Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 20 1 Гаспадарстваў 20 разьдзел

1 І Вен-Гадад, кароль Арамскі, зьбер усе войска свае, і зь ім былі трыццаць два каралі, і коні і цялежкі, і ўзышоў, аблёг Самару, і ваяваў зь ёю.
2 І паслаў паслоў да Агава, караля Ізраельскага, да места,
3 І сказаў яму: «Гэтак кажа Вен-Гадад: "Срэбра твае а золата твае — мае яно, і жонкі твае і найлепшыя сынове твае — мае яны"».
4 І адказаў кароль Ізраельскі, і сказаў: «Хай будзе подле слова твайго, спадару мой каролю: я а ўсе мае — твае».
5 І зьвярнуліся паслы, і сказалі: «Гэтак кажа Вен-Гадад, кажучы: "Я паслаў да цябе, кажучы: ’Срэбра свае а золата свае а жонкі свае а сыноў сваіх імне аддай’;
6 Дзеля таго я заўтра, на гэты час, прышлю да цябе слугаў сваіх, каб яны перагледзелі дом твой а дамы служачых пры табе, і ўсе дрыжонае ў ваччу тваім яны ўхопяць рукамі сваімі, і возьмуць"».
7 І згукаў кароль Ізраельскі ўсіх старцоў зямлі, і сказаў ім: «Ведайце ж і глядзіце, ён шукае ліха; як ён паслаў да мяне па жонкі мае а па сыноў маіх а па срэбра мае а па золата мае, я яму не адмовіў».
8 І сказалі яму ўсі старцы а ўвесь люд: «Ня слухай а не гадзіся».
9 І сказаў ён паслом Вен-Гададовым: «Скажыце спадару майму каралю: "Усе, праз што ты прыслаў першы раз да слугі свайго, я зраблю; але гэтага зрабіць не магу"». І пайшлі паслы, і прынесьлі яму слова ізноў.
10 І паслаў да яго Вен-Гадад, і сказаў: «Гэтак хай зробяць імне багове, і яшчэ дададуць, калі пылу Самарскага стане па жмені ўсім людзём, каторыя ля ног маіх».
11 І адказаў кароль Ізраельскі, і сказаў: «Скажыце: "Хай ня хваліцца паперазуючыся, як расьперазуючыся"».
12 Пачуўшы гэтае слова, Вен-Гадад, каторы піў разам із каралямі ў буданох, сказаў слугам сваім: «Ладзьцеся!» І яны зладзіліся супроці места.
13 І вось, адзін прарока дабліжыўся да Агава, караля Ізраельскага, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Ці бачыш гэтае вялікае зборышча? Вось, Я сядні дам яго ў руку тваю, і будзеш ведаць, што Я — СПАДАР"».
14 І сказаў Агаў: «Кім?» Ён сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Маладзёнамі валаскіх кіраўнікоў"». І сказаў: «Хто павядзець бітву?» Ён сказаў: «Ты».
15 Ён палічыў маладзёнаў валаскіх кіраўнікоў, і знайшлося дзьвесьце трыццаць двух; просьле палічыў увесь люд, усіх сыноў Ізраелявых, сем тысячаў.
16 І яны выступілі ў палудзень. Вен-Гадад жа ўпіўся ў буданох разам із каралямі, трыццаць двума каралямі, што памагалі яму.
17 І выступілі ўперад маладзёны валаскіх кіраўнікоў. І паслаў Вен-Гадад, і наказалі яму, кажучы, што людзі вышлі із Самары.
18 Ён казаў: «Калі дзеля міру вышлі яны, то схапіце іх жывых; і калі на вайну вышлі, вазьміце іх жывых».
19 І вышлі зь места маладзёны валаскіх кіраўнікоў, і войска, што за імі.
20 І паразіў кажны мужа свайго; і ўцяклі Арамляне, і пагналіся за імі Ізраяляне. І ўцёк Вен-Гадад, кароль Арамскі, конна з коньнікамі.
21 І вышаў кароль Ізраельскі, і паразіў коні й цялежкі, і зрабіў ув Араме вялікую паразу.
22 І падышоў тый прарока да караля Ізраельскага, і сказаў яму: «Пайдзі, мацуйся, і ведай, і глядзі, што табе рабіць; бо за год кароль Арамскі ўзыйдзе супроці цябе».
23 А слугі караля Арамскага сказалі яму: «Багове іх ё Багове гораў, затым яны дужшыя за нас. Але ваюйма зь імі на раўніне, і напэўна будзем дужшыя за іх.
24 Дык во што зрабі: аддаль каралёў кажнага зь месца ягонага і пастанаві вайводцаў на іх месца;
25 І налічы ты войска сабе толькі, колькі пала ў цябе, і коні, колькі было коні, і цялежак, колькі было цялежак; і будзеш ваяваць ізь імі на раўніне, і напэўна будзем дужшыя за іх». І паслухаў ён голасу іх, і зрабіў гэтак.
26 І сталася за год, што Вен-Гадад палічыў Арам і ўзышоў да Афеку, ваяваць із Ізраелям.
27 Палічаны былі сынове Ізраелявы і, запасшыся емінаю, пайшлі наўпярэймы ім. І разьлягліся сынове Ізраелявы табарам супроці іх, бы дзьве невялікія стады козаў, а Арамляне напоўнілі зямлю.
28 І дабліжыўся чалавек Божы, і казаў каралю Ізраельскаму, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "За тое, што Арамляне кажуць: ’СПАДАР ё Бог гораў, а ня Бог далінаў’, Я ўсе гэта вялікае зборышча дам у руку тваю, і будзеце ведаць, што Я — СПАДАР"».
29 І аблягалі адны адных сем дзён. І было на сёмы дзень: пачалася бітва; і паразілі сынове Ізраелявы сто тысячаў пяхотных Арамлян за адзін дзень.
30 І ўцяклі засталыя ў места Афек. І павалілася сьцяна на засталых дваццаць сем тысячаў чалавекаў. А Вен-Гадад уцёк, і прышоў да места, і бегаў з пакою да пакою.
31 І сказалі яму слугі ягоныя: «Вось, мы чулі, што каралі дому Ізраелявага — каралі міласэрныя. Дазволь жа нам узлажыць зрэб’е на сьцёгны свае і паварозы на галавы свае, і выйдзем да караля Ізраельскага; можа ён захавае душу тваю».
32 І паперазалі яны зрэб’ям сьцёгны свае, і ўзлажылі паварозы на галавы свае, і прышлі да караля Ізраельскага, і сказалі: «Слуга твой Вен-Гадад кажа: "Хай жа жывець душа мая"». Тый сказаў: «Ён яшчэ жывы? ён брат мой».
33 Людзі гэтыя варажылі гэта на добрае, і пабарзьдзілі, і падхапілі гэта ад яго, і сказалі: «Брат твой Вен-Гадад». І сказаў ён: «Пайдзіце да яго й вазьміце яго». І вышаў да яго Вен-Гадад, і ён узьвёў яго на цялежкі.
34 І сказаў яму Вен-Гадад: «Месты, што ўзяў мой ацец у твайго айца, я зьвярну, і вуліцы зробіш сабе ў Дамашку, як ацец мой зрабіў у Самары». «А я, — сказаў Агаў, — просьле змовы адпушчу цябе». Дык ён зрабіў змову зь ім і адпусьціў яго.
35 І адзін чалавек із сыноў прароцкіх сказаў прыяцелю свайму словам СПАДАРОВЫМ: «Бі, калі ласка, мяне». Але тый чалавек адмовіўся біць яго.
36 І сказаў яму: «За тое, што ты ня слухаеш голасу СПАДАРОВАГА, вось, як пойдзеш ад мяне, заб’ець цябе леў». Ён пайшоў ад яго, і знайшоў яго леў, і забіў яго.
37 І знашоў ён другога чалавека, і сказаў: «Бі, калі ласка, мяне». І біў яго гэны чалавек, б’ючы а ранячы.
38 І пайшоў прарока, і стаяў надчэкуючы караля на дарозе, прыдаўшыся іншым, замазаўшы вочы свае попелам.
39 І было, як кароль праяжджаў міма, ён закрычэў каралю й сказаў: «Слуга твой хадзіў у сярэдзіну бітвы, і вось, адзін чалавек адышоўся ў бок, і прывеў да мяне чалавека, сказаўшы: "Сьцеражы гэтага чалавека; калі ён шчэзьне й ня зьвернецца, то твая душа будзе за душу ягоную, альбо ты адважыш талань срэбра".
40 І сталася, як слуга твой заняўся тым-сім, што вось, ён шчэз». І кароль Ізраельскі сказаў яму: «Такі твой суд, ты сам пастанавіў».
41 І ён пабарзьдзіў, і згарнуў попел із аччу сваіх, і пазнаў яго кароль Ізраельскі, што із прарокаў ён.
42 І ён сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "За тое, што ты выпусьціў з рукі чалавека, аканаванага Імною, дык будзе душа твая за душу ягоную і люд твой за ягоны люд"».
43 І пайшоў кароль Ізраельскі двору смутны а гнеўны, і прыбыў да Самары.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.