3 царстваў 19 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І пераказаў Ахаў Езавэлі ўсё, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мечам.
 
І паведаміў Ахаў Езабэлі ўсё, што зрабіў Ільля і што [Ільля] пазабіваў усіх прарокаў [Баала] мячом.

І паслала Езавэль пасланца да Ільлі сказаць: няхай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з тваёю душою таго, што зроблена з душою кожнага зь іх.
 
І Езабэль паслала да Ільлі пасланца, кажучы: «Няхай гэта зробяць мне богі і яшчэ дададуць, калі заўтра ў гэты час я не зраблю з душою тваёю тое, што зроблена з душою кожнага з іх».

Убачыўшы гэта, ён устаў і пайшоў, каб выратаваць жыцьцё сваё, і прыйшоў у Вірсавію, якая ў Юдэі, і пакінуў хлопчыка свайго там;
 
І спужаўся Ільля, і ўстаў, і пайшоў, каб [уратаваць] душу сваю. І прыйшоў ён у Бээр-Шэву, якая ў Юдзе, і пакінуў там юнака свайго.

а сам адышоў у пустыню на дзень дарогі і прыйшоўшы сеў пад карчом ядлоўцу, і прасіў сьмерці сабе і сказаў: даволі ўжо, Госпадзе; вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх.
 
А сам пайшоў у пустыню на дзень дарогі, і прыйшоў, і сеў пад ядлоўцам, і прасіў у душы сваёй сьмерці, і сказаў: «Досыць ужо, ГОСПАДЗЕ! Вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх».

І лёг і заснуў пад карчом ядлоўцу. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: устань, еж і пі.
 
І лёг ён, і заснуў пад ядлоўцам. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: «Устань і еш!»

І зірнуў Ільля, і вось, каля ўзгалоўя ягонага печаны праснак і збанок вады. Ён паеў і напіўся і зноў заснуў.
 
І глянуў ён, і вось, каля галавы ягонай аладка печаная і збан вады. І ён еў, і піў, і зноў лёг спаць.

І вярнуўся анёл Гасподні другі раз, дакрануўся да яго і сказаў: устань, еж і пі, бо далёкая дарога перад табою.
 
І другі раз вярнуўся анёл ГОСПАДА, і дакрануўся да яго, і сказаў: «Устань і еш, бо доўгі шлях у цябе [наперадзе]».

І ўстаў ён, паеў і напіўся, і, падсілкаваўшыся тою ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй да гары Божай Харыва.
 
І ён устаў, і еў, і піў, і, падсілкаваны гэтаю ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да гары Божай Харэў.

І ўвайшоў ён там у пячору і начаваў у ёй. І вось, было да яго слова Гасподняе, і сказаў яму Гасподзь: што ты тут, Ільля?
 
І прыйшоў туды, і начаваў у пячоры. І вось, слова ГОСПАДА да яго, і Ён сказаў яму: «Што ты тут, Ільля?»

Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі Твае ахвярнікі і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
 
А ён адказаў: «Рэўнасьцю я раўную дзеля ГОСПАДА, Бога Магуцьцяў, бо сыны Ізраіля пакінулі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але і маю душу шукаюць, каб зьнішчыць яе».

І сказаў: выйдзі і стань на гары перад абліччам Гасподнім; і вось, Гасподзь пройдзе, і вялікі і моцны вецер, які разьдзірае горы і крышыць скалы прад Госпадам, але ня ў ветры Гасподзь; пасьля ветру землятрус, але ня ў землятрусе Гасподзь;
 
І сказаў [Госпад]: «Выйдзі і стань на гары перад абліччам ГОСПАДА». І вось, праходзіў ГОСПАД. І моцны, вялікі вецер пераварочваў горы і разьбіваў скалы перад абліччам ГОСПАДА. Але ня ў ветры ГОСПАД. А пасьля ветру — землятрус. Але не ў землятрусе ГОСПАД.

пасьля землятрусу агонь, але не ў агні Гасподзь; пасьля агню веяньне ціхага ветру, і там Гасподзь.
 
Пасьля землятрусу — агонь, але не ў агні ГОСПАД. А пасьля агню — подых ціхога ветру.

Пачуўшы гэта, Ільля засланіў твар свой аўчынай сваёю і выйшаў і стаў каля ўваходу ў пячору. І быў яму голас і сказаў яму: што ты тут, Ільля?
 
І сталася, калі пачуў [гэта] Ільля, ён закрыў аблічча сваё плашчом сваім, і выйшаў, і стаў каля ўваходу ў пячору. І вось, голас да яго кажа: «Ільля, што ты тут?»

Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі ахвярнікі Твае і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
 
І ён сказаў: «Рэўнасьцю я раўную дзеля ГОСПАДА, Бога Магуцьцяў, бо сыны Ізраіля пакінулі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але і маю душу шукаюць, каб зьнішчыць яе».

І сказаў яму Гасподзь: ідзі назад сваёю дарогаю праз пустыню ў Дамаск, і калі прыйдзеш, дык памаж Азаіла ў цара над Сірыяй,
 
І сказаў яму ГОСПАД: «Ідзі і вярніся ў Дамаск шляхам сваім праз пустыню. І прыйдзеш, і памажаш Хазаэля на валадара Сірыі,

а Іуя, сына Намэсіінага, памаж за цара над Ізраілем; а Елісея, сына Сафатавага, з Авэль-Мэхолы, памаж за прарока замест сябе;
 
і Егу, сына Німшы, памажаш на валадара Ізраіля, а Элісэя, сына Шафата, з Абэль-Мэхолы, памажаш на прарока замест сябе.

хто ўцячэ ад меча Азаілавага, таго заб’е Іуй, а хто ўратуецца ад меча Іуевага, таго заб’е Елісей;
 
І станецца, што хто ўратуецца ад мяча Хазаэля, таго заб’е Егу, а хто ўцячэ ад мяча Егу, таго заб’е Элісэй.

зрэшты Я пакінуў паміж Ізраільцянамі сем тысяч; калені іх усіх ня схіляліся перад Ваалам і вусны ўсіх гэтых не цалавалі яго.
 
А Я ў Ізраілі пакінуў сем тысячаў тых, якія не схілілі калені перад Баалам і вусны якіх не цалавалі яго».

І пайшоў ён адтуль і знайшоў Елісея, сына Сафатавага, калі ён араў; дванаццаць пар валоў было ў яго, і сам ён быў каля дванаццатай. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго аўчыну сваю.
 
І пайшоў адтуль [Ільля], і знайшоў Элісэя, сына Шафата. А ён араў, і дванаццаць параў валоў перад абліччам ягоным, і сам ён быў пры дванаццатай [пары]. І падыйшоў да яго Ільля, і кінуў на яго плашч свой.

І пакінуў Елісей валоў, і пабег за Ільлём, і сказаў: дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табою. Ён сказаў яму: ідзі і прыйдзі назад, бо што зрабіў я табе?
 
І [Элісэй] пакінуў валоў, і пабег за Ільлёю, і сказаў: «Дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табой». І ён сказаў яму: «Ідзі і вяртайся, бо што я зрабіў табе?»

Ён, адышоўшы ад яго, узяў пару валоў і закалоў іх, і запаліўшы плуг валоў, засмажыў мяса і раздаў людзям, і яны елі. А сам устаў і пайшоў за Ільлём і пачаў служыць яму.
 
І [Элісэй] вярнуўся ад яго, і ўзяў пару валоў, і склаў іх у ахвяру, а на ярме валоў зварыў мяса іхняе і даў народу, і яны елі. І ўстаў, і пайшоў за Ільлёю, і служыў яму.