3 царстваў 8 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Тады склікаў Саламон старэйшынаў Ізраільскіх і ўсіх начальнікаў каленаў, галоўных ад пакаленьняў сыноў Ізраілевых да цара Саламона ў Ерусалім, каб перанесьці каўчэг запавета Гасподняга з горада Давідавага, гэта значыць Сіёна.
Тады сабраў Салямон старшыняў Ізраіля, усіх князёў пакаленьняў, усіх начальнікаў [дамоў] бацькоў сыноў Ізраіля да валадара Салямона ў Ерусалім, каб перанесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гораду Давіда, з Сыёну.
І сабраліся да цара Саламона на сьвята ўсе Ізраільцяне, у месяцы Атаніме, які ёсьць сёмы месяц.
І сабраліся да валадара Салямона ўсе Ізраільцяне ў месяцы Этанім на сьвята, якое ў сёмым месяцы.
І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя; і паднялі сьвяшчэнны каўчэг,
І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля, і сьвятары ўзялі Каўчэг,
і панесьлі каўчэг Гасподні і скінію сходу і ўсе сьвяшчэнныя рэчы, якія былі ў скініі; і несьлі іх сьвятары і лявіты.
і перанесьлі Каўчэг ГОСПАДА, Намёт Спатканьня і ўсе рэчы сьвятыя, якія [былі] ў Намёце, і несьлі іх сьвятары і лявіты.
А цар Саламон і зь ім усё супольства Ізраільскае, што сабралася да яго, ішлі перад каўчэгам, прыносячы ахвяры з дробнага і буйнога быдла, якое немагчыма палічыць і вызначыць паводле мноства яго.
І валадар Салямон, і ўся грамада Ізраіля, якая сабралася пры ім, ішлі перад Каўчэгам і складалі ахвяры з авечак і валоў так шмат, што ані запісаць, ані палічыць нельга было.
І ўнесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца ягонае, у давір храма, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
І ўнесьлі сьвятары Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў Давір сьвятыні, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
Бо херувімы распасьціралі свае крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы зьверху каўчэг і жэрдкі яго.
Бо херувімы раскінулі крылы над месцам Каўчэгу і закрывалі херувімы Каўчэг і насілы ягоныя зьверху.
І высунуліся жэрдкі так, што галоўкі жэрдак відны былі зь сьвяцілішча перад давірам, але ня выходзілі вонкі; яны там і да сёньня.
Насілы гэтыя былі такія доўгія, што канцы іхнія былі бачныя з [Месца] Сьвятога перад Давірам, але не было іх бачна звонку. І яны там аж да гэтага дня.
У каўчэгу нічога ня было, апрача двух каменных скрыжаляў, якія паклаў туды Майсей на Харыве, калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай.
У Каўчэгу не было нічога, акрамя дзьвюх каменных табліцаў, якія туды палажыў Майсей пад Харэвам, калі ГОСПАД заключыў запавет з сынамі Ізраіля пад час выхаду іх з зямлі Эгіпецкай.
Калі сьвятары выйшлі зь сьвяцілішча, воблака напоўніла дом Гасподні;
І сталася, калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, воблака запоўніла Дом ГОСПАДА.
і не маглі сьвятары стаяць на набажэнстве з прычыны воблака; бо слава Гасподняя напоўніла храм Гасподні.
І не маглі сьвятары стаяць і спаўняць службу з прычыны гэтага воблака, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА.
Тады сказаў Саламон: Гасподзь сказаў, што Ён упадабаў быць у імгле;
Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што будзе жыць у хмары.
я пабудаваў храм у жытлішчы Табе, месца, каб быць Табе вечна.
Я пабудаваў Дом на пражываньне Табе, месца знаходжаньня Твайго на вякі».
І павярнуўся цар абліччам сваім, і дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў; увесь сход Ізраільцянаў стаяў.
І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква Ізраіля стаяла.
І сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, Які сказаў вуснамі сваімі Давіду, бацьку майму, і сёньня выканаў рукою сваёю! Ён казаў:
І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які прамовіў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і зьдзейсьніў гэта рукою Сваёю, кажучы:
«з таго дня, як Я вывеў народ Мой Ізраіля зь Егіпта, Я ня выбраў горада ў ніводным з каленаў Ізраілевых, каб пабудаваны быў дом, у якім было б імя Маё; і выбраў Давіда, каб быць яму над народам Маім Ізраілем».
“Ад таго дня, у які Я вывеў народ Мой, Ізраіля, з Эгіпту, з усіх пакаленьняў Ізраіля ня выбраў Я гораду для пабудовы Дому, каб імя Маё было там, але Я выбраў Давіда, каб быў ён над народам Маім, Ізраілем”.
У Давіда, бацькі майго, было на сэрцы пабудаваць храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;
І было ў сэрцы Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
але Гасподзь сказаў Давіду, бацьку майму: «у цябе ёсьць на сэрцы пабудаваць храм імю Майму; добра, што гэта ў цябе ляжыць на сэрцы;
Але ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што ты задумаў у сэрцы тваім, каб пабудаваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім.
аднак ты не пабудуеш храм, а сын твой, які выйшаў са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе храм імю Майму».
Аднак ты не пабудуеш Дом гэты, але сын твой, які выйдзе з паясьніцы тваёй, ён пабудуе Дом для імя Майго”.
І спраўдзіў Гасподзь слова Сваё, якое прамовіў. Я ўступіў на месца бацькі майго Давіда, і сеў на троне Ізраілевым, як сказаў Гасподзь, і пабудаваў храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;
І зьдзейсьніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў. І я заняў месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як прамовіў ГОСПАД. І я пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
і падрыхтаваў там месца каўчэгу, у якім запавет Госпада, заключаны Ім з бацькамі нашымі, калі Ён вывеў іх зь зямлі Егіпецкай.
І там я падрыхтаваў месца для Каўчэга, у якім Запавет ГОСПАДА, які Ён заключыў з бацькамі нашымі, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай».
І стаў Саламон перад ахвярнікам Гасподнім наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае да неба,
І стаў Салямон перад ахвярнікам ГОСПАДА, і перад усёй царквой Ізраіля выцягнуў рукі свае да неба, і сказаў:
і сказаў: Госпадзе, Божа Ізраілеў! няма падобнага Табе Бога на нябёсах угары і на зямлі ўнізе; Ты захоўваеш запавет і літасьць да рабоў Тваіх, якія ходзяць прад Табою ўсім сэрцам сваім.
«ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма падобнага Табе Бога ані ў небе ўгары, ані на зямлі ўнізе. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць для слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім.
Ты выканаў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, што казаў яму; што прамовіў Ты вуснамі Тваімі, тое ў гэты дзень учыніў рукою Тваёю.
Ты споўніў слузе Твайму, Давіду, бацьку майму, тое, што прамовіў яму. Тое, што Ты прамовіў вуснамі Тваімі, сёньня Ты зьдзейсьніў рукою Тваёю.
І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, выканай рабу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што казаў Ты яму, прамовіўшы: «ня мінецца ў цябе прад абліччам Маім той, хто сядзіць на троне Ізраілевым, калі толькі сыны твае будуць трымацца шляху свайго, ходзячы прад Мною так, як ты хадзіў прад Мною».
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты прамовіў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе чалавек ад аблічча Майго, які будзе сядзець на пасадзе Ізраіля, калі сыны твае будуць захоўваць шлях Мой, каб хадзіць перад абліччам Маім, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.
І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, хай будзе слушнае слова Тваё, якое Ты прамовіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму!
І цяпер, Божа Ізраіля, няхай спраўдзяцца словы Твае, якія Ты гаварыў слузе Твайму, Давіду, бацьку майму.
Сапраўды, ці ж Богу жыць на зямлі? Неба і неба нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней гэты храм, які я пабудаваў;
Ці ж сапраўды Бог будзе жыць на зямлі? Вось, неба і нябёсы нябёсаў ня могуць ахапіць Цябе. Што ж тады Дом гэты, які я пабудаваў?
але ўважы малітве раба Твайго і прашэньню ягонаму, Госпадзе, Божа мой; пачуй позву і малітву, якою раб Твой умольвае Цябе сёньня.
Але Ты зваж на малітву слугі Твайго і на просьбы ягоныя, ГОСПАДЗЕ, Божа мой. Пачуй кліканьне і малітву, якімі моліцца перад абліччам Тваім сёньня слуга Твой.
Хай будуць вочы Твае адкрытыя на храм гэты ўдзень і ўночы, на гэтае месца, пра якое Ты сказаў: «Маё імя будзе там»; пачуй малітву, якою будзе маліцца раб Твой на месцы гэтым.
Няхай будуць вочы Твае адкрытыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты казаў: “Там імя Маё”, і выслухай малітву, якою моліцца слуга Твой на месцы гэтым.
Пачуй маленьне раба Твайго і народу Твайго Ізраіля, калі яны будуць маліцца на месцы гэтым; пачуй на месцы перабываньня Твайго, на нябёсах, пачуй і зьлітуйся.
І выслухай маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якія будуць маліцца на месцы гэтым. І ты пачуй з месца знаходжаньня Твайго ў небе, пачуй і прабач.
Калі хто згрэшыць супроць блізкага свайго, і спатрабуе зь яго прысягі, каб ён запрысягнуўся, і дзеля прысягі прыйдуць да ахвярніка Твайго, у храм гэты;
Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў перад ахвярнікам Тваім, і будзе адбывацца прысяга ў Доме гэтым,
тады Ты пачуй зь неба, і ўчыні суд над рабамі Тваімі, зьвінаваці вінаватага, паклаўшы ўчынак яго на галаву ягоную, і апраўдай невінаватага, даўшы яму паводле праўды ягонай.
Ты пачуй з неба, і зрабі [суд], і судзі слугаў Тваіх, асуджаючы бязбожнага, каб на галаву ягоную зьвярнуліся шляхі ягоныя, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай.
Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты няпрыяцелем за тое, што зграшыў прад Табою, і калі яны зьвернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Тваё, і будуць прасіць і ўмольваць Цябе ў гэтым храме:
Калі народ Твой, Ізраіль, будзе пабіты перад абліччам ворага за тое, што ён саграшыў адносна Цябе, і яны навернуцца да Цябе, і будуць клікаць імя Тваё, і будуць маліцца і прасіць Цябе ў Доме гэтым,
тады Ты пачуй зь неба, і даруй грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў бацькам іхнім.
Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго, Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў бацькам іхнім.
Калі замкнецца неба і ня будзе дажджу за тое, што яны згрэшаць прад Табою, і калі памоляцца на месцы гэтым і вызнаюць імя Тваё і адвернуцца ад грэху свайго, бо Ты ўпакорыў іх,
Калі будзе замкнёнае неба і ня будзе дажджу, бо яны саграшылі перад Табою, і яны будуць маліцца на месцы гэтым і клікаць імя Тваё, і адвернуцца ад грэху свайго, бо Ты пакараў іх,
тады пачуй зь неба і даруй грэх рабоў Тваіх і народу Твайго Ізраіля, указаўшы ім добры шлях, па якім ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў Тваіх і народу Твайго, Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны маюць ісьці, і спашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
Ці будзе на зямлі голад, ці будзе пошасьць, ці будзе палючы вецер, іржа, саранча, чэрві, ці няпрыяцель будзе ўціскаць яго на зямлі ягонай, ці будзе якое бедства, якая хвароба;
Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, іржа, саранча, або чэрві, або будзе вораг ягоны прыгнятаць яго ў зямлі, дзе брамы ягоныя, або [прыйдзе] якая кара або якая хвароба,
пры ўсякай малітве, пры ўсякім маленьні, якое будзе ад якога-небудзь чалавека ва ўсім народзе Тваім Ізраілі, калі яны адчуюць бедства ў сэрцы сваім і працягнуць рукі свае да храма гэтага,
кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека або ад усяго народу Твайго, Ізраіля, калі кожны з іх адчуе плягу ў сэрцы сваім, і выцягне далоні свае да Дому гэтага,
Ты пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты ёсьць, і памілуй; зрабі і дай кожнаму паводле шляхоў ягоных, як Ты ўбачыш сэрца ягонае, бо Ты адзін ведаеш сэрца ўсіх сыноў чалавечых;
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і зрабі [суд], і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты адзін ведаеш сэрцы ўсіх сыноў чалавечых,
каб яны баяліся Цябе праз усе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
каб яны баяліся Цябе ў-ва ўсе дні, пакуль жывуць на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
Калі і іншапляменец, які не ад Твайго народу Ізраіля, прыйдзе зь зямлі далёкай дзеля імя Твайго,
Таксама калі чужынец, які не з народу Твайго, Ізраіля, прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго,
бо яны пачуюць пра Тваё імя вялікае і пра Тваю руку моцную і пра Тваю мышцу прасьцёртую, і прыйдзе ён і памоліцца каля храма гэтага,
бо яны пачуюць пра імя Тваё вялікае, і руку Тваю моцную, і рамяно Тваё ўзьнятае, і прыйдзе ён, і будзе маліцца ў Доме гэтым,
пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, і зрабі ўсё, пра што будзе заклікаць да Цябе іншапляменец, каб усе народы зямлі ведалі імя Тваё, каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, каб ведалі, што імем Тваім называецца храм гэты, які я пабудаваў.
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што прасіць Цябе будзе чужынец, каб ведалі ўсе народы зямлі імя Тваё і баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, і каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.
Калі выйдзе народ Твой на вайну супроць ворага свайго шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Госпаду, павярнуўшыся да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты іх пашлеш, і яны будуць маліцца да ГОСПАДА ў накірунку гораду, які Ты выбраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,
тады пачуй зь неба малітву іхнюю і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім.
Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх.
Калі яны згрэшаць прад Табою, — бо няма чалавека, які не грашыў бы, — і Ты ўгневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і тыя, што паланілі іх і павядуць іх у няпрыяцельскую зямлю, далёкую альбо блізкую,
Калі яны саграшаць перад Табою, а няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю ворагаў далёкую або блізкую,
і калі яны на зямлі, у якой будуць жыць у палоне, увойдуць у сябе і зьвернуцца і будуць маліцца Табе на зямлі тых, што паланілі іх, кажучы: «мы зграшылі, учынілі беззаконьне, мы вінаватыя»,
і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якой будуць палоненыя, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Саграшылі мы, і правініліся, бо былі бязбожнікамі”,
і калі павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі ворагаў, якія паланілі іх, і будуць маліцца Табе, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй у зямлі ворагаў сваіх, у якой паланілі іх, і будуць маліцца да Цябе, павярнуўшыся ў бок зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і да гораду, які Ты выбраў, і да Дому гэтага, які я пабудаваў для імя Твайго,
тады пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, малітву і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім;
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх,
і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў прад Табою, і ўсе благія ўчынкі ягоныя, якія ён зрабіў прад Табою, і абудзі спагаду да іх у тых, што паланілі іх, каб яны былі мілажальныя да іх:
і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою, усе праступкі іхнія, якімі яны правініліся адносна Цябе, і зьяві ім літасьць перад абліччам тых, якія ўзялі іх у палон, каб яны зьлітаваліся над імі,
бо яны — Твой народ і Твой надзел, які Ты вывеў зь Егіпта, з жалезнай печы.
бо яны — народ Твой і спадчына Твая, бо Ты вывеў іх з Эгіпту, з сярэдзіны печы жалезнай.
Хай будуць вочы Твае адкрытыя на малітву раба Твайго і на малітву народу Твайго Ізраіля, каб чуць іх заўсёды, калі яны будуць заклікаць Цябе,
Няхай вочы Твае будуць адкрытыя на маленьне слугі Твайго і на маленьне народу Твайго, Ізраіля, і Ты выслухай іх у-ва ўсім, пра што яны клічуць да Цябе.
бо Ты аддзяліў іх сабе ў надзел з усіх народаў зямлі, як Ты сказаў праз Майсея, раба Твайго, калі вывеў бацькоў нашых зь Егіпта, Уладыка Госпадзе!
Бо Ты выбраў іх з усіх народаў зямлі ў спадчыну Сабе, як Ты прамовіў праз Майсея, слугу Твайго, калі Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вывеў бацькоў нашых з Эгіпту».
Калі Саламон прамовіў усё гэта маленьне і прашэньне да Госпада, тады ўстаў з каленяў ад ахвярніка Гасподняга, а рукі ягоныя былі паднятыя да неба.
І сталася, калі Салямон скончыў малітву гэтую і просьбу да ГОСПАДА, ён устаў спрад ахвярніка ГОСПАДА, бо быў схіліўшыся на калені свае, а рукі ягоныя былі ўзьнятыя ў неба.
І стоячы дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, гучным голасам кажучы:
І ўстаў ён, і дабраславіў усю царкву Ізраіля голасам вялікім, кажучы:
дабраславёны Гасподзь, Які даў спакой народу Свайму Ізраілю, як казаў! не засталося нявыкананага ніводнага слова з усіх добрых слоў Яго, якія Ён прамовіў праз раба Свайго Майсея;
«Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які даў супакой усяму народу Свайму, Ізраілю, паводле ўсяго, што Ён прамовіў. І споўнілася кожнае добрае слова, якое Ён сказаў праз Майсея, слугу Свайго.
хай будзе з намі Гасподзь Бог наш, як быў Ён з бацькамі нашымі, хай не пакіне нас,
Няхай будзе ГОСПАД, Бог наш, з намі, як быў з бацькамі нашымі. Няхай Ён не пакіне нас і не адкіне нас.
схіляючы да Сябе сэрца наша, каб мы хадзілі па ўсіх шляхах Ягоных і захоўвалі запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, якія Ён наказаў бацькам нашым;
Няхай Ён прыхіліць сэрцы нашыя да Сябе, каб мы хадзілі ўсімі шляхамі Ягонымі, захоўвалі прыказаньні Ягоныя, пастановы Ягоныя і прысуды Ягоныя, якія Ён загадаў бацькам нашым.
і хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся прад Госпадам, блізкія да Госпада Бога нашага ўдзень і ўначы, каб Ён рабіў, што трэба рабу Свайму, і што трэба народу Свайму Ізраілю, дзень у дзень,
І няхай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся перад абліччам ГОСПАДА, блізкія ГОСПАДУ, Богу нашаму, удзень і ўначы, каб Ён чыніў суд слузе Свайму і суд народу Свайму, Ізраілю, у [кожнай] справе штодзень,
каб усе народы ўведалі, што Гасподзь ёсьць Бог, і няма апрача Яго;
каб ведалі ўсе народы зямлі, што толькі ГОСПАД ёсьць Бог, і няма іншага.
хай будзе сэрца ваша цалкам аддадзена Госпаду Богу нашаму, каб хадзіць паводле пастановаў Ягоных і захоўваць запаведзі Ягоныя, як сёньня.
І няхай будзе сэрца вашае шчырым з ГОСПАДАМ, Богам нашым, каб вы хадзілі паводле пастановаў Ягоных і захоўвалі прыказаньні Ягоныя, як [гэта ёсьць] сёньня».
І цар і ўсе Ізраільцяне зь ім прынесьлі ахвяру Госпаду.
І валадар і ўвесь Ізраіль разам з ім складалі ахвяры перад абліччам ГОСПАДА.
І прынёс Саламон мірную ахвяру, якую прынёс ён Госпаду, дваццаць дзьве тысячы буйнога быдла і сто дваццаць тысяч дробнага быдла. Так асьвяціў храм Госпаду цар і ўсе сыны Ізраілевыя.
І Салямон склаў як ахвяру мірную, якую ахвяраваў ГОСПАДУ, дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авечак. І асьвяцілі Дом ГОСПАДА валадар і ўсе сыны Ізраіля.
І ў той самы дзень асьвяціў цар сярэднюю частку двара, які перад храмам Гасподнім, учыніўшы там цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне і ўзьнёсшы тлушч мірных ахвяр, бо медны ахвярнік, які прад Госпадам, быў малы пад памяшканьні цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу мірных ахвяр.
У той дзень валадар асьвяціў унутраную частку панадворку, які быў перад Домам ГОСПАДА, бо склаў там ахвяру цэласпаленьня, ахвяру хлебную і тлушч ахвяраў мірных, бо ахвярнік мядзяны, які перад абліччам ГОСПАДА, быў замалы для ўсіх цэласпаленьняў, і ахвяраў хлебных, і тлушчу ахвяраў мірных.
І зрабіў Саламон у гэты час сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім, — вялікі сход, які сышоўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай прад Госпадам Богам нашым; — сем дзён і яшчэ сем дзён, чатырнаццаць дзён.
І ў той час Салямон і ўвесь Ізраіль з ім, вялікая царква, што сабралася ад уваходу ў Хамат аж да ручая Эгіпецкага перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, сьвяткавалі сьвята сем дзён і сем дзён, разам чатырнаццаць дзён.
На восьмы дзень Саламон адпусьціў народ. І дабраславілі цара і пайшлі ў намёты свае, радуючыся і вяселячыся ў сэрцы за ўсё добрае, што зрабіў Гасподзь рабу Свайму Давіду і народу Свайму Ізраілю.
У восьмы дзень ён адпусьціў народ, і яны дабраславілі валадара, і вярнуліся ў намёты свае, радасныя і з добрым сэрцам з прычыны ўсіх дабрадзействаў, якія зрабіў ГОСПАД Давіду, слузе Свайму, і Ізраілю, народу Свайму.