Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 15 1 Гаспадарстваў 15 разьдзел

1 І асьмінанцатага году караля Еровоама Невацёнка загаспадарстваваў Авіям над Юдаю.
2 Тры гады ён гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Мааха Авішаломішка.
3 Ён хадзіў у вусіх грахох айца свайго, каторыя тый рабіў перад ім; і ня было сэрца ягонае супоўна із СПАДАРОМ, Богам ягоным, як сэрца Давіда, айца ягонага.
4 Але дзеля Давіда СПАДАР, Бог ягоны, даў яму сьветач у Ерузаліме, узьвёўшы сына ягонага просьле яго і ўмацаваўшы Ерузалім;
5 Бо Давід рабіў пасьцівае ў ваччу СПАДАРА і не адхінаўся ўсі дні жыцьця свайго ад усёга, што Ён расказаў яму, з выняткам справы Уры Гэціча.
6 І вайна была меж Рэговоама й Еровоама ўсі дні жыцьця ягонага.
7 І іншыя дзеі Авіямовы, і ўсе, што ён зрабіў, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І была вайна меж Авіяма й Еровоама.
8 І супачыў Авіям із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Аса, сын яго, замест яго.
9 І дваццатага году Еровоама, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Аса, кароль Юдэйскі.
10 І сорак адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І імя маці ягонае Мааха Авішаломішка.
11 Аса рабіў справядлівае ў ваччу СПАДАРА, як Давід, ацец ягоны.
12 Ён выгнаў бязуляў ізь зямлі, і адхінуў усі балваны, каторыя зрабілі бацькі ягоныя.
13 І таксама ў Маахі, маці свае, нават, у яе, ён адняў тытул караліцы за тое, што яна зрабіла балван у гаю. І Аса пасек балваны ейныя, і спаліў ля цур’я Кідрону.
14 Але ўзвышшы ня былі аддалены. Сэрца Асіна, адылі, было супоўна із СПАДАРОМ усі дні яго.
15 І ўнёс ён у дом СПАДАРОЎ пасьвячэньне айца свайго і пасьвячэньне свае: срэбра а золата а судзьдзё.
16 І вайна была меж Асы й Ваашы, караля Ізраельскага, усі дні іх.
17 І ўзышоў Вааша, кароль Ізраельскі, супроці Юдэі, і станавіў Раму, каб ніхто ня выходзіў і ня ўходзіў да Асы, караля Юдэйскага.
18 І ўзяў Аса ўсе срэбра а золата, засталае ў скарбніцах дому СПАДАРОВАГА а ў скарбніцах дому каралеўскага, і даў іх у рукі служцоў сваіх, і паслаў іх кароль Аса да Вен-Гадада, сына Таўрымона Гэзёнёнка, караля Сырскага, што жыў у Дамашку, кажучы:
19 «Змова, ў мяне з табою, у вайца майго і айца твайго; вось, я паслаў табе надгароду, срэбра а золата, — ідзі і ўзруш змову з Ваашам, каралём Ізраельскім, каб ён узышоў ад мяне».
20 І паслухаў Вен-Гадад караля Асы, і паслаў вайводцаў сваіх супроці местаў Ізраельскіх, і паразіў ён Іён а Дан а Авел-Беф-Мааху а ўвесь Кінероф, па ўсей зямлі Неффалімовай.
21 Пачуўшы, Вааша перастаў станавіць Раму, і асяліўся ў Фірцу.
22 А кароль Аса згукаў усіх Юдэяў, нікога не вылучаючы, і вынесьлі яны з Рамы каменьне а дзервы, каторыя Вааша ўжыў на будоўлю. І пастанавіў зь іх кароль Аса Ґеву Венямінову а Міцпу.
23 Усі засталыя справы Асіны, і ўся дужасьць ягоная, і ўсе, што ён зрабіў, і месты, каторыя ён пастанавіў, ціж не апісаны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? У часе старасьці яго, адылі, яму балелі ногі.
24 І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давіда, айца свайго. І загаспадарстваваў Ясапат, сын ягоны, замест яго.
25 І Надаў жа Еровоаменак загаспадарстваваў над Ізраелям другога году Асы, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў над Ізраелям два гады.
26 І рабіў ён ліхое ў ваччу СПАДАРА, і хадзіў дарогаю айца свайго і ў грахох ягоных, каторымі тый увёў Ізраеля ў грэх.
27 І зрабіў супроці яго змову Вааша Агіёнак, з дому Іссасхаровага, і паразіў яго Вааша ля Ґівефону Пілісцкага, як Надаў а ўсі Ізраяляне абляглі Ґівефон.
28 І зрабіў яму сьмерць Вааша трэйцяга году Асы, караля Юдэйскага, і загаспадарстваваў замест яго.
29 Як ён загаспадарстваваў, то выбіў увесь дом Еровоамоў, не пакінуў ані душы ў Еровоама, пакуль ня выгубіў яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторе ён праказаў слугою Сваім Агіям Шылянінам, —
30 За грахі Еровоамовы, каторымі ён сам грашыў і каторымі ўвёў у грэх Ізраеля, за гнеў, каторым ён загневаў СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
31 І засталыя справы Надавовы, усе, што ён зрабіў, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
32 І вайна была меж Асы й Ваашы, караля Ізраельскага, усі дні іх.
33 Трэйцяга году Асы, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Вааша Агіёнак над усімі Ізраялянмі ў Фірцы, дваццаць чатыры гады.
34 І рабіў ліха ў ваччу СПАДАРА, і хадзіў дарогаю Еровоамовай і ў грахох ягоных, каторымі ён увёў Ізраеля ў грэх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.