3 царстваў 22 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Пражылі тры гады, і ня было вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.
 
Пражылі тры гады, і ня было вайны меж Араму й Ізраелю.

На трэці год Ёсафат, цар Юдэйскі, пайшоў да цара Ізраільскага.
 
І было на трэйці год, і зышоў Ясапат, кароль Юдэйскі, да караля Ізраельскага.

І сказаў цар Ізраільскі слугам сваім: ці ведаеце вы, што Рамот Галаадскі наш? а мы так доўга маўчым, і не бяром яго з рук цара Сірыйскага.
 
І сказаў кароль Ізраельскі слугам сваім: «Ці ведаеце, што Рамоф Ґілеадзкі наш? А мы так доўга маўчым, каб узяць яго з рук караля Арамскага».

І сказаў ён Ёсафату: ці пойдзеш ты са мною на вайну супроць Рамота Галаадскага? І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: як ты, так і я; як твой народ, так і мой народ; як твае коні, так і мае коні.
 
І сказаў ён Ясапату: «Ці пойдзеш ты з імною на вайну на Рамоф Ґілеадзкі?» І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; як твае коні, так і мае коні».

І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.
 
І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Даведайся, калі ласка, сядні, якое ё слова СПАДАРОВА».

І сабраў цар Ізраільскі прарокаў каля чатырохсот чалавек і сказаў ім: ці ісьці мне вайною на Рамот Галаадскі, ці не? Яны сказалі: ідзі, Гасподзь аддасьць яго ў рукі цара.
 
І зьбер кароль Ізраельскі прарокаў, каля чатырыста чалавекаў, і сказаў ім: «Ці йсьці імне на Рамоф Ґілеадзкі вайною, ці ўзьдзержыцца?» Яны сказалі: «Узыйдзі, і аддасьць СПАДАР у рукі каралеўскія».

І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга, каб нам папытацца празь яго ў Госпада?
 
І сказаў Ясапат: «Ці няма тут яшчэ прарокі СПАДАРОВАГА, каб нам папытацца ў яго?»

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна папытацца ў Госпада, але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое; гэта Міхей, сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы, цар, так.
 
І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ё яшчэ адзін чалавек, каторым можна папытацца ў СПАДАРА; але я ненавіджу яго, бо ён не праракае празь мяне добрага, а толькі благое, — Міхей Імлянок». І сказаў Ясапат: «Не кажы гэтак, каролю».

І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.
 
І пагукаў кароль Ізраельскі легчанца аднаго, і сказаў: «Барзьдзей па Міхея Імлянка!»

Цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сядзеньні сваім, апранутыя ў царскае ўбраньне, на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.
 
Кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, сядзелі кажны на пасадах сваіх, адзеўшыся ў вадзецьці, ля варот брамы Самарскае, і ўсі прарокі праракалі перад імі.

І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Ханааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: гэтымі збудзеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.
 
І зрабіў сабе Сэдэка Хенаанёнак зялезныя рогі, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Гэтымі будзеш басьці Арамлян, аж да выгубленьня іх"»

І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі, будзе посьпех, Гасподзь перадасьць яго ў руку цара.
 
І ўсі прарокі праракалі тое ж, кажучы: «Узыйдзі на Рамоф Ґілеадзкі, май дасьпех, СПАДАР дасьць у руку каралеўскую».

Пасланы, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, словы прарокаў адзінагалосна прадказваюць цару добрае; хай бы і тваё слова было сугалоснае са словам кожнага зь іх; скажы і ты добрае.
 
І пасланец, каторы пайшоў гукаць Міхея, гукаў яму, кажучы: «Вось жа, цяпер словы прарокаў аднымі вуснамі вяшчуюць добрае каралю; хай бы й твае слова было згоднае із словам кажнага зь іх; пракажы й ты добрае».

І сказаў Міхей: жывы Гасподзь! я скажу тое, што скажа мне Гасподзь.
 
І сказаў Міхей: «Жыў СПАДАР! тое, што скажа СПАДАР імне, тое буду казаць».

І прыйшоў ён да цара. Цар сказаў яму: Міхей! ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці не? І сказаў яму той: ідзі, будзе посьпех, Гасподзь аддасьць яго ў руку цара.
 
І прышоў ён да караля. Кароль сказаў яму: «Міхею! ісьці нам на Рамоф Ґілеадзкі вайною, ці ўзьдзержыцца?» І сказаў тый яму: «Узыйдзі, хай шчасьце табе, і СПАДАР аддасьць у руку каралеўскую».

І сказаў яму цар: яшчэ і яшчэ заклінаю цябе, каб ты не казаў мне нічога, апрача праўды ў імя Госпада.
 
І сказаў яму кароль: «Пакуль я маю заклінаць цябе, каб ты не казаў імне нічагусенькі, апрача праўды ў імя СПАДАРА?»

І сказаў ён: я бачу ўсіх Ізраільцянаў, расьсеяных па гарах, як авечак, у якіх няма пастуха. І сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, няхай вяртаюцца зь мірам кожны ў дом свой.
 
І сказаў ён: «Я бачу ўсяго Ізраеля, расьцярушанага па горах, бы авечкі, у каторых няма пастыра. І сказаў СПАДАР: "Няма спадароў у іх, хай зварачаюцца кажны да дому свайго ў супакою"».

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?
 
І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ці ня гукаў я табе, што ён не праракае празь мяне добрага, а толькі благое».

І сказаў Міхей: выслухай слова Гасподняе: я бачыў Госпада на троне Яго, і ўсё войска нябеснае стаяла пры Ім, праваруч і леваруч ад Яго;
 
І сказаў: «Дык выслухай слова СПАДАРОВА: я бачыў СПАДАРА, на пасадзе Сваім седзячага, і ўсе войска нябёскае стаяла ля Яго, па правай і па левай руццэ Ягонай.

і сказаў Гасподзь: хто схіліў бы Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш;
 
І сказаў СПАДАР: "Хто ўмове Агава, каб ён узышоў і паў у Рамофе Ґілеадзкім?" І сказаў гэты гэтак, а гэны сказаў гэнак.

і выступіў адзін дух, стаў перад абліччам Госпада і сказаў: я схілю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?
 
І вышаў нейкі дух, і стаў перад відам СПАДАРОВЫМ, і сказаў: "Я ўмоўлю яго". І сказаў яму СПАДАР: "Чым?"

Ён сказаў: я выйду і зраблюся духам ілжывым у вуснах усіх прарокаў ягоных. Гасподзь сказаў: ты схіліш яго і выканаеш гэта; ідзі і зрабі так.
 
Ён сказаў: "Я выйду й стану духам манлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных". І сказаў: "Ты ўмовіш і ўзумееш; выйдзі й зрабі гэтак".

І вось цяпер дапусьціў Гасподзь духа ілжывага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх; але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.
 
Дык цяпер, вось, СПАДАР даў духа манлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх гэтых, і СПАДАР гукаў празь цябе ліхое».

І пайшоў Сэдэкія, сын Хэнааны і, ударыўшы Міхея па шчацэ, сказаў: як, няўжо ад мяне адышоў Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?
 
І дабліжыўся Сэдэка Хенаанёнак, і, выцяўшы Міхею па шчаццэ, сказаў: «Як гэта адышоў Дух СПАДАРОЎ ад мяне, каб гукаць у табе?»

І сказаў Міхей: вось, ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з аднаго пакоя ў другі, каб схавацца.
 
І сказаў Міхей: «Вось, ты абачыш таго дня, як будзеш пераходзіць з пакою да пакою, каб схавацца».

І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына царовага,
 
І сказаў кароль Ізраельскі: «Вазьміце Міхея і зьвярніце яго да Амона гараднічага й да Ёаша, сына каралёвага,

і скажэце: так кажа цар: пасадзеце яго ў цямніцу і кармеце яго надгаладзь хлебам і надгаладзь вадою, пакуль я не вярнуся ў міры.
 
І скажыце: "Гэтак кажа кароль: ’Пасадзіце гэтага ў вязьніцу й давайце яму есьці хлеба вобмаль і вады вобмаль, пакуль я ня прыйду ў супакою’"».

І сказаў Міхей: калі вернешся ў міры, дык не Гасподзь гаварыў празь мяне. І сказаў: слухай, увесь народ!
 
І сказаў Міхей: «Калі зьвернешся, зьвернешся ў супакою, то не СПАДАР гукаў імною». І сказаў: «Слухайце, усі людзі!»

І пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.
 
І ўзышоў кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, на Рамоф Ґілеадзкі.

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень тваё царскае ўбраньне. І пераапрануўся цар Ізраільскі і ўступіў у бітву.
 
І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Я пераадзенуся і ўступлю ў бітву, а ты надзень свае адзецьці». І пераадзеўся кароль Ізраельскі, і ўступіў у бітву.

Сірыйскі цар загадаў начальнікам калясьніц, якіх у яго было трыццаць два, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.
 
А кароль Арамскі расказаў вайводцам над цялежкамі, каторых у яго было трыццаць двух, кажучы: «Ня біцеся ані з малым, ані зь вялікім, адно з каралём Ізраельскім».

Начальнікі калясьніц, убачыўшы Ёсафата, падумалі: мусіць, гэта цар Ізраільскі, і павярнулі на яго, каб біцца зь ім. І закрычаў Ёсафат.
 
І сталася: як вайводцы цялежак абачылі Ясапата, то яны сказалі: «Пэўне, гэта кароль Ізраельскі», і абярнуліся біцца зь ім. І закрычэў Ясапат.

Начальнікі калясьніц, бачачы, што гэта ня Ізраільскі цар, павярнулі ад яго.
 
І сталася: як вайводцы цялежак абачылі, што не кароль Ізраельскі ён, то яны адвярнуліся ад яго.

А адзін чалавек выпадкова напяў лук і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён свайму калясьнічаму: павярні назад і вывезі мяне з войска, бо я паранены.
 
І адзін чалавек наўманы напяў лук і зразіў караля Ізраельскага ў шво панцыра. І сказаў ён возьніку сваіх Цялежак: «Павярні руку сваю й вывязі мяне з войска, бо я хворы».

Але бітва ў той дзень узмацнілася, і цар стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў, і ўвечары памёр, і кроў з раны лілася на калясьніцу.
 
Але бітва таго дня павялічалася, і кароль стаяў на цялежках супроці Арамлян, і ўвечары памер, і лілася кроў з раны ў цялежкі.

І абвешчана было па ўсім табары пры захадзе сонца: кожны ідзі ў свой горад, кожны ў сваю зямлю!
 
І агалошана было заходам сонца ў табару, кажучы: «Кажны йдзі да места свайго, кажны да зямлі свае!»

І памёр цар і прывезены быў у Самарыю, і пахавалі цара ў Самарыі.
 
І памер кароль, і прывезены быў да Самары, і пахавалі караля ў Самары.

І абмылі калясьніцу ў сажалцы Самарыйскай, і сабакі лізалі кроў ягоную, і абмывалі блудніцы, па слове Госпада, якое Ён сказаў.
 
І абмылі цялежкі ў копані Самарскай, і сабакі лізалі кроў ягоную, і бязулі абмывалі, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён праказаў.

Астатнія дзеі Ахава, усё, што ён рабіў, і дом са слановай касьці, які ён пабудаваў, і ўсе гарады, якія ён будаваў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
 
А засталыя справы Агававы, усе, што ён рабіў, і дом із сланёвае косьці, каторы ён пастанавіў, і ўсі месты, каторыя ён пастанавіў, ці ж не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?

І спачыў Ахаў з бацькамі сваімі, і зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Агаў з айцамі сваімі, і загаспадарстваваў Агазя, сын ягоны, замест яго.

Ёсафат, сын Асы, зацараваў над Юдэяй ў чатырнаццаты год Ахава, цара Ізраільскага.
 
І Ясапат Асянок загаспадарстваваў над Юдэяю чацьвертага году Агава, караля Ізраельскага.

Трыццаць пяць гадоў было Ёсафату, калі зацараваў, і дваццаць пяць гадоў цараваў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Азува, дачка Салаіля.
 
Ясапату было трыццаць пяць год, як загаспадарстваваў, і дваццаць пяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Азува Шылгішка.

Ён хадзіў ва ўсім шляхам бацькі свайго Асы, ня сыходзіў зь яго, робячы справядлівае перад вачыма Гасподнімі. Толькі вышыні ня былі адменены; народ яшчэ ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях.
 
Ён хадзіў у вусім дарогаю айца свайго Асы, ня зыходзіў зь яе, робячы справядлівае ў ваччу СПАДАРА; узвышшы, адылі, ня былі разбураны; люд абракаў а кадзіў яшчэ на ўзвышшах.

Ёсафат заключыў мір з царом Ізраільскім.
 
Ясапат учыніў мір із каралём Ізраельскім.

Астатнія дзеі Ёсафата і подзьвігі ягоныя, якія ён зьдзейсьніў, і як ён ваяваў, апісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.
 
Засталыя справы Ясапатавы, і сіла ягоная, каторую ён выказаваў, і як ён ваяваў, ці ж не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?

І рэшту блуднікаў, якія засталіся ў дні бацькі ягонага Асы, ён вынішчыў зь зямлі.
 
І астачы бязуляў, што заставаліся за дзён айца ягонага Асы, ён вымеў ізь зямлі.

У Ідумэі тады ня было цара; быў намесьнік царскі.
 
І ня было караля тады ў Едоме; быў намесьнік каралеўскі.

Ёсафат зрабіў караблі на моры, каб хадзіць у Афір па золата; але яны не дайшлі, бо разьбіліся ў Эцыён-Гавэры.
 
Ясапат збудаваў караблі на мору, каб хадзіць да Офіру золата; але яны не дайшлі, бо разьбіліся ў Ецыён-Ґаверу.

Тады сказаў Ахозія, сын Ахаваў, Ёсафату: хай мае слугі пойдуць з тваімі слугамі на караблях. Але Ёсафат не згадзіўся.
 
Тады сказаў Агазя Агавёнак Ясапату: «Хай мае служцы едуць із тваімі служцамі на караблёх». Але Ясапат не згадзіўся.

І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Ясапат із айцамі сваімі і быў пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давіда, айца свайго. І загаспадарстваваў Егорам, сын ягоны, замест яго.

Ахозія, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі, у сямнаццаты год Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў над Ізраілем два гады
 
Агазя Агавёнак загаспадарстваваў над Ізраелям у Самары сямнанцатага году Ясапата, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў над Ізраелям два гады.

і рабіў ліхое перад вачыма Госпада, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй і шляхам Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх:
 
І рабіў ліхое перад ачыма СПАДАРА, і хадзіў дарогаю айца свайго, і дарогаю маці свае, і дарогаю Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.

ён служыў Ваалу і пакланяўся яму і ўгневаў Госпада Бога Ізраілевага ўсім тым, што рабіў бацька ягоны.
 
Ён служыў Ваалу, і кланяўся яму, і загневаў СПАДАРА, Бога Ізраелявага, усім тым, што рабіў ацец ягоны.