Ераміі 46 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слова Гасподняе, якое было Ерамію прароку пра народы язычніцкія:
 
Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока пра народы.

пра Егіпет, пра войска фараона Нэхао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Еўфрат і Кархаміс, і якое пабіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага.
 
Супраць Эгіпту, супраць войска фараона Нэхо, валадара Эгіпецкага, якое было каля ракі Эўфрат у Каркемішы і якое пабіў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, у чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды:

Рыхтуйце шчыты і дзіды, і ўступайце ў бітву;
 
«Падрыхтуйце тарчу і шчыт і ідзіце ў бой!

сядлайце коні і сядайце, вершнікі, і станавецеся ў шаломах; мяньцеце дзіды, апранайцеся ў браню.
 
Запрагайце коней і сядайце, вершнікі, і пашыхтуйцеся [тыя, што] ў шаломах, навастрыце дзіды і апраніце панцыры!

Чаму ж, бачу Я, яны зьнясьмеліліся і павярнуліся назад? і дужыя ў іх пабітыя, і бягуць без аглядкі; адусюль жах, кажа Гасподзь.
 
Што я бачу? Яны напалоханыя, адыходзяць, і волаты іхнія пабітыя, уцякаюць у страху і не аглядаюцца! Жах вакол, кажа ГОСПАД.

Не ўцячэ хуткі на ногі, і не ўратуецца дужы; на поўначы, каля ракі Еўфрат, яны спатыкнуцца і ўпадуць.
 
Не ўцячэ хуткі і ня выратуецца волат. На поўначы, на беразе ракі Эўфрат спатыкаюцца яны і падаюць.

Хто гэта падымаецца, як рака, і як патокі хвалююцца воды яго?
 
Хто той, які падымаецца як рака, воды ягоныя хвалююцца як ручай?

Егіпет падымаецца, як рака, і, як патокі, захваляваліся воды яго, і кажа: «падымуся і пакрыю зямлю, загублю горад і жыхароў яго».
 
Эгіпет падымаецца як рака, і воды ягоныя хвалююцца як ручай, і ён кажа: “Падняўшыся, пакрыю зямлю, зьнішчу горад і жыхароў ягоных”.

Сядайце на коні і імчэце, калясьніцы, і выступайце, дужыя, Эфіопы і Лівійцы, узброеныя шчытом, і Лідыйцы, што трымаеце лукі і напінаеце іх;
 
Імчыце, коні, ляціце, калясьніцы, і ідзіце наперад, волаты. Куш і Пут няхай трымаюць шчыты, і Людыйцы няхай нацягваюць лук!

бо дзень гэты ў Госпада Бога Саваофа ёсьць дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным; і меч будзе пажыраць, і насыціцца і ўп’ецца крывёю іхняю; бо гэта Госпаду Богу Саваофу будзе ахвяраваньне ў зямлі паўночнай, каля ракі Еўфрат.
 
Гэта дзень Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным. І меч будзе есьці, і насыціцца, і нап’ецца крыві, бо гэта ахвяра для Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, у зямлі паўночнай каля ракі Эўфрат.

Ідзі ў Галаад і вазьмі бальзаму, дзева, дачка Егіпта; дарма ты будзеш памнажаць лекаваньні, няма табе ацаленьня.
 
Пайдзі ў Гілеад і вазьмі бальзам, дзяўчына, дачка Эгіпту! Надарма, памнажаючы, ты памнажаеш лекі, няма аздараўленьня для цябе!

Пачулі народы пра пасаромленьне тваё, і лямант твой напоўніў зямлю; бо дужы сутыкнуўся з дужым, і абодва разам загінулі.
 
Пачулі народы пра ганьбу тваю, і галашэньне тваё напоўніла зямлю, бо волат спатыкнуўся аб волата, і абодва ўпалі разам».

Слова, якое сказаў Гасподзь прароку Ерамію пра Навухаданосара, цара Вавілонскага, каб разьбіць зямлю Егіпецкую:
 
Слова, якое прамовіў ГОСПАД да Ярэміі прарока пра прыйсьце Навухаданосара, валадара Бабілонскага, каб захапіць зямлю Эгіпецкую:

абвясьцеце ў Егіпце і дайце знак у Магдоле, і дайце знаць у Нофе і Тафнісе; скажэце: «спыніся і рыхтуйся, бо меч пажырае навакольлі твае».
 
«Паведаміце Эгіпту і паслухайце ў Мігдоле, паслухайце ў Нофе і Тахпанхэсе! Скажыце: “Стань і рыхтуйся, бо меч праглыне [ўсё] вакол цябе”.

Чаму дужы твой павалены? — ня ўстояў, бо Гасподзь пагнаў яго.
 
Чаму ўпаў асілак твой? Не ўстаяў ён, бо ГОСПАД штурхнуў яго.

Ён памножыў тых, што падалі, нават падалі адзін на аднаго, і казалі: «уставай і вернемся да народу нашага ў родную нашу зямлю ад пагібельнага меча»,
 
Моцна захістаўся і ўпаў чалавек на бліжняга свайго, і сказаў: “Падыміся і вернемся да народу нашага і ў зямлю нараджэньня нашага ад аблічча мяча забойчага”.

А там крычаць: «фараон; цар Егіпта сумеўся; ён прапусьціў умоўлены час».
 
Назавіце фараона, валадара Эгіпецкага, “Гармідар”, ён прапусьціў час адпаведны.

Жыву Я, кажа Цар, імя Якога — Гасподзь Саваоф: як Тавор сярод гор і як Карміл каля мора, так пэўна прыйдзе ён.
 
Як жывы Я, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, як Табор сярод гор і як Кармэль пры моры, прыйдзе ён.

Рыхтуй сабе патрэбнае на перасяленьне, дачка — жыхарка Егіпта, бо Ноў будзе спустошаны, застанецца без жыхара.
 
Падрыхтуй рэчы на выгнаньне, жыхарка, дачка Эгіпту, бо Ноф стане пустэчаю, і будзе спалены, без жыхароў.

Егіпет — цудоўная цялушка; але пагібель ідзе з поўначы, ідзе.
 
Эгіпет — цялушка ладная, прыгожая, але авадзень з поўначы прыходзіць, прыходзіць.

І найміты яго сярод яго, як укормленыя цяляты, — і самыя павярнулі назад, пабеглі ўсе, ня ўстоялі, бо прыйшоў на іх дзень пагібелі іхняй, час наведваньня іх.
 
Найміты ягоныя пасярод яго як цяляты кормныя, але і яны вярнуліся і ўцяклі разам, ня вытрымалі, бо прыйшоў на іх дзень загубы іхняй, час наведваньня іхняга.

Голас яго ляціць, як зьмяіны; яны ідуць з войскам, прыйдуць на яго зь сякерамі, як дрывасекі;
 
Голас [Эгіпту] загучыць як [сычэньне] зьмяі, бо набліжаюцца з войскамі, і прыйдуць да яго з сякерамі, як дрывасекі.

высякуць лес яго, кажа Гасподзь, бо яны нязьлічоныя; іх больш, чым саранчы, і няма ліку ім.
 
І сьсякуць яны лес ягоны, кажа ГОСПАД, хоць ён непраходны, бо іх больш ад саранчы, і няма ім ліку.

Пасаромлена дачка Егіпта, перададзена ў рукі народу паўночнаму.
 
Асаромлена дачка Эгіпту і аддадзена ў рукі народу паўночнага.

Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў кажа: вось, Я наведаю Амона, які ў Но, і фараона і Егіпет, і багоў яго і цароў яго, фараона, і тых, што спадзяюцца на яго;
 
Кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю Амона ў Но, і фараона, і Эгіпет, і багоў ягоных, і валадароў ягоных, і фараона, і тых, якія спадзяюцца на яго.

і перадам іх у рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі рабам ягоным; але пасьля таго ён будзе населены, як у ранейшыя дні, кажа Гасподзь.
 
І аддам іх у рукі тых, якія шукаюць душу іхнюю, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі слугаў ягоных, але потым ён будзе абжыты як у дні старадаўнія, кажа ГОСПАД.

Ты ж ня бойся, рабе Мой Якаў, і не палохайся, Ізраіле: бо вось, Я выратую цябе з далёкай краіны і насеньне тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў, і будуць жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго.
 
А ты ня бойся, слуга Мой Якуб, і не палохайся, Ізраіль, бо вось, Я збаўлю цябе з [зямлі] далёкай, і насеньне тваё — з зямлі палону іхняга. І вернецца Якуб, і супачыне, і будзе ў бясьпецы, і ніхто ня будзе трывожыць [яго]!

Ня бойся, рабе Мой Якаў, кажа Гасподзь: бо Я з табою; Я зьнішчу ўсе народы, да Якіх Я выгнаў цябе, а цябе ня вынішчу; а толькі пакараю цябе ў меры; непакараным жа не пакіну цябе.
 
Ты ня бойся, слуга Мой, Якуб, кажа ГОСПАД, бо Я з табою, бо Я зраблю канец усім народам, у якіх Я расьцярушыў цябе, а табе не зраблю канец, але пакараю цябе паводле правасудзьдзя, і непакараным не пакіну цябе”».