведаеш, СПАДАРУ, нягоднасьць нашу, бяспраўе айцоў нашых; бо мы ізграшылі перад Табою.
 
Усьведамляем, Госпадзе, бязбожнасьць нашую, беззаконства бацькоў нашых; бо зграшылі мы перад Табою.

Дзеля імені Свайго не пабрыдзься і не засаром пасаду славы Свае: успомні, ня ўзрушай змовы Свае з намі.
 
Не адкінь нас дзеля імя Твайго; не прыніжай трона славы Тваёй: узгадай, не разбурай запавету Твайго з намі.

Ціж ё меж марнот народаў, што могуць учыніць дождж? альбо могуць нябёсы даць лівуны? ці ня Ты гэта, СПАДАРУ, Божа наш? І мы спадзяемся на Цябе, бо Ты ўчыніў усе гэта.
 
Ці ёсьць сярод марных божышчаў язычніцкіх такія, што твораць дождж? альбо ці можа неба само па сабе падаваць зьліву? ці ня Ты гэта, Госпадзе Божа наш? на Цябе спадзяёмся мы; бо Ты творыш усё гэта.