Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

1 Валадароў 19 1 Валадароў 19 разьдзел

1 І паведаміў Ахаў Езабэлі ўсё, што зрабіў Ільля і што [Ільля] пазабіваў усіх прарокаў [Баала] мячом.
2 І Езабэль паслала да Ільлі пасланца, кажучы: «Няхай гэта зробяць мне богі і яшчэ дададуць, калі заўтра ў гэты час я не зраблю з душою тваёю тое, што зроблена з душою кожнага з іх».
3 І спужаўся Ільля, і ўстаў, і пайшоў, каб [уратаваць] душу сваю. І прыйшоў ён у Бээр-Шэву, якая ў Юдзе, і пакінуў там юнака свайго.
4 А сам пайшоў у пустыню на дзень дарогі, і прыйшоў, і сеў пад ядлоўцам, і прасіў у душы сваёй сьмерці, і сказаў: «Досыць ужо, ГОСПАДЗЕ! Вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх».
5 І лёг ён, і заснуў пад ядлоўцам. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: «Устань і еш!»
6 І глянуў ён, і вось, каля галавы ягонай аладка печаная і збан вады. І ён еў, і піў, і зноў лёг спаць.
7 І другі раз вярнуўся анёл ГОСПАДА, і дакрануўся да яго, і сказаў: «Устань і еш, бо доўгі шлях у цябе [наперадзе]».
8 І ён устаў, і еў, і піў, і, падсілкаваны гэтаю ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да гары Божай Харэў.
9 І прыйшоў туды, і начаваў у пячоры. І вось, слова ГОСПАДА да яго, і Ён сказаў яму: «Што ты тут, Ільля?»
10 А ён адказаў: «Рэўнасьцю я раўную дзеля ГОСПАДА, Бога Магуцьцяў, бо сыны Ізраіля пакінулі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але і маю душу шукаюць, каб зьнішчыць яе».
11 І сказаў [Госпад]: «Выйдзі і стань на гары перад абліччам ГОСПАДА». І вось, праходзіў ГОСПАД. І моцны, вялікі вецер пераварочваў горы і разьбіваў скалы перад абліччам ГОСПАДА. Але ня ў ветры ГОСПАД. А пасьля ветру — землятрус. Але не ў землятрусе ГОСПАД.
12 Пасьля землятрусу — агонь, але не ў агні ГОСПАД. А пасьля агню — подых ціхога ветру.
13 І сталася, калі пачуў [гэта] Ільля, ён закрыў аблічча сваё плашчом сваім, і выйшаў, і стаў каля ўваходу ў пячору. І вось, голас да яго кажа: «Ільля, што ты тут?»
14 І ён сказаў: «Рэўнасьцю я раўную дзеля ГОСПАДА, Бога Магуцьцяў, бо сыны Ізраіля пакінулі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але і маю душу шукаюць, каб зьнішчыць яе».
15 І сказаў яму ГОСПАД: «Ідзі і вярніся ў Дамаск шляхам сваім праз пустыню. І прыйдзеш, і памажаш Хазаэля на валадара Сірыі,
16 і Егу, сына Німшы, памажаш на валадара Ізраіля, а Элісэя, сына Шафата, з Абэль-Мэхолы, памажаш на прарока замест сябе.
17 І станецца, што хто ўратуецца ад мяча Хазаэля, таго заб’е Егу, а хто ўцячэ ад мяча Егу, таго заб’е Элісэй.
18 А Я ў Ізраілі пакінуў сем тысячаў тых, якія не схілілі калені перад Баалам і вусны якіх не цалавалі яго».
19 І пайшоў адтуль [Ільля], і знайшоў Элісэя, сына Шафата. А ён араў, і дванаццаць параў валоў перад абліччам ягоным, і сам ён быў пры дванаццатай [пары]. І падыйшоў да яго Ільля, і кінуў на яго плашч свой.
20 І [Элісэй] пакінуў валоў, і пабег за Ільлёю, і сказаў: «Дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табой». І ён сказаў яму: «Ідзі і вяртайся, бо што я зрабіў табе?»
21 І [Элісэй] вярнуўся ад яго, і ўзяў пару валоў, і склаў іх у ахвяру, а на ярме валоў зварыў мяса іхняе і даў народу, і яны елі. І ўстаў, і пайшоў за Ільлёю, і служыў яму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Валадароў, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023