Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

3 царстваў 19 3-я царстваў 19 разьдзел

1 І пераказаў Ахаў Езавэлі ўсё, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мечам.
2 І паслала Езавэль пасланца да Ільлі сказаць: няхай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з тваёю душою таго, што зроблена з душою кожнага зь іх.
3 Убачыўшы гэта, ён устаў і пайшоў, каб выратаваць жыцьцё сваё, і прыйшоў у Вірсавію, якая ў Юдэі, і пакінуў хлопчыка свайго там;
4 а сам адышоў у пустыню на дзень дарогі і прыйшоўшы сеў пад карчом ядлоўцу, і прасіў сьмерці сабе і сказаў: даволі ўжо, Госпадзе; вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх.
5 І лёг і заснуў пад карчом ядлоўцу. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: устань, еж і пі.
6 І зірнуў Ільля, і вось, каля ўзгалоўя ягонага печаны праснак і збанок вады. Ён паеў і напіўся і зноў заснуў.
7 І вярнуўся анёл Гасподні другі раз, дакрануўся да яго і сказаў: устань, еж і пі, бо далёкая дарога перад табою.
8 І ўстаў ён, паеў і напіўся, і, падсілкаваўшыся тою ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй да гары Божай Харыва.
9 І ўвайшоў ён там у пячору і начаваў у ёй. І вось, было да яго слова Гасподняе, і сказаў яму Гасподзь: што ты тут, Ільля?
10 Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі Твае ахвярнікі і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
11 І сказаў: выйдзі і стань на гары перад абліччам Гасподнім; і вось, Гасподзь пройдзе, і вялікі і моцны вецер, які разьдзірае горы і крышыць скалы прад Госпадам, але ня ў ветры Гасподзь; пасьля ветру землятрус, але ня ў землятрусе Гасподзь;
12 пасьля землятрусу агонь, але не ў агні Гасподзь; пасьля агню веяньне ціхага ветру, і там Гасподзь.
13 Пачуўшы гэта, Ільля засланіў твар свой аўчынай сваёю і выйшаў і стаў каля ўваходу ў пячору. І быў яму голас і сказаў яму: што ты тут, Ільля?
14 Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі ахвярнікі Твае і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
15 І сказаў яму Гасподзь: ідзі назад сваёю дарогаю праз пустыню ў Дамаск, і калі прыйдзеш, дык памаж Азаіла ў цара над Сірыяй,
16 а Іуя, сына Намэсіінага, памаж за цара над Ізраілем; а Елісея, сына Сафатавага, з Авэль-Мэхолы, памаж за прарока замест сябе;
17 хто ўцячэ ад меча Азаілавага, таго заб’е Іуй, а хто ўратуецца ад меча Іуевага, таго заб’е Елісей;
18 зрэшты Я пакінуў паміж Ізраільцянамі сем тысяч; калені іх усіх ня схіляліся перад Ваалам і вусны ўсіх гэтых не цалавалі яго.
19 І пайшоў ён адтуль і знайшоў Елісея, сына Сафатавага, калі ён араў*; дванаццаць пар валоў было ў яго, і сам ён быў каля дванаццатай. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго аўчыну сваю.
20 І пакінуў Елісей валоў, і пабег за Ільлём, і сказаў: дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табою. Ён сказаў яму: ідзі і прыйдзі назад, бо што зрабіў я табе?
21 Ён, адышоўшы ад яго, узяў пару валоў і закалоў іх, і запаліўшы плуг валоў, засмажыў мяса і раздаў людзям, і яны елі. А сам устаў і пайшоў за Ільлём і пачаў служыць яму.

Каментары ці зноскі:

19 У друкаванай версіі: «крычаў», замест «араў». Няправільнае разуменне стараславянскага слова.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Трэйцяя кніга царстваў, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002