3 царстваў 17 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў Ільля Фэсьвіцянін, з жыхароў Галаадскіх, Ахаву: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, прад Якім я стаю! у гэтыя гады ня будзе ні расы, ні дажджу, хіба толькі па маім слове.
 
І сказаў Ільля з Тэшбы з жыхароў Гілеаду Ахаву: «Як жывы ГОСПАД, Бог Ізраіля, перад Якім я стаю. У гэтыя гады ня будзе ані расы, ані дажджу, пакуль ня будзе слова з вуснаў маіх!»

І было яму слова Гасподняе:
 
І было слова ГОСПАДА да яго, кажучы:

ідзі адгэтуль і абярніся на ўсход і схавайся каля патока Харата, што насупраць Ярдана;
 
«Адыйдзі адсюль і ідзі на ўсход, і схавайся пры ручаі Керыт, які на ўсход ад Ярдану.

з гэтага патока ты будзеш піць, а крумкачам Я загадаў карміць цябе там.
 
Ваду будзеш піць з ручая, і Я загадаў крумкачам, каб яны кармілі цябе там».

І пайшоў ён і зрабіў паводле слова Гасподняга; пайшоў і застаўся каля патока Харата, што насупраць Ярдана.
 
І ён пайшоў, і зрабіў паводле слова ГОСПАДА. І пайшоў, і сеў каля ручая Керыт, які на ўсход ад Ярдану.

І крумкачы прыносілі яму хлеб і ваду раніцай і хлеб і мяса ўвечары, а з патока ён піў.
 
І крумкачы прыносілі яму хлеб і мяса раніцай, і хлеб і мяса ўвечары, а [ваду] ён піў з ручая.

Як прайшоў нейкі час, гэты паток высах, бо ня было дажджу на зямлю.
 
І сталася, праз нейкі час ручай высах, бо не было дажджу ў зямлі [Ізраіля].

І было яму слова Гасподняе:
 
І было слова ГОСПАДА да яго, кажучы:

устань і йдзі ў Сарэпту Сідонскую і заставайся там; Я загадаў там жанчыне ўдаве карміць цябе.
 
«Устань і ідзі ў Сарэпту Сідонскую, і жыві там. Вось, Я загадаў там адной удаве, каб карміла цябе».

І ўстаў ён і пайшоў у Сарэпту. І калі прыйшоў да брамы горада, вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І паклікаў ён яе і сказаў: дай мне крыху вады ў посудзе напіцца.
 
І ён устаў, і пайшоў у Сарэпту. І прыйшоў ён да брамы гораду, і вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І ён паклікаў яе, і сказаў: «Набяры мне, калі ласка, крыху вады збанам і дай мне піць».

І пайшла яна, каб узяць; а ён закрычаў усьлед ёй і сказаў: вазьмі дзеля мяне і кавалак хлеба ў рукі свае.
 
І яна пайшла, каб набраць [вады], і ён паклікаў да яе, і сказаў: «Прынясі мне яшчэ, калі ласка, лустачку хлеба рукою тваёй».

Яна сказала: жывы Гасподзь Бог твой, у мяне нічога няма печанага, а толькі ёсьць прыгаршчы мукі ў кадушцы і крыху алею ў збанку; і вось, я зьбяру палена-другое дроў, і пайду, і прыгатую гэта сабе і сыну майму; зьямо гэта і памром.
 
А яна сказала: «Як жывы ГОСПАД, Бог твой, я ня маю сьпечанага [хлеба], толькі жменю мукі ў збане і крыху алею ў гляку. І вось, я назьбіраю крыху дроваў, і пайду, і прыгатую сабе і сыну майму [пасілак], і мы зьямо, і памром».

І сказаў ёй Ільля: ня бойся, ідзі, зрабі, што сказала; але раней з гэтага зрабі невялікі праснак мне і прынясі мне; а сабе і сыну свайму зробіш пасьля;
 
І сказаў ёй Ільля: «Ня бойся, але ідзі і зрабі, як ты казала, толькі перш зрабі для мяне аладку з гэтай [мукі] і прынясі мне. А сабе і сыну твайму зробіш потым.

бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: мука ў кадушцы ня кончыцца, і алей у збанку ня ўбудзе да таго дня, калі Гасподзь дасьць дождж на зямлю.
 
Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Мука ў збане ня скончыцца і алею ў гляку ня зьменшыцца аж да дня, у які ГОСПАД дасьць дождж на аблічча зямлі”».

І пайшла яна і зрабіла так, як сказаў Ільля; і кармілася яна, і ён, і дом яе некаторы час.
 
І яна пайшла, і зрабіла паводле слова Ільлі, і яна ела, і ён, і дом ейны [шмат] дзён.

Мука ў кадушцы ня кончылася, і алею ў збанку ня ўбывала, паводле слова Госпада, якое Ён сказаў празь Ільлю.
 
І мука ў збане ня сканчвалася і алею ў гляку ня меншала паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз Ільлю.

Пасьля гэтага захварэў сын гэтай жанчыны, гаспадыні дома, і хвароба яго была такая моцная, што не засталося ў ім дыханьня.
 
І сталася пасьля падзеяў гэтых, што захварэў сын той жанчыны, гаспадыні дому. І хвароба ягоная была вельмі цяжкая, і ён перастаў дыхаць.

І сказала яна Ільлю: што мне і табе, чалавеча Божы? ты прыйшоў да мяне нагадаць грахі мае і ўсьмерціць сына майго.
 
І сказала яна Ільлі: «Што мне і табе, чалавек Божы? Хіба прыйшоў ты да мяне, каб прыгадаць мне беззаконьні мае і забіць сына майго?»

І сказаў ён ёй: дай мне сына твайго. І ўзяў яго з рук яе, і панёс яго ў сьвяцёлку, дзе ён жыў, і паклаў яго на сваю пасьцель;
 
А ён сказаў ёй: «Дай мне сына твайго». І ён узяў яго ад грудзей ейных, і занёс у верхні пакой, дзе сам жыў, і палажыў яго на ложак свой.

і зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! няўжо Ты і ўдаве, у якой я жыву, зробіш благое, усьмерціўшы сына яе?
 
І клікаў ён да ГОСПАДА, і казаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа мой, няўжо ўдаве, у якой я жыву, Ты робіш ліха, што памірае сын ейны?»

І схіліўшыся над хлопчыкам тры разы, ён зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! хай вернецца душа хлопчыка гэтага ў яго!
 
І тры разы ён лёг на дзіця, і клікаў да ГОСПАДА, і казаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа мой, няхай вернецца душа дзіцяці гэтага ў яго».

І пачуў Гасподзь голас Ільлі, і вярнулася душа хлопчыка гэтага ў яго, і ён ажыў.
 
І выслухаў ГОСПАД голас Ільлі, і вярнулася душа дзіцяці ў яго, і [хлопчык] аджыў.

І ўзяў Ільля хлопчыка, і адвёў яго з сьвяцёлкі ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: глядзі, сын твой жывы.
 
І ўзяў Ільля хлопчыка, і занёс яго з верхняга пакою ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: «Глядзі, жывы сын твой».

І сказала тая жанчына Ільлю: вось цяпер я ўведала, што ты чалавек Божы і што слова Гасподняе ў вуснах тваіх праўдзівае.
 
І жанчына сказала Ільлі: «Цяпер я ведаю, што ты — чалавек Божы, і слова ГОСПАДА ў вуснах тваіх — праўда».