3 царстваў 3 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Саламон парадніўся з фараонам — царом Егіпецкім і ўзяў за сябе дачку фараона і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль не пабудаваў дома свайго і дома Гасподняга і мура вакол Ерусаліма.
 
Салямон пасваячыўся з Фараонам, каралём Ягіпецкім, і ўзяў за сябе дачку Фараонаву, і ўвёў яе ў места Давідава, пакуль ня скончыў дому свайго, і дому СПАДАРОВАГА, і сьцяны навокал Ерузаліму.

Народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, бо ня быў пабудаваны дом імю Госпада да таго часу.
 
Адно люд яшчэ абракаў на вышынях, бо ня быў пасталоўлены дом імені СПАДАРА дагэнуль.

І палюбіў Саламон Госпада, ходзячы паводле статута Давіда, бацькі свайго; але і ён прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях.
 
І ўлюбіў Салямон СПАДАРА, каб хадзіць у вуставах Давіда, айца свайго; адно ён абракаў а кадзіў на вышынях.

І пайшоў цар у Гаваон, каб прынесьці там ахвяру, бо там быў галоўны ахвярнік. Тысячу цэласпаленьняў прынёс Саламон на тым ахвярніку.
 
І пайшоў кароль да Ґівеону, каб абрачы там, бо там быў галоўны аброчнік. Тысяча ўсепаленьняў аброк Салямон на гэтым аброчніку.

У Гаваоне зьявіўся Гасподзь Саламону ў сьне ўначы, і сказаў Бог: прасі, што даць табе.
 
У Ґівеоне зьявіўся СПАДАР Салямону ў сьне ночы, і сказаў Бог: «Прасі, што даць табе».

І сказаў Саламон: Ты зрабіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, вялікую ласку; і за тое, што ён хадзіў прад Табою ў ісьціне і ў шчырай праўдзе і з шчырым сэрцам прад Табою, Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і дараваў яму сына, які сядзеў бы на троне ягоным, як гэта і ёсьць сёньня;
 
І сказаў Салямон: «Ты зрабіў слузе Свайму Давіду, айцу майму, вялікую ласку, як ён хадзіў перад табою ў праўдзе а справядлівасьці а із шчырым сэрцам перад Табою; Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і даў яму сына, што сядзіць на пасадзе ягоным, як цяпер.

і сёньня, Госпадзе Божа мой, Ты паставіў раба Твайго царом замест Давіда, бацькі майго; але я — хлопец малы, ня ведаю ні майго выхаду, ні ўваходу;
 
І цяпер, СПАДАРУ, Божа мой, Ты пастанавіў слугу Свайго за караля замест Давіда, айца майго; але я малы маладзён, ня ведаю выхаду свайго і ўходу.

і раб Твой — сярод народу Твайго, які выбраў Ты, народу такога шматлікага, што паводле мноства яго нельга ні палічыць, ні агледзець;
 
І слуга Твой — сярод люду Твайго, каторы Ты абраў, люду гэтулькі чысьленага, што ня можа быць вылічаны ані палічаны з прычыны множасьці яго.

даруй жа рабу Твайму сэрца разумнае, каб судзіць народ Твой і разьбіраць, што дабро і што ліха; бо хто можа кіраваць гэтым шматлікім народам Тваім?
 
Падаруй жа слугу Свайго сэрцам цямлівым, каб радзіць люд Твой і ўмець адрозьневаць, што добрае й што благое; бо хто можа радзіць гэты чысьлены люд Твой?»

І заўгодна было Госпаду, каб Саламон прасіў гэтага.
 
І люба было гэтае слова ў ваччу СПАДАРОВЫМ, што Салямон прасіў гэтага.

І сказаў яму Бог: за тое, што ты прасіў гэтага і не прасіў сабе доўгага жыцьця, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў ворагаў тваіх, прасіў сабе розуму, каб умець судзіць, —
 
І сказаў Бог яму: «За тое, што ты прасіў гэтага, і не прасіў сабе шмат дзён, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў варагоў сваіх, але прасіў сабе ўменьня слухаць судовыя справы,

вось, Я зраблю паводле слова твайго: вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе ня было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе;
 
Вось, Я зрабіў подле слова твайго. Вось, Я даў табе сэрца мудрае а цямлівае, так што падобнага да цябе ня было перад табою, і просьле цябе не паўстане падобны да цябе.

і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе, і багацьце і славу, так што ня будзе падобнага да цябе сярод цароў ва ўсе дні твае;
 
І таксама тое, чаго ты не прасіў, Я даў табе, і багацьце і славу, так што ня было падобнага да цябе меж каралёў усі дні твае.

і калі будзеш хадзіць шляхам Маім, захоўваючы статуты Мае і запаведзі Мае, як хадзіў бацька твой Давід, Я падоўжу і дні твае.
 
І калі будзеш хадзіць дарогаю Маёю, заховуючы ўставы Мае а расказаньні Мае, як хадзіў айцец Твой Давід, Я працягну й дні твае».

І прачнуўся Саламон, і вось, гэта быў сон. І пайшоў ён у Ерусалім і стаў перад каўчэгам запавету Гасподняга, і прынёс цэласпаленьні і ўчыніў ахвяры мірныя, і зладзіў вялікую гасьціну ўсім слугам сваім.
 
І прачхнуўся Салямон, і вось, — сон. І прышоў ён да Ерузаліму, і стаў перад скрыняю змовы СПАДАРОВАЕ, і аброк усепаленьне, і зрабіў супакойныя, і зрабіў чэсьць усім слугам сваім.

Тады прыйшлі дзьве жанчыны блудніцы да цара і сталі перад ім.
 
Тады прышлі дзьве жанкі бязулі да караля і сталі перад ім.

І сказала адна жанчына: о, гаспадару мой! я і гэтая жанчына жывём у адным доме; і я нарадзіла пры ёй у гэтым доме;
 
І сказала адна жонка: «О спадару мой! я й гэтая жонка жывем у вадным доме; і я зь ёю нарадзілі ў гэтым доме.

на трэці дзень пасьля таго, як я нарадзіла, нарадзіла і гэтая жанчына; і былі мы разам, і ў доме нікога староньняга з намі ня было; толькі мы дзьве былі ў доме;
 
На пазаўтра просьле тога, як я нарадзіла, нарадзіла й гэтая жонка; і былі мы разам, і ў доме нікога староньняга з намі ня было, адно мы дзьве былі ў доме.

і памёр сын у гэтай жанчыны ўначы, бо яна прыспала яго;
 
І памер сын гэтае жонкі ночы, бо яна яго прыспала.

і ўстала яна ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі я, рабыня твая, спала, і паклала яго да сваіх грудзей, а свайго мёртвага сына паклала да маіх грудзей;
 
І ўстала яна ночы, і ўзяла сына майго ад мяне, а служэбка твая спала, і палажыла яго на ўлоньне свае, а свайго мертвага сына палажыла на мае ўлоньне.

раніцай я ўстала, каб накарміць сына майго, і вось, ён быў мёртвы; а калі я ўгледзелася ў яго раніцай, дык гэта быў ня мой сын, якога я нарадзіла.
 
Нараніцы я ўстала, каб пасаіць сына свайго, і вось, ён — мертвы; і прыгледзелася да яго нараніцы, і вось, — ня быў сын мой, каторага я нарадзіла».

І сказала другая жанчына: не, мой сын жывы, а твой сын мёртвы. А тая казала ёй: не, твой сын мёртвы, а мой жывы. І гаварылі яны так перад царом.
 
І сказала другая жонка: «Не, бо мой сын жывы, а твой сын мертвы». А тая казала ёй: «Не, бо твой сын тый мертвы, а мой сын тый жывы». І гаманілі яны так перад каралём.

І сказаў цар: гэтая кажа: мой сын жывы, а твой сын мёртвы; а тая кажа: не, твой сын мёртвы, а мой сын жывы.
 
І сказаў кароль: «Гэта кажа: "Гэта мой жывы, а твой сын мертвы"; а гэна кажа: "Не, бо твой сын тый мертвы, а мой сын тый жывы"».

І сказаў цар: падайце мне меч. І прынесьлі меч цару.
 
І сказаў кароль: «Падайце імне меч». І прынесьлі меч каралю.

І сказаў цар: расьсячэце жывое дзіця напалам і аддайце палавіну адной і палавіну другой.
 
І сказаў кароль: «Разатніце жывое дзецянё папалам і аддайце палавіцу аднэй, і палавіцу другой».

І адказвала тая жанчына, у якое сын быў жывы, цару, бо ўсхвалявалася ўся нутрына ў яе ад жаласьці да сына свайго: о, гаспадару мой! аддайце ёй гэтае дзіця жывое і не забівайце яго. А другая казала: хай жа ня будзе ні мне ні табе, сячэце.
 
І сказала каралю тая жонка, каторае сын быў жывы, бо ўзрушыўся нутр яе над сынам сваім, і сказала: «О, спадару мой, адцайце ёй гэтае дзецянё жывое, а не забівайце яго». А другая казала: «Хай ня будзе ні імне, ні табе, тніце».

І адказваў цар і сказаў: аддайце гэтай жывое дзіця і не забівайце яго: яна — ягоная маці.
 
І адказаў кароль, і сказаў: «Аддайце ёй жывое дзецянё, і не забівайце яго: яна — яго маці».

І пачуў увесь Ізраіль пра суд, як рассудзіў цар. І пачалі баяцца цара, бо ўбачылі, што мудрасьць Божая ў ім, каб чыніць суд.
 
І пачуў увесь Ізраель праз суд, як рассудзіў кароль; і баяліся караля, бо бачылі, што мудрасьць Божая ў ім судзіць суды.