Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 17 1-я Цароў 17 разьдзел

1 І сказаў прарок Ілля Тэсбіт з Тэсбы ў Галаадзе Ахабу: «Жыве Госпад, Бог Ізраэля, перад Якім я стаю. У гэтыя гады не будзе ані расы, ані дажджу, пакуль я не скажу!»
2 І прамовіў да яго Госпад, кажучы:
3 «Адыдзі адсюль і ідзі на ўсход, і схавайся каля ручая Харыт, што насупраць Ярдана,
4 і будзеш піць з ручая; і Я крукам загадаў, каб цябе там кармілі».
5 Такім чынам, ён пайшоў і зрабіў паводле слова Госпадава; і калі пайшоў, сеў каля ручая Херыт, які насупраць Ярдана.
6 Таксама крукі прыносілі яму хлеб і мяса раніцай, і такім жа чынам хлеб і мяса вечарам, і ён піў з ручая.
7 Але па нейкім часе ручай высах; бо ў гэтай зямлі не ішоў дождж.
8 Такім чынам, прамовіў зноў Госпад да яго, кажучы:
9 «Устань і ідзі ў Сарэпту Сідонскую, і жыві там; бо Я загадаў там адной удаве, каб карміла цябе».
10 Ён устаў і пайшоў у Сарэпту. І калі падышоў ён да гарадской брамы, з’явілася перад ім жанчына, якая збірала дровы; і ён паклікаў яе, і папрасіў: «Дай мне крыху вады са збана напіцца».
11 І, калі яна пайшла, каб прынесці, ён наўздагон ёй крыкнуў, кажучы: «Прынясі мне, прашу, яшчэ лустачку хлеба ў руцэ тваёй».
12 Яна адказала: «Жыве Госпад, Бог твой, я не маю хлеба, толькі жменю мукі ў збане і кроплю алею ў пасудзіне. Вось, я назбіраю крыху дроў, каб пайсці і прыгатаваць сабе і сыну майму ежу, каб з’есці і паміраць».
13 Ілля сказаў ёй: «Не перажывай, але пайдзі і зрабі, як ты казала; толькі перш спячы для мяне ў прысаку булачку з гэтае мукі і прынясі мне; а сабе і свайму сыну потым зробіш.
14 Бо гэтак сказаў Госпад, Бог Ізраэля: “Мука ў збане не скончыцца і алей у пасудзіне не зменшыцца аж да дня, у які пажадае Госпад даць дождж на паверхню зямлі”».
15 Яна пайшла і зрабіла, што сказаў Ілля, і ела яна, і ён, і дом яе доўгі час.
16 Мука ў збане не канчалася і алей у пасудзіне не змяншаўся паводле слова Госпада, якое Ён сказаў праз Іллю.
17 А здарылася па нейкім часе, што захварэў сын той удавы, гаспадыні дома; і хвароба яго была дужа цяжкая, так што ён перастаў дыхаць.
18 Дык сказала яна Іллі: «Што мне і табе, чалавек Божы? Хіба прыйшоў ты да мяне, каб прыгадаць мне правіннасці мае і забіць сына майго?»
19 А ён сказаў ёй: «Дай мне сына твайго». І ён узяў яго ад грудзей яе, і занёс у верхні пакой, дзе сам пражываў, і паклаў яго на ложак свой;
20 І клікаў ён Госпада, і маліўся: «Госпадзе, Божа мой, няўжо ўдаву, у якой я, як госць, жыву, Ты пакараў, каб забраць жыццё ў сына яе?»
21 І распасцёрся ён, і тры разы лёг на дзіця, і зноў паклікаў Госпада і сказаў: «Госпадзе, Божа мой, прашу, хай вернецца душа гэтага хлопца ў цела яго».
22 І выслухаў Госпад голас Іллі, і вярнулася душа хлопца ў яго, і ён ажыў.
23 І ўзяў Ілля хлопца, і знёс яго з верхняга пакоя ўніз, і аддаў маці яго, і сказаў ёй: «Глядзі, жывы сын твой».
24 І жанчына сказала Іллі: «Цяпер дзякуючы гэтаму ведаю я, што ты — чалавек Божы, і слова Госпада ў вуснах тваіх — праўда».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Цароў, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017