3 царстваў 3 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І пасваячыўся Салямон з фараонам, валадаром Эгіпту, і ўзяў за жонку дачку фараона. І ўвёў ён яе ў горад Давіда, калі яшчэ не пабудаваў дом сабе, і Дом ГОСПАДА, і муры кругом Ерусаліму.
 
Салямон пасваячыўся з Фараонам, каралём Ягіпецкім, і ўзяў за сябе дачку Фараонаву, і ўвёў яе ў места Давідава, пакуль ня скончыў дому свайго, і дому СПАДАРОВАГА, і сьцяны навокал Ерузаліму.

Але народ складаў ахвяры на ўзгорках, бо ня быў яшчэ пабудаваны Дом для імя ГОСПАДА ў тыя дні.
 
Адно люд яшчэ абракаў на вышынях, бо ня быў пасталоўлены дом імені СПАДАРА дагэнуль.

І любіў Салямон ГОСПАДА, ходзячы паводле пастановаў Давіда, бацькі свайго, але і ён складаў ахвяры і каджэньні на ўзгорках.
 
І ўлюбіў Салямон СПАДАРА, каб хадзіць у вуставах Давіда, айца свайго; адно ён абракаў а кадзіў на вышынях.

І пайшоў валадар у Гібэон, каб там скласьці ахвяру, бо там быў вялікі ўзгорак. І Салямон склаў на тым ахвярніку тысячу цэласпаленьняў.
 
І пайшоў кароль да Ґівеону, каб абрачы там, бо там быў галоўны аброчнік. Тысяча ўсепаленьняў аброк Салямон на гэтым аброчніку.

У Гібэоне зьявіўся Салямону ўначы ў-ва сьне ГОСПАД, і сказаў Бог: «Прасі тое, што [хочаш], і Я дам табе».
 
У Ґівеоне зьявіўся СПАДАР Салямону ў сьне ночы, і сказаў Бог: «Прасі, што даць табе».

І сказаў Салямон: «Ты зьявіў слузе твайму Давіду, бацьку майму, міласэрнасьць вялікую, калі ён хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і праведнасьці, і ў правасьці сэрца адносна Цябе. І захаваў Ты яму вялікую міласэрнасьць гэтую, і даў яму сына, які сядзіць на пасадзе ягоным, як гэта [ёсьць] сёньня.
 
І сказаў Салямон: «Ты зрабіў слузе Свайму Давіду, айцу майму, вялікую ласку, як ён хадзіў перад табою ў праўдзе а справядлівасьці а із шчырым сэрцам перад Табою; Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і даў яму сына, што сядзіць на пасадзе ягоным, як цяпер.

І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты зрабіў валадаром слугу Твайго на месцы Давіда, бацькі майго, а я — малады юнак, ня ўмею выходзіць і прыходзіць.
 
І цяпер, СПАДАРУ, Божа мой, Ты пастанавіў слугу Свайго за караля замест Давіда, айца майго; але я малы маладзён, ня ведаю выхаду свайго і ўходу.

І слуга Твой сярод народу Твайго, які Ты выбраў, народу шматлікага, якога нельга ані палічыць, ані перапісаць, бо яго шмат.
 
І слуга Твой — сярод люду Твайго, каторы Ты абраў, люду гэтулькі чысьленага, што ня можа быць вылічаны ані палічаны з прычыны множасьці яго.

Дык дай слузе Твайму сэрца, якое слухае, каб судзіць народ Твой і адрозьніваць, што добрае, а што ліхое. Бо хто ж можа судзіць такі шматлікі народ Твой?»
 
Падаруй жа слугу Свайго сэрцам цямлівым, каб радзіць люд Твой і ўмець адрозьневаць, што добрае й што благое; бо хто можа радзіць гэты чысьлены люд Твой?»

І добрае было слова ў вачах Госпада, што прасіў Салямон пра гэтую рэч.
 
І люба было гэтае слова ў ваччу СПАДАРОВЫМ, што Салямон прасіў гэтага.

І сказаў Бог [Салямону]: «За тое, што ты прасіў у малітве гэтую рэч, і не прасіў для сябе доўгіх дзён, і не прасіў для сябе багацьця, і не прасіў для сябе душаў ворагаў тваіх, але прасіў ты разуменьня, каб слухаць у судзе,
 
І сказаў Бог яму: «За тое, што ты прасіў гэтага, і не прасіў сабе шмат дзён, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў варагоў сваіх, але прасіў сабе ўменьня слухаць судовыя справы,

вось, Я зраблю паводле словаў тваіх. Вось, Я даю табе сэрца мудрае і разважлівае, так што такога, як ты, не было перад табою і ня будзе пасьля цябе.
 
Вось, Я зрабіў подле слова твайго. Вось, Я даў табе сэрца мудрае а цямлівае, так што падобнага да цябе ня было перад табою, і просьле цябе не паўстане падобны да цябе.

І таксама Я даю табе тое, пра што ты не прасіў, даю табе таксама багацьце і славу такую, што падобным табе ня будзе ніхто з валадароў у-ва ўсе дні твае.
 
І таксама тое, чаго ты не прасіў, Я даў табе, і багацьце і славу, так што ня было падобнага да цябе меж каралёў усі дні твае.

А калі ты будзеш хадзіць шляхамі Маімі, калі будзеш захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, як хадзіў Давід, бацька твой, Я зраблю доўгімі дні твае».
 
І калі будзеш хадзіць дарогаю Маёю, заховуючы ўставы Мае а расказаньні Мае, як хадзіў айцец Твой Давід, Я працягну й дні твае».

І прачнуўся Салямон, і вось, гэта сон. І прыйшоў ён у Ерусалім, і стаў перад Каўчэгам Запавету Госпада, і склаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, і зрабіў банкет для ўсіх слугаў сваіх.
 
І прачхнуўся Салямон, і вось, — сон. І прышоў ён да Ерузаліму, і стаў перад скрыняю змовы СПАДАРОВАЕ, і аброк усепаленьне, і зрабіў супакойныя, і зрабіў чэсьць усім слугам сваім.

І прыйшлі да валадара дзьве жанчыны блудніцы, і сталі перад абліччам ягоным.
 
Тады прышлі дзьве жанкі бязулі да караля і сталі перад ім.

І адна жанчына сказала: «О, гаспадару мой, я і гэта жанчына жывем у адным доме. І пры ёй у доме [гэтым] я нарадзіла.
 
І сказала адна жонка: «О спадару мой! я й гэтая жонка жывем у вадным доме; і я зь ёю нарадзілі ў гэтым доме.

І сталася праз тры дні пасьля родаў маіх, таксама гэтая жанчына нарадзіла. І былі мы разам, і апрача нас дзьвюх нікога іншага з намі ў доме не было.
 
На пазаўтра просьле тога, як я нарадзіла, нарадзіла й гэтая жонка; і былі мы разам, і ў доме нікога староньняга з намі ня было, адно мы дзьве былі ў доме.

І ўначы памёр сын жанчыны гэтай, бо, [сплючы], яна задушыла яго.
 
І памер сын гэтае жонкі ночы, бо яна яго прыспала.

І яна ўстала ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі служка твая спала, і палажыла яго на ўлоньні сваім. А сына свайго, мёртвага, палажыла на ўлоньне маё.
 
І ўстала яна ночы, і ўзяла сына майго ад мяне, а служэбка твая спала, і палажыла яго на ўлоньне свае, а свайго мертвага сына палажыла на мае ўлоньне.

І я ўстала раніцаю, каб пакарміць сына свайго, і вось, ён мёртвы. А калі пры сьвятле я прыгледзелася, вось, ня мой гэта сын, якога я нарадзіла».
 
Нараніцы я ўстала, каб пасаіць сына свайго, і вось, ён — мертвы; і прыгледзелася да яго нараніцы, і вось, — ня быў сын мой, каторага я нарадзіла».

А сказала іншая жанчына: «Не, бо сын мой жывы, а твой памёр». А тая казала: «Не, гэта твой сын памёр, а мой жывы». І спрачаліся яны перад абліччам валадара.
 
І сказала другая жонка: «Не, бо мой сын жывы, а твой сын мертвы». А тая казала ёй: «Не, бо твой сын тый мертвы, а мой сын тый жывы». І гаманілі яны так перад каралём.

І сказаў валадар: «Гэтая кажа: “Сын мой жывы, а сын твой памёр”, а тая кажа: “Не, бо твой сын памёр, а мой сын жывы”».
 
І сказаў кароль: «Гэта кажа: "Гэта мой жывы, а твой сын мертвы"; а гэна кажа: "Не, бо твой сын тый мертвы, а мой сын тый жывы"».

І сказаў валадар: «Прынясіце мне меч!» І прынесьлі перад аблічча валадара меч.
 
І сказаў кароль: «Падайце імне меч». І прынесьлі меч каралю.

І сказаў валадар: «Расьсячыце жывое дзіця на дзьве часткі, і дайце адной палову, і другой палову».
 
І сказаў кароль: «Разатніце жывое дзецянё папалам і аддайце палавіцу аднэй, і палавіцу другой».

І сказала валадару жанчына, сын якой быў жывы, бо ўзрушыліся [літасьцю] да сына свайго ўнутранасьці ейныя, і яна сказала: «Гаспадару мой, жывое дзіця аддайце ёй, але не забівайце яго». А другая сказала: «Няхай ня будзе ён ані табе, ані мне. Расьськайце».
 
І сказала каралю тая жонка, каторае сын быў жывы, бо ўзрушыўся нутр яе над сынам сваім, і сказала: «О, спадару мой, адцайце ёй гэтае дзецянё жывое, а не забівайце яго». А другая казала: «Хай ня будзе ні імне, ні табе, тніце».

І адказаў валадар, і сказаў: «Дайце ёй жывое дзіця, і не забівайце яго, бо яна — маці ягоная».
 
І адказаў кароль, і сказаў: «Аддайце ёй жывое дзецянё, і не забівайце яго: яна — яго маці».

І пачуў увесь Ізраіль пра гэты суд, як прысудзіў валадар; і баяліся перад абліччам валадара, бо бачылі ў ім мудрасьць Божую, каб чыніць суд.
 
І пачуў увесь Ізраель праз суд, як рассудзіў кароль; і баяліся караля, бо бачылі, што мудрасьць Божая ў ім судзіць суды.