3 царстваў 5 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І паслаў Хірам, цар Тырскі, слуг сваіх да Саламона, калі пачуў, што яго памазалі ў цара на месца бацькі ягонага; бо Хірам быў сябрам Давіда праз усё жыцьцё.
 
І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Салямона слугаў сваіх, бо пачуў, што яго памазалі на валадара на месца бацькі ягонага, бо Хірам быў сябрам Давіда ўсе дні [ягоныя].

І паслаў такасама і Саламон да Хірама сказаць:
 
І паслаў Салямон да Хірама, кажучы:

ты ведаеш, што Давід бацька мой, ня мог пабудаваць дом імя Госпада Бога свайго з прычыны войнаў з вакольнымі народамі, пакуль Гасподзь не ўпакорыў іх пад ступакі ног ягоных;
 
«Ты ведаеш, што Давід, бацька мой, ня мог пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога свайго, з прычыны войнаў, што атачалі яго, аж пакуль ГОСПАД не паклаў [ворагаў] пад стопы ног ягоных.

а цяпер Гасподзь Бог мой дараваў мне спакой адсюль: няма супраціўніка і няма болей перашкодаў;
 
І цяпер ГОСПАД, Бог мой, даў мне супакой з усіх бакоў, няма супраціўніка, няма нападзеньня ліхога.

і вось, я маю намер пабудаваць дом імя Госпада Бога майго, як сказаў Гасподзь бацьку майму Давіду, кажучы: сын твой, якога Я пасаджу замест цябе на троне тваім, ён пабудуе дом імю Майму;
 
І вось, вырашыў я пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго, як прамовіў ГОСПАД да Давіда, бацькі майго, кажучы: “Сын твой, якому Я дам пасад твой пасьля цябе, ён пабудуе Дом для імя Майго”.

дык вось, загадай насячы мне кедраў зь Лівана; і вось, рабы мае будуць разам з тваімі рабамі, і я буду даваць табе плату за рабоў тваіх, якую ты вызначыш; бо ты ведаеш, што ў нас няма людзей, якія ўмелі б сячы дрэвы так, як Сіданяне.
 
І цяпер ты загадай насекчы для мяне кедраў з Лібану, а слугі мае няхай будуць разам са слугамі тваімі. Я буду плаціць табе за слугаў тваіх, колькі ты скажаш. Бо ты ведаеш, што няма ў нас чалавека, які б умеў секчы дрэвы так, як Сідонцы».

Калі пачуў Хірам словы Саламона, вельмі ўзрадаваўся і сказаў: дабраславёны сёньня Гасподзь, Які даў Давіду сына мудрага на кіраваньне гэтым шматлікім народам!
 
І калі пачуў Хірам словы Салямона, ён вельмі ўзрадаваўся і сказаў: «Дабраслаўлёны сёньня ГОСПАД, Які даў Давіду сына мудрага над гэтым шматлікім народам».

І паслаў Хірам да Саламона сказаць: я выслухаў тое, па што ты пасылаў да мяне, і выканаю ўсё жаданьне тваё пра дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя:
 
І паслаў Хірам Салямону, кажучы: «Я пачуў тое, што ты мне пасылаў, і я выканаю кожнае жаданьне тваё адносна дрэваў кедровых і кіпарысавых.

рабы мае зьвязуць іх зь Лівана да мора, і я плытамі дастаўлю іх морам да месца, якое ты назначыш мне, і там складу іх, і ты возьмеш; але і ты выканай маё жаданьне, каб дастаўляць хлеб майму дому.
 
Слугі мае занясуць іх з Лібану да мора, а я паскладаю іх у плыты і [завязу] морам у месца, якое ты мне вызначыш. Там я складу іх, а ты забярэш іх. І ты выканай жаданьне маё, даючы хлеб дому майму».

І даваў Хірам Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя, цалкам паводле яго жаданьня.
 
І Хірам даваў Салямону дрэвы кедровыя і кіпарысавыя паводле жаданьня ягонага.

А Саламон даваў Хіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на прадуктаваньне дома ягонага і дваццаць кораў аліўкавага чаўленага алею: столькі даваў Саламон Хіраму кожны год.
 
А Салямон даваў Хіраму дваццаць тысячаў кораў пшаніцы на харчаваньне дому ягонага і дваццаць тысячаў кораў найчысьцейшага алею. Гэта даваў Салямон Хіраму штогод.

Гасподзь даў мудрасьць Саламону, як абяцаў яму. І быў мір паміж Хірамам і Саламонам, і яны заключылі паміж сабою ўгоду.
 
І даў ГОСПАД мудрасьць Салямону, як абяцаў яму. І быў мір між Хірамам і Салямонам, і яны заключылі запавет між сабою.

І абклаў цар Саламон павіннасьцю ўвесь Ізраіль; а павіннасьць складалася з трыццаці тысяч чалавек.
 
І выбраў валадар Салямон работнікаў з усяго Ізраіля, і было работнікаў трыццаць тысячаў чалавек.

І пасылаў іх на Ліван, па дзесяць тысяч на месяц, папераменна: месяц яны былі на Ліване, а два месяцы ў доме сваім. А Аданірам начальнічаў над імі.
 
І ён пасылаў іх у Лібан штомесяц па дзесяць тысячаў на зьмену; і месяц яны былі ў Лібане, а два месяцы — дома, і Адонія [быў] над работнікамі.

Яшчэ ў Саламона было семдзесят тысяч пераносчыкаў цяжару і восемдзесят тысяч камнясекаў у горах,
 
І было ў Салямона семдзясят тысячаў тых, якія насілі цяжары, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах,

акрамя трох тысяч трохсот начальнікаў, пастаўленых Саламонам над працаю дзеля назіраньня за народам, які выконваў працу.
 
апрача трох тысячаў трохсот наглядчыкаў, вызначаных Салямонам наглядаць за народам, які выконваў працу.

І загадаў цар прывозіць камяні вялікія, камяні дарагія, на падмураваньне дома, камяні абробленыя.
 
І загадаў валадар, каб яны дастаўлялі камяні вялікія, камяні каштоўныя для падмуркаў Дому [Божага] з чэсаных камянёў.

І абсякалі іх работнікі Саламонавыя і работнікі Хірамавыя і Гіўліцяне, і рыхтавалі дрэвы і камяні на будоўлю дома.
 
І абчэсвалі іх работнікі Салямона і работнікі Хірама, і Гіўляне, і нарыхтоўвалі дрэва і камяні на пабудову Дому [Божага].