3 царстваў 4 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І быў валадар Салямон валадаром над усім Ізраілем.
І быў кароль Салямон каралём над усім Ізраелям,
І меў ён начальнікаў: Азарыю, сына Цадока, сьвятара,
І гэта князі, каторыя былі ў яго: Азара, сын Садока сьвятара;
Аліхарэфа і Ахію, сыноў Шышы, пісараў, і Язафата, сына Ахілюда, канцлера.
Елігорэф а Агія Шышанкі — пісары; Ясапат Агілудзёнак — летапісьменьнік;
А Бэная, сын Егаяды, [быў] над войскам, а Цадок і Абіятар — сьвятарамі.
Веная Ёгоядзёнак — над войскам; Садок а Авафар — сьвятары.
Азарыя, сын Натана, [быў] над намесьнікамі, Завуд, сын Натана, сьвятар, — сябрам валадара.
Азара Нафанёнак — над ураднікамі, і Завуд Нафанёнак сьвятар, прыяцель каралеўскі.
Ахішар — начальнікам над домам [валадара], а Аданірам, сын Абды, — над падаткамі.
Агішар — над дамоваю, і Адонірам Аўдзянок — над падачкамі.
І меў Салямон дванаццаць намесьнікаў над усім Ізраілем, і яны рупіліся пра харчы для валадара і дому ягонага. Кожны з іх меў забясьпечваць харчы на адзін месяц у год.
І меў Салямон двананцацёх ураднікаў над усім Ізраелям, каторыя жывілі караля й дамову ягоную; месяц у годзе належыў кажнаму жывіць.
Вось імёны іхнія: Бэн-Хур — на гары Эфраіма;
І гэта ймёны іхныя: Гуранок — на гары Яхрэмавай;
Бэн-Дэкэр — у Макацы і ў Шаальбіме, у Бэт-Шэмэшы, Элёне і Бэт-Ханане;
Дэкеронак — у Макацу а ў Шаалбіме, у Веф-Шэмешу а ў Елоне а ў Веф-Ганане;
Бэн-Хэсэд — у Арубоце, да яго [належалі] Сахо і ўся зямля Хэфэр.
Гэсэдзёнак — ув Арубофе, да яго ж належыў Сохог а ўся зямля Гэфер;
Бэн-Абінадаў, якому [належала] ўся ваколіца Дору, і Тафат, дачка Салямона, была жонкай ягонай;
Авінадавёнак — у вусім Нафаф-Дору, Тафаф Салямонішка была ягонаю жонкаю;
Баана, сын Ахілюда, — над Таанахам, Мэгіддо і над усім Бэт-Шэанам, які каля Цартаны, ніжэй Езрээля, ад Бэт-Шэану аж да Абэль-Мэхо і аж да ваколіц Ёкмэаму.
Ваана Агілудзёнак — у Таанасе а Меґідзе а ў вусім Веф-Шэане, каторы ля Царэтана ніжэй Езрэеля, ад Веф-Шэану аж да Абел-Меголы, і нават за Ёкмеам;
Бэн-Гэбэр — у Рамоце Гілеадзкім, ён меў Хавот-Яір сыноў Манасы ў Гілеадзе, і ваколіцы Аргобу ў Башане — шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і мядзянымі засаўкамі;
Ґеверонак — у Рамофе Ґілеадзкім; у яго местачкі Яіровы, сына Манасавага, каторыя ў Ґілеадзе; у яго таксама аколіца Арґоў, каторая ў Вашане, шасьцьдзясят вялікіх местаў ізь сьценамі й мядзянымі заваламі;
Ахінадаў, сын Іддо, — у Маханаіме;
Агінадаў Ідзянок — у Маганаіме;
Ахімаац — у Нэфталі, ён таксама ўзяў за жонку Басэмат, дачку Салямона;
Агімаас — у зямлі Нефалімовай, таксама ён узяў сабе за жонку Васэмафу Салямонішку;
Баана, сын Хушая, — у Асэра і ў Бэалоце,
Ваана Гушаёнак — у зямлі Ашэравай а ў Беалофе;
Язафат, сын Паруаха — у Ісахара,
Ясапат Паруажонак — у Іссасхару;
Шымэй, сын Элы — у Бэн’яміна.
Шымей Елянок — у Веняміна;
Гэбэр, сын Урыя — у зямлі Гілеад, у зямлі Сыгона, валадара Амарэйцаў, і Ога, валадара Башану. І [быў] адзін намесьнік у [кожнай] зямлі.
Ґевер Уранок — у зямлі Ґілеадзкай, у зямлі Сыгона, караля Аморэйскага, і Оґа, караля Вашанскага; і ён адзіны ўраднік, каторы ў гэтай зямлі.
Юда і Ізраіль былі шматлікія, як пясок марскі. Яны ўдосталь елі і пілі, і цешыліся.
Юда а Ізраель, шмат іх, як пясок ля мора чысьленыя, елі, пілі а весяліліся.
І валодаў Салямон усімі валадарствамі ад ракі [Эўфрат] аж да зямлі Філістынцаў і аж да межаў Эгіпту. Яны прыносілі яму дары і служылі Салямону ўсе дні жыцьця ягонага.
І Салямон дзяржаў усі гаспадарствы ад тае Ракі аж да зямлі Пілісцкае і аж да граніцаў Ягіпту. Яны прыносілі дары й служылі Салямону ўсі дні жыцьця ягонага.
Харчаваньнем Салямона на кожны дзень [было]: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсьцьдзясят кораў звычайнай мукі,
Еміну Салямонаву на кажны дзень складалі: трыццаць карцоў мукі пшоннае і шасьцьдзясят карцоў мукі,
дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, апрача аленяў, сарнаў, антылёпаў і кормных птушак.
Дзесяць буйнога статку кормнага, і дваццаць буйнога статку з пасты, і сто драбнога статку, апрача аленяў а сэрнаў а дарагое дзічыны а кормных птушак;
Ён панаваў над усім абшарам на гэты бок ракі [Эўфрат], ад Тыфсаху да Газы, і над усімі валадарамі абшараў на гэты бок ракі. І меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола.
Бо ён панаваў над усім гэтым бокам Ракі, ад Тыпсагу да Ґазы, над усімі каралямі на гэтым баку ракі, і быў у яго мір з усіх бакоў навокал.
І Юда і Ізраіль жылі ў бясьпецы, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дану да Бээр-Шэвы ў-ва ўсе дні Салямона.
І жылі Юда а Ізраель бясьпечна, кажны пад сваім вінным а пад сваім фіґавым дзервам, ад Дану аж да Веер-Шэвы, усі дні Салямонавы.
І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней для калясьніцаў сваіх і дванаццаць тысячаў вершнікаў.
І меў Салямон сорак тысячаў стайняў коні цялежкавых і двананцаць тысячаў коньнікаў.
І намесьнікі дастаўлялі валадару Салямону і ўсім, хто набліжаўся да стала валадара Салямона, усё неабходнае, кожны ў свой месяц, і не бракавала нічога.
І ўраднікі дастаўлялі еміну каралю Салямону а ўсім, што прыходзілі да столу караля Салямона, кажны ў сваім месяцу; яны не дапушчалі нястачы.
А ячмень і салому для коней і дрыгантаў дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначанае.
І ячмень а салому коням а мулам яны дастаўлялі на месца, ідзе былі, кажны подле павіннасьці свае.
І даў Бог Салямону вельмі вялікую мудрасьць і разважлівасьць, і шырокае сэрца, як пясок, які на беразе мора.
І даў Бог Салямону мудрасьць, і вельмі шмат розуму, і шырыню сэрца, як пясок, што на беразе мора.
І перавышала мудрасьць Салямона мудрасьць усіх сыноў Усходу і ўсю мудрасьць Эгіпту.
І мудрасьць Салямонава пераходзіла мудрасьць усіх сыноў Усходу і ўсю мудрасьць Ягіпцян.
І быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, Гэмана, Калькола і Дарду, сыноў Махола, і было [слаўнае] імя ягонае ў-ва ўсіх навакольных народаў.
Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзёў, за Ефана Езражаніна, Гэмана а Калкола а Дарду Магалёнкаў, і імя ягонае было ў вусіх народаў наўкола.
І расказаў ён тры тысячы прыказак, а сьпеваў ягоных было тысяча пяць.
І злажыў ён тры тысячы прыказяў, і песьняў ягоных было тысяча а пяць.
І гаварыў ён пра дрэвы, [пачынаючы] ад кедраў, што на Лібане, аж да гізопу, што расьце на муры. Гаварыў ён пра зьвяроў, пра птушак, пра паўзуноў і рыбаў.
І гукаў ён празь дзервы, ад кедры, каторы ў Лібане, аж да гізопу, што расьцець ізь сьцяны; гукаў таксама празь зьвяры а птушкі а паўзуны а рыбу.
І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасьці Салямона, і ад усіх валадароў зямлі, якія чулі пра мудрасьць ягоную.
І прыходзілі з усіх людаў паслухаць мудрасьці Салямонавае, ад усіх каралёў земных, каторыя чулі праз мудрасьць ягоную.