1 На васемнаццаты год царавання Ерабаама, сына Набата, у Юдзе стаў царом Абія.
2 Ён тры гады цараваў у Ерузаліме; маці яго называлася Маахаa, дачка Абсалома.
3 І дапускаўся ён усіх грахоў бацькі свайго, якія ён рабіў перад тым; не было сэрца яго шчырым да Госпада, Бога яго, як сэрца Давіда, бацькі яго.
4 Аднак дзеля Давіда даў яму Госпад, Бог яго, светач у Ерузаліме, каб паставіць сына яго па ім і ўмацаваць Ерузалім;
5 бо Давід чыніў справядлівасць у вачах Госпада і не ўхіляўся ад таго, што Ён яму загадваў, на працягу ўсіх дзён жыцця свайго, за выключэннем справы Урыі Хетэя.
6 А вайна між Рабаамам і Ерабаамам працягвалася ўвесь час.
7 А іншыя дзеянні Абіі і ўсё, што ён рабіў, — ці не запісана гэта ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І працягвалася вайна між Абіем і Ерабаамам.
8 І супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым; і па ім цараваў сын яго, Аса.
9 Такім чынам, на дваццаты год царавання Ерабаама над Ізраэлем, над Юдэяй стаў царом Аса
10 і сорак адзін год ён быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Мааха і была дачкой Абсалома.
11 І рабіў Аса справядлівае перад абліччам Госпада, як Давід, бацька яго.
12 І ён выгнаў распусніц з краіны, і павынішчаў усіх нячыстых ідалаў, якіх нарабілі бацькі яго.
13 І нават маці сваю, Мааху, пазбавіў годнасці царыцы за тое, што яна зрабіла ідала Асэры; і Аса пасек ідала ганебнага, і спаліў каля ручая Цэдрон.
14 Але ўзгоркі не знішчыў; аднак сэрца Асы было шчырым перад Госпадам ва ўсе дні яго.
15 І прынёс ён у святыню Госпада рэчы, пасвячоныя на ахвяру бацькам яго і ім самім: срэбра, і золата, і посуд.
16 А між Асам і царом Ізраэля Баасам вайна працягвалася ва ўсе дні іх.
17 Таксама пайшоў цар Ізраэля Бааса на Юдэю і пабудаваў Раму, каб ніхто не мог увайсці і выйсці з боку Асы, цара Юдэйскага.
18 Такім чынам, Аса, сабраўшы ўсё срэбра і золата, якое засталося ў скарбоўнях святыні Госпада і ў скарбоўнях палаца царскага, даў яго ў рукі паслугачам сваім і паслаў іх да Бэнадада, сына Табрэмона, сына Газіёна, цара Сірыі, які жыў у Дамаску, каб яны сказалі:
19 «Ёсць дамова паміж мною і табой, і між бацькам маім і бацькам тваім; таму я пасылаю табе дары: срэбра і золата, і прашу, каб ты парваў дамову, якую маеш з Баасаю, царом Ізраэля, каб ён адступіўся ад мяне».
20 І паслухаў Бэнадад цара Асу, і паслаў кіраўнікоў войскаў сваіх у гарады Ізраэля, і захапілі яны Агіён, і Дан, і Абэл-Бэт-Мааху, і ўвесь Кінэрэт з усёю зямлёю Нэфталі.
21 Калі аб гэтым даведаўся Бааса, кінуў будаваць Раму і вярнуўся ў Тэрсу.
22 А цар Аса паклікаў усіх юдэяў без выключэння; і забралі яны з Рамы яе камяні і дрэва, якімі карыстаўся Бааса для будовы, і пабудаваў з іх цар Аса Габу Бэньяміна і Міцпу.
23 А ўсе іншыя дзеянні Асы, і ўся мужнасць яго і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія пабудаваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? Калі ж ён састарэўся, хварэў на ногі;
24 і супачыў Аса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І па ім цараваў сын яго, — Язафат.
25 А на другі год царавання цара Юдэйскага Асы пачаў цараваць над Ізраэлем Надаб, сын Ерабаама; і цараваў ён над Ізраэлем два гады.
26 І рабіў ён ліхоту перад абліччам Госпада, і хадзіў шляхамі бацькі свайго і ў граху яго, якім уводзіў у грэх Ізраэль.
27 А зрабіў супраць яго змову Бааса, сын Ахіі, з дому Ісахара, і напаў на яго ў Габэтоне, які быў горадам філістынцаў; паколькі Надаб і ўсё войска Ізраэля абкладвалі Габэтон.
28 Такім чынам, у трэці год Асы, цара Юдэйскага, Бааса забіў яго і сам стаў царом замест яго.
29 І калі ён пачаў цараваць, забіў увесь дом Ерабаама: не пакінуў ніводнай душы з нашчадкаў яго, пакуль не вынішчыў яго паводле слова Госпада, як казаў Ён праз паслугача свайго Ахію з Сіло,
30 дзеля грахоў Ерабаама, якімі ён сам грашыў і ўводзіў Ізраэль у грэх, і дзеля злачынства, якім гнявіў Госпада, Бога Ізраэля.
31 А іншыя дзеянні Надаба і ўсё, што ён мужна рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
32 І працягвалася вайна паміж Асам і Баасам, царом Ізраэля, праз усе дні іх.
33 У трэці год Асы, цара Юды, стаў царом над усім Ізраэлем у Тэрсе Бааса, сын Ахіі, які цараваў дваццаць чатыры гады;
34 і рабіў ён ліхоту перад Госпадам, і хадзіў дарогаю Ерабаама і ў граху яго, якім уводзіў у грэх Ізраэль.
Каментары ці зноскі:
2 a: У іншых выданнях Ана. Гл. таксама верш 10 i 13.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая кніга Цароў, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017