3 царстваў 2 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Наблізіўся час памерці Давіду, і запавядаў ён сыну свайму Саламону, кажучы:
 
І дабліжыліся дні Давідавы да сьмерці, і расказаў ён Салямону, сыну свайму, кажучы:

вось, я адыходжу ў дарогу ўсёй зямлі, а ты будзь цьвёрды і будзь мужны
 
«Я адыходжу ў дарогу ўсяе зямлі, ты ж будзь моцны і будзь мужны.

і захоўвай запавет Госпада Бога твайго, ходзячы шляхамі Ягонымі і трымаючыся статутаў Ягоных і запаведзяў Ягоных, і вызначэньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, як напісана ў законе Майсеевым, каб быў ты разумны ва ўсім, што будзеш рабіць, і ўсюды, куды зьвернешся;
 
І дзяржы заданьні СПАДАРА, Бога свайго, каб хадзіць дарогамі Ягонымі й дзяржаць уставы Ягоныя а расказаньні Ягоныя а суды Ягоныя а сьветчаньні Ягоныя, як напісана ў праве Масеявым, каб табе разумна дзеяць, што маеш дзеяць, і ўсюдых, куды не абернешся;

каб Гасподзь выканаў слова Сваё, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: калі сыны твае будуць сачыць за шляхамі сваімі, каб хадзіць прад Мною ў ісьціне ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, дык не перавядзецца муж ад цябе на троне Ізраілевым.
 
Каб СПАДАР споўніў слова Свае, каторае Ён казаў празь мяне, кажучы: "Калі сынове твае будуць глядзець дарогаў сваіх, каб хадзіць перад Імною ў праўдзе з усёга сэрца свайго й з усяе душы свае, то не адатнецца муж ад цябе, — казаў Ён, — на пасадзе Ізраелявым".

Яшчэ: ты ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Саруін, як падступіўся ён з двума правадырамі войска Ізраільскага, з Авэнірам, сынам Ніравым, і Амэсаем, сынам Етэравым, як ён аддаў іх сьмерці і праліў кроў ваенную ў мірны час, забарвяніўшы крывёю ваеннаю пояс на сьцёгнах сваіх і абутак на нагах сваіх:
 
Яшчэ: ты ведаеш, што ўчыніў імне Ёаў Цэруёнак, як зрабіў ён із двума вайводцамі войска Ізраельскага, з Аўніром Ніранком а Амасаю Еферонкам, як ён забіў іх, і разьліў кроў ваенную ў міру, і абліў крывёй ваеннай пояс на сьцёгнах сваіх і вобуй на нагах сваіх.

учыні паводле мудрасьці тваёй, каб не адпусьціць сівізну ягоную мірна ў апраметную.
 
І зробіш подле мудрасьці свае, і ня спусьціш сівізны ягонае супакойна ў магілу.

А сынам Вэрзэлія Галаадыцяніна зрабі ласку, каб яны былі сярод едакоў твайго стала, бо яны прыйшлі да мяне, калі я ўцякаў ад Авэсалома, брата твайго.
 
А сыном Варзылая Ґілеадзяніна зрабі ласку, і хай яны будуць памеж тых, што ядуць за сталом тваім, бо гэтак яны дабліжыліся да мяне, як я ўцёк ад Аўсалома, брата твайго.

Вось яшчэ ў цябе Сэмэй, сын Геры Веньямініцяніна з Бахурыма: ён ліхасловіў мяне цяжкім ліхаслоўем, калі я ішоў у Маханаім; але ён выйшаў насустрач мне каля Ярдана, і я прысягнуў яму Госпадам, кажучы: я не заб’ю цябе мечам;
 
І вось із табою Шымей Ґеранок, Венямінянін із Багурыму; ён клёў мяне цяжкою кляцьбою ў дзень, як я йшоў да Маганаіму; але ён вышаў наўпярэймы імне ля Ёрдану, і я прысяг яму СПАДАРОМ, кажучы: "Я не зраблю табе сьмерці мячом".

А ты не пакінь яго без пакараньня, бо ты чалавек мудры і ведаеш, што табе зрабіць зь ім, каб зьвесьці сівізну ў крыві ў апраметную.
 
А цяпер ты ж не апраў яго, бо ты чалавек мудры й ведаеш, што табе ўчыніць ізь ім, каб спусьціць сівізну яго ў крыві ў магілу».

І спачыў Давід з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давідавым.
 
І супачыў Давід із айцамі сваімі, і пахаваны быў у месьце Давідавым.

Часу валадараньня Давіда над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў і трыццаць тры гады цараваў у Ерусаліме.
 
І дзён, каторыя Давід гаспадарстваваў у Ізраелю, было сорак год: у Гэўроне гаспадарстваваў ён сем год, а ў Ерузаліме гаспадарстваваў трыццаць тры гады.

І сеў Саламон на троне Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае было вельмі моцнае.
 
І сеў Салямон на пасадзе Давіда, айца свайго, і гаспадарстваваньне ягонае было вельмі трывалкое.

І прыйшоў Аданія, сын Агіты, да Вірсавіі, маці Саламона. Яна сказала: ці зь мірам прыход твой? І сказаў ён: зь мірам.
 
І прышоў Адоня, сын Гаґіфін, да Бат-Шэвы, маці Салямонавае. І сказала: «Ці супакойны прыход твой?» І ён сказаў: «Супакойны».

І сказаў ён: у мяне ёсьць слова да цябе. Яна сказала: кажы.
 
І сказаў ён: «У мяне ё слова да цябе». Яна сказала: «Кажы».

І сказаў ён: ты ведаеш, што царства належала мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў да мяне вочы свае, як на будучага цара; але царства адышло ад мяне і дасталася брату майму, бо ад Госпада было гэта яму;
 
І сказаў ён: «Ты ведаеш, што гаспадарства належыла імне, і ўвесь Ізраель абярнуў на мяне віды свае, каб я караляваў; але гаспадарства адвярнулася і дасталося брату майму, бо ад СПАДАРА гэта было яму.

цяпер я прашу ў цябе аднаго, не адмові мне. Яна сказала яму: кажы.
 
І цяпер я просьбу адну маю да цябе, не адмоў імне». Яна сказала яму: «Кажы».

І сказаў ён: прашу цябе, пагавары з царом Саламонам, бо ён не адмовіць табе, каб ён даў мне Авісагу Сунаміцянку за жонку.
 
І сказаў ён: «Гукай, калі ласка, каралю Салямону, бо ён не адмове табе, каб ён даў імне Авішаґу Шунамлянку за жонку».

І сказала Вірсавія: добра, я пагавару з царом пра цябе.
 
І сказала Бат-Шэва: «Добра, я пагукаю празь цябе каралю».

І ўвайшла Вірсавія да цара Саламона сказаць яму пра Аданію. Цар устаў перад ёю і пакланіўся ёй і сеў на троне сваім. Паставілі трон і для маці цара, і яна села праваруч ад яго
 
І ўвыйшла Бат-Шэва да караля Салямона гукаць яму праз Адоню. І ўстаў кароль наўпярэймы ёй, і пакланіўся ёй, і сеў на пасадзе сваім. Пастанавілі пасад і маці каралёвай, і яна села па правай руццэ яго.

і сказала: я маю да цябе адну невялікую просьбу, не адмові мне. І сказаў ёй цар: прасі, маці мая; я не адмоўлю табе.
 
І сказала: «Я маю да цябе адну невялічкую просьбу, не адмоў імне». І сказаў ёй кароль: «Прасі, маці мая, я не адмоўлю табе».

І сказала яна: дай Авісагу Сунаміцянку Аданію, брату твайму, за жонку.
 
І сказала яна: «Хай будзе дана Авішаґа Шунамлянка Адоні, брату твайму, за жонку».

І адказваў цар Саламон і сказаў маці сваёй: а навошта ты просіш Авісагу Сунаміцянку для Аданіі? прасі яму і царства, бо ён мой старэйшы брат, і яму сьвятар Авіятар і Ёаў, сын Саруін.
 
І адказаў кароль Салямон, і сказаў маці: «А нашто ты просіш Авішаґу Шунамлянку Адоні? Прасі яму й гаспадарства; бо ён брат старшы за мяне, і ў яго сьвятар Авафар а Ёаў Цэруёнак».

І прысягнуў цар Саламон Госпадам, кажучы: тое і тое хай зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі не на сваю душу сказаў Аданія такое слова;
 
І прысягнуў кароль Салямон СПАДАРОМ, кажучы: «Гэтак хай зробе з імною Бог і гэтак хай дадасьць, што на сваю душу сказаў Адоня гэткае слова.

а сёньня — жывы Гасподзь, Які ўмацаваў мяне і пасадзіў на троне Давіда, бацькі майго, і заладзіў мне дом, як казаў Ён, — а сёньня Аданія павінен памерці.
 
І цяпер, — жыў СПАДАР, што ўмацаваў і пасадзіў мяне на пасад Давіда, айца майго, і што ўладзіў імне дом, як казаў Ён, — што сядні Адоня памрэць».

І паслаў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, які забіў яго, і ён памёр.
 
І паслаў кароль Салямон Венаём Ёгоядзёнкам, і тый напаў на яго, і зрабіў сьмерць.

А сьвятару Авіятару цар сказаў: ідзі ў Анатот на тваё поле; ты варты сьмерці, але цяперашнім часам я не аддам цябе сьмерці, бо ты насіў каўчэг Уладара Госпада перад Давідам, бацькам маім, і цярпеў усё, што цярпеў бацька мой.
 
А сьвятару Авафару кароль сказаў: «Ідзі да Анафофу на свае поле; ты чалавек сьмерці, але цяпер я не зраблю табе сьмерці, бо ты насіў скрыню Спадара БОГА перад Давідам, айцом маім, і цярпеў усе, што цярпеў айцец мой».

І вызваліў Саламон Авіятара ад сьвятарства Гасподняга, і спраўдзілася слова Гасподняе, якое сказаў Ён пра дом Ільлі ў Сіломе.
 
І прагнаў Салямон Авафара ад службы сьвятарскае СПАДАРУ, каб споўнілася слова СПАДАРОВА, каторае сказаў Ён праз дом Іля ў Шыле.

Чуткі дайшлі да Ёава, — як што Ёаў схіляўся на бок Аданіі, а на бок Саламона ня схіляўся, — і ўцёк Ёаў у скінію Гасподнюю і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
 
І галасы дайшлі да Ёава, — бо Ёаў сьхінаўся на бок Адоні, а на бок Салямона ня сьхінаўся, — і ўцёк Ёаў да будану СПАДАРОВАГА, і ўхапіўся за рогі аброчніка.

І данесьлі цару Саламону, што Ёаў уцёк у скінію Гасподнюю і што ён каля ахвярніка. І паслаў Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, кажучы: ідзі, забі яго.
 
І наказалі каралю Салямону, што Ёаў уцёк да будану СПАДАРОВАГА, і вось, ён ля аброчніка. І паслаў Салямон Венаю Ёгоядзёнка, кажучы: «Пайдзі, нападзі на яго».

І прыйшоў Ванэя ў скінію Гасподнюю і сказаў яму: так сказаў цар: выходзь. І сказаў той: не, я хачу памерці тут. Ванэя перадаў гэта цару, кажучы: так сказаў Ёаў і так адказваў мне.
 
І прышоў Веная да будану СПАДАРОВАГА, і сказаў яму: «Гэтак сказаў кароль: "Выходзь"». І ён сказаў: «Не, бо тут памру». І паслаў Веная сказаць каралю, кажучы: «Гэтак сказаў Ёаў і гэтак ён адказаў імне».

Цар сказаў яму: зрабі, як ён сказаў, і забі яго і пахавай яго, і здымі нявінную кроў, пралітую Ёавам, зь мяне і з дома бацькі майго;
 
Кароль сказаў яму: «Зрабі, як ён сказаў, і нападзі на яго, і пахавай яго, і здыймі нявінную кроў, разьлітую Ёавам, зь мяне а з дому айца майго.

хай аберне Гасподзь кроў ягоную на галаву яго за тое, што ён забіў двух мужоў невінаватых і лепшых за яго: забіў мечам, бязь ведама бацькі майго Давіда, Авэніра, сына Ніравага, ваеначальніка Ізраільскага, і Амэсая, сына Етэравага, ваеначальніка Юдэйскага;
 
Хай аберне СПАДАР кроў ягоную на галаву ягоную за тое, што ён забіў двух мужоў справядлівых і лепшых за яго: і забіў мячом, бязь ведзі айца майго Давіда, Аўніра Ніранка, вайводцу Ізраельскага, і Амасу Еферонка, вайводцу Юдэйскага.

хай абернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на галаву нашчадкаў ягоных навекі, а Давіду і нашчадкам ягоным, і дому ягонаму і трону ягонаму хай будзе мір навекі ад Госпада!
 
Хай абернецца кроў іхная на галаву Ёававу й на галаву насеньня ягонага на векі, Давіду ж а насеньню ягонаму а дому а пасаду ягонаму хай будзе супакой на векі ад СПАДАРА!»

І пайшоў Ванэя, сын Ёдаеў, і забіў Ёава, і аддаў яго сьмерці, і ён быў пахаваны ў доме сваім у пустыні.
 
І ўзышоў Веная Ёгоядзёнак, і напаў на Ёава, і забіў яго, і ён быў пахаваны ў доме сваім на пустыні.

І паставіў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, замест яго над войскам; а Садока сьвятара паставіў цар замест Авіятара.
 
І пастанавіў кароль Салямон Венаю Ёгоядзёнка замест яго над войскам, а Садока сьвятара пастанавіў кароль замест Авафара.

І паслаў цар паклікаць Сэмэя і сказаў яму: пабудуй сабе дом у Ерусаліме і жыві тут і нікуды ня выходзь адгэтуль;
 
І паслаў кароль, і гукнуў Шымея, і сказаў яму: «Пастанаві сабе дом у Ерузаліме, і жыві тут, і ня выходзь адгэтуль ні туды, ні сюды.

і ведай, што ў той дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш паток Кедрон, канечне памрэш; кроў твая будзе на галаве тваёй.
 
І ведай добра, што напэўна памрэш таго дня, каторага ты выйдзеш і пярэйдзеш цурэй Кідрон, кроў твая будзе на галаве тваёй».

І сказаў Сэмэй цару: добра; як загадаў гаспадар мой цар, так зробіць раб твой. І жыў Сэмэй у Ерусаліме доўгі час.
 
І сказаў Шымей каралю: «Добра кажаш; як казаў спадар мой кароль, так зробе слуга твой». І жыў Шымей у Ерузаліме шмат дзён.

Але праз тры гады здарылася, што ў Сэмэя два рабы ўцяклі да Анхуса, сына Маахі, цара Гэцкага. І сказалі Сэмэю, кажучы: вось, рабы твае ў Гэце.
 
І прыгадзілася ў канцу трох год, што ўцяклі два слугі ў Шымея да Ахіша Маашонка, караля Ґафскага. І наказалі Шымяю, кажучы: «Вось, слугі твае ў Ґафе».

І ўстаў Сэмэй, і асядлаў асла свайго, і выправіўся ў Гэт да Анхуса шукаць рабоў сваіх. І вярнуўся Сэмэй і прывёў рабоў сваіх з Гэта.
 
І ўстаў Шымей, і асядлаў асла свайго, і паехаў да Ґафу да Ахіша, шукаць слугаў сваіх. І пайшоў Шымей, і прывёў слугаў сваіх із Ґафу.

І данесьлі Саламону, што Сэмэй хадзіў зь Ерусаліма ў Гэт і вярнуўся.
 
І наказалі Салямону, што Шымей хадзіў зь Ерузаліму да Ґафу й зьвярнуўся.

І паслаўшы, паклікаў цар Сэмэя і сказаў яму: ці не прысягаў я табе Госпадам і ці не абвяшчаў табе, кажучы: ведай, што ў той дзень, як ты выйдзеш і пойдзеш куды-небудзь, канечне памрэш? і ты сказаў мне: добра;
 
І паслаў кароль і гукнуў Шымяя, і сказаў яму: «Ці не прысягаў я табе СПАДАРОМ і ці ня сьветчыў табе, кажучы: "Ведай добра, што памрэш у дзень, калі выйдзеш і пойдзеш туды-сюды"? і ты сказаў імне: "Добрае слова, што я пачуў".

чаму ж ты ня выканаў загаду, які я даў табе прад Госпадам з прысягаю?
 
І чаму-ж ты не зьдзяржаў прысягі СПАДАРОВАЕ і расказаньня, што я расказаў табе?»

І сказаў цар Сэмэю: ты ведаеш і ведае сэрца тваё ўсё зло, якое ты зрабіў бацьку майму Давіду; хай жа аберне Гасподзь ліха тваё на галаву тваю!
 
І сказаў кароль Шымею: «Ты ведаеш усе ліха, якое ведае твае сэрца, што ты зрабіў айцу майму Давіду; і абярнуў СПАДАР злосьць тваю на галаву тваю!

а цар Саламон хай будзе дабраславёны, і трон Давідаў хай будзе непахісны прад Госпадам вечна!
 
А кароль Салямон хай будзе дабраславёны, і пасад Давідаў хай будзе непахісны перад СПАДАРОМ на векі!»

І загадаў цар Ванэю, сыну Ёдаеваму, і ён пайшоў і забіў Сэмэя, і той памёр.
 
І расказаў кароль Венаі Ёгоядзёнку, і ён пайшоў, і напаў на яго, і ён памер. І гаспадарства ўмацавалася ў руках Салямона.