3 царстваў 20 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вэнадад, цар Сірыйскі, сабраў усё сваё войска, і зь ім былі трыццаць два цары, і коні і калясьніцы, і пайшоў, аблажыў Самарыю і ваяваў супроць яе.
 
А Бэн-Гадад, валадар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і трыццаць два валадары [былі] з ім, і коні, і калясьніцы. І ён пайшоў, і аблёг Самарыю, і ваяваў супраць яе.

І паслаў паслоў да Ахава, цара Ізраільскага, у горад
 
І паслаў ён пасланцоў да Ахава, валадара Ізраіля, у горад,

і сказаў яму: так кажа Вэнадад: срэбра тваё і золата тваё — мае, і жонкі твае і лепшыя сыны твае — мае.
 
і сказаў яму: «Гэта кажа Бэн-Гадад. Срэбра тваё і золата тваё — маё, і жонкі твае і сыны твае найлепшыя — мае».

І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: хай будзе паводле слова твайго, гаспадару мой цар: я і ўсё маё — тваё.
 
І адказаў валадар Ізраіля, і сказаў: «Паводле слова твайго, гаспадару мой, валадар, і я — твой, і ўсё маё — тваё».

І зноў прыйшлі паслы і сказалі: так кажа Вэнадад: я паслаў да цябе сказаць: срэбра тваё і золата тваё, і жонак тваіх і сыноў тваіх аддай мне;
 
І вярнуліся тыя пасланцы, і сказалі: «Гэта кажа Бэн-Гадад. Вось, я паслаў да цябе, кажучы: "Срэбра тваё, і золата тваё, і жонак тваіх, і сыноў тваіх ты дасі мне".

таму я заўтра, да гэтага часу, прышлю да цябе рабоў маіх, каб яны агледзелі твой дом і дамы тых, што служаць пры табе, і ўсё дарагое вачам тваім ўзялі ў свае рукі і панесьлі.
 
Заўтра ў гэты час я прышлю слугаў маіх да цябе, і яны перашукаюць дом твой, і дамы слугаў тваіх, і ўсё, чаго зажадаюць вочы іхнія, возьмуць яны ў рукі свае і забяруць”».

І склікаў цар Ізраільскі ўсіх старэйшынаў зямлі і сказаў: прыкмячайце і глядзеце, ён намышляе ліхое; калі ён прысылаў да мяне па жонак маіх, і сыноў маіх, і срэбра маё і золата маё, я яму не адмовіў.
 
І склікаў валадар Ізраіля ўсіх старшыняў зямлі, і сказаў: «Заўважце і паглядзіце, што ён шукае ліха, бо ён паслаў да мяне па жонак маіх, па сыноў маіх, па срэбра маё і золата маё, і я не адмовіў яму».

І сказалі яму ўсе старэйшыны і ўвесь народ: ня слухай і не згаджайся.
 
І сказалі яму ўсе старшыні і ўвесь народ: «Ня слухай і не згаджайся з ім».

І сказаў ён паслам Вэнадада: скажэце гаспадару майму цару ўсё, па што ты прысылаў першы раз да раба твайго, я гатовы зрабіць, а гэтага не магу зрабіць. І пайшлі паслы і занесьлі яму адказ.
 
І сказаў ён пасланцам Бэн-Гадада: «Скажыце гаспадару майму, валадару: “Усё, па што ты пасылаў спачатку да слугі твайго, я зраблю, але гэтай рэчы не магу зрабіць”». І вярнуліся пасланцы, і прынесьлі яму слова.

І прыслаў да яго Вэнадад сказаць: хай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі пылу Самарыйскага хопіць па прыгаршчах усім людзям, якія ідуць за мною.
 
І паслаў іх [зноў] Бэн-Гадад, і сказаў: «Няхай гэта зробяць мне богі і яшчэ дададуць, калі хопіць пылу Самарыі па жмені для ўсіх людзей, якіх маю пры сабе!»

І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: скажэце: хай ня хваліцца той, хто апяразваецца, як той, хто расьпяразваецца.
 
І адказаў валадар Ізраіля, і сказаў: «Скажыце: “Няхай ня хваліцца той, хто падпярэзваецца [мячом], так, як той, хто яго здымае”».

Пачуўшы гэта слова, Вэнадад, які піў разам з царамі ў намётах, сказаў рабам сваім: аблажэце горад. І яны аблажылі горад.
 
І сталася, калі пачуў гэтае слова [Бэн-Гадад], а ён піў сам і валадары з ім у намётах, ён сказаў слугам сваім: «Станьце ў шыхт супраць гораду!» І яны сталі ў шыхт.

І вось, адзін прарок падышоў да Ахава, цара Ізраільскага, і сказаў: так кажа Гасподзь: ці бачыш усё гэта вялікае полчышча? вось, Я сёньня перадам яго ў руку тваю, каб ты ведаў, што Я Гасподзь.
 
І вось, нейкі прарок наблізіўся да Ахава, валадара Ізраіля, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Ці ты бачыш гэты натоўп вялікі? Вось, Я сёньня аддам яго ў рукі твае, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД”».

І сказаў Ахаў: праз каго? Ён сказаў: так кажа Гасподзь: праз слуг абласных начальнікаў. І сказаў Ахаў: хто пачне бітву? Ён сказаў: ты.
 
І сказаў Ахаў: «Праз каго?» Той сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Праз юнакоў начальнікаў акругаў”». І ён сказаў: «Хто мае пачаць бой?» Той сказаў: «Ты».

Ахаў палічыў слуг абласных начальнікаў, і знайшлося іх дзьвесьце трыццаць два; пасьля іх палічыў увесь народ, усіх сыноў Ізраілевых, сем тысяч.
 
І палічыў ён юнакоў начальнікаў акругаў, і было іх дзьвесьце трыццаць два. А пасьля палічыў увесь народ, усіх сыноў Ізраіля, і налічыў сем тысячаў.

І яны выступілі аполудні. А Вэнадад напіўся дап’яна ў намётах разам з царамі, з трыццацьцю двума царамі, якія дапамагалі яму.
 
І выйшлі яны апоўдні, калі Бэн-Гадад, п’яны, піў у намётах, ён і трыццацьць два валадары, якія [прыйшлі] яму на дапамогу.

І выступілі сьпярша слугі абласных начальнікаў. І паслаў Вэнадад, і данесьлі яму, што людзі выйшлі з Самарыі.
 
І выйшлі найперш юнакі начальнікаў акругаў. І паслаў Бэн-Гадад, і паведамілі яму, кажучы: «Выйшлі людзі з Самарыі».

Ён сказаў: калі па мір пайшлі яны, дык схапеце іх жывых, і калі на вайну выйшлі, таксама схапеце іх жывых.
 
А ён сказаў: «Калі выйшлі яны з мірам, схапіце іх жывых, а калі ваяваць, таксама вазьміце іх жывых».

Выйшлі з горада слугі абласных начальнікаў і войска за імі.
 
А гэта выйшлі з гораду юнакі начальнікаў акругаў і войска, якое ішло за імі.

І біў кожны праціўніка свайго; і пабеглі Сірыйцы, а Ізраільцяне пагналіся за імі. А Вэнадад, цар Сірыйскі, выратаваўся на кані зь вершнікамі.
 
І перамаглі яны тых, што [ішлі] супраць іх. І Сірыйцы пачалі ўцякаць, а Ізраільцяне гналі іх. І Бэн-Гадад, валадар Сірыі, уцёк на кані з коньнікамі.

І выйшаў цар Ізраільскі, і ўзяў коней і калясьніцы, і ўчыніў вялікі разгром Сірыйцаў.
 
І выйшаў валадар Ізраіля, і забраў коней і калясьніцы, і зрабіў ён Сірыйцам вялікую паразу.

І падышоў прарок да цара Ізраільскага і сказаў яму: ідзі, умацуйся, і ведай і глядзі, што табе рабіць, бо праз два гады цар Сірыйскі зноў пойдзе супроць цябе.
 
І наблізіўся прарок да валадара Ізраіля, і сказаў яму: «Ідзі, і ўмацуйся, і ведай, і глядзі, што робіш, бо ў наступным годзе валадар Сірыі пойдзе супраць цябе».

Слугі цара Сірыйскага сказалі яму: Бог іхні ёсьць Бог гор, таму яны адолелі нас; калі ж мы будзем біцца на раўніне, дык напэўна адолеем іх;
 
А слугі валадара Сірыі сказалі яму: «Бог гор ёсьць Богам іхнім, таму яны былі мацнейшыя за нас. Але калі мы нападзем на іх на раўніне, мы будзем мацнейшыя за іх.

дык вось што зрабі: выдалі цароў, кожнага зь месца ягонага, і замест іх пастаў начальнікаў вобласьцяў;
 
Дык ты зрабі такую рэч: паскідай валадароў з месцаў іхніх, і пастаў на месца іхняе намесьнікаў.

і набяры сабе войска столькі, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі было коней, і калясьніц, колькі было калясьніц; і будзем біцца зь імі на раўніне, і тады напэўна адолеем іх. І паслухаўся ён голасу іхняга і зрабіў так.
 
І набяры столькі войска, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі было, і калясьніцаў, колькі было, і будзем ваяваць супраць іх на раўніне, і будзем мацнейшыя за іх». І ён паслухаў голас іхні, і зрабіў гэтак.

Праз год Вэнадад сабраў Сірыйцаў і выступіў да Афэка, каб біцца зь Ізраілем.
 
І праз год Бэн-Гадад сабраў Сірыйцаў, і пайшоў у Афэк ваяваць з Ізраілем.

Сабраныя былі і сыны Ізраілевыя і, узяўшы страўнасьць, пайшлі насустрач ім. І разьмясьціліся сыны Ізраіля табарам перад імі, як бы два невялікія статкі коз, а Сірыйцы напоўнілі зямлю.
 
А сыны Ізраіля сабраліся, і ўзялі харчы, і выйшлі насустрач ім. І разлажыліся табарам сыны Ізраіля насупраць іх, як два статкі козаў, а Сірыйцы напоўнілі зямлю.

І падышоў чалавек Божы і сказаў цару Ізраільскаму: так кажа Гасподзь: за тое, што Сірыйцы кажуць: Гасподзь ёсьць Бог гор, а ня Бог далін, Я ўсё гэта вялікае полчышча перадам у руку тваю, каб вы ведалі, што Я — Гасподзь.
 
І наблізіўся чалавек Божы, і сказаў валадару Ізраіля: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што Сірыйцы сказалі: "ГОСПАД ёсьць Богам гор, а ня Богам раўнінаў", усё гэта вялікае мноства Я аддам у рукі твае, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».

І стаялі табарам адзін супроць аднаго сем дзён. На сёмы дзень пачалася бітва, і сыны Ізраіля пабілі сто тысяч пешых Сірыйцаў за адзін дзень.
 
І сем дзён стаялі табары адны супраць другіх, а ў сёмы дзень распачаўся бой. І сыны Ізраіля выбілі ў Сірыйцаў сто тысячаў пяхотнікаў у адзін дзень.

Астатнія ўцяклі ў горад Афэк; там упала сьцяна на астатніх дваццаць сем тысяч чалавек. А Вэнадад уцёк у горад і бегаў з аднаго ўнутранага пакоя ў другі.
 
А рэшткі [Сірыйцаў] уцяклі ў Афэк, у горад, але на дваццаць сем тысячаў чалавек, якія там засталіся, заваліўся мур. І Бэн-Гадад уцёк, і хаваўся ў горадзе з пакою ў пакой.

І сказалі яму слугі ягоныя: мы чулі, што цары дома Ізраілевага — цары мілажальныя; дазволь нам надзець вярэты на сьцёгны свае і вяроўкі на галовы свае і пайсьці да цара Ізраільскага; магчыма, ён пашкадуе жыцьцё тваё.
 
І сказалі яму слугі ягоныя: «Вось, мы чулі, што валадары дому Ізраіля — валадары міласэрныя. Дык апранем рызьзё на сьцёгны свае і вяроўкі на шыі свае, і выйдзем да валадара Ізраіля. Можа, ён захавае душу тваю».

І аперазалі яны вярэтамі сьцёгны свае і ўсклалі вяроўкі на галовы свае, і прыйшлі да цара Ізраільскага і сказалі: пашкадуй жыцьцё маё. Той сказаў: хіба ён жывы? ён брат мой.
 
І апранулі яны рызьзё на сьцёгны свае і вяроўкі на шыі свае, і прыйшлі да валадара Ізраіля, і сказалі: «Слуга твой Бэн-Гадад кажа: “Захавай, прашу, душу маю”». А той сказаў: «Ці ён яшчэ жывы? Ён — брат мой».

Людзі гэтыя прынялі гэта за добры знак і пасьпешна падхапілі слова з вуснаў ягоных і сказалі: брат твой Вэнадад. І сказаў ён: ідзеце, прывядзеце яго. І выйшаў да яго Вэнадад, і ён пасадзіў яго з сабою на калясьніцу.
 
І людзі тыя прынялі гэта за добры знак, і пасьпешліва злавілі яго на слове, і сказалі: «Бэн-Гадад — брат твой». І ён сказаў: «Ідзіце і прывядзіце яго». І прыйшоў да яго Бэн-Гадад, і ён пасадзіў яго на калясьніцу.

І сказаў яму Вэнадад: гарады, якія ўзяў мой бацька ў твайго бацькі, я вярну, і плошчы ты можаш мець сабе ў Дамаску, як бацька мой меў у Самарыі. Ахаў сказаў: пасьля дагавору я адпушчу цябе. І, заключыўшы зь ім дагавор, адпусьціў яго.
 
І сказаў яму [Бэн-Гадад]: «Гарады, якія бацька мой забраў у бацькі твайго, я вярну. І ты можаш мець у Дамаску вуліцы, як бацька мой меў у Самарыі». [Ахаў сказаў]: «З гэтым запаветам адпушчу цябе». І заключыў ён з ім запавет, і адпусьціў яго.

Тады адзін чалавек з сыноў прарочых сказаў другому, па слове Госпада: бі мяне. Але гэты чалавек не згадзіўся біць яго.
 
І адзін чалавек спаміж сыноў прарокаў сказаў сябру свайму паводле слова ГОСПАДА: «Удар мяне!» Але той адмовіўся ўдарыць яго.

І сказаў яму: за тое, што ты ня слухаеш голасу Гасподняга, заб’е цябе леў, калі пойдзеш ад мяне. Ён пайшоў ад яго, і леў, сустрэўшы яго, забіў яго.
 
І ён сказаў яму: «За тое, што ты не паслухаў голас ГОСПАДА, вось, ты адыйдзешся ад мяне, і нападзе на цябе леў!» І калі той адыйшоў ад яго, знайшоў яго леў і забіў яго.

І знайшоў ён другога чалавека і сказаў: бі мяне. Гэты чалавек біў яго да таго, што параніў пабоямі.
 
А [прарок] знайшоў іншага чалавека і сказаў: «Удар мяне!» І той чалавек ударыў яго, і скалечыў ударам [сваім].

І пайшоў прарок і стаў перад царом на дарозе, прыкрыўшы покрывам вочы свае.
 
І пайшоў той прарок, і стаў перад валадаром на дарозе, але зьмяніў выгляд, завязаўшы хустку на вочы сабе.

Калі цар праязджаў міма, ён закрычаў цару і сказаў: раб твой хадзіў на бітву, і вось, адзін чалавек, які адышоў убок, падвёў да мяне чалавека і сказаў: вартуй гэтага чалавека; калі яго ня будзе, дык твая душа будзе за яго душу, альбо ты павінен будзеш адважыць талант срэбра.
 
І сталася, калі валадар праходзіў, ён паклікаў валадара і сказаў: «Слуга твой пайшоў ваяваць, і вось, адзін чалавек прыйшоў, і прывёў некага чалавека да мяне, і сказаў: “Пільнуй гэтага чалавека! Калі ён прападзе, душа твая будзе за душу ягоную, або адважыш талент срэбра”.

Калі раб твой заняўся тымі і іншымі справамі, яго ня стала. І сказаў яму цар Ізраільскі: такі табе і прысуд, ты сам рашыў.
 
І сталася, калі слуга твой рабіў гэта і гэта, ён зьнік». І сказаў яму валадар Ізраіля: «Такі прысуд твой, ты сам яго назваў».

Ён адразу зьняў покрыва з вачэй сваіх, і пазнаў яго цар, што ён з прарокаў.
 
І ён пасьпешліва зьняў хустку з вачэй сваіх, і валадар Ізраіля пазнаў, што гэта прарок.

І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты выпусьціў з рук тваіх чалавека, заклятага Мною, душа твая будзе замест ягонай душы, народ твой замест ягонага народу.
 
І [прарок] сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што ты выпусьціў з рукі сваёй чалавека заклятага, душа твая будзе [ўзята] за душу ягоную, і народ твой — за народ ягоны”».

І выправіўся цар Ізраільскі дамоў устрывожаны і засмучаны і прыбыў у Самарыю.
 
І пайшоў валадар Ізраіля ў дом свой сумны і загневаны, і прыйшоў у Самарыю.