Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 4 1 Гаспадарстваў 4 разьдзел

1 І быў кароль Салямон каралём над усім Ізраелям,
2 І гэта князі, каторыя былі ў яго: Азара, сын Садока сьвятара;
3 Елігорэф а Агія Шышанкі — пісары; Ясапат Агілудзёнак — летапісьменьнік;
4 Веная Ёгоядзёнак — над войскам; Садок а Авафар — сьвятары.
5 Азара Нафанёнак — над ураднікамі, і Завуд Нафанёнак сьвятар, прыяцель каралеўскі.
6 Агішар — над дамоваю, і Адонірам Аўдзянок — над падачкамі.
7 І меў Салямон двананцацёх ураднікаў над усім Ізраелям, каторыя жывілі караля й дамову ягоную; месяц у годзе належыў кажнаму жывіць.
8 І гэта ймёны іхныя: Гуранок — на гары Яхрэмавай;
9 Дэкеронак — у Макацу а ў Шаалбіме, у Веф-Шэмешу а ў Елоне а ў Веф-Ганане;
10 Гэсэдзёнак — ув Арубофе, да яго ж належыў Сохог а ўся зямля Гэфер;
11 Авінадавёнак — у вусім Нафаф-Дору, Тафаф Салямонішка была ягонаю жонкаю;
12 Ваана Агілудзёнак — у Таанасе а Меґідзе а ў вусім Веф-Шэане, каторы ля Царэтана ніжэй Езрэеля, ад Веф-Шэану аж да Абел-Меголы, і нават за Ёкмеам;
13 Ґеверонак — у Рамофе Ґілеадзкім; у яго местачкі Яіровы, сына Манасавага, каторыя ў Ґілеадзе; у яго таксама аколіца Арґоў, каторая ў Вашане, шасьцьдзясят вялікіх местаў ізь сьценамі й мядзянымі заваламі;
14 Агінадаў Ідзянок — у Маганаіме;
15 Агімаас — у зямлі Нефалімовай, таксама ён узяў сабе за жонку Васэмафу Салямонішку;
16 Ваана Гушаёнак — у зямлі Ашэравай а ў Беалофе;
17 Ясапат Паруажонак — у Іссасхару;
18 Шымей Елянок — у Веняміна;
19 Ґевер Уранок — у зямлі Ґілеадзкай, у зямлі Сыгона, караля Аморэйскага, і Оґа, караля Вашанскага; і ён адзіны ўраднік, каторы ў гэтай зямлі.
20 Юда а Ізраель, шмат іх, як пясок ля мора чысьленыя, елі, пілі а весяліліся.
21 І Салямон дзяржаў усі гаспадарствы ад тае Ракі аж да зямлі Пілісцкае і аж да граніцаў Ягіпту. Яны прыносілі дары й служылі Салямону ўсі дні жыцьця ягонага.
22 Еміну Салямонаву на кажны дзень складалі: трыццаць карцоў мукі пшоннае і шасьцьдзясят карцоў мукі,
23 Дзесяць буйнога статку кормнага, і дваццаць буйнога статку з пасты, і сто драбнога статку, апрача аленяў а сэрнаў а дарагое дзічыны а кормных птушак;
24 Бо ён панаваў над усім гэтым бокам Ракі, ад Тыпсагу да Ґазы, над усімі каралямі на гэтым баку ракі, і быў у яго мір з усіх бакоў навокал.
25 І жылі Юда а Ізраель бясьпечна, кажны пад сваім вінным а пад сваім фіґавым дзервам, ад Дану аж да Веер-Шэвы, усі дні Салямонавы.
26 І меў Салямон сорак тысячаў стайняў коні цялежкавых і двананцаць тысячаў коньнікаў.
27 І ўраднікі дастаўлялі еміну каралю Салямону а ўсім, што прыходзілі да столу караля Салямона, кажны ў сваім месяцу; яны не дапушчалі нястачы.
28 І ячмень а салому коням а мулам яны дастаўлялі на месца, ідзе былі, кажны подле павіннасьці свае.
29 І даў Бог Салямону мудрасьць, і вельмі шмат розуму, і шырыню сэрца, як пясок, што на беразе мора.
30 І мудрасьць Салямонава пераходзіла мудрасьць усіх сыноў Усходу і ўсю мудрасьць Ягіпцян.
31 Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзёў, за Ефана Езражаніна, Гэмана а Калкола а Дарду Магалёнкаў, і імя ягонае было ў вусіх народаў наўкола.
32 І злажыў ён тры тысячы прыказяў, і песьняў ягоных было тысяча а пяць.
33 І гукаў ён празь дзервы, ад кедры, каторы ў Лібане, аж да гізопу, што расьцець ізь сьцяны; гукаў таксама празь зьвяры а птушкі а паўзуны а рыбу.
34 І прыходзілі з усіх людаў паслухаць мудрасьці Салямонавае, ад усіх каралёў земных, каторыя чулі праз мудрасьць ягоную.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.