Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 10 1 Гаспадарстваў 10 разьдзел

1 І караліца Шэвы пачула праз славу Салямонаву ўзглядам імені СПАДАРОВАГА; яна прыехала выпрабаваць яго загадкамі.
2 І прыехала яна да Ерузаліму зь цяжкім паездам: зь вярблюдамі, накладзенымі пахамі, і вялікаю множасьцю золата, і дарагім каменьням; і прышла да Салямона, і гутарыла зь ім праз усе, што было ў яе на сэрцу.
3 І зьясьніў ёй Салямон усі словы ейныя, і ня было нічога няведамнага каралю, чаго б ён не зьясьніў ёй.
4 І абачыла караліца Шэўская ўсю мудрасьць Салямонаву, і дом, каторы ён пастанавіў,
5 І ежу за сталом ягоным, і як сядзелі слугі ягоныя, і ўходы слугаў ягоных, і іхныя ўборы, і чашнікаў ягоных, і ўсходы, каторымі ён узыходзіў да дому СПАДАРОВАГА; і заняло ёй дух.
6 І сказала каралю: «Праўдзівае было слова, што я чула ў сваёй зямлі праз справы твае і праз мудрасьць тваю;
7 Ня верыла я, адылі, словам, пакуль не прыбыла, і не пабачылі вочы мае: і вось, імне й палавіцы не сказалі. Перайшоў ты мудрасьцяй і багацьцям чутку, што я чула.
8 Дабраславёныя людзі твае, дабраславёныя гэтыя служцы твае, каторыя кажначасна становяцца перад табою, чуюць мудрасьць тваю!
9 Хай будзе дабраславёны СПАДАР, Бог твой, Каторы зычыў пасадзіць цябе на пасад Ізраеляў! Бо СПАДАР любе Ізраеля на векі, затым пастанавіў Ён цябе за караля, чыніць суд а справядлівасьць».
10 Дала яна каралю сто дваццаць таланяў золата, і вялікую множасьць пахаў, і дарагое каменьне; ніколі яшчэ ня прыходзіла такая множасьць пахаў, якую дала караліца Шэўская каралю Салямону.
11 І таксама караб Гірамаў, што прывозіў золата з Офіру, прывёз із Офіру вялікую множасьць чырвонага дзерва і дарагога каменьня.
12 І зрабіў кароль із гэтага чырвонага дзерва поручні да дому СПАДАРОВАГА і да дому каралеўскага, і гарпы, і псалтыры пяюном. Ніколі ня прыходзіла толькі чырвонага дзерва і ня бачана было дагэнуль.
13 І кароль Салямон даў караліцы ўсе, чаго яна зычыла й чага прасіла, звыш тога, чым падараваў яе кароль Салямон пакаралеўску. І ад’ехала яна, і паехала назад да зямлі свае, яна а ўсі слугі ейныя.
14 І была вага золата, што прыходзіла Салямону кажны год, шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць таланяў залатых,
15 Звыш тога, што ад падарожнікаў, і ад торгу купцоў, і ад усіх каралёў Арабскіх, і ад вайводцаў краю.
16 І зрабіў кароль Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата; па шасьцьсот сыкляў пайшло на кажны шчыт;
17 І трыста шчытоў з каванага золата; па тры міны золата пайшло на кажны шчыт; і пастанавіў іх кароль у доме Лібанскага лесу.
18 І зрабіў кароль вялікі пасад із сланёвае косьці, пацягнуў яго ачышчаным золатам.
19 У пасадзе было шэсьць уступцоў, і верх пасаду быў круглы на задняй часьці яго, і былі поручні з абодвых бакоў месца сядзеньня, і два лявы стаялі ля поручняў;
20 І двананцаць лявоў стаялі там на шасьцёх уступцох паабапал. Ня было зроблена так у ні водным каралеўстве.
21 І ўсі судзіны піць у караля Салямона былі залатыя, і ўсе судзьдзе ў доме лесу Лібанскага з таўстога золата; із срэбра нічога ня было, бо срэбра за дзён Салямонавых мелі за нішто;
22 Бо ў караля быў на мору Тарсыскі караб із караблём Гірамовым; раз на тры гады прыходзіў Тарсыскі караб, прывозячы золата а срэбра а сланёвую косьць а налпы а павы.
23 І пераходзіў кароль Салямон багацьцям і мудрасьцю ўсіх каралёў зямлі.
24 І ўся зямля шукалі віду Салямонавага, каб паслухаць мудрасьці ягонае, каторую даў Бог яму ў сэрца.
25 І яны прыносілі яму кажны дар свой, судзьдзе срэбнае а судзьдзе залатое а адзецьці а зброю а пахі, коні а мулы кажнага году.
26 І павялічыў Салямон цялежкі а коньнікаў; у яго было тысяча чатырыста цялежкаў і двананцаць тысячаў коньнікаў; і разьмясьціў ён іх па цялежкавых местах і пры каралю ў Ерузаліме.
27 І даў кароль срэбра ў Ерузаліме, як каменьня, а кедры зрабіў ён як сыкоморы, што ў далінах, подле множасьці.
28 Стаенныя коні Салямонавы былі зь Ягіпту а з Куі; каралеўскія купцы куплялі іх за грошы з Куі.
29 Цялежкі даставалі ў Ягіпце й вывозілі за шасьцьсот срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Гэтак жа яны рукамі сваімі дастаўлялі каралём Гэціцкім а каралём Арамейскім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.