3 царстваў 6 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
У чатырыста восемдзясятым годзе пасьля выхаду Ізраілю з зямлі Эгіпецкай, у чацьвёртым годзе валадараньня Салямона над Ізраілем, у месяцы Зіў, значыць другім месяцы, пачаў [Салямон] будаваць Дом ГОСПАДА.
І было на чатырыста асьмідзясятым годзе па выхадзе сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае, на чацьвертым годзе гаспадарстваваньня Салямона над Ізраелям, месяца зыфа, — а гэта другі месяц, што пачаў ён ставіць дом СПАДАРУ.
Дом, які валадар Салямон будаваў для ГОСПАДА, меў шэсьцьдзясят локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні.
І дом, каторы пастанавіў кароль Салямон СПАДАРУ, быў удаўжкі шасьцьдзясят локцяў, ушыркі дваццаць і ўвышкі трыццаць локцяў.
Прысенак перад Дому Сьвятым меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна да шырыні Дому, і дзесяць локцяў шырыні перад Домам.
І сені перад сьвятыняю дому дваццаць локцяў удаўжкі, подле шырыні сьвятыні, і дзесяць локцяў ушыркі перад сьвятыняю.
І зрабіў ён у Доме [Божым]наўскосныя вокны з кратамі,
І зрабіў ён да дому вокны з абсадамі й зачыняныя.
і зрабіў прыбудову ўздоўж сьценаў Дому, вакол Дому Сьвятога і Сьвятога Сьвятых, і бакавыя пакоі кругом.
І збудаваў ён пятравую прыбудоўку ля сьцяны дому, навокал сьценаў дому, навокал сьвятыні а Сьвятога Сьвятых; і зрабіў пакоі навокал.
І меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, сярэдні — шэсьць локцяў шырыні, а трэці — сем локцяў шырыні, бо ён зрабіў абмуроўку вакол Дому звонку, каб прыбудова не датыкалася да муроў Дому.
Прыземле было пяцёх локцяў ушыркі, сярэдняя часьць шасьцёх локцяў ушыркі, а трэйцяя часьць сямёх локцяў ушыркі; бо ўступы зрабіў дому знадворку навокал, каб балькі ня ўходзілі да сьценаў дому.
Пры пабудове Дому [Божага] бралі чэсаныя камяні, робленыя каменярамі, і ў Доме [Божым], калі яго будавалі, не было чутна ані молату, ані сякеры, ані ніякай прылады жалезнай.
Як станавілі дом, на будоўлю ўжывалі цэлых часаных камянёў; ані молата, ані цяслы, ані ўсялякага іншага зялезнага снадзіва ня чуваць было ў сьвятыні пры станаўленьню яе.
Дзьверы ў сярэднія бакавыя пакоі былі з правага боку Дому, праз якія сходы ўзыходзілі да сярэдняга, а з сярэдняга — да трэцяга [паверху].
Дзьверы сярэдніх пакояў былі з правага боку дому. Пакручастымі ўсходамі ўзыходзілі на сярэднюю часьць, а ізь сярэдняе на трэйцюю.
І пабудаваў [Салямон] Дом [Божы], і скончыў яго. І ашаляваў ён Дом дошкамі кедровымі.
І пастанавіў ён дом, і скончыў яго, і накрыў дом крохвамі кедравымі а драніцамі.
І пабудаваў над усім Домам прыбудову ў пяць локцяў вышыні, і яна была прымацаваная да Дому бярвеньнямі кедровымі.
І прыбудаваў пятру да ўсёга дому ўвышкі пяць локцяў, і прымацаваў да дому кедравымі бёрнамі.
І было слова ГОСПАДА да Салямона, кажучы:
І было слова СПАДАРОВА Салямону, кажучы:
«Адносна Дому гэтага, які ты будуеш, дык калі ты будзеш хадзіць паводле пастановаў Маіх, будзеш выконваць прысуды Мае і будзеш захоўваць прыказаньні Мае, каб хадзіць паводле іх, Я споўню слова Маё адносна цябе, якое прамовіў Давіду, бацьку твайму.
«Узглядам дому гэтага, каторы ты становіш, то калі ты будзеш хадзіць у вуставах Маіх, і выпаўняць суды Мае, і дзяржаць усі расказаньні Мае, каб хадзіць у іх, то Я споўню табе слова Мае, каторае Я казаў Давіду, айцу твайму
І Я буду жыць сярод сыноў Ізраіля, і не пакіну народу Майго, Ізраіля».
І буду перабываць сярод сыноў Ізраелявых, і не пакіну люду Свайго Ізраеля».
І пабудаваў Салямон Дом [Божы], і закончыў яго.
І пастанавіў Салямон дом, і скончыў яго.
І знутры ашаляваў сьцены Дому дошкамі кедровымі, ад падлогі Дому аж да бэлькаў столі ўнутры ашаляваў дрэвам, а падлогу Дому пакрыў дошкамі кіпарысавымі.
І пастанавіў сьцены сьвятыні ў сярэдзіне зь кедравых дашчок, ад мосту дому аж да балькаў столі ў сярэдзіне ашаляваў дзервам, а мост дому масьціў кіпрысавамі дошкамі.
А з задняга боку Дому паставіў сьцену з дошак кедровых у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі, каб аддзяліць Давір, Сьвятое Сьвятых.
І ён пастанавіў зь кедравага дзерва сьцяну дваццацёх локцяў удаўжкі ад мосту аж да столі, і ён пастанавіў гэтую сьцяну ўнутры дзеля палацу — дзеля Сьвятога Сьвятых.
Сорак локцяў даўжыні меў Дом [Божы] ад пярэдняй часткі сьвятыні.
І сорак локцяў быў дом, значыцца дом сьпераду.
І былі [сьцены] кедровыя ўнутры ўпрыгожаныя рэзьбленымі пладамі і кветкамі. Усё было з кедру, і камяня не было відаць [на сьценах].
На кедрах дому ўнутры былі выразаны пупушкі а кветкі расквіцелыя; усе было прыкрыта кедрам, каменя ня відаць было.
І Давір быў зроблены ў сярэдзіне Дому, каб там паставіць Каўчэг Запавету ГОСПАДА.
І палац унутры дому ён прыгатаваў, каб пастанавіць там скрыню змовы СПАДАРОВАЕ.
Давір меў дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні. І [Салямон] ашаляваў яго чыстым золатам, і [пабудаваў] ахвярнік кедровы.
І палац унутры быў удаўжкі дваццаць локцяў, ушыркі дваццаць локцяў і ўвышкі дваццаць локцяў; ён ашаляваў яго ачышчаным золатам; ашаляваў таксама й кедравы аброчнік.
І ашаляваў Салямон Дом унутры шчырым золатам, і нацягнуў залатыя ланцугі перад Давірам, і ашаляваў яго золатам.
І ашаляваў Салямон дом унутры ачышчаным золатам, і правёў залатыя ланцугі перад палацам, і ашаляваў яго золатам.
І ўвесь Дом ашаляваў золатам цалкам, і ахвярнік, які ў Давіры, ашаляваў золатам.
Увесь дом ён шаляваў золатам, пакуль ня скончыў увесь дом; і ўвесь аброчнік, каторы перад палацам, ашаляваў золатам.
І зрабіў у Давіры двух херувімаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні.
І зрабіў у палацу двух херуваў з аліўнага дзерва, увышкі дзесяць локцяў.
Адно крыло херувімаў мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў. І ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў.
Адно крыло херува было пяцёх локцяў і другое крыло херува пяцёх локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.
Другі херувім таксама меў дзесяць локцяў. Абодва херувімы мелі такія самыя памеры і выгляд.
Дзесяцёх локцяў і другі херуў; аднолькавае меры і аднолькавае хормы абодва херувы.
Вышыня аднаго херувіма — дзесяць локцяў, і таксама другога херувіма.
Увышкі адзін херуў дзесяць локцяў, таксама й другі херуў.
І паставіў ён гэтых херувімаў у сярэдзіне ўнутранай часткі Дому. І крылы херувімаў былі раскінуты, і крыло аднаго херувіма дакраналася адной сьцяны, а крыло другога дакраналася другой сьцяны. А іхнія другія крылы зыходзіліся ў сярэдзіне Дому крыло з крылом.
І пастанавіў ён херуваў сярод дому ўнутры. Крылы ж херуваў былі распушчаныя, і датыкалася крыло аднаго да сьцяны, а крыло другога херува датыкалася да другое сьцяны; другія ж крылы іх сярод дому датыкаліся крыло да крыла.
І пакрыў ён херувімаў золатам.
І пацягнуў ён херуваў золатам.
А на ўсіх сьценах Дому кругом, унутры і звонку, выразаў выявы херувімаў, пальмаў і кветак, што красуюць.
І на ўсіх сьценах дому навокал ён выплеў адкрытыя пляцёнкі херуваў і пальмавых дзерваў і расквіцелых кветак, унутры й знадворку.
І падлогу Дому пакрыў золатам унутры і звонку.
І мост у доме ашаляваў золатам у нутры й знадворку.
А на ўваходзе ў Давір зрабіў дзьверы з дрэва аліўкавага з пяцівугольнымі вушакамі.
Да ўходу да палацу зрабіў дзьверы з аліўнага дзерва, зь пяцьсьценнаю абсадаю.
І на дзьвюх паловах дзьвярэй з дрэва аліўкавага ён выразаў херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пакрыў іх золатам. І пакрыў золатам херувімаў і пальмы.
На дзьвюх дзьвярынах дзьвярэй з аліўнага дзерва ён выплеў пляценьні херуваў а пальмы а расквіцелыя кветкі, і пацягнуў золатам, і спусьціў золата на херувы а пальмы.
І гэтаксама зрабіў на ўваходзе ў сьвятыню чатырохвугольныя вушакі з дрэва аліўкавага,
І таксама ён зрабіў уход да сьвятыні з чатырасьценнай абсадаю з аліўнага дзерва,
і дзьве форткі дзьвярэй з дрэва кіпарысавага. Абедзьве форткі адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве форткі другіх дзьвярэй былі рухомыя.
І дзьве дзьвярыны зь кіпрысавага дзерва; дзьве дошкі адных дзьвярэй былі ссуваныя, таксама дзьве заслоны другіх дзьвярэй былі ссуваныя.
І выразьбіў на іх херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пакрыў выявы золатам.
І выплеў на іх херуваў а пальмы а расквіцелыя кветкі, і пацягнуў гладкім золатам тое, што было выразана.
І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма шэрагамі чэсаных камянёў і шэрагам бярвеньняў кедровых.
І збудаваў нутраны панадворак з трох радоў часанага каменя і з раду абробленых кедраў.
У чацьвёртым годзе ў месяцы Зіў быў закладзены падмурак Дому ГОСПАДА,
На чацьверты год, месяца зыфа, палажыў ён под дому СПАДАРОВАГА.
а ў адзінаццатым годзе, у месяцы Буль, значыцца, у восьмым месяцы, быў скончаны Дом [Божы] з усімі прыналежнасьцямі ягонымі і з усім упарадкаваньнем яго. Будаваў яго [Салямон] сем гадоў.
А на адзінанцатым годзе, у месяцу булю, — гэта восьмы месяц, — ён скончыў дом з усімі часьцьмі яго і подле ўсіх пастановаў празь яго; станавіў яго сем год.