Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 18 1 Гаспадарстваў 18 разьдзел

1 І сталася за шмат дзён, што было слова СПАДАРОВА да Ільлі трэйцяга году, кажучы: «Ідзі, пакажыся Агаву, і я дам дождж на зямлю».
2 І пайшоў Ільля паказацца Агаву. Галадоў жа вялікая была ў Самары.
3 І гукнуў Агаў Оваду, каторы быў дамавер. Овада ж быў чалавек вельма багабойлівы,
4 І як Езэвель губіла прарокаў СПАДАРОВЫХ, Овада ўзяў сту прарокаў, і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавекаў, у пячорах, і жывіў іх хлебам а вадою.
5 І сказаў Агаў Оваду: «Пайдзі па зямлі да ўсіх жаролаў водных і да ўсіх цур’ёў на зямлі, ці ня знойдзеш ідзе травы, каб нам пракарміць коні а мулы, каб нам не давялося страціць сабе із статку».
6 І падзялілі яны мяжсобку зямлю, каб абыйсьці яе: Агаў асобна пайшоў аднэю дарогаю, і Овада асобна пайшоў другою дарогаю.
7 Як Овада быў у дарозе, і вось, наўпярэймы яму — Ільля. Ён пазнаў яго, і паў на від свой, і сказаў: «Ці ты гэта, спадару мой Ільля?»
8 Тый сказаў яму: «Я; пайдзі, скажы спадару свайму: "Гля, Ільля тут"».
9 Ён сказаў: «Чым я ізграшыў, што ты аддаеш слугу свайго ў рукі Агава, каб зрабіць імне сьмерць?
10 Жыў СПАДАР, Бог твой! калі ё народ і гаспадарства, куды б не пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і як яму казалі: "Няма", ён браў прысягу з тога гаспадарства й народу, што не маглі знайсьці Цябе.
11 А ты цяпер кажаш: "Пайдзі, скажы спадару свайму: ’Во Ільля’".
12 І будзе: я пайду ад цябе, тады Дух СПАДАРОЎ панясець цябе ня ведама куды; і калі я пайду наказаць Агаву, і ён ня знойдзе цябе, то ён заб’ець мяне; а слуга твой багабойлівы з маладосьці свае.
13 Ціж не сказалі спадару майму, штб я зрабіў, як Езэвель забівала прарокаў СПАДАРОВЫХ, як я хаваў сту чалавекаў прарокаў СПАДАРОВЫХ, па пяцьдзясят чалавекаў, у пячорах, і жывіў іх хлебам і вадою?
14 А ты цяпер кажаш: "Пайдзі, скажы спадару свайму: ’Во Ільля’"; ён заб’ець мяне».
15 І сказаў Ільля: «Жыў СПАДАР войскаў, перад Каторага відам я стаю! сядні я пакажуся яму».
16 І пайшоў Овада наўпярэймы Агаву, і наказаў яму. І пайшоў Агаў наўпярэймы Ільлі.
17 Як Агаў абачыў Ільлю, то сказаў яму: «Ці ты гэта тый, што немарасьце Ізраеля?»
18 І сказаў Ільля: «Ня я немарашчу Ізраеля, але ты а дом айца твайго тым, што вы пакінулі расказаньні СПАДАРОВЫ, і ты пайшоў за Вааламі.
19 Цяпер пашлі й зьбяры да мяне ўсяго Ізраеля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і прарокаў гэтага гаю чатырыста, што жывяцца із столу Езэвелінага».
20 І паслаў Агаў памеж усіх сыноў Ізраелявых, і зьбер усіх прарокаў на гару Карміл.
21 І дабліжыўся Ільля да ўсёга люду, і сказаў: «Пакуль вы будзеце скакаць на два бакі? калі СПАДАР ё Бог, то йдзіце за ім; а калі Ваал, то за ім ідзіце». І не адказаў люд яму ані слова.
22 І сказаў Ільля люду: «Я адзінюсенькі застаўся прарока СПАДАРОЎ, а прарокаў Вааловых чатырыста пяцьдзясят чалавекаў.
23 Хай дадуць нам двое цялят-бычкоў, і хай яны выбяруць адно цялё-бычка, і расьсякуць яго, і паложаць на дровы, але цяпла хай не падкладаюць; а я прыгатую другое цялё-бычка, і палажу на дровы, і цяпла не падлажу.
24 І гукайце вы імя бога вашага, а я буду гукаць імя СПАДАРА. І будзе, што адказуючы цяплом — ён Бог». І адказаў увесь люд, і сказаў: «Добрае гэта слова».
25 І сказаў Ільля прарокам Вааловым: «Выбярыце сабе адно цялё-бычка, і прыгатуйце вы ўперад, бо вас шмат; і гукайце імя бога вашага, але цяпла не падкладайце».
26 І ўзялі яны цялё-бычка, каторы даны быў ім, і прыгатавалі, і гукалі імя Ваала з раньня да палудня, кажучы: «Ваале, адкажы нам!» Але ня было ані голасу, ані адказу. І падскакавалі яны ля аброчніка, каторы зрабілі.
27 І сталася ў палудзень: Ільля пачаў сьміяцца зь іх і сказаў: «Крычыце вялікім голасам, бо ён бог; можа ён задумаўся, альбо заняты чым, альбо ў дарозе, а можа й сьпіць, дык ён прачхнецца».
28 І крычэлі яны вялікім голасам, і білі сябе, подле звычаю свайго, мячамі а дзідамі, ажно кроў лілася па іх.
29 І было, як мінуў палудзень, што яны ўсе праракалі аж да вячэрнага абраканьня, але ня было ані голасу, ані адказу, ані ўвагі.
30 І сказаў Ільля ўсяму люду: «Дабліжчася да мяне». І дабліжыўся ўвесь люд да яго. Ён паправіў разбураны аброчнік СПАДАРОЎ.
31 І ўзяў Ільля двананцаць камянёў, подле ліку сыноў Якава, катораму СПАДАР сказаў так: «Ізраель будзе імя твае».
32 І збудаваў з гэтых камянёў аброчнік у імя СПАДАРОВА, і зрабіў роў навокал увелькі дзьвюх мераў сяўбы,
33 І расклаў дровы, і расьсек цялё, і паклаў яго на дровы,
34 І сказаў: «Напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепаленьне а на дровы». Потым сказаў: «Паўтарыце». І яны паўтарылі, і сказаў: «Зрабіце трэйцім наваратам». І зрабілі трэйцім наваратам.
35 І вада палілася навокал аброчніка, і таксама роў напоўніўся вадою.
36 І было ў часе абраканьня хлебнага аброку: і дабліжыўся Ільля прарока, і сказаў: «СПАДАРУ, Божа Абрагамаў, Ісакоў а Ізраеляў! пазнаюць гэтага дня, што Ты Адзін Бог у Ізраелю, і што я слуга твой і словам Тваім зрабіў я ўсе гэта.
37 Адкажы імне, СПАДАРУ, адкажы імне! Хай пазнае люд гэты, што Ты, СПАДАРУ, Бог, і Ты абернеш сэрца іхнае назад».
38 І спала цяпло СПАДАРОВА, і пажэрла ўсепаленьне а дровы а камяні а пыл, і зьлізала ваду, што ў рове.
39 І абачыў увесь люд, і яны палі на віды свае, і сказалі: «СПАДАР, — Ён Бог. СПАДАР, — Ён Бог!»
40 І сказаў ім Ільля: «Схапіце прарокаў Вааловых, каб ні водзін ізь іх ня ўцёк». І схапілі іх. І завёў іх Ільля да цур’я Кішону, і выразаў іх там.
41 І сказаў Ільля Агаву: «Узыйдзі, еж а пі, бо чуваць гук дажджу».
42 І ўзышоў Агаў есьці а піць; а Ільля ўзышоў на верх Кармілу, і нахінуўся да зямлі, і палажыў від свой памеж каленяў сваіх.
43 І сказаў дзяцюку свайму: «Пайдзі ж, глянь у кірунку мора». Тый узышоў, і глянуў, і сказаў: «Нічога няма». Ён сказаў: «Зьвярніся сем разоў».
44 І сталася сёмага разу, і сказаў: «Вось, маленькая балачынка, увелькі з даланю людзкую, узьнімаецца з мора». Ён сказаў: «Пайдзі, скажы Агаву: "Запрагай а едзь далоў, каб не засьпеў цябе дождж"».
45 І было прымеж тога: пацямнела неба ад хмараў і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. Агаў жа сеў у цялежкі й паехаў да Ізрэелю.
46 І была на Ільлі рука СПАДАРОВА. Ён паперазаў сьцёгны свае і бег перад Агавом аж да ўходу Ізрэеля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.