Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 19 1 Гаспадарстваў 19 разьдзел

1 І сказаў Агаў Езэвелі ўсе, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мячом.
2 І паслала Езэвель пасланца да Ільлі сказаць: «Хай тое а тое зробяць імне багове, і яшчэ дададуць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з душою тваёю таго, што з душою кажнага зь іх».
3 Абачыўшы, ён устаў і пайшоў, каб уратаваць жыцьцё свае, і прышоў да Веер-Шэвы, каторая ў Юдэі, і пакінуў дзяцюка свайго тамака.
4 А сам адышоў на пустыню на дзень дарогі, і прышоў, і сеў пад яленцавым кустом, і прасіў сьмерці душы сваёй, і сказаў: «Досыць ужо. СПАДАРУ, вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за айцоў сваіх».
5 І лёг, і заснуў пад яленцавым кустом. І вось, ангіл даткнуўся да яго, і сказаў яму: «Устань, еж».
6 І глянуў Ільля, і вось, ля ўзгалоўя ягонага на вугальлю печаны сачэнь і жбан вады. Ён пад’еў, напіўся, і абярнуўся, і лёг.
7 І зьвярнуўся ангіл СПАДАРОЎ другім наваратам, даткнуўся да яго й сказаў: «Устань, еж, бо дарога над сілу табе».
8 І ўстаў ён, пад’еў і напіўся, і, дзякуючы пасілку ад тае ежы, ішоў сорак дзён і сорак ночаў аж да гары Божае Горыва.
9 І ўвыйшоў ён там у пячору, і начаваў там. І вось, было да яго слова СПАДАРОВА, і сказаў яму: «Чаго ты тут, Ільля?»
10 Ён сказаў: «Урупіўся, урупіўся я праз СПАДАРА, Бога войскаў, бо пакінулі змову Тваю сынове Ізраелявы, Твае аброчнікі разбурылі й прарокаў Тваіх забілі мячом; і застаўся я адзінюсенькі, і шукаюць душы мае, каб узяць яе».
11 І сказаў: «Выйдзі й стань на гары перад відам СПАДАРОВЫМ. І вось, СПАДАР пройдзе, і буйны й вялікі вецер, разьдзіраючы горы а крышачы скалы перад СПАДАРОМ, ня ў ветру СПАДАР. Просьле ветру землятрасеньне, не ў землятрасеньню СПАДАР.
12 Па землятрасеньню цяпло, не ў цяпле СПАДАР. Просьле цяпла голас ціхі, ценькі».
13 І было, як пачуў Ільля, укрыў від свой ахілімам сваім, і вышаў, і стаяў ля ўходу ў пячору. І вось, да яго голас, і сказаў яму: «Чаго ты тут, Ільля?»
14 Ён сказаў: «Урупіўся я праз СПАДАРА, Бога войскаў, бо пакінулі змову Тваю сынове Ізраелявы, аброчнікі Твае разбурылі й прарокаў Тваіх забілі мячом, і застаўся я адзінюсенькі, і шукалі душы мае, каб узяць яе».
15 І сказаў яму СПАДАР: «Пайдзі й зьвярніся ў дарогу сваю пераз пустыню да Дамашку; і прыйдзеш, і памажаш Газаеля за караля над Сыраю;
16 А Егу Німшанка памаж за караля над Ізраелям; Елісэя ж Шафацёнка з Авел-Меголы памаж за прароку замест сябе.
17 Хто ўцячэць ад мяча Газаелявага, таму зробе сьмерць Егу; а хто ўратуецца ад мяча Егувага, таму зробе сьмерць Елісэй.
18 Пакінуў Я, адылі, памеж Ізраялян сем тысячаў: усіх гэтых калені ня сьхіналіся перад Ваалам, і ўсіх гэтых вусны не цалавалі яго».
19 І пайшоў ён стуль, і знайшоў Елісэя Шафацёнка, а ён араў; двананцаць пар было ў яго, і сам ён быў ля двананцатае. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго ахілім свой,
20 І пакінуў буйны статак, і пабег за Ільлёю, і сказаў: «Пацалую, калі ласка, айца свайго й маці сваю, і я пайду за табою». Ён сказаў яму: «Пайдзі й зьвярніся; бо што я зрабіў табе?»
21 Ён, завярнуўся ад яго, узяў іго буйнога статку, і зарэзаў іх, і снасьцяй буйнога статку зварыў мяса, і даў людзём, і яны елі. І ўстаў, і пайшоў за Ільлёю, і пачаў служыць яму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.