3 царстваў 9 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Пасьля таго, як Саламон закончыў будаўніцтва храма Гасподняга і дома царскага і ўсё, што Саламон хацеў зрабіць,
 
І сталася, як Салямон скончыў станавіць дом СПАДАРОЎ і дом каралеўскі і ўсе зычанае Салямонам, што ён хацеў зрабіць,

зьявіўся Саламону Гасподзь другі раз, як зьявіўся яму ў Гаваоне.
 
Што зьявіўся Салямону СПАДАР другім наваратам, як зьявіўся яму ў Ґівеоне.

І сказаў яму Гасподзь: Я пачуў малітву тваю і просьбу тваю, чаго ты прасіў у Мяне. Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць імю Майму там вечна; і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.
 
І сказаў яму СПАДАР: «Я пачуў маленьне твае, каторым ты маліў Мяне; Я пасьвяціў гэты дом, каторы ты пастанавіў, каб палажыць імя Мае там на векі; і будуць вочы Мае а сэрца Мае там усі дні.

І калі ты будзеш хадзіць прад абліччам Маім, як хадзіў бацька твой Давід, у чысьціні сэрца і ў праўдзе, выконваючы ўсё, што Я наказаў табе, і калі будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,
 
І калі ты будзеш хадзіць перад відам Маім, як хадзіў ацец твой Давід, у дасканальнасьці сэрца і шчыра, каб рабіць подле ўсёга, што Я расказаў табе, і калі будзеш дзяржаць уставы Мае а суды Мае,

дык Я пастаўлю царскі трон твой над Ізраілем навечна, як Я сказаў бацьку твайму Давіду, кажучы: не перапыніцца ў цябе той, хто сядзіць на троне Ізраілевым.
 
То Я пастанаўлю каралеўскі пасад твой над Ізраелям на век, як Я казаў айцу твайму Давіду, кажучы: "Ня будзе адцяты ў цябе муж ад пасаду Ізраелявага".

Калі ж вы і сыны вашыя адступіце ад Мяне і ня будзеце трымацца наказаў Маіх і пастановаў Маіх, якія Я даў вам, і пойдзеце і пачняце служыць іншым багам і пакланяцца ім,
 
Калі ж чыста адступіце вы а сынове вашыя ад Мяне, і ня будзеце дзяржаць расказаньні Мае а ўставы Мае, каторыя Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багом і кланяцца ім;

дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі, якую Я даў яму, і храм, які я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго, і будзе Ізраіль прытчаю і пасьмешышчам ува ўсіх народаў.
 
То Я адатну Ізраеля зь віду зямлі, каторую Я даў ім, і дом, каторы Я пасьвяціў імені Свайму, адхіну ад віду Свайго, і будзе Ізраель прыказьзю а прымаўкаю памеж усіх людаў.

І пра храм гэты высокі, кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і сьвісьне, і скажа: за што Гасподзь зрабіў так з гэтаю зямлёю і з гэтым храмам?
 
І з дому гэтага, дарма што ён высокі, кажны, што будзе праходзіць ля яго, зумеецца а сьвісьне, ды скажуць: "За што СПАДАР учыніў так із гэтаю зямлёю і з гэтым домам?"

І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх зь зямлі Егіпецкай, і прынялі іншых багоў, і пакланяліся ім, і служылі ім, — за гэта навёў на іх Гасподзь ўсё гэта бедства.
 
І скажуць: "За тое, што яны пакінулі СПАДАРА, Бога свайго, каторы вывеў айцоў іхных ізь зямлі Ягіпецкае, і ўхапіліся за іншых, і кланяліся ім, і служылі ім, — за гэта навёў на іх СПАДАР усе гэтае ліха"».

Праз дваццаць гадоў, за якія Саламон пабудаваў два дамы, — дом Гасподні і дом царскі, —
 
У канцы дваццацёх год, у каторыя Салямон пастанавіў два дамы, — дом СПАДАРОЎ і дом каралеўскі, —

на што Хірам, цар Тырскі, дастаўляў Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя і золата, па яго жаданьні, — цар Саламон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.
 
А Гірам, кароль Тырскі, дастаўляў Салямону дзервы кедравыя а дзервы кіпрысавыя й золата, усе на хаценьне ягонае; тады кароль Салямон даў Гіраму дваццаць местаў у зямлі Ґалілейскай.

І выйшаў Хірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і яны не спадабаліся яму.
 
І вышаў Гірам із Тыру паглядзець месты, што даў яму Салямон; і ён не ўпадабаў іх.

І сказаў ён: што гэта за гарады, якія ты, брат мой, даў мне? І назваў іх зямлёю Кавул, як называюцца яны па сёньня.
 
І сказаў: «Што гэта за месты, каторыя ты, браце мой, даў імне?» І назваў іх зямлёю Кавул, дагэтуль.

І паслаў Хірам цару сто дваццаць талантаў золата.
 
І паслаў Гірам каралю сто дваццаць таланяў золата.

І вось распараджэньне пра падатак, які наклаў цар Саламон, каб пабудаваць храм Гасподні і дом свой, і Міло і сьцяну Ерусалімскую, Гацор і Мэгідо і Газэр.
 
І гэта прычына падачкаў, каторыя налажыў кароль Салямон, каб пастанавіць дом СПАДАРОЎ а дом свой а Міло а сьцяну Ерузалімскую а Гацор а Меґідо а Ґезэр.

Фараон, цар Егіпецкі, прыйшоў і ўзяў Газэр, і спаліў яго агнём, і Хананэяў, якія жылі ў горадзе, пабіў, і аддаў яго ў пасаг дачцэ сваёй, жонцы Саламонавай.
 
Фараон, кароль Ягіпецкі, узышоў, і перамог Ґезэр, і спаліў яго цяплом, і Канаанян, што жылі ў месьце, пабіў, і аддаў яго як пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямонавай.

І пабудаваў Саламон Газэр і ніжні Бэтарон,
 
І пастанавіў Салямон Ґезэр а дольні Бефорон

і Ваалат і Тадмор у пустыні,
 
А Ваалаф а Фадмор на пустыні ў зямлі

і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і гарады пад калясьніцы і гарады пад коньніцу, і ўсё тое, што Саламон хацеў пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі свайго валоданьня.
 
А ўсі месты на запасы, што былі ў Салямона, а месты на цялежкі а месты коньнікам а ўсе зычанае, што Салямон зычыў пастанавіць у Ерузаліме й на Лібане і ў вусёй зямлі дзяржаньня свайго.

Увесь народ, які застаўся ад Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў, Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,
 
На ўвесь люд, засталы ад Аморэяў, Гэцічаў, Ферэзэяў, Гэвеяў а Евусэяў, каторыя былі ня із сыноў Ізраелявых,

дзяцей іхніх, якія засталіся пасьля іх на зямлі, якіх сыны Ізраілевыя не маглі вынішчыць, Саламон зрабіў аброчнымі працаўнікамі да сёньня.
 
На дзеці іхныя, засталыя просьле іх на зямлі, каторыя сынове Ізраелявы не маглі выгубіць, Салямон узлажыў на іх падачкі прымуснаю работаю дагэтуль.

А сыноў Ізраілевых Саламон не рабіў работнікамі, але яны былі ягонымі воінамі, ягонымі слугамі, ягонымі вяльможамі, ягонымі ваеначальнікамі і правадырамі ягоных калясьніц і ягоных вершнікаў.
 
А сыноў Ізраелявых Салямон не зрабіў нявольнікамі, але яны былі ваюнамі ягонымі а слугамі ягонымі а галоўнымі ягонымі а вайводцамі ягонымі а галоўнымі над цялежкамі а коньнікамі ягонымі.

Вось галоўныя прыстаўнікі над працамі Саламонавымі: тых, што вялі работы, было пяцьсот пяцьдзясят.
 
Вось, галоўных ураднікаў, што былі над работаю Салямонаваю, каторыя радзілі людзёў, работу робячых, было пяцьсот пяцьдзясят.

Дачка фараонавая перайшла з горада Давідавага ў свой дом, які пабудаваў ёй Саламон. Потым пабудаваў ён Міло.
 
Дачка ж фараонава зышла зь места Давідавага да свайго дому, каторы пастанавіў ёй Салямон; пасьлей пастанавіў ён Міло.

І прыносіў Саламон тры разы на год цэласпаленьні і мірныя ахвяры на ахвярніку, які ён пабудаваў Госпаду, і дымленьне на ім учыняў прад Госпадам. І закончыў ён будаўніцтва дома.
 
І абракаў Салямон трэйчы ў год ўсепаленьні а супакойныя аброкі на аброчніку, каторы ён пастанавіў СПАДАРУ, і кадзіў на ім перад СПАДАРОМ. І скончыў ён дом.

Цар Саламон таксама зрабіў карабель у Эцыён-Гавэры, што каля Элата, на беразе Чармнага мора, у зямлі Ідумэйскай.
 
Кароль Салямон таксама зрабіў караб у Ёцыён-Ґеверу, каторы ля Елофу, на беразе Чырвонага мора, у зямлі Едомскай.

І паслаў Хірам на караблі сваіх падданых карабельнікаў, якія ведалі мора, з падданымі Саламонавымі;
 
І паслаў Гірам на караблю сваіх слугаў карабельнікаў, зналых мора, із слугамі Салямонавымі;

і выправіліся яны ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талантаў, і прывезьлі цару Саламону.
 
І прыбылі яны да Офіру, і ўзялі стуль золата чатырыста дваццаць таланяў, і прывезьлі каралю Салямону.