1 Тады сабраў Салямон старшыняў Ізраіля, усіх князёў пакаленьняў, усіх начальнікаў [дамоў] бацькоў сыноў Ізраіля да валадара Салямона ў Ерусалім, каб перанесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гораду Давіда, з Сыёну.
2 І сабраліся да валадара Салямона ўсе Ізраільцяне ў месяцы Этанім на сьвята, якое ў сёмым месяцы.
3 І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля, і сьвятары ўзялі Каўчэг,
4 і перанесьлі Каўчэг ГОСПАДА, Намёт Спатканьня і ўсе рэчы сьвятыя, якія [былі] ў Намёце, і несьлі іх сьвятары і лявіты.
5 І валадар Салямон, і ўся грамада Ізраіля, якая сабралася пры ім, ішлі перад Каўчэгам і складалі ахвяры з авечак і валоў так шмат, што ані запісаць, ані палічыць нельга было.
6 І ўнесьлі сьвятары Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў Давір сьвятыні, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
7 Бо херувімы раскінулі крылы над месцам Каўчэгу і закрывалі херувімы Каўчэг і насілы ягоныя зьверху.
8 Насілы гэтыя былі такія доўгія, што канцы іхнія былі бачныя з [Месца] Сьвятога перад Давірам, але не было іх бачна звонку. І яны там аж да гэтага дня.
9 У Каўчэгу не было нічога, акрамя дзьвюх каменных табліцаў, якія туды палажыў Майсей пад Харэвам, калі ГОСПАД заключыў запавет з сынамі Ізраіля пад час выхаду іх з зямлі Эгіпецкай.
10 І сталася, калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, воблака запоўніла Дом ГОСПАДА.
11 І не маглі сьвятары стаяць і спаўняць службу з прычыны гэтага воблака, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА.
12 Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што будзе жыць у хмары.
13 Я пабудаваў Дом на пражываньне Табе, месца знаходжаньня Твайго на вякі».
14 І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква Ізраіля стаяла.
15 І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які прамовіў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і зьдзейсьніў гэта рукою Сваёю, кажучы:
16 “Ад таго дня, у які Я вывеў народ Мой, Ізраіля, з Эгіпту, з усіх пакаленьняў Ізраіля ня выбраў Я гораду для пабудовы Дому, каб імя Маё было там, але Я выбраў Давіда, каб быў ён над народам Маім, Ізраілем”.
17 І было ў сэрцы Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
18 Але ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што ты задумаў у сэрцы тваім, каб пабудаваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім.
19 Аднак ты не пабудуеш Дом гэты, але сын твой, які выйдзе з паясьніцы тваёй, ён пабудуе Дом для імя Майго”.
20 І зьдзейсьніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў. І я заняў месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як прамовіў ГОСПАД. І я пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
21 І там я падрыхтаваў месца для Каўчэга, у якім Запавет ГОСПАДА, які Ён заключыў з бацькамі нашымі, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай».
22 І стаў Салямон перад ахвярнікам ГОСПАДА, і перад усёй царквой Ізраіля выцягнуў рукі свае да неба, і сказаў:
23 «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма падобнага Табе Бога ані ў небе ўгары, ані на зямлі ўнізе. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць для слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім.
24 Ты споўніў слузе Твайму, Давіду, бацьку майму, тое, што прамовіў яму. Тое, што Ты прамовіў вуснамі Тваімі, сёньня Ты зьдзейсьніў рукою Тваёю.
25 І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты прамовіў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе чалавек ад аблічча Майго, які будзе сядзець на пасадзе Ізраіля, калі сыны твае будуць захоўваць шлях Мой, каб хадзіць перад абліччам Маім, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.
26 І цяпер, Божа Ізраіля, няхай спраўдзяцца словы Твае, якія Ты гаварыў слузе Твайму, Давіду, бацьку майму.
27 Ці ж сапраўды Бог будзе жыць на зямлі? Вось, неба і нябёсы нябёсаў ня могуць ахапіць Цябе. Што ж тады Дом гэты, які я пабудаваў?
28 Але Ты зваж на малітву слугі Твайго і на просьбы ягоныя, ГОСПАДЗЕ, Божа мой. Пачуй кліканьне і малітву, якімі моліцца перад абліччам Тваім сёньня слуга Твой.
29 Няхай будуць вочы Твае адкрытыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты казаў: “Там імя Маё”, і выслухай малітву, якою моліцца слуга Твой на месцы гэтым.
30 І выслухай маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якія будуць маліцца на месцы гэтым. І ты пачуй з месца знаходжаньня Твайго ў небе, пачуй і прабач.
31 Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў перад ахвярнікам Тваім, і будзе адбывацца прысяга ў Доме гэтым,
32 Ты пачуй з неба, і зрабі [суд], і судзі слугаў Тваіх, асуджаючы бязбожнага, каб на галаву ягоную зьвярнуліся шляхі ягоныя, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай.
33 Калі народ Твой, Ізраіль, будзе пабіты перад абліччам ворага за тое, што ён саграшыў адносна Цябе, і яны навернуцца да Цябе, і будуць клікаць імя Тваё, і будуць маліцца і прасіць Цябе ў Доме гэтым,
34 Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго, Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў бацькам іхнім.
35 Калі будзе замкнёнае неба і ня будзе дажджу, бо яны саграшылі перад Табою, і яны будуць маліцца на месцы гэтым і клікаць імя Тваё, і адвернуцца ад грэху свайго, бо Ты пакараў іх,
36 Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў Тваіх і народу Твайго, Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны маюць ісьці, і спашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
37 Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, іржа, саранча, або чэрві, або будзе вораг ягоны прыгнятаць яго ў зямлі, дзе брамы ягоныя, або [прыйдзе] якая кара або якая хвароба,
38 кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека або ад усяго народу Твайго, Ізраіля, калі кожны з іх адчуе плягу ў сэрцы сваім, і выцягне далоні свае да Дому гэтага,
39 Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і зрабі [суд], і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты адзін ведаеш сэрцы ўсіх сыноў чалавечых,
40 каб яны баяліся Цябе ў-ва ўсе дні, пакуль жывуць на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
41 Таксама калі чужынец, які не з народу Твайго, Ізраіля, прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго,
42 бо яны пачуюць пра імя Тваё вялікае, і руку Тваю моцную, і рамяно Тваё ўзьнятае, і прыйдзе ён, і будзе маліцца ў Доме гэтым,
43 Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што прасіць Цябе будзе чужынец, каб ведалі ўсе народы зямлі імя Тваё і баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, і каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.
44 Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты іх пашлеш, і яны будуць маліцца да ГОСПАДА ў накірунку гораду, які Ты выбраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,
45 Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх.
46 Калі яны саграшаць перад Табою, а няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю ворагаў далёкую або блізкую,
47 і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якой будуць палоненыя, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Саграшылі мы, і правініліся, бо былі бязбожнікамі”,
48 і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй у зямлі ворагаў сваіх, у якой паланілі іх, і будуць маліцца да Цябе, павярнуўшыся ў бок зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і да гораду, які Ты выбраў, і да Дому гэтага, які я пабудаваў для імя Твайго,
49 Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх,
50 і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою, усе праступкі іхнія, якімі яны правініліся адносна Цябе, і зьяві ім літасьць перад абліччам тых, якія ўзялі іх у палон, каб яны зьлітаваліся над імі,
51 бо яны — народ Твой і спадчына Твая, бо Ты вывеў іх з Эгіпту, з сярэдзіны печы жалезнай.
52 Няхай вочы Твае будуць адкрытыя на маленьне слугі Твайго і на маленьне народу Твайго, Ізраіля, і Ты выслухай іх у-ва ўсім, пра што яны клічуць да Цябе.
53 Бо Ты выбраў іх з усіх народаў зямлі ў спадчыну Сабе, як Ты прамовіў праз Майсея, слугу Твайго, калі Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вывеў бацькоў нашых з Эгіпту».
54 І сталася, калі Салямон скончыў малітву гэтую і просьбу да ГОСПАДА, ён устаў спрад ахвярніка ГОСПАДА, бо быў схіліўшыся на калені свае, а рукі ягоныя былі ўзьнятыя ў неба.
55 І ўстаў ён, і дабраславіў усю царкву Ізраіля голасам вялікім, кажучы:
56 «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які даў супакой усяму народу Свайму, Ізраілю, паводле ўсяго, што Ён прамовіў. І споўнілася кожнае добрае слова, якое Ён сказаў праз Майсея, слугу Свайго.
57 Няхай будзе ГОСПАД, Бог наш, з намі, як быў з бацькамі нашымі. Няхай Ён не пакіне нас і не адкіне нас.
58 Няхай Ён прыхіліць сэрцы нашыя да Сябе, каб мы хадзілі ўсімі шляхамі Ягонымі, захоўвалі прыказаньні Ягоныя, пастановы Ягоныя і прысуды Ягоныя, якія Ён загадаў бацькам нашым.
59 І няхай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся перад абліччам ГОСПАДА, блізкія ГОСПАДУ, Богу нашаму, удзень і ўначы, каб Ён чыніў суд слузе Свайму і суд народу Свайму, Ізраілю, у [кожнай] справе штодзень,
60 каб ведалі ўсе народы зямлі, што толькі ГОСПАД ёсьць Бог, і няма іншага.
61 І няхай будзе сэрца вашае шчырым з ГОСПАДАМ, Богам нашым, каб вы хадзілі паводле пастановаў Ягоных і захоўвалі прыказаньні Ягоныя, як [гэта ёсьць] сёньня».
62 І валадар і ўвесь Ізраіль разам з ім складалі ахвяры перад абліччам ГОСПАДА.
63 І Салямон склаў як ахвяру мірную, якую ахвяраваў ГОСПАДУ, дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авечак. І асьвяцілі Дом ГОСПАДА валадар і ўсе сыны Ізраіля.
64 У той дзень валадар асьвяціў унутраную частку панадворку, які быў перад Домам ГОСПАДА, бо склаў там ахвяру цэласпаленьня, ахвяру хлебную і тлушч ахвяраў мірных, бо ахвярнік мядзяны, які перад абліччам ГОСПАДА, быў замалы для ўсіх цэласпаленьняў, і ахвяраў хлебных, і тлушчу ахвяраў мірных.
65 І ў той час Салямон і ўвесь Ізраіль з ім, вялікая царква, што сабралася ад уваходу ў Хамат аж да ручая Эгіпецкага перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, сьвяткавалі сьвята сем дзён і сем дзён, разам чатырнаццаць дзён.
66 У восьмы дзень ён адпусьціў народ, і яны дабраславілі валадара, і вярнуліся ў намёты свае, радасныя і з добрым сэрцам з прычыны ўсіх дабрадзействаў, якія зрабіў ГОСПАД Давіду, слузе Свайму, і Ізраілю, народу Свайму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая кніга Валадароў, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023