Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 8 1 Гаспадарстваў 8 разьдзел

1 Тады згукаў Салямон старцоў Ізраелявых і ўсі галавы плямёнаў, князёў сыноў Ізраелявых, да караля Салямона да Ерузаліму, каб узьнесьці скрыню змовы СПАДАРОВУ зь места Давідавага, значыцца Сыёну.
2 І зьберліся да караля Салямона на сьвята ўсі Ізраяляне, у месяцу афаніме, а гэта сёмы месяц.
3 І прышлі ўсі старцы Ізраелявы; і паднялі сьвятары скрыню,
4 І ўзьнесьлі скрыню СПАДАРОВУ а будан збору а ўсе сьвятое судзьдзе, што было ў будане; і ўзьнесьлі іх сьвятары а Левіты.
5 І кароль Салямон, і ўвесь збор Ізраеляў, што зьберся да яго, былі зь ім перад скрыняю, абракаючы аброкі з драбнога й буйнога статку, каторых нельга запісаць а палічыць з прычыны множасьці іх.
6 І ўнесьлі сьвятары скрыню змовы СПАДАРОВАЕ на месца яе ў палац дому, у Сьвятое Сьвятых пад крылы херуваў;
7 Бо херувы распускалі крыльле над месцам скрыні, і пакрывалі херувы зьверху скрыню й нашулкі яе.
8 І былі даўгія нашулкі, і відаць былі галоўкі іх ізь сьвятыні перад палацам, а вонках ня было іх відаць; і там яны дагэтуль.
9 У скрыні нічога ня было, апрача дзьвюх каменных табліцаў, каторыя палажыў туды Масей на Горыве, як СПАДАР учыніў змову із сынамі Ізраелявымі, па выхадзе іх ізь зямлі Ягіпецкае.
10 І было, што, як сьвятары выходзілі ізь сьвятыні, то булак напоўніў дом СПАДАРОЎ.
11 І сьвятары не маглі стаяць і служыць, з прычыны булаку, бо слава СПАДАРОВА напоўніла дом СПАДАРОЎ.
12 Тады сказаў Салямон: «СПАДАР сказаў, што Ён зыча жыць у густой цемні;
13 Я ахвотна пастанавіў Табе дом жыць у ім, месца прабываць Табе навекі».
14 І абярнуўся кароль відам сваім, і дабраславіў усю грамаду Ізраялян; уся грамада Ізраялян стаяла.
15 І сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, каторы сказаў Сваімі вуснамі Давіду, айцу майму, і рукою Сваёю споўніў, кажучы:
16 "Адгэнуль, як Я вывеў люд Свой Ізраеля зь Ягіпту, Я не абраў места ў ні водным з плямёнаў Ізраелявых, каб быў пастаноўлены дом, у каторым перабывала б імя Мае; і абраў Давіда, каб быць яму над людам Маім Ізраелям".
17 У Давіда, айца майго, было ў сэрцу пастанавіць дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага;
18 Але СПАДАР сказаў Давіду, айцу майму: "Хоць у цябе было на сэрцу тваім пастанавіць дом імені Майму; добра, што гэта ў цябе было на сэрцу;
19 Адылі ня ты пастановіш дом, а сын твой, што выйдзе ізь сьцёгнаў тваіх, ён пастанове дом імені Майму".
20 І споўніў СПАДАР слова Свае, каторае вымавіў: я ўзьняўся на месца айца свайго Давіда, і сеў на пасадзе Ізраелявым, як сказаў СПАДАР, і пастанавіў дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага;
21 І прызначыў там месца на скрыню, у каторай змова СПАДАРОВА, ўчыненая Ім із айцамі нашымі, як Ён вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае».
22 І стаў Салямон перад аброчнікам СПАДАРОВЫМ супроці ўсяго збору Ізраялян, і прасьцягнуў рукі свае к небу,
23 І сказаў: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! няма падобнага да Цябе, Божа, на нябёсах угары й на зямлі далавах; Каторы заховуеш змову а міласэрдзе слугам Сваім, што ходзяць перад Табою ўсім сэрцам сваім.
24 Ты споўніў слузе Свайму Давіду, айцу майму, што казаў яму; што вымавіў Ты вуснамі Сваімі, тое выпаўніў рукою Сваёй, як гэта сядні.
25 І цяпер, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў, зьдзяржы слузе Свайму Давіду, айцу майму, тое, што ты ябяцаў яму, кажучы: "Ня будзе адцяты ў цябе перад відам Маім седзячы на пасадзе Ізраелявым, калі толькі сынове твае будуць дзяржацца дарогі свае, ходзячы перад Імною так, як ты хадзіў перад Імною".
26 Дык цяпер, Божа Ізраеляў, хай будзе ж зацьверджана слова Твае, каторае Ты вымавіў слузе Свайму Давіду, айцу майму!
27 Бо запраўды, ці Богу жыць на зямлі? Неба а неба нябёс ня могуць Цябе зьмясьціць, пагатове гэты дом, каторы я пастанавіў.
28 Але абярніся да малітвы слугі Свайго й на маленьне ягонае, СПАДАРУ, Божа мой; пачуй гуканьне а малітву, каторай слуга Твой моле Цябе цяпер.
29 Хай будуць вочы Твае адчыненыя на дом гэты ночы і ўдзень, на гэтае месца, праз каторае Ты сказаў: "Імя Мае, будзе там", каб чуць малітву, каторай будзе маліцца слуга Твой на месцу гэтым.
30 Пачуй маленьне слугі Свайго й люду Свайго Ізраеля, як яны будуць маліцца на месцу гэтым; пачуй на месцу перабываньня Свайго, на нябёсах; як учуеш, то зьмілуешся.
31 Як хто ізгрэша супроці суседа свайго, і ён узложа на яго прысягу, каб ён прысягнуў, і дзеля прысягі прыйдуць перад аброчнік Твой, да дому гэтага;
32 Тады Ты пачуй зь неба й судзі слугаў Сваіх, абвінуй нягоднага, узлажыўшы дарогу ягоную на галаву яму, і апраў справядлівага, аддаўшы яму подле справядлівасьці ягонае.
33 Як люд Твой, Ізраель, будзе паражаны непрыяцелям за тое, што ізграшыў перад Табою, і як яны зьвернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Твае, і будуць прасіць а маліць Цябе ў гэтым доме;
34 Тады Ты пачуй зь неба, і даруй грэх люду Свайго Ізраеля, і зьвярні іх да зямлі, каторую Ты даў айцом іхным.
35 Як замкнецца неба й ня будзе дажджу за тое, што яны ізграшылі перад Табою, і як памоляцца на месцу гэтым, і вызнаюць імя Твае, і адвернуцца ад грэху свайго, як Ты зьнемарасьціў іх;
36 Тады пачуй зь неба, і даруй грэх слугаў Сваіх а люду Свайго Ізраеля, паказаўшы ім добрую дарогу, па каторай ісьці, і дай дождж на зямлю Сваю, каторую Ты даў люду Свайму на спадак.
37 Ці будзе на зямлі галадоў, ці будзе мор, ці будзе сухмень, іржа, шаранча, чырва, ці будзе непрыяцель ціснуць яго ў зямлі брамаў ягоных, якая бяда, якая пошасьць;
38 Усялякую малітву, усялякае маленьне, якое будзе ад якога-лень чалавека ў вусім людзе Тваім Ізраелю, калі кажны пазнае бяду ў сэрцу сваім, і прасьцягнуць рукі свае да дому гэтага;
39 Ты пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, і зьмілуйся; і ўчыні й дай кажнаму подле дарогаў ягоных, каторага сэрца ты знаеш, бо Ты, адно Ты знаеш сэрцы ўсіх дзяцей людзкіх;
40 Каб яны баяліся Цябе ўсі дні, пакуль жывуць на зямлі, каторую Ты даў бацьком нашым.
41 І таксама ўзглядам чужаземца, каторы ня зь люду Твайго, Ізраеля, як ён прыйдзе ізь зямлі далёкае дзеля імені Твайго, —
42 Бо й яны пачуюць праз Твае імя вялікае і праз Тваю руку дужую і праз Твае цаўё выцягненае, — і прыйдзе ён, і памоліцца ля дому гэтага:
43 Пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, і зрабі подле ўсёга, чаго будзе гукаць да Цябе чужаземец, каб усі люды зямлі пазналі імя Твае, каб баяліся Цябе, як люд Твой Ізраель, каб ведалі, што імя Твае названа над домам гэтым, што я пастанавіў.
44 Як выйдзе люд Твой на вайну супроці непрыяцеля свайго дарогаю, каторай Ты пашлеш яго, і будуць маліцца СПАДАРУ абярнуўшыся ў кірунку места, каторае Ты абраў, і дому, каторы я пастанавіў імені Твайму;
45 Дык пачуй зь неба малітву іхную а просьбу іхную і ўчыні справядлівасьць ім.
46 Як яны ізгрэшаць перад Табою, — бо няма чалавека, што не грашыў бы, — і ты загневаешся на іх, і аддасі іх варагом, так што яны павядуць іх палоненікамі да зямлі непрыяцельскае, далёкае альбо блізкое;
47 І як яны ахамянуцца ў сэрцах сваіх у зямлі, у каторай будуць у палоне, і пакаяцца, і будуць маліць Цябе ў зямлі тых, што іх паланілі, кажучы: "Мы ізграшылі, зрабілі бяспраўе, мы вінны";
48 І як зьвернуцца да Цябе ўсім сэрцам і ўсёй душою ў зямлі непрыяцеляў, каторыя іх паланілі, і будуць маліць Цябе, абярнуўшыся ў кірунку зямлі свае, каторую Ты даў бацьком іхным, да места, каторае Ты абраў, і да дому, каторы я пастанавіў імені Твайму;
49 Тады пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, маленьне іхнае а просьбу іхную, і ўчыні справядлівасьць ім,
50 І даруй люду Свайму, у чым ён ізграшыў перад Табою, і ўсі выступы ягоныя, каторымі яны выступалі перад Табою, і нахіні спагаду да іх у тых, што іх паланілі, каб яны спагадалі ім;
51 Бо яны Твой люд а спадак Твой, каторы Ты вывеў зь Ягіпту, з нутра зялезнае печы.
52 Хай будуць вочы Твае адчыненыя на маленьне слугі Свайго і на маленьне люду Свайго, Ізраеля, каб чуць іх заўсёды, як яны будуць гукаць да Цябе;
53 Бо Ты аддзяліў іх Сабе на спадак із усіх людаў зямлі, як Ты выказаў Масеям, слугою Сваім, як вывеў бацькоў нашых ізь Ягіпту, Спадару СПАДАРУ!»
54 І было, як скончыў Салямон маліцца СПАДАРУ малітваю а маленьням гэтым, што ўстаў з каленяў ад аброчніка СПАДАРОВАГА, і далоні ягоныя былі прасьцягненыя да нябёс.
55 І стаў, і дабраславіў усю грамаду Ізраялян вялікім голасам, кажучы:
56 «Дабраславёны СПАДАР, Каторы даў супакой люду свайму, Ізраелю, подле ўсёга, што казаў! не адпала ні воднае слова з усёга добрага слова, каторае Ён казаў слугою Сваім Масеям.
57 Хай будзе з намі СПАДАР, Бог наш, як быў Ён із бацькамі нашымі, хай не пакіне нас і хай ня кіне нас,
58 Нахінаючы да Сябе сэрца нашае, каб хадзіць па ўсіх дарогах Ягоных і дзяржаць расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя а суды Ягоныя, каторыя ён расказаў бацьком нашым.
59 І хай будуць словы гэтыя, каторымі я маліўся перад СПАДАРОМ, блізкія да СПАДАРА, Бога нашага, удзень і ночы, каб Ён чыніў справядлівасьць слузе Свайму, і справядлівасьць люду Свайму, Ізраелю, усе ўпару,
60 Каб ведалі ўсі люды зямлі, што СПАДАР ё Бог і няма яшчэ.
61 Хай будзе сэрца вашае супоўна із СПАДАРОМ, Богам нашым, каб хадзіць у вуставах Ягоных і дзяржаць расказаньні Ягоныя, як сядні».
62 І кароль, і ўсі Ізраяляне зь ім абраклі аброк перад СПАДАРОМ.
63 І аброк Салямон на супакойны аброк, каторы ён аброк СПАДАРУ, дваццаць дзьве тысячы буйнога статку і сто дваццаць тысячаў драбнога статку. Гэтак кароль а ўсі сынове Ізраелявы пасьвяцілі дом СПАДАРУ.
64 Таго ж дня сьвяціў Салямон сярэдні панадворак, каторы перад домам СПАДАРОВЫМ, бо там зрабіў ён усепаленьне а хлебны аброк а тук супакойных аброкаў; бо мядзяны аброчнік, каторы перад СПАДАРОМ, быў малы дзеля зьмяшчэньня ўсепаленьня а хлебнага аброку а туку супакойных аброкаў.
65 І зрабіў Салямон таго часу сьвята, і ўвесь Ізраель ізь ім, — вялізманы збор, ад уходу ў Гамаф аж да ракі Ягіпецкае, перад СПАДАРОМ, Богам нашым; — сем дзён і яшчэ сем дзён, чатырнанцаць дзён.
66 Восьмага дня Салямон адаслаў люд. І дабраславілі караля, і пайшлі да буданоў сваіх, радуючыся і будучы вясёлага сэрца з усёга дабра, што ўчыніў СПАДАР слузе Свайму Давіду і люду Свайму Ізраелю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.