Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 17 1 Гаспадарстваў 17 разьдзел

1 І сказаў Ільля, Фішвянін, із жыхараў Ґілеадзкіх, Агаву: «Жыў СПАДАР, Бог Ізраеляў, перад Каторым я стаю! Ня будзе ў гэтых гадох расы ані дажджу, хіба толькі подле слова майго».
2 І было да яго слова СПАДАРОВА, кажучы:
3 «Пайдзі адгэтуль, і абярніся на ўсход, і схавайся ля цур’я Херыфа, каторы перад Ёрданом.
4 З гэтага цур’я ты будзеш піць, а ґруґаном я расказаў жывіць цябе там».
5 І пайшоў ён, і зрабіў подле слова СПАДАРОВАГА: пайшоў і асяліўся ля цур’я Херыва, каторы перад Ёрданом.
6 І ґруґаны прыносілі яму хлеб і мяса нараніцы, і хлеб і мяса ўвечары, а з цур’я піў.
7 І сталася на канцу дзён, што гэты цурэй высах, бо ня было дажджу на зямлі.
8 І было да яго слова СПАДАРОВА:
9 «Устань, і пайдзі да Сарэпату Сыдонскага, і жыві там; Я расказаў там жонцы ўдаве жывіць цябе».
10 І ўстаў ён, і пайшоў да Сарэпату; і як прышоў да брамы места, вось, там жонка ўдава зьбірае дровы. І пагукаў ён яе, і сказаў: «Вазьмі, калі ласка, імне крыху вады ў судзіну напіца».
11 І пайшла ўзяць, і гукнуў яе, кажучы: «Вазьмі імне, калі ласка, кавалак хлеба ў руку сваю».
12 Яна сказала: «Жыў СПАДАР, Бог твой! калі ў мяне ё штось печанае, адно ё жменя мукі ў дзежцы і крыху алівы ў жбанку; і вось, я зьбяру паленцы два, і пайду, і прыгатую гэта сабе а сыну свайму; зьямо гэта й памрэм».
13 І сказаў ёй Ільля: «Ня бойся, прыйдзі, зрабі подле слова свайго, але ўперад зрабі з гэтага невялічкі праснак імне і прынясі імне; сабе ж а сыну свайму зробіш пасьлей;
14 Бо так кажа СПАДАР, бог Ізраеляў: "Мука ў дзежцы ня высіліцца, і алівы ў жбанку будзе ставаць да тога дня, калі СПАДАР дасьць дождж на від зямлі"».
15 І пайшла яна, і зрабіла так, як сказаў Ільля; і ела яна а ён а дом ейны дні.
16 Мука ў дзежцы не высілялася, і алівы ў жбанку ставала подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён праказаў Ільлёю.
17 Просьле гэтага захварэў сын гэтае жонкі, гаспадыні дому, і хвароба ягоная была такая цяжкая, што не засталося ў ім душы.
18 І сказала яна Ільлі: «Што імне й табе, чалавеча Божы? Ты прышоў да мяне прыпомнець бяспраўе мае і зрабіць сьмерць сыну майму».
19 І сказаў ён ёй: «Дай імне сына свайго». І ўзяў яго з улоньня ейнага, і ўзьнёс яго на гару, ідзе ён жыў, і палажыў яго на ложак свой,
20 І загукаў да СПАДАРА, і сказаў: «СПАДАРУ, Божа мой! няго ж Ты і ўдаве, у каторай я жыву, зробіш ліха, зрабіўшы сьмерць сыну ейнаму?».
21 І расьцягнуўся над дзяцём трэйчы, і загукаў ён да СПАДАРА, і сказаў: «СПАДАРУ, Божа мой! хай жа зьвернецца душа дзецяняці гэтаму ў яго!»
22 І пачуў СПАДАР голас Ільлін, і зьвярнулася душа дзецяняці гэтаму ў яго, і ён ажыў.
23 І ўзяў Ільля дзяцё, і зьнёс яго далоў з гаравое залі да дому, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: «Глянь, сын твой жывець».
24 І сказала тая жонка Ільлі: «Цяпер я даведалася, што ты чалавек Божы, і што слова СПАДАРОВА ў вуснах тваіх — праўда».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.