3 царстваў 8 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Тады склікаў Саламон старэйшынаў Ізраільскіх і ўсіх начальнікаў каленаў, галоўных ад пакаленьняў сыноў Ізраілевых да цара Саламона ў Ерусалім, каб перанесьці каўчэг запавета Гасподняга з горада Давідавага, гэта значыць Сіёна.
 
Тады згукаў Салямон старцоў Ізраелявых і ўсі галавы плямёнаў, князёў сыноў Ізраелявых, да караля Салямона да Ерузаліму, каб узьнесьці скрыню змовы СПАДАРОВУ зь места Давідавага, значыцца Сыёну.

І сабраліся да цара Саламона на сьвята ўсе Ізраільцяне, у месяцы Атаніме, які ёсьць сёмы месяц.
 
І зьберліся да караля Салямона на сьвята ўсі Ізраяляне, у месяцу афаніме, а гэта сёмы месяц.

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя; і паднялі сьвяшчэнны каўчэг,
 
І прышлі ўсі старцы Ізраелявы; і паднялі сьвятары скрыню,

і панесьлі каўчэг Гасподні і скінію сходу і ўсе сьвяшчэнныя рэчы, якія былі ў скініі; і несьлі іх сьвятары і лявіты.
 
І ўзьнесьлі скрыню СПАДАРОВУ а будан збору а ўсе сьвятое судзьдзе, што было ў будане; і ўзьнесьлі іх сьвятары а Левіты.

А цар Саламон і зь ім усё супольства Ізраільскае, што сабралася да яго, ішлі перад каўчэгам, прыносячы ахвяры з дробнага і буйнога быдла, якое немагчыма палічыць і вызначыць паводле мноства яго.
 
І кароль Салямон, і ўвесь збор Ізраеляў, што зьберся да яго, былі зь ім перад скрыняю, абракаючы аброкі з драбнога й буйнога статку, каторых нельга запісаць а палічыць з прычыны множасьці іх.

І ўнесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца ягонае, у давір храма, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
 
І ўнесьлі сьвятары скрыню змовы СПАДАРОВАЕ на месца яе ў палац дому, у Сьвятое Сьвятых пад крылы херуваў;

Бо херувімы распасьціралі свае крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы зьверху каўчэг і жэрдкі яго.
 
Бо херувы распускалі крыльле над месцам скрыні, і пакрывалі херувы зьверху скрыню й нашулкі яе.

І высунуліся жэрдкі так, што галоўкі жэрдак відны былі зь сьвяцілішча перад давірам, але ня выходзілі вонкі; яны там і да сёньня.
 
І былі даўгія нашулкі, і відаць былі галоўкі іх ізь сьвятыні перад палацам, а вонках ня было іх відаць; і там яны дагэтуль.

У каўчэгу нічога ня было, апрача двух каменных скрыжаляў, якія паклаў туды Майсей на Харыве, калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай.
 
У скрыні нічога ня было, апрача дзьвюх каменных табліцаў, каторыя палажыў туды Масей на Горыве, як СПАДАР учыніў змову із сынамі Ізраелявымі, па выхадзе іх ізь зямлі Ягіпецкае.

Калі сьвятары выйшлі зь сьвяцілішча, воблака напоўніла дом Гасподні;
 
І было, што, як сьвятары выходзілі ізь сьвятыні, то булак напоўніў дом СПАДАРОЎ.

і не маглі сьвятары стаяць на набажэнстве з прычыны воблака; бо слава Гасподняя напоўніла храм Гасподні.
 
І сьвятары не маглі стаяць і служыць, з прычыны булаку, бо слава СПАДАРОВА напоўніла дом СПАДАРОЎ.

Тады сказаў Саламон: Гасподзь сказаў, што Ён упадабаў быць у імгле;
 
Тады сказаў Салямон: «СПАДАР сказаў, што Ён зыча жыць у густой цемні;

я пабудаваў храм у жытлішчы Табе, месца, каб быць Табе вечна.
 
Я ахвотна пастанавіў Табе дом жыць у ім, месца прабываць Табе навекі».

І павярнуўся цар абліччам сваім, і дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў; увесь сход Ізраільцянаў стаяў.
 
І абярнуўся кароль відам сваім, і дабраславіў усю грамаду Ізраялян; уся грамада Ізраялян стаяла.

І сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, Які сказаў вуснамі сваімі Давіду, бацьку майму, і сёньня выканаў рукою сваёю! Ён казаў:
 
І сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, каторы сказаў Сваімі вуснамі Давіду, айцу майму, і рукою Сваёю споўніў, кажучы:

«з таго дня, як Я вывеў народ Мой Ізраіля зь Егіпта, Я ня выбраў горада ў ніводным з каленаў Ізраілевых, каб пабудаваны быў дом, у якім было б імя Маё; і выбраў Давіда, каб быць яму над народам Маім Ізраілем».
 
"Адгэнуль, як Я вывеў люд Свой Ізраеля зь Ягіпту, Я не абраў места ў ні водным з плямёнаў Ізраелявых, каб быў пастаноўлены дом, у каторым перабывала б імя Мае; і абраў Давіда, каб быць яму над людам Маім Ізраелям".

У Давіда, бацькі майго, было на сэрцы пабудаваць храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;
 
У Давіда, айца майго, было ў сэрцу пастанавіць дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага;

але Гасподзь сказаў Давіду, бацьку майму: «у цябе ёсьць на сэрцы пабудаваць храм імю Майму; добра, што гэта ў цябе ляжыць на сэрцы;
 
Але СПАДАР сказаў Давіду, айцу майму: "Хоць у цябе было на сэрцу тваім пастанавіць дом імені Майму; добра, што гэта ў цябе было на сэрцу;

аднак ты не пабудуеш храм, а сын твой, які выйшаў са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе храм імю Майму».
 
Адылі ня ты пастановіш дом, а сын твой, што выйдзе ізь сьцёгнаў тваіх, ён пастанове дом імені Майму".

І спраўдзіў Гасподзь слова Сваё, якое прамовіў. Я ўступіў на месца бацькі майго Давіда, і сеў на троне Ізраілевым, як сказаў Гасподзь, і пабудаваў храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;
 
І споўніў СПАДАР слова Свае, каторае вымавіў: я ўзьняўся на месца айца свайго Давіда, і сеў на пасадзе Ізраелявым, як сказаў СПАДАР, і пастанавіў дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага;

і падрыхтаваў там месца каўчэгу, у якім запавет Госпада, заключаны Ім з бацькамі нашымі, калі Ён вывеў іх зь зямлі Егіпецкай.
 
І прызначыў там месца на скрыню, у каторай змова СПАДАРОВА, ўчыненая Ім із айцамі нашымі, як Ён вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае».

І стаў Саламон перад ахвярнікам Гасподнім наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае да неба,
 
І стаў Салямон перад аброчнікам СПАДАРОВЫМ супроці ўсяго збору Ізраялян, і прасьцягнуў рукі свае к небу,

і сказаў: Госпадзе, Божа Ізраілеў! няма падобнага Табе Бога на нябёсах угары і на зямлі ўнізе; Ты захоўваеш запавет і літасьць да рабоў Тваіх, якія ходзяць прад Табою ўсім сэрцам сваім.
 
І сказаў: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! няма падобнага да Цябе, Божа, на нябёсах угары й на зямлі далавах; Каторы заховуеш змову а міласэрдзе слугам Сваім, што ходзяць перад Табою ўсім сэрцам сваім.

Ты выканаў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, што казаў яму; што прамовіў Ты вуснамі Тваімі, тое ў гэты дзень учыніў рукою Тваёю.
 
Ты споўніў слузе Свайму Давіду, айцу майму, што казаў яму; што вымавіў Ты вуснамі Сваімі, тое выпаўніў рукою Сваёй, як гэта сядні.

І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, выканай рабу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што казаў Ты яму, прамовіўшы: «ня мінецца ў цябе прад абліччам Маім той, хто сядзіць на троне Ізраілевым, калі толькі сыны твае будуць трымацца шляху свайго, ходзячы прад Мною так, як ты хадзіў прад Мною».
 
І цяпер, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў, зьдзяржы слузе Свайму Давіду, айцу майму, тое, што ты ябяцаў яму, кажучы: "Ня будзе адцяты ў цябе перад відам Маім седзячы на пасадзе Ізраелявым, калі толькі сынове твае будуць дзяржацца дарогі свае, ходзячы перад Імною так, як ты хадзіў перад Імною".

І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, хай будзе слушнае слова Тваё, якое Ты прамовіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму!
 
Дык цяпер, Божа Ізраеляў, хай будзе ж зацьверджана слова Твае, каторае Ты вымавіў слузе Свайму Давіду, айцу майму!

Сапраўды, ці ж Богу жыць на зямлі? Неба і неба нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней гэты храм, які я пабудаваў;
 
Бо запраўды, ці Богу жыць на зямлі? Неба а неба нябёс ня могуць Цябе зьмясьціць, пагатове гэты дом, каторы я пастанавіў.

але ўважы малітве раба Твайго і прашэньню ягонаму, Госпадзе, Божа мой; пачуй позву і малітву, якою раб Твой умольвае Цябе сёньня.
 
Але абярніся да малітвы слугі Свайго й на маленьне ягонае, СПАДАРУ, Божа мой; пачуй гуканьне а малітву, каторай слуга Твой моле Цябе цяпер.

Хай будуць вочы Твае адкрытыя на храм гэты ўдзень і ўночы, на гэтае месца, пра якое Ты сказаў: «Маё імя будзе там»; пачуй малітву, якою будзе маліцца раб Твой на месцы гэтым.
 
Хай будуць вочы Твае адчыненыя на дом гэты ночы і ўдзень, на гэтае месца, праз каторае Ты сказаў: "Імя Мае, будзе там", каб чуць малітву, каторай будзе маліцца слуга Твой на месцу гэтым.

Пачуй маленьне раба Твайго і народу Твайго Ізраіля, калі яны будуць маліцца на месцы гэтым; пачуй на месцы перабываньня Твайго, на нябёсах, пачуй і зьлітуйся.
 
Пачуй маленьне слугі Свайго й люду Свайго Ізраеля, як яны будуць маліцца на месцу гэтым; пачуй на месцу перабываньня Свайго, на нябёсах; як учуеш, то зьмілуешся.

Калі хто згрэшыць супроць блізкага свайго, і спатрабуе зь яго прысягі, каб ён запрысягнуўся, і дзеля прысягі прыйдуць да ахвярніка Твайго, у храм гэты;
 
Як хто ізгрэша супроці суседа свайго, і ён узложа на яго прысягу, каб ён прысягнуў, і дзеля прысягі прыйдуць перад аброчнік Твой, да дому гэтага;

тады Ты пачуй зь неба, і ўчыні суд над рабамі Тваімі, зьвінаваці вінаватага, паклаўшы ўчынак яго на галаву ягоную, і апраўдай невінаватага, даўшы яму паводле праўды ягонай.
 
Тады Ты пачуй зь неба й судзі слугаў Сваіх, абвінуй нягоднага, узлажыўшы дарогу ягоную на галаву яму, і апраў справядлівага, аддаўшы яму подле справядлівасьці ягонае.

Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты няпрыяцелем за тое, што зграшыў прад Табою, і калі яны зьвернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Тваё, і будуць прасіць і ўмольваць Цябе ў гэтым храме:
 
Як люд Твой, Ізраель, будзе паражаны непрыяцелям за тое, што ізграшыў перад Табою, і як яны зьвернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Твае, і будуць прасіць а маліць Цябе ў гэтым доме;

тады Ты пачуй зь неба, і даруй грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў бацькам іхнім.
 
Тады Ты пачуй зь неба, і даруй грэх люду Свайго Ізраеля, і зьвярні іх да зямлі, каторую Ты даў айцом іхным.

Калі замкнецца неба і ня будзе дажджу за тое, што яны згрэшаць прад Табою, і калі памоляцца на месцы гэтым і вызнаюць імя Тваё і адвернуцца ад грэху свайго, бо Ты ўпакорыў іх,
 
Як замкнецца неба й ня будзе дажджу за тое, што яны ізграшылі перад Табою, і як памоляцца на месцу гэтым, і вызнаюць імя Твае, і адвернуцца ад грэху свайго, як Ты зьнемарасьціў іх;

тады пачуй зь неба і даруй грэх рабоў Тваіх і народу Твайго Ізраіля, указаўшы ім добры шлях, па якім ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
 
Тады пачуй зь неба, і даруй грэх слугаў Сваіх а люду Свайго Ізраеля, паказаўшы ім добрую дарогу, па каторай ісьці, і дай дождж на зямлю Сваю, каторую Ты даў люду Свайму на спадак.

Ці будзе на зямлі голад, ці будзе пошасьць, ці будзе палючы вецер, іржа, саранча, чэрві, ці няпрыяцель будзе ўціскаць яго на зямлі ягонай, ці будзе якое бедства, якая хвароба;
 
Ці будзе на зямлі галадоў, ці будзе мор, ці будзе сухмень, іржа, шаранча, чырва, ці будзе непрыяцель ціснуць яго ў зямлі брамаў ягоных, якая бяда, якая пошасьць;

пры ўсякай малітве, пры ўсякім маленьні, якое будзе ад якога-небудзь чалавека ва ўсім народзе Тваім Ізраілі, калі яны адчуюць бедства ў сэрцы сваім і працягнуць рукі свае да храма гэтага,
 
Усялякую малітву, усялякае маленьне, якое будзе ад якога-лень чалавека ў вусім людзе Тваім Ізраелю, калі кажны пазнае бяду ў сэрцу сваім, і прасьцягнуць рукі свае да дому гэтага;

Ты пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты ёсьць, і памілуй; зрабі і дай кожнаму паводле шляхоў ягоных, як Ты ўбачыш сэрца ягонае, бо Ты адзін ведаеш сэрца ўсіх сыноў чалавечых;
 
Ты пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, і зьмілуйся; і ўчыні й дай кажнаму подле дарогаў ягоных, каторага сэрца ты знаеш, бо Ты, адно Ты знаеш сэрцы ўсіх дзяцей людзкіх;

каб яны баяліся Цябе праз усе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
 
Каб яны баяліся Цябе ўсі дні, пакуль жывуць на зямлі, каторую Ты даў бацьком нашым.

Калі і іншапляменец, які не ад Твайго народу Ізраіля, прыйдзе зь зямлі далёкай дзеля імя Твайго,
 
І таксама ўзглядам чужаземца, каторы ня зь люду Твайго, Ізраеля, як ён прыйдзе ізь зямлі далёкае дзеля імені Твайго, —

бо яны пачуюць пра Тваё імя вялікае і пра Тваю руку моцную і пра Тваю мышцу прасьцёртую, і прыйдзе ён і памоліцца каля храма гэтага,
 
Бо й яны пачуюць праз Твае імя вялікае і праз Тваю руку дужую і праз Твае цаўё выцягненае, — і прыйдзе ён, і памоліцца ля дому гэтага:

пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, і зрабі ўсё, пра што будзе заклікаць да Цябе іншапляменец, каб усе народы зямлі ведалі імя Тваё, каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, каб ведалі, што імем Тваім называецца храм гэты, які я пабудаваў.
 
Пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, і зрабі подле ўсёга, чаго будзе гукаць да Цябе чужаземец, каб усі люды зямлі пазналі імя Твае, каб баяліся Цябе, як люд Твой Ізраель, каб ведалі, што імя Твае названа над домам гэтым, што я пастанавіў.

Калі выйдзе народ Твой на вайну супроць ворага свайго шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Госпаду, павярнуўшыся да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
 
Як выйдзе люд Твой на вайну супроці непрыяцеля свайго дарогаю, каторай Ты пашлеш яго, і будуць маліцца СПАДАРУ абярнуўшыся ў кірунку места, каторае Ты абраў, і дому, каторы я пастанавіў імені Твайму;

тады пачуй зь неба малітву іхнюю і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім.
 
Дык пачуй зь неба малітву іхную а просьбу іхную і ўчыні справядлівасьць ім.

Калі яны згрэшаць прад Табою, — бо няма чалавека, які не грашыў бы, — і Ты ўгневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і тыя, што паланілі іх і павядуць іх у няпрыяцельскую зямлю, далёкую альбо блізкую,
 
Як яны ізгрэшаць перад Табою, — бо няма чалавека, што не грашыў бы, — і ты загневаешся на іх, і аддасі іх варагом, так што яны павядуць іх палоненікамі да зямлі непрыяцельскае, далёкае альбо блізкое;

і калі яны на зямлі, у якой будуць жыць у палоне, увойдуць у сябе і зьвернуцца і будуць маліцца Табе на зямлі тых, што паланілі іх, кажучы: «мы зграшылі, учынілі беззаконьне, мы вінаватыя»,
 
І як яны ахамянуцца ў сэрцах сваіх у зямлі, у каторай будуць у палоне, і пакаяцца, і будуць маліць Цябе ў зямлі тых, што іх паланілі, кажучы: "Мы ізграшылі, зрабілі бяспраўе, мы вінны";

і калі павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі ворагаў, якія паланілі іх, і будуць маліцца Табе, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
 
І як зьвернуцца да Цябе ўсім сэрцам і ўсёй душою ў зямлі непрыяцеляў, каторыя іх паланілі, і будуць маліць Цябе, абярнуўшыся ў кірунку зямлі свае, каторую Ты даў бацьком іхным, да места, каторае Ты абраў, і да дому, каторы я пастанавіў імені Твайму;

тады пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, малітву і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім;
 
Тады пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, маленьне іхнае а просьбу іхную, і ўчыні справядлівасьць ім,

і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў прад Табою, і ўсе благія ўчынкі ягоныя, якія ён зрабіў прад Табою, і абудзі спагаду да іх у тых, што паланілі іх, каб яны былі мілажальныя да іх:
 
І даруй люду Свайму, у чым ён ізграшыў перад Табою, і ўсі выступы ягоныя, каторымі яны выступалі перад Табою, і нахіні спагаду да іх у тых, што іх паланілі, каб яны спагадалі ім;

бо яны — Твой народ і Твой надзел, які Ты вывеў зь Егіпта, з жалезнай печы.
 
Бо яны Твой люд а спадак Твой, каторы Ты вывеў зь Ягіпту, з нутра зялезнае печы.

Хай будуць вочы Твае адкрытыя на малітву раба Твайго і на малітву народу Твайго Ізраіля, каб чуць іх заўсёды, калі яны будуць заклікаць Цябе,
 
Хай будуць вочы Твае адчыненыя на маленьне слугі Свайго і на маленьне люду Свайго, Ізраеля, каб чуць іх заўсёды, як яны будуць гукаць да Цябе;

бо Ты аддзяліў іх сабе ў надзел з усіх народаў зямлі, як Ты сказаў праз Майсея, раба Твайго, калі вывеў бацькоў нашых зь Егіпта, Уладыка Госпадзе!
 
Бо Ты аддзяліў іх Сабе на спадак із усіх людаў зямлі, як Ты выказаў Масеям, слугою Сваім, як вывеў бацькоў нашых ізь Ягіпту, Спадару СПАДАРУ!»

Калі Саламон прамовіў усё гэта маленьне і прашэньне да Госпада, тады ўстаў з каленяў ад ахвярніка Гасподняга, а рукі ягоныя былі паднятыя да неба.
 
І было, як скончыў Салямон маліцца СПАДАРУ малітваю а маленьням гэтым, што ўстаў з каленяў ад аброчніка СПАДАРОВАГА, і далоні ягоныя былі прасьцягненыя да нябёс.

І стоячы дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, гучным голасам кажучы:
 
І стаў, і дабраславіў усю грамаду Ізраялян вялікім голасам, кажучы:

дабраславёны Гасподзь, Які даў спакой народу Свайму Ізраілю, як казаў! не засталося нявыкананага ніводнага слова з усіх добрых слоў Яго, якія Ён прамовіў праз раба Свайго Майсея;
 
«Дабраславёны СПАДАР, Каторы даў супакой люду свайму, Ізраелю, подле ўсёга, што казаў! не адпала ні воднае слова з усёга добрага слова, каторае Ён казаў слугою Сваім Масеям.

хай будзе з намі Гасподзь Бог наш, як быў Ён з бацькамі нашымі, хай не пакіне нас,
 
Хай будзе з намі СПАДАР, Бог наш, як быў Ён із бацькамі нашымі, хай не пакіне нас і хай ня кіне нас,

схіляючы да Сябе сэрца наша, каб мы хадзілі па ўсіх шляхах Ягоных і захоўвалі запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, якія Ён наказаў бацькам нашым;
 
Нахінаючы да Сябе сэрца нашае, каб хадзіць па ўсіх дарогах Ягоных і дзяржаць расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя а суды Ягоныя, каторыя ён расказаў бацьком нашым.

і хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся прад Госпадам, блізкія да Госпада Бога нашага ўдзень і ўначы, каб Ён рабіў, што трэба рабу Свайму, і што трэба народу Свайму Ізраілю, дзень у дзень,
 
І хай будуць словы гэтыя, каторымі я маліўся перад СПАДАРОМ, блізкія да СПАДАРА, Бога нашага, удзень і ночы, каб Ён чыніў справядлівасьць слузе Свайму, і справядлівасьць люду Свайму, Ізраелю, усе ўпару,

каб усе народы ўведалі, што Гасподзь ёсьць Бог, і няма апрача Яго;
 
Каб ведалі ўсі люды зямлі, што СПАДАР ё Бог і няма яшчэ.

хай будзе сэрца ваша цалкам аддадзена Госпаду Богу нашаму, каб хадзіць паводле пастановаў Ягоных і захоўваць запаведзі Ягоныя, як сёньня.
 
Хай будзе сэрца вашае супоўна із СПАДАРОМ, Богам нашым, каб хадзіць у вуставах Ягоных і дзяржаць расказаньні Ягоныя, як сядні».

І цар і ўсе Ізраільцяне зь ім прынесьлі ахвяру Госпаду.
 
І кароль, і ўсі Ізраяляне зь ім абраклі аброк перад СПАДАРОМ.

І прынёс Саламон мірную ахвяру, якую прынёс ён Госпаду, дваццаць дзьве тысячы буйнога быдла і сто дваццаць тысяч дробнага быдла. Так асьвяціў храм Госпаду цар і ўсе сыны Ізраілевыя.
 
І аброк Салямон на супакойны аброк, каторы ён аброк СПАДАРУ, дваццаць дзьве тысячы буйнога статку і сто дваццаць тысячаў драбнога статку. Гэтак кароль а ўсі сынове Ізраелявы пасьвяцілі дом СПАДАРУ.

І ў той самы дзень асьвяціў цар сярэднюю частку двара, які перад храмам Гасподнім, учыніўшы там цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне і ўзьнёсшы тлушч мірных ахвяр, бо медны ахвярнік, які прад Госпадам, быў малы пад памяшканьні цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу мірных ахвяр.
 
Таго ж дня сьвяціў Салямон сярэдні панадворак, каторы перад домам СПАДАРОВЫМ, бо там зрабіў ён усепаленьне а хлебны аброк а тук супакойных аброкаў; бо мядзяны аброчнік, каторы перад СПАДАРОМ, быў малы дзеля зьмяшчэньня ўсепаленьня а хлебнага аброку а туку супакойных аброкаў.

І зрабіў Саламон у гэты час сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім, — вялікі сход, які сышоўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай прад Госпадам Богам нашым; — сем дзён і яшчэ сем дзён, чатырнаццаць дзён.
 
І зрабіў Салямон таго часу сьвята, і ўвесь Ізраель ізь ім, — вялізманы збор, ад уходу ў Гамаф аж да ракі Ягіпецкае, перад СПАДАРОМ, Богам нашым; — сем дзён і яшчэ сем дзён, чатырнанцаць дзён.

На восьмы дзень Саламон адпусьціў народ. І дабраславілі цара і пайшлі ў намёты свае, радуючыся і вяселячыся ў сэрцы за ўсё добрае, што зрабіў Гасподзь рабу Свайму Давіду і народу Свайму Ізраілю.
 
Восьмага дня Салямон адаслаў люд. І дабраславілі караля, і пайшлі да буданоў сваіх, радуючыся і будучы вясёлага сэрца з усёга дабра, што ўчыніў СПАДАР слузе Свайму Давіду і люду Свайму Ізраелю.