Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 3 1 Гаспадарстваў 3 разьдзел

1 Салямон пасваячыўся з Фараонам, каралём Ягіпецкім, і ўзяў за сябе дачку Фараонаву, і ўвёў яе ў места Давідава, пакуль ня скончыў дому свайго, і дому СПАДАРОВАГА, і сьцяны навокал Ерузаліму.
2 Адно люд яшчэ абракаў на вышынях, бо ня быў пасталоўлены дом імені СПАДАРА дагэнуль.
3 І ўлюбіў Салямон СПАДАРА, каб хадзіць у вуставах Давіда, айца свайго; адно ён абракаў а кадзіў на вышынях.
4 І пайшоў кароль да Ґівеону, каб абрачы там, бо там быў галоўны аброчнік. Тысяча ўсепаленьняў аброк Салямон на гэтым аброчніку.
5 У Ґівеоне зьявіўся СПАДАР Салямону ў сьне ночы, і сказаў Бог: «Прасі, што даць табе».
6 І сказаў Салямон: «Ты зрабіў слузе Свайму Давіду, айцу майму, вялікую ласку, як ён хадзіў перад табою ў праўдзе а справядлівасьці а із шчырым сэрцам перад Табою; Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і даў яму сына, што сядзіць на пасадзе ягоным, як цяпер.
7 І цяпер, СПАДАРУ, Божа мой, Ты пастанавіў слугу Свайго за караля замест Давіда, айца майго; але я малы маладзён, ня ведаю выхаду свайго і ўходу.
8 І слуга Твой — сярод люду Твайго, каторы Ты абраў, люду гэтулькі чысьленага, што ня можа быць вылічаны ані палічаны з прычыны множасьці яго.
9 Падаруй жа слугу Свайго сэрцам цямлівым, каб радзіць люд Твой і ўмець адрозьневаць, што добрае й што благое; бо хто можа радзіць гэты чысьлены люд Твой?»
10 І люба было гэтае слова ў ваччу СПАДАРОВЫМ, што Салямон прасіў гэтага.
11 І сказаў Бог яму: «За тое, што ты прасіў гэтага, і не прасіў сабе шмат дзён, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў варагоў сваіх, але прасіў сабе ўменьня слухаць судовыя справы,
12 Вось, Я зрабіў подле слова твайго. Вось, Я даў табе сэрца мудрае а цямлівае, так што падобнага да цябе ня было перад табою, і просьле цябе не паўстане падобны да цябе.
13 І таксама тое, чаго ты не прасіў, Я даў табе, і багацьце і славу, так што ня было падобнага да цябе меж каралёў усі дні твае.
14 І калі будзеш хадзіць дарогаю Маёю, заховуючы ўставы Мае а расказаньні Мае, як хадзіў айцец Твой Давід, Я працягну й дні твае».
15 І прачхнуўся Салямон, і вось, — сон. І прышоў ён да Ерузаліму, і стаў перад скрыняю змовы СПАДАРОВАЕ, і аброк усепаленьне, і зрабіў супакойныя, і зрабіў чэсьць усім слугам сваім.
16 Тады прышлі дзьве жанкі бязулі да караля і сталі перад ім.
17 І сказала адна жонка: «О спадару мой! я й гэтая жонка жывем у вадным доме; і я зь ёю нарадзілі ў гэтым доме.
18 На пазаўтра просьле тога, як я нарадзіла, нарадзіла й гэтая жонка; і былі мы разам, і ў доме нікога староньняга з намі ня было, адно мы дзьве былі ў доме.
19 І памер сын гэтае жонкі ночы, бо яна яго прыспала.
20 І ўстала яна ночы, і ўзяла сына майго ад мяне, а служэбка твая спала, і палажыла яго на ўлоньне свае, а свайго мертвага сына палажыла на мае ўлоньне.
21 Нараніцы я ўстала, каб пасаіць сына свайго, і вось, ён — мертвы; і прыгледзелася да яго нараніцы, і вось, — ня быў сын мой, каторага я нарадзіла».
22 І сказала другая жонка: «Не, бо мой сын жывы, а твой сын мертвы». А тая казала ёй: «Не, бо твой сын тый мертвы, а мой сын тый жывы». І гаманілі яны так перад каралём.
23 І сказаў кароль: «Гэта кажа: "Гэта мой жывы, а твой сын мертвы"; а гэна кажа: "Не, бо твой сын тый мертвы, а мой сын тый жывы"».
24 І сказаў кароль: «Падайце імне меч». І прынесьлі меч каралю.
25 І сказаў кароль: «Разатніце жывое дзецянё папалам і аддайце палавіцу аднэй, і палавіцу другой».
26 І сказала каралю тая жонка, каторае сын быў жывы, бо ўзрушыўся нутр яе над сынам сваім, і сказала: «О, спадару мой, адцайце ёй гэтае дзецянё жывое, а не забівайце яго». А другая казала: «Хай ня будзе ні імне, ні табе, тніце».
27 І адказаў кароль, і сказаў: «Аддайце ёй жывое дзецянё, і не забівайце яго: яна — яго маці».
28 І пачуў увесь Ізраель праз суд, як рассудзіў кароль; і баяліся караля, бо бачылі, што мудрасьць Божая ў ім судзіць суды.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.