Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 22 1 Гаспадарстваў 22 разьдзел

1 Пражылі тры гады, і ня было вайны меж Араму й Ізраелю.
2 І было на трэйці год, і зышоў Ясапат, кароль Юдэйскі, да караля Ізраельскага.
3 І сказаў кароль Ізраельскі слугам сваім: «Ці ведаеце, што Рамоф Ґілеадзкі наш? А мы так доўга маўчым, каб узяць яго з рук караля Арамскага».
4 І сказаў ён Ясапату: «Ці пойдзеш ты з імною на вайну на Рамоф Ґілеадзкі?» І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; як твае коні, так і мае коні».
5 І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Даведайся, калі ласка, сядні, якое ё слова СПАДАРОВА».
6 І зьбер кароль Ізраельскі прарокаў, каля чатырыста чалавекаў, і сказаў ім: «Ці йсьці імне на Рамоф Ґілеадзкі вайною, ці ўзьдзержыцца?» Яны сказалі: «Узыйдзі, і аддасьць СПАДАР у рукі каралеўскія».
7 І сказаў Ясапат: «Ці няма тут яшчэ прарокі СПАДАРОВАГА, каб нам папытацца ў яго?»
8 І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ё яшчэ адзін чалавек, каторым можна папытацца ў СПАДАРА; але я ненавіджу яго, бо ён не праракае празь мяне добрага, а толькі благое, — Міхей Імлянок». І сказаў Ясапат: «Не кажы гэтак, каролю».
9 І пагукаў кароль Ізраельскі легчанца аднаго, і сказаў: «Барзьдзей па Міхея Імлянка!»
10 Кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, сядзелі кажны на пасадах сваіх, адзеўшыся ў вадзецьці, ля варот брамы Самарскае, і ўсі прарокі праракалі перад імі.
11 І зрабіў сабе Сэдэка Хенаанёнак зялезныя рогі, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Гэтымі будзеш басьці Арамлян, аж да выгубленьня іх"»
12 І ўсі прарокі праракалі тое ж, кажучы: «Узыйдзі на Рамоф Ґілеадзкі, май дасьпех, СПАДАР дасьць у руку каралеўскую».
13 І пасланец, каторы пайшоў гукаць Міхея, гукаў яму, кажучы: «Вось жа, цяпер словы прарокаў аднымі вуснамі вяшчуюць добрае каралю; хай бы й твае слова было згоднае із словам кажнага зь іх; пракажы й ты добрае».
14 І сказаў Міхей: «Жыў СПАДАР! тое, што скажа СПАДАР імне, тое буду казаць».
15 І прышоў ён да караля. Кароль сказаў яму: «Міхею! ісьці нам на Рамоф Ґілеадзкі вайною, ці ўзьдзержыцца?» І сказаў тый яму: «Узыйдзі, хай шчасьце табе, і СПАДАР аддасьць у руку каралеўскую».
16 І сказаў яму кароль: «Пакуль я маю заклінаць цябе, каб ты не казаў імне нічагусенькі, апрача праўды ў імя СПАДАРА?»
17 І сказаў ён: «Я бачу ўсяго Ізраеля, расьцярушанага па горах, бы авечкі, у каторых няма пастыра. І сказаў СПАДАР: "Няма спадароў у іх, хай зварачаюцца кажны да дому свайго ў супакою"».
18 І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ці ня гукаў я табе, што ён не праракае празь мяне добрага, а толькі благое».
19 І сказаў: «Дык выслухай слова СПАДАРОВА: я бачыў СПАДАРА, на пасадзе Сваім седзячага, і ўсе войска нябёскае стаяла ля Яго, па правай і па левай руццэ Ягонай.
20 І сказаў СПАДАР: "Хто ўмове Агава, каб ён узышоў і паў у Рамофе Ґілеадзкім?" І сказаў гэты гэтак, а гэны сказаў гэнак.
21 І вышаў нейкі дух, і стаў перад відам СПАДАРОВЫМ, і сказаў: "Я ўмоўлю яго". І сказаў яму СПАДАР: "Чым?"
22 Ён сказаў: "Я выйду й стану духам манлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных". І сказаў: "Ты ўмовіш і ўзумееш; выйдзі й зрабі гэтак".
23 Дык цяпер, вось, СПАДАР даў духа манлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх гэтых, і СПАДАР гукаў празь цябе ліхое».
24 І дабліжыўся Сэдэка Хенаанёнак, і, выцяўшы Міхею па шчаццэ, сказаў: «Як гэта адышоў Дух СПАДАРОЎ ад мяне, каб гукаць у табе?»
25 І сказаў Міхей: «Вось, ты абачыш таго дня, як будзеш пераходзіць з пакою да пакою, каб схавацца».
26 І сказаў кароль Ізраельскі: «Вазьміце Міхея і зьвярніце яго да Амона гараднічага й да Ёаша, сына каралёвага,
27 І скажыце: "Гэтак кажа кароль: ’Пасадзіце гэтага ў вязьніцу й давайце яму есьці хлеба вобмаль і вады вобмаль, пакуль я ня прыйду ў супакою’"».
28 І сказаў Міхей: «Калі зьвернешся, зьвернешся ў супакою, то не СПАДАР гукаў імною». І сказаў: «Слухайце, усі людзі!»
29 І ўзышоў кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, на Рамоф Ґілеадзкі.
30 І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Я пераадзенуся і ўступлю ў бітву, а ты надзень свае адзецьці». І пераадзеўся кароль Ізраельскі, і ўступіў у бітву.
31 А кароль Арамскі расказаў вайводцам над цялежкамі, каторых у яго было трыццаць двух, кажучы: «Ня біцеся ані з малым, ані зь вялікім, адно з каралём Ізраельскім».
32 І сталася: як вайводцы цялежак абачылі Ясапата, то яны сказалі: «Пэўне, гэта кароль Ізраельскі», і абярнуліся біцца зь ім. І закрычэў Ясапат.
33 І сталася: як вайводцы цялежак абачылі, што не кароль Ізраельскі ён, то яны адвярнуліся ад яго.
34 І адзін чалавек наўманы напяў лук і зразіў караля Ізраельскага ў шво панцыра. І сказаў ён возьніку сваіх Цялежак: «Павярні руку сваю й вывязі мяне з войска, бо я хворы».
35 Але бітва таго дня павялічалася, і кароль стаяў на цялежках супроці Арамлян, і ўвечары памер, і лілася кроў з раны ў цялежкі.
36 І агалошана было заходам сонца ў табару, кажучы: «Кажны йдзі да места свайго, кажны да зямлі свае!»
37 І памер кароль, і прывезены быў да Самары, і пахавалі караля ў Самары.
38 І абмылі цялежкі ў копані Самарскай, і сабакі лізалі кроў ягоную, і бязулі абмывалі, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён праказаў.
39 А засталыя справы Агававы, усе, што ён рабіў, і дом із сланёвае косьці, каторы ён пастанавіў, і ўсі месты, каторыя ён пастанавіў, ці ж не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
40 І супачыў Агаў з айцамі сваімі, і загаспадарстваваў Агазя, сын ягоны, замест яго.
41 І Ясапат Асянок загаспадарстваваў над Юдэяю чацьвертага году Агава, караля Ізраельскага.
42 Ясапату было трыццаць пяць год, як загаспадарстваваў, і дваццаць пяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Азува Шылгішка.
43 Ён хадзіў у вусім дарогаю айца свайго Асы, ня зыходзіў зь яе, робячы справядлівае ў ваччу СПАДАРА; узвышшы, адылі, ня былі разбураны; люд абракаў а кадзіў яшчэ на ўзвышшах.
44 Ясапат учыніў мір із каралём Ізраельскім.
45 Засталыя справы Ясапатавы, і сіла ягоная, каторую ён выказаваў, і як ён ваяваў, ці ж не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
46 І астачы бязуляў, што заставаліся за дзён айца ягонага Асы, ён вымеў ізь зямлі.
47 І ня было караля тады ў Едоме; быў намесьнік каралеўскі.
48 Ясапат збудаваў караблі на мору, каб хадзіць да Офіру золата; але яны не дайшлі, бо разьбіліся ў Ецыён-Ґаверу.
49 Тады сказаў Агазя Агавёнак Ясапату: «Хай мае служцы едуць із тваімі служцамі на караблёх». Але Ясапат не згадзіўся.
50 І супачыў Ясапат із айцамі сваімі і быў пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давіда, айца свайго. І загаспадарстваваў Егорам, сын ягоны, замест яго.
51 Агазя Агавёнак загаспадарстваваў над Ізраелям у Самары сямнанцатага году Ясапата, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў над Ізраелям два гады.
52 І рабіў ліхое перад ачыма СПАДАРА, і хадзіў дарогаю айца свайго, і дарогаю маці свае, і дарогаю Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
53 Ён служыў Ваалу, і кланяўся яму, і загневаў СПАДАРА, Бога Ізраелявага, усім тым, што рабіў ацец ягоны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.